epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Калесьнік

Пяснярскі лёс

 

Уладзімір Жылка стаў паэтам якраз тады, калі ў Расіі і ў Еўропе гісторыя адкрывала заманлівыя шляхі да новага свабоднага жыцця для прыгнечаных класаў і нават цэлых народаў. Час быў поўны трывожных надзей, а юнак аказаўся духоўна разбуджаным, гатовым пайсці за папараць-кветкай праз агонь і ваду, так як хадзілі, створаныя прарочаю думкай Купалы, Гусляр і Званар, тымі шляхамі, па якіх вандраваў Багдановічаў Музыка і Коласаў Сымон.

Уладзімір Адамавіч Жылка нарадзіўся ў 1900 годзе ў невялікай вёсцы Макашы, якая размясцілася ў вярхоўях Вушы, левага прытоку Нёмана, непадалёку ад перасячэння варшаўскага шляху з гасцінцам Нясвіж — Мір — Навагрудак. Бацька паэта паходзіў са Случчыны, служыў у Макашах сядзельцам царскай манаполькі і ажаніўся з Марыяй Раманейка, з суседняй вёскі Падлессе. У матчынай сям’і аказаліся адукаваныя і бывалыя людзі: два яе браты — Рыгор і Юры рабілі прыкметны ўплыў на жыццёвы пошук пляменніка. Закончыўшы гарадское вучылішча ў Міры, Жылка падаўся вучыцца ў Багародзіцкае агранамічнае вучылішча Тульскай губерні, дзе сустрэўся з моцна закаранёнымі традыцыямі народніцтва, культам зямлі і мужыка-земляроба. З аблокаў ідэалізуючага захаплення стаў і ён глядзець на мужыка-беларуса, а затым на ўвесь беларускі нацыянальна-вызваленчы рух, які ў стрыжні сваім быў таксама працоўна-сялянскі. Заварожаны сімваламі веры і кодэксам гонару гэтага руху, Жылка яшчэ ў прамежку паміж лютаўскай рэвалюцыяй і Кастрычнікам далучыўся ў Мінску, дзе пасяліліся яго бацькі, да грамадскай дзейнасці, увайшоў у асяроддзе творчай інтэлігенцыі, што гуртавалася ў Беларускай хатцы. Ён пазнаёміўся з Янкам Купалам, якога на ўсё жыццё стаў лічыць найвялікшым сярод песняроў мужыцкай долі не толькі ў Беларусі, але ва ўсім славянскім свеце. З Міхасём Чаротам Жылка пасябраваў і разам працаваў аграномам у нацыяналізаваным маёнтку пад Мінскам, ездзіў па вёсках растлумачваць і праводзіць у жыццё дэкрэты рэвалюцыі аб падзеле памешчыцкай зямлі паміж сялянамі. Першы апублікаваны верш У. Жылкі быў патрыятычным заклікам, у якім здаровыя ідэі вызвалення народа межавалі з ператрымкамі, уласцівымі лозунгам левых дробнабуржуазных плыняў. Верш гэты з’явіўся ў свет у 1920 годзе, калі аўтар заняпаў на страшную ў тыя часы хваробу — туберкулёз лёгкіх. Элегічныя настроі заўчаснага развітання з жыццём прагучалі ў такіх ранніх вершах У. Жылкі, як «Матылі», «Я кахаў». Акалічнасці жыцця кінулі хворага юнака з горада ў вёску — спачатку да сваякоў па бацьку — у Клецішча, потым па маці — у Падлессе, так ён апынуўся ў 1920 годзе на землях Заходняй Беларусі, захопленых войскамі буржуазнай Польшчы. Рыжскі мірны дагавор замацаваў падзел Беларусі на Заходнюю і Усходнюю, Савецкую.

Уладзімір Жылка адчуў гэта балюча і першы з беларускіх паэтаў назваў дзяржаўную мяжу ранай на целе радзімы:

 

Пакута падзелам.

Па беламу целу

Знаком ад нажа

Крывавіць мяжа...

 

Радкі гэтыя належаць паэме «Уяўленне», дзе аўтар асэнсоўвае лёс Беларусі на шляхах трох рэвалюцый. Паэма гучыць драматычна: над пакутамі і памяццю ахвяр уздымаецца, аднак, вера, увасобленая ў вобразах вясновай і купальскай сімволікі:

 

Выходзяць дзяўчаты

Выгукваць вясну...

Я славу вам, хаты,

На дзідзе вярну.

 

Паэма складвалася ў Вільні, куды паэт прыехаў па запрашэнню актывістаў вызваленчага руху і стаў працаваць у беларускай кнігарні, актыўна супрацоўнічаць з радыкальнаю беларускаю прэсай.

У Вільні У. Жылка ўмацаваў знаёмства з выдатным беларускім пісьменнікам, выдаўцом «Беларускай газеты» Максімам Гарэцкім. Паэт пазнаёміўся з дзеячамі вызваленчага і культурнага руху — Браніславам Тарашкевічам, Ядвігіным Ш., Гальяшом Леўчыкам, Сымонам Рак-Міхайлоўскім. У. Жылка выконваў ролю сувязнога паміж падпольнаю баявою дружынай вёскі Падлессе, якую ўзначальваў Ілья Мікуліч, і кіраўніцтвам Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, якая займалася падрыхтоўкай паўстанцкага руху. Ідэя паўстання і арганізацыйная работа па яго падрыхтоўцы прывяла да цеснай дружбы з Леапольдам Родзевічам, братамі Ігнатам і Арсенем Канчэўскімі. Падпольная работа прыкрываецца легальнымі наведваннямі, адкрытай у Віленскай беларускай гімназіі драматычнай майстроўні, для якой У. Жылка перакладае п’есы і тэксты песень.

Улады генерала Жэлігоўскага, які аб’явіў Віленшчыну незалежнай дзяржавай, Сярэдняй Літвой, праследвалі прагрэсіўных беларускіх дзеячаў, яны выселілі ў Прыбалтыку М. Гарэцкага, у Рызе апынуўся Ігнат Дварчанін, туды ж вымушаны быў выехаць і У. Жылка. Паўгода вучыўся ён у Даўгаўпілсе, у беларускай гімназіі, потым нелегальна вярнуўся ў Вільню, дапамагаў Л. Родзевічу выдаваць газету «Наша будучына». У лютым 1923 года У. Жылка вымушаны быў выехаць у Чэхаславакію, закончыў сярэднюю адукацыю і паступіў на філасофскі факультэт Карлава універсітэта, штудзіраваў філалогію, удзельнічаў у рабоце Асацыяцыі беларускіх прагрэсіўных студэнтаў, разам з І. Дварчанінам займаўся выданнем часопіса «Перавясла», пазней часопісаў «Прамень» і «Наш прамень», які быў органам літаратурнай арганізацыі «Маладняк», што ўтварылася пры Саюзе студэнтаў-грамадзян БССР. Як рэдактар часопіса ён прыехаў у 1926 годзе на навуковую канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу ў Мінск і застаўся жыць і працаваць у беларускай сталіцы, стаў літаратурным супрацоўнікам газеты «Звязда», займаўся выхаваннем творчай моладзі, рыхтаваў папулярныя ў тую пору «Літаратурныя старонкі» для газеты, пісаў вершы, перакладаў.

Як паэт У. Жылка сфарміраваўся ў Заходняй Беларусі пад непасрэдным уплывам вызваленчага руху, на яго долю выпала стаць песняром уздыму і спаду паўстанцкай барацьбы. Пералом наступіў у 1924 годзе пад уплывам стабілізацыі эканомікі ў Польшчы, якая атрымала пазыкі ад заходнееўрапейскага капіталу. Рэвалюцыйныя сілы на чале з Кампартыяй Заходняй Беларусі вымушаны былі змяніць курс, перайсці ад устаноўкі на паўстанне да масава-дэмакратычных, напаўлегальных і легальных форм барацьбы — ідэйна-выхаваўчай, арганізатарскай, культурна-асветнай работы ў масах. Зразумела, што гэты пераход выклікаў і расчараванні, настроі асуджанасці ў асяроддзі крайне левых элементаў моладзі. Грамадзянская лірыка У. Жылкі арганічна адлюстроўвае шляхі, пройдзеныя перадавымі сіламі заходнебеларускай вёскі першай палавіны 20-х гадоў. Яшчэ ў Падлессі ён стварыў цыкл вершаў, ідэйна звязаных з паўстанцкай барацьбой, сярод іх і агітацыйна-закліковыя творы: «Каваль», «Гімн беларускіх паўстанцаў» і вершы публіцыстычныя: «Беларусь», «Замчышча», «Віхор», у якіх паэтызуе саму ідэю вызваленчай барацьбы, сцвярджае яе высакароднасць і маральную чысціню. У. Жылка аказваецца паэтам, які ўмее перадаць грамадзянскія ідэі глыбока асабіста, як інтымныя рухі душы лірычнага героя.

Акалічнасці асабістага жыцця паэта, яго заангажаванасць у вызваленчую барацьбу насуперак цяжкому стану здароўя робіць яго лёс асабліва трагічным. У. Жылка як бы ўпісваецца ў канон патрыятычнай ахвярнасці, які беларуская паэзія пацвердзіла імёнамі Паўлюка Багрыма, Адама Гурыновіча, Элаізы Пашкевіч (Цёткі), Максіма Багдановіча. Апошні быў асабліва блізкі Жылку як мастак адукаваны, які засвоіў і пераносіў на родную глебу скарбы сусветнай паэзіі, узбагачаў эстэтычную культуру нацыянальнага пісьменства. Нават тып таленту У. Жылкі і М. Багдановіча надзіва сугучны, у іх зраўнаважаны эмацыянальна-інтуіцыйны і інтэлектуальны спосаб пазнання і асэнсавання рэчаіснасці, лірычны герой адчувае сябе спадчыннікам суровых запаветаў мінулага, адказным перад памяццю будучых пакаленняў. Праўда, У. Жылка дзейнічаў у атмасферы паўстанцкай барацьбы на землях Заходняй Беларусі, таму ў яго часта скарачаецца Багдановічава інтэлектуальная дыстанцыя паміж жаданнем і дзеяннем, ён, як і Купала, выступае адначасна песняром мары і змагарскай волі, барацьбы, перамог і трагічных паражэнняў, нарэшце — апантанасці змаганнем. У. Жылка дастойна працягвае і развівае створаную Ф. Багушэвічам, Я. Купалам, Я. Коласам, М. Багдановічам і іншымі беларускімі прагрэсіўнымі паэтамі вызваленчую легенду беларусаў. Стрыжнявою ідэяй у яго, як і ў папярэднікаў, з’яўляецца дыялектычнае спалучэнне сацыяльнай справядлівасці і нацыянальнай годнасці ў агульным гуманістычным імкненні «людзьмі звацца».

Настроіўшыся на Купалаву позву, У. Жылка па-свойму выказаў пачуццё абражанай чалавечай і нацыянальнай годнасці беларуса. Патрыятызм У. Жылкі, як і ў Я. Купалы, быў прасякнуты гуманістычнай высакароднасцю, прызнаннем роўнасці ўсіх народаў і каштоўнасці ўсіх дэмакратычных культур.

Уладзімір Жылка не паўтараў класікаў, а імкнуўся прадаўжаць іх, скарыстоўваючы вопыт заходнееўрапейскай і славянскай літаратур. Яго любімымі паэтамі сталі П. Шэлі, А. Міцкевіч, М. Лермантаў, Г. Ібсен, Ф. Цютчаў, А. Блок. Строгі адбор настаўнікаў дазволіў У. Жылку смела ўпісацца ў прагрэсіўна-рамантычную плынь беларускай паэзіі і ўзбагаціць яе здабыткі новымі ідэямі і вобразамі. Патрыятычная сімволіка такіх яго вершаў, як «Меч», «Палімпсест», «Праметэй», «Вершы аб Вільні» пашырае традыцыйныя межы гераічнай вобразнасці, якімі карысталася беларуская лірыка. Так, у першым з названых твораў пераасэнсоўваецца казачны матыў выворвання земляробам зачараванага прадмета («алешыны»), які ажывае і становіцца дзіцем. Жылкаў селянін выараў меч, на лязе якога адчытаў гераічны наказ і запавет продкаў: «Дарэшты бой!»

Паэт сам адчувае сябе далучаным да гэтага наказу, ён нясе і перадае іншым дэвіз змагання:

 

Я з грамадой іду па шчасце нам.

Мой меч зіхціць непераможны, востры.

Змагуся сам, дык сотням перадам!

 

У «Палімпсесце» паэт падае вызваленчую барацьбу як усенароднае адчытванне старадаўняга тэксту, на скрутку пергамента, тэксту, сцёртага бязбожнай рукою захопнікаў. Не цяжка заўважыць тут судакрананні з Багдановічавымі вершамі з цыкла «Старая Беларусь», але эстэтычную асалоду дастаўляе нам уменне паэта быць самастойным, арыгінальным, творчым. Асабліва выразна выступае гэтая здольнасць не падпадаць пад створаныя ўжо ўзоры, ідучы шляхамі папярэднікаў, у «Вершах аб Вільні». Адпраўным пунктам тут, напэўна, была Багдановічава «Пагоня», гэты сімвал нават прамільгнуў у вершы, але замест твора — працяг і развіццё ідэі вызвалення як яно і адбываецца ў сучасныя паэту дні. Паказальна, што вызваленчы рух беларусаў падаецца не ізалявана, а як адзін са струменяў агульнага руху да волі ўсіх народаў, руху ў адпаведнасці са сваімі прагрэсіўнымі нацыянальнымі традыцыямі і цяжарам забабонаў. Вільня паўстае як нейкі тыгель адраджальных ідэй беларусаў, літоўцаў, яўрэяў, татар. Знамянальна, што паэт палічыў сучасны яму вызваленчы рух Заходняй Беларусі сугучным фанатычнаю ахвярнасцю не хрысціянскай, а мусульманскай традыцыі. Вызваленчая барацьба прымае формы свяшчэннай вайны, а Вільня адпаведна ўспрымаецца як «крывіцкая Мекка»:

 

Там дзеці (твае гэта дзеці!)

З-пад слепых, закураных хат...

Вітай жа — ў часы ліхалецця {ліхалецця

Змагарскі іх блішча пагляд.

Ім кажуць прапасці са свету,

У парожнасць рассеяцца, ў дым;

Ды думкай бы выш мінарэту,

Стаяць яны ў ветрыску злым.

Ім доля дала паніжэнне

Ды бога крым Бога няма:

І Бог іх адзін — вызваленне

З нянавісці іх да ярма.

 

Арыгінальна, па-свойму развівае У. Жылка купалаўскі вобраз Беларусі-пакутніцы і Беларусі-вясельніцы, уносячы ў гэты вобраз рысы Блокавай «Незнакомки», Расіі — таямнічай красуні-сялянкі.

Вялікі мастацкі талент і высокая паэтычная культура вылучылі У. Жылку сярод заходнебеларускіх паэтаў, у першай палавіне 20-х гадоў ён быў правафланговым прагрэсіўна-рамантычнай заходнебеларускай паэзіі.

Пражскі перыяд у творчасці У. Жылкі характарызуецца паглыбленнем сацыяльнасці не толькі грамадзянскіх вершаў — «На эміграцыі», «Пры Roentgenn», «Экспрэс», але і вершаў філасофскіх і, што асабліва знамянальна — інтымных. Створаны У. Жылкам у пражскі перыяд жыцця інтымны цыкл «Вершы спадзявання» з’яўляецца бясспрэчным здабыткам беларускай паэзіі. Любоўнае пачуццё выступае у іх як магутная духоўная сіла, здольная адраджаць паняволеныя горам і паніжэннем душы, асвятляць іх шляхі, весці да чалавечай годнасці і хараства. Духоўная напоўненасць, эстэтычная тонкасць любоўных перажыванняў робяць інтымныя вершы У. Жылкі сугучнымі сучаснай паэзіі. У. Жылка першы пазнаёміў беларускага чытача з творамі таленавітага чэшскага паэта Іржы Волькера, ён таксама пераклаў паэму польскага рэвалюцыйнага паэта Бруна Ясенскага «Слова пра Якуба Шэлю», у якой паэтызуецца вобраз важака сялянскага паўстання на Падкарпацці.

У мінскі перыяд У. Жылка апублікаваў не шмат твораў, яму даводзілася многа сіл аддаваць журналісцкай і педагагічнай працы, лячыцца, але і тое, што з’явілася ў друку, сведчыць, што ён прымаў і талентам сваім сцвярджаў рэальныя, хоць і сціплыя тады яшчэ здабыткі сацыялістычнага ладу жыцця. Ідэя сацыялізма заставалася для яго сімвалам веры і надзеі, у ёй паэт бачыў будучыню чалавецтва.

Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў г. Уржуме Вяцкай губерні, ён працаваў настаўнікам замежнай літаратуры ў медыцынскім тэхнікуме. Па ўспамінах землякоў, з якімі паэт сустракаўся ва Уржуме ці перапісваўся, ён многа працаваў над уласнымі творамі і перакладамі з замежных моў. На жаль, архіў паэта савецкага часу не захаваўся. Не ўдаецца адшукаць і многіх пісьмаў паэта ранейшых гадоў, асабліва цікавымі маглі б быць для нас яго пісьмы да Леапольда Родзевіча і Ігната Дварчаніна. Пра гэта дазваляюць меркаваць пісьмы-адказы, якія часткова апублікаваны ў савецкім друку.

У малодшага брата паэта Барыса Адамавіча Жылкі захаваўся тэкст паэмы, над якою аўтар працаваў у апошнія гады жыцця. Твор гэты, хоць мае адзнакі чарнавога варыянту, з’яўляецца цікавым як адзіны ў сваім родзе ўзор філасофскай паэмы ў беларускай літаратуры першай палавіны 30-х гадоў. Звяртаючыся да нашчадкаў, паэт перад апошнім развітаннем заклікае берагчы і абараняць каштоўнасці сацыялістычнага ладу жыцця. Аўтарскую прыналежнасць знойдзенага братам паэта тэксту пацвердзіў прафесар Мікалай Мікалаевіч Улашчык, які ў свой час атрымліваў ад аўтара цэлыя раздзелы твора, напісаныя яго рукой.

З публіцыстычных твораў У. Жылкі ў зборнік уключаны «Дзённік», фрагмент артыкула пра Янку Купалу і рэцэнзія на зборнік пачынаючых беларускіх паэтаў — жыхароў даваеннай Латвіі. Гэта нязначная частка з публіцыстыкі паэта, але яна, на маю думку, можа дапамагчы больш дакладна і глыбока прачытваць падтэкставыя ідэі многіх вобразаў і твораў паэта.

У перапісцы У. Жылкі сустракаюцца выказванні, дзе ён папракае сябе за лішнюю ўскладнёнасць паэтычнай мовы, што перашкаджала яго творам даходзіць да масавага чытача. Смела можна сказаць, што тое, што было калісьці заганай, сёння стала прызнаным дасягненнем, бо культура сучаснай паэзіі, а адпаведна чытачоў настолькі вырасла, што апошнія ахвотна шукаюць інтэлектуальнай і вобразнай ускладнёнасці, смакуюць духоўнасць.

 

Уладзімір Калеснік


1986?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - с. 5-15
Крыніца: скан