epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Гніламёдаў

Абсягі сучаснасці

 

Паэт немагчымы па-за сучаснасцю, але сучаснасць у кожным паэце адлюстроўваецца па-свойму. Свой аспект — у Петруся Макаля. У яго адчуваннях пераважае матыў бегу, гонкі, хуткасці, дынамікі: час імкне, свет імкне, чалавек імкне... Куды?.. Нашто? Якая мэта? Што ён пры гэтым губляе і што набывае? — вось, на мой погляд, кола пытанняў, на якія паэт хоча знайсці адказ. Думаю, не перабольшу, калі скажу, што творчасць Петруся Макаля, які працуе ў літаратуры ўжо больш трыццаці год, будучы сама па сабе з’явай самабытнай і непаўторнай, па якой можна меркаваць аб духоўных і эстэтычных пошуках цэлага пакалення.

Вакол кнігі «Акно» ў 1968 годзе на старонках штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» завязалася адна з вастрэйшых дыскусій 60-х гадоў. Паэта і некаторых яго літаратурных равеснікаў папракалі ў неарганічнасці майстэрства, у раз’яднанасці эстэтычнага і маральнага ў паэзіі. Трэба сказаць, што крытыка ў некаторых закідах мела рацыю. Недастаткова ўлічвала яна адно: паэзія 60-х гадоў актыўна, напружана, часам залішне шумліва, экспрэсіўна шукала — шукала новы змест і новыя формы.

Пятрусь Макаль — асабліва.

І «Першы след» (так зваўся першы зборнік паэта — 1955 год) засведчыў прыкметныя творчыя магчымасці аўтара. Моцнае ўражанне, напрыклад, зрабіў верш «Сустрэча з братам» (1952). У Закарпацце да помніка брату, што загінуў у вайну, прыехаў разам з сябрамі паэт — з паклонам «ад далёкіх гродзенскіх прысад».

 

А ён рукой нас прывітаць не можа:

Трымае зброю воіна рука,

Бо чуе ён

За морам брэх варожы

І палец не адводзіць ад курка.

 

Логіка думкі — сапраўды паэтычная. Ужо ў той час Пятрусь Макаль выявіў парыў да мастацкага пошуку, да ідэйнага ўзбагачэння сваёй паэзіі. За фактам стаяла паэтычнае абагульненне.

Добры верш «Гамоняць калоссі», прасторны свет адкрываецца ў ім:

 

Гамоняць калоссі,

Шугаючы хвалямі,

З блакітнымі высямі,

З сінімі далямі...

 

Гэта ўбачана паэтам, сялянскім сынам...

Нарадзіўся Пятрусь Макаль 25 жніўня 1932 года ў вёсцы Крушыняны на Беласточчыне. «Калі я прыгадваю маленства,— успамінае ён,— здаецца, чытаю кнігу з часоў старажытнасці. Ціснуцца адна да адной драўляныя хаткі з саламянымі стрэхамі, паросшымі мохам. Насупраць кожнай — гумно... Галоўны сродак асвятлення ў дамах — лучына. Газавыя лямпы мелі толькі некалькі з самых заможных гаспадароў. Агонь здабывалі крэсівам — крэмень аб крэмень...»

Пісаць ён пачаў, будучы студэнтам Гродненскага педагагічнага інстытута, на пачатку 50-х гадоў.

Найбольшая ўдача паэта чакала там, дзе ён не адступаў ад жыццёвай праўды, грунтаваўся на ўласным асабістым вопыце, як, скажам, у вершах «Маё маленства», «Святло», «На горным схіле». Ён успамінае сваю радзіму — давераснёўскую Беласточчыну, плач пастуховага ражка, дарогу, «якая вяла з бацькоўскай хаты ў батракі...». Пакаленне Макаля абпалена вайной, загартавана цяжкім пасляваенным часам. Здавалася б, не да вершаў было, але талент, жаданне расказаць аб перажытым бралі сваё, следам за першай кнігай выходзіць другая («Вятрам насустрач» — 1958 год) і трэцяя («Вечны агонь» — 1960 год). Аўтар пісаў пра тое, што і іншыя паэты ў той час; ён імкнуўся раскрыць у вершах велічны поступ нашай дзяржавы, барацьбу за мір, апяваў каханне. Так, у вершы «У паход» па сапраўднаму паэтычна перададзена пачуццё адказнасці, глыбока ўсвядомленае савецкім салдатам: «Не, не ад ранца прыліпае кашуля да плячэй маіх. Сягоння цэлы свет, я знаю, абапіраецца на іх». Які ёмісты, эстэтычна напоўнены вобраз!

Новыя якасці мастацкай думкі накапліваліся спакваля. Існавала памылковае пераконанне (тады, а часткова нават і цяпер), што ў лірыцы, у адрозненне ад эпасу і драматургіі, не можа быць канфліктнасці. Аказалася, што гэта не так. Жыццё прымушала задумвацца, ставіць нялёгкія пытанні: «Гранітныя каменні кропля дробіць — чаму ж глядзяць на кроплю як на дробязь?» Не цяжка зразумець, што гаворка ідзе пра чалавечую асобу.

Сапраўдная грамадзянскасць і бесканфліктнасць у лірыцы — рэчы несумяшчальныя. Ісціна гэта ўсё глыбей пацвярджаецца творчай практыкай паэтаў.

Служба ў арміі (1954—1956) — у сэнсе набліжэння да жыцця, пашырэння грамадскіх даляглядаў — дала паэту вельмі шмат. Пра гэта сведчаць вершы, што перадаюць «адчуванне локця», ідэйную і маральную вышыню абавязку, калектывізм, пяшчоту салдацкай суровасці. Паступова фарміравалася свая, унутраная тэма паэта, звязаная з павелічэннем адказнасці лірычнага героя, узбуйненнем яго асобы. Выспяванне паэтычнага майстэрства ішло адначасова з тымі сацыяльна-эканамічнымі зрухамі, якія адбываліся ў нашай краіне і якія выклікалі хвалю незвычайнай творчай актыўнасці савецкіх людзей.

Паэт праз асабістае імкнуўся перадаць грамадзянскі і духоўны рост савецкага чалавека, рост, якому спрыялі пашырэнне сацыялістычнай дэмакратыі, палітычныя, вытворчыя і навукова-тэхнічныя поспехі краіны. «Сёння нас да нябёс усё вышай зямля узнімае. Неба — мошчаны зорамі брук — хутка ляжа пад ногі прахожым...» Гэта — з кнігі «Вечны агонь» (1960). Былі там і такія радкі:

 

А я...

Я на зямлі стаю,

Зусім маленькі ростам,

Ды галавою дастаю

Да яснай зоркі проста!

 

Гэта былі першыя гады асваення космасу, пачатак «касмічнай эры», актывізацыя навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У святле гэтых маштабных з’яў па-іншаму сталі бачыцца праблемы чалавека. Яны запатрабавалі ўнутранай перабудовы, новай паэтыкі, больш таго —новай пазіцыі. І паэт пайшоў на гэта!

Пятрусь Макаль, дарэчы, валодае пахвальным уменнем маўчаць, не друкавацца, калі адчувае, што напісанае яго не задавальняе, што па-ранейшаму працаваць нельга, ці, правільней, не трэба. Ён, відаць, адчуў вычарпанасць ранейшай сваёй творчай манеры.

Станоўчы ўплыў на яго творчасць зрабіла вучоба на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве ў пачатку 60-х гадоў...

Новае ў яго не адразу было зразумета. Паэта, які спрабаваў асэнсоўваць складаныя падзеі часу, папракалі ў рацыяналізме. А сам ён думаў пра новыя дарогі сваёй творчасці... Яго адносіны да сусвету станавіліся ўсё больш зацікаўленымі, радок рабіўся больш энергічным.

Поспехі маладых літаратараў канца 50-х — пачатку 60-х гадоў у многім залежалі не толькі ад вывучэння самога жыцця, але і ад інтэнсіўнасці мастацкіх пошукаў, арганічнага засваення і ўдалага выкарыстання разнастайных формаў і прыёмаў раскрыцця ўнутранага свету чалавека. Паэзія асвойвае асацыятыўную вобразнасць, сімволіку, умоўнасць. Маякоўскі некалі казаў, што ў паэзіі ён змагаўся за канструкцыю замест стылю. «Канструкцыйны» пачатак не чужы і Макалю: ён можа гэта сабе дазволіць, паколькі абапіраецца на цікавую думку, на шчырае пачуццё.

Пасля выхаду чацвёртай кнігі «Круглы стол» (1964) крытыка ў адзін голас сказала: «Макаль стаў пісаць інакш». Яна мела рацыю. Шмат у чым змяніўся характар вобразнасці, узрасла яе канкрэтнасць, пластычнасць, больш ёмкімі сталі метафары паэта.

Адзін з арыгінальных вершаў кнігі — «Футбол» верш-прытча, узор шматпланавай лірыкі, з пэўным асацыятыўным напаўненнем. Перапоўнены стадыён паэт параўноўвае з раскроеным кавуном («і вось-вось, здаецца, як зярняткі, выпырснуць балельшчыкі з трыбун»), футбольны мяч нагадвае зямны шар. Ідзе гульня. І паэт выступае супраць бяздумнасці. Падобныя матывы хораша чыталіся ў кантэксце кніг Э. Межэлайціса, А. Куляшова, М. Танка, А. Вазнясенскага.

Узмацненне лірычнага «я» вяло за сабой паскораны працэс станаўлення яго творчай індывідуальнасці. З сённяшняга паэт рабіўся сучасным, бо выходзіў на важныя, сацыяльна важкія праблемы народнага жыцця, грамадскай свядомасці, на тое, што найбольш хвалявала чалавека.

Хацелася б выказаць адно назіранне: нягледзячы на характэрную для некаторых вершаў маналагічную форму, лірычнае «я», лірычны герой у паэзіі Макаля не заўсёды надзелены біяграфічнымі рысамі. Яго «я» ўвасабляе найбольш істотнае ў духоўным жыцці сучасніка, імкнецца змясціць у сабе турботы ўсёй планеты. У адным з артыкулаў пачатку 60-х гадоў паэт назваў наш век векам думкі. Такі вывад вынікаў з сацыяльнага аблічча часу: «Рэактыўныя хуткасці скарацілі адлегласці паміж кантынентамі і народамі. Аднак яшчэ больш акрэсліўся водападзел паміж двума сусветнымі лагерамі, паміж двума светамі. З аднаго боку — праграма небывалага росквіту грамадства. З другога — пагроза ядзернай катастрофы. У гэтым адна з галоўных супярэчнасцей эпохі. У гэтым крык часу. Быць ці не быць?..»

Праз своеасаблівасць часу паэт хоча зразумець яго веліч, поступ наперад, перадаць яго ўнутраныя працэсы, зрабіць іх сваім асаблівым адчуваннем. Так ён асэнсоўвае тэму кубінскай рэвалюцыі — свабоды, свята «з кабурой на паяску» («Кубінскі танец»).

Гаворачы ў адным са сваіх артыкулаў пра творчасць Аляксея Пысіна, П. Макаль перш за ўсё адзначыў маштабнасць яго паэтычнага мыслення, якая вынікае не з моды, а грунтуецца на імкненні асэнсаваць складанасць часу, памагчы чалавеку «адказаць на пытанне, як жыць, каб быць вартым свайго прызначэння». І ў самога Макаля ўсё мацней гучыць тэма чалавечага сумлення, тэма праўды («Сікейрас»), рэзка павышаецца каэфіцыент мастацкага абагульнення.

У гэты час быў напісаны цікавы па думцы верш «Мера», у якім аўтар беглым штрыхом робіць накід сучаснай панарамы свету, імкнецца ўлавіць адметнасць нашага «безразмернага» веку, як ён яго называе. Новым у зборніку «Круглы стол» было і тое, што ў ім поруч з творамі лірычнымі прагучалі вершы сатырычна завостраныя. Паэт узнімае голас супраць мяшчанскага быту, які скоўвае творчыя магчымасці чалавека (вершы «Хатні рай», «Абутнікі», «Юбілейнае», «Жалезны Адам»). Гэта тэма будзе замацоўвацца і паглыбляцца ў наступных кнігах і ў першую чаргу — у «Акне» (1966).

Кніга «Акно» (не зборнік, а менавіта кніга!) — рэч надзвычай цэласная, праблемная, падкрэслена антрапалагічная. Яе эпіцэнтр — чалавек, яго зямное існаванне, яго сучаснасць і будучыня. Вышыня крытэрыяў, ідэйны маштаб, мастацкая значнасць і маральная насычанасць абагульненняў,— усё гэта тут было. Кніга гаварыла пра інтэнсіўнасць паэтычнага інтэлекту аўтара.

 

Жыццё, жыццё, кароткі твой рэгламент.

Як разгарнуцца тут на ўвесь размах?

Няўжо мы — толькі камяні ў фундамент,

Каб іншыя дабудавалі гмах,

Каб здолелі вышынны дах пакласці?

Але ж і мне

            не потым, а цяпер

Таварыш бог,

            адрэж акраец шчасця

І долю чалавечую адмер!

 

Міжвольна спыняешся на радках, якія, здаецца выдыхнуты паэтам адразу, за адзін раз: «Яснасці, яснасці, яснасці! — хочацца па-цвярозаму. Яснасці — чэснай уласнасці незакілзанага розуму». Або «Сплю ў каменным сховішчы кватэры. Але што там бухае, як цэп? Хто так гулка стукае ў дзверы? Гэта ты, пасланнік поля — хлеб». У індывідуальным вопыце паэта адлюстроўвалася душэўная прага яго сучаснікаў, «грамадзян ХХ стагоддзя». У кнізе «Акно» ён вядзе страсную спрэчку з сабой учарашнім. І выйграе яе паэт сённяшні! Свет наш не настолькі ўладкаваны, хоча сказаць ён, каб сядзець склаўшы рукі. На гэтым грунтуецца яго душэўная актыўнасць: «Я, сапёр, спяшаю, каб у час абясшкодзіць беды, як тарпеды, што здаля нацэлены на нас». Інтымнае і грамадскае ў кнізе нельга размежаваць, настолькі яны сплаўлены.

Што П. Макаль выдатны майстар верша — несумненна. Ён, скажам, бездакорна валодае самай разнастайнай і багатай рыфмай:

 

Хвала напятай хвалі, што пяе!

Хвала ўзбярэжным дзюнам,

                      што як горы!

На пляжы спляжу немачы свае

І змору патаплю ў бяздонным моры.

 

Рыфмуюцца не толькі паралельныя радкі, але і словы ўнутры радка, верш набывае выключную гнуткасць і музычнасць. Прадметы паўстаюць пластычна, аб’ёмна, і, хаця аўтар амаль не адмаўляецца ад строгіх класічных рытмаў, верш яго не выглядае старамодна, бо само душэўнае багацце мастака, яго паэтычнае мысленне ў аснове сваёй вельмі сучаснае.

У 60—70-я гады можна было назіраць, як пашыраўся творчы дыяпазон Петруся Макаля. Ён звяртаецца да драматургічнага жанру: п’есы П. Макаля «Адчыніце, казляняткі!», «Дай вады, калодзеж», «На ўсіх адна бяда» (яны напісаны ў вершах паводле фальклорных матываў) з поспехам былі пастаўлены на сцэне Беларускага тэатра юнага гледача і іншых тэатраў краіны. Супрацоўнічае паэт з кампазітарамі: разам з Я. Глебавым створаны араторыя «Запрашэнне ў краіну маленства», шэраг песень.

Мастацкае майстэрства надта спатрэбілася Макалю ў перакладчыцкай працы. Буйнейшыя яго работы — анталогія вершаў сучасных славацкіх паэтаў «Татры пяюць» (1976) і кніга Міраслава Валека «Крылы» (1979), якія атрымалі станоўчую ацэнку ў друку: Макаль як перакладчык умее глыбока пранікнуць у дух першакрыніцы, перадаць яе мастацкую своеасаблівасць.

У 1979 г. яму прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. І невыпадкова: сёння ён працуе асабліва інтэнсіўна. Вельмі сучаснымі і таленавітымі кнігамі ўяўляюцца мне зборнікі «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978), «Смак яблыка» (1981), якія сведчаць, што паэт трымае руку на пульсе жыцця. Яны нагадваюць мне адно са шматлікіх метафарычных вызначэнняў паэзіі, якое сцвярджае, што паэзія — гэта «адчуванне зямлі босай нагой».

«Дотык да зямлі» — выраз гэты ўзяты паэтам у яго вобразным, полівалентным значэнні, але абапіраецца ён на свой пачатковы, самы непасрэдны сэнс, укладзены ў звычайныя словы:

 

Ёсць словы, што прасцей, чым двойчы два:

Зямля,

Вада,

Паветра

І трава...

 

Што ж гэта — паэзія простых слоў, простых рэчаў?

Так. Але паэт — як і яго сучаснікі — па-новаму адчуў гэтыя «рэчы», іх каштоўнасць і значнасць у святле вядомай супярэчнасці нашых дзён:

 

Ракеты і аўтамабілі

У нас адлегласць узялі,

А мы, здаецца, разлюбілі

Хадзіць нагамі па зямлі.

 

Паэзія гэтых радкоў падказана і нашым днём і памяццю. Нельга не заўважыць, што найбольш удалыя вершы Макаля будуюцца на арганічным сінтэзе сучаснага і мінулага, калі час паўстае, як частка яго жыццёвай і духоўнай біяграфіі. «Я з вёскі» — прызнаецца ён у адным з вершаў: «Я выйшаў з вёскі, выйшаў з баразны,— і ворывам мае далоні пахнуць». Паэт вяртаецца да зямных вытокаў свайго лёсу. Памяць праз гады захавала пах сырадою, што быў хлебам дзіцячых год. Але разважанні паэта не абмяжоўваюцца аднымі ўспамінамі. Сёння, калі «трава жылплошчу аддае бетону» і гудок глушыць галасы птушак, калі штучным шляхам сінтэзуецца нават малако, ён сцвярджае першапачатковую натуральнасць і свежасць быцця, яго неабходнасць у светаадчуванні сучасніка. У паэзію прыходзяць вобразы нівы, баразны, плуга, хлеба, нават вобраз каровы, з якой ён звязвае «млечны шлях» свайго лёсу. Але гэта толькі адна з граней вялікай тэмы «дотыку да зямлі» ў асэнсаванні паэта. Грань вясковая, звязаная з яго духоўна-«экалагічным» роздумам над «фатальнай» цвёрдасцю бетону, які бярэ ў свой шэры палон планету. Гэта думка мае шмат адценняў, матываў, якія гучаць па-грамадзянску пераканаўча і паступальна. Матыў, так характэрны сучаснай паэзіі: «У травы забіраюць правы — хіба гэта не бачыце вы?»

Гаворачы пра першапачатковыя, так сказаць, каштоўнасці, бласлаўляючы «зялёны бунт», «зялёны ўзлёт травы», паэт далучае нас да духоўных крыніц эпохі. «Стаім у чарзе за небам, як у вайну за хлебам».

Свет «простых слоў» разглядаецца ў самых разнастайных планах, у спалучэнні, так сказаць, матэрыяльнага і духоўнага. Адкрываецца складанасць свету і сцвярджаецца яго гарманічнасць: «Калі б, зямля, ты не дала мне хлеба, ці змог бы дацягнуцца я да неба, аб зорны келіх губы апячы?»

«Дотык да зямлі!» — формула грамадзянскага мыслення паэта, формула яго рэалізму, скіраванага супраць «паветраных замкаў», супроць тых, хто «ману з туману лепіць». «Страцім сілу, адарваўшыся ад зямлі»,— турбуецца ён.

Думка аб несумяшчальнасці грамадзянскасці і бесканфліктнасці вельмі характэрна для сённяшняга Макаля. Ён — майстар канцэптуальнага верша, дзе выяўляецца не проста душэўны жэст паэта, а разуменне жыцця.

Сацыяльная-філасофская аснова яго паэзіі — шырокая. Ён — востра сучасны, праблемны. Дэталі і падрабязнасці вясковага побыту часцей за ўсё патрэбны яму для асэнсавання больш агульных з’яў жыцця. Паэта хвалюе чалавек, яго быццё і ўзаемаадносіны са светам, накіраванасць яго актыўнасці, яго будучыня. Якраз менавіта гэтыя матывы складаюць змест напружанага роздуму. Своеасаблівасць яго вершаў у тым, што яны спалучаюць публіцыстыку з філасафічнасцю. Гэта надае ім эстэтычную аб’ёмнасць, глыбіню. Часта звяртаецца ён да духоўнага вопыту народа.

«Шчаслівейшы не той, хто жне, а той, хто сее»,— нагадвае ён даўнюю сялянскую мудрасць, хаця і ведае, што адлегласць ад сяўбы да жніва іншы раз бывае даўжэй за чалавечы век. Але сеяць трэба. Паэт славіць урадлівасць зямлі, ніву, поле, якія насычаны для яго вялікім духоўным сэнсам.

Пластыка яму таксама не чужая. Але не ў ёй справа. Яна падпарадкавана больш агульным паэтычным ідэям. Макаль здольны ўзбуйняць рэчаіснасць, бачыць касмічныя рысы ў фарбах асенняга саду: «Адсвечвае галактыкаю сад, у барвы шчодрай спеласці адзеты». Ён — майстар ёмістай, маштабнай метафары. Славячы важкасць «пладоў, зярнят і дум, цяжкіх ад сонца», паэт бачыць, як

 

Сам космас,

                быццам просьбіт,

            басанож

Сыходзіць ноччу да Зямлі з паклонам,

Дрыготна падстаўляе зорны кош

Пад яблыкі, што падаюць са звонам.

 

Садовая груша — звычайная слуцкая бэра — уяўляецца яму малой планетай. Паэт настойліва імкнецца да маштабных вобразаў, смелых абагульненняў, у якіх сінтэзуецца дзень сённяшні з глыбокімі пластамі народнага вопыту.

Высокую паэзію адкрывае ён у вобразе свайго зялёнага друга — лесу. Наш лес — наша гісторыя. У ім адлюстроўваецца характар народа, яго мужнасць, высакародства. У вайну пад шматпавярховыя лясныя шаты лезлі з агнём чорныя карнікі. Але лес выстаяў. У ягонай жывіцы і дасюль стынуць кулі. «Мой лес — мой лёс»,— кажа паэт. У такой вось рэльефнасці вобразаў, метафары — аснова паэтыкі Макаля. Такія паняцці, як поле, лес, хлеб, бетон, трава — ён разглядае буйным планам, у багацці іх сацыяльных сувязей і жыццёвага зместу.

Бачна вялізарная цяга паэта да падкрэсленай метафарычнасці, прытчавасці, мастацкай умоўнасці. Гэта вельмі відаць у вершах «Прас», «Маналог сабакі», «Песня заваднога салдаціка», «Пласцінка», «Кумір» і іншых. Умоўнасць вобразнасці паэта — пры ўсёй яе нечаканасці — не супярэчыць зместу, бо накіравана на асэнсаванне рэальных з’яў. Агульны напрамак яго творчых пошукаў, яго маштабнага паэтычнага мыслення — плённы. Сумяшчаючы малое з вялікім, звычайнае з незвычайным, ён па-свойму абжывае свет, дабіваецца жаданага выніку.

Майстэрства паэта пастаянна расце. Але яно — не самамэта, багацце сродкаў мастацкай выразнасці нараджаецца неабходнасцю перадаць паўнату зместу, драматызм жыцця:

 

— Вы адкуль?

— Мы — ад куль.

Мы — з вайны.

Мы — званы.

Мы — дамы.

Мы — дымы.

Каміны.

Камяні.

 

Прыкметай сучаснага мастацкага мыслення Петруся Макаля стала філасофскае пранікненне ў сэнс падзей, псіхалагічнае даследванне характару сучасніка. У светаадчуванні паэта спалучаецца сацыяльнае і асабістае, зямное і «нябеснае», матэрыяльнае і духоўнае, эмацыянальнае і інтэлектуальнае. Свет яго ідэй значна шырэйшы.

Не выпадкова, што паэзія Петруся Макаля знаходзіць сваіх прыхільнікаў не толькі ў нашай рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. Творы паэта выдаваліся асобнымі кнігамі ў Маскве, Кіеве, Браціславе, перакладаліся на англійскую, балгарскую, мангольскую, польскую, французскую, чэшскую і іншыя мовы свету.

Пятрусь Макаль і сёння — у нястомным пошуку: ён паспяхова асвойвае абсягі сучаснасці, імкнецца заваёўваць усё новыя ідэйна-мастацкія вышыні.

Уладзімір Гніламёдаў




Тэкст падаецца паводле выдання: Макаль П. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 1. Вершы. - Мн.: Маст. літ., 1982. - 287 с., 1 л. партр.