epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караленка

Яшка

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII


 

Жорсткія, васпане, норавы...

 

Астроўскі

 

І

...Нас увялі ў калідор адной з сібірскіх турмаў, доўгі, вузкі і змрочны. Адна з яго сцен ледзь не ўся была занятая высокімі вокнамі, што выходзілі на невялікі квадратны дворык, у якім звычайна гулялі арыштанты. Цяпер, з выпадку нашага прыбыцця, арыштантаў «загналі» ў камеры. Уздоўж другой сцяны на невялікай адлегласці адна ад другой відаць былі дзверы «адзіночак». Дзверы счарнелі ад часу і частых дотыкаў і рэзка вызначаліся цёмнымі чатырохкутнікамі на шэрай, бруднай сцяне. Над дзвярыма віселі дошчачкі з надпісамі: «За крадзёж», «За забойства», «За рабаўніцтва», «За бадзянне», а пасярод кожных дзвярэй відаць была квадратная шчыліна са шкельцам, якое закрывалася звонку драўлянай засланкай. Усе засланкі былі адсунутыя, і з-за шкельца на нас пазіралі цікаўныя, уважлівыя вочы вязняў.

Мы павярнулі раз і другі. Над першымі дзвярыма трэцяга калідора я прачытаў надпіс: «Вар’ят», над наступнымі — тое ж. Над трэцімі надпісу не было, а пад чацвёртымі я прачытаў тыя ж словы, хаця надпісу і не трэба было, каб угадаць, хто жыве ў гэтай камеры,— з-за яе дзвярэй чуліся нейкія дзікія, тужлівыя гукі, яны рвалі душу. Чалавек, відаць, хадзіў узад-уперад за сваімі дзвярыма, выкрыкваючы нешта падобнае на яўрэйскую малітву, ці на горкі плач-галашэнне, ці на дзікую танцавальную песню. Калі ён сціхаў, на калідоры наступала цішыня, можна было ўлавіць аднатонныя словы нейкай малітвы, якую невыразным голасам чыталі з першай камеры. Далей відаць былі яшчэ такія ж дзверы, і за імі чулася мернае бразганне ланцугоў. Надпіс быў «За забойства».

Гэта быў «калідор падследчага аддзялення», куды нас пасялілі з-за адсутнасці памяшкання для перасыльных. З той жа прычыны, з-за адсутнасці асобнага памяшкання, у гэтым калідоры трымалі трох вар’ятаў. Наша камера, без надпісу, знаходзілася паміж камерамі двух вар’ятаў, толькі справа ад адной з іх нас аддзяляла лесвіца, над якой вісела дошка: «Уваход у малы верх».

Пакуль наглядчыкі падбіралі ключы, каб адчыніць нашу камеру, сусед наш па правы бок — трэці вар’ят — не падаваў ніякіх знакаў свайго існавання. Наколькі можна было бачыць у акенца, у яго камеры было цёмна, як у магіле.

— Яшка маўчыць цяпера,— ціха сказаў «старшы наглядчык» малодшаму.

— Не бачыць... Бог з ім! — адказаў той гэтак жа ціха.

Раптам з-за шкельца бліснула пара вачэй, мільганулі кончык носа, вялікія вусы, частка барады. Услед за гэтым дзверы застагналі і захадзілі. Яшка стукаў нагою ў ніжнюю частку дзвярэй так моцна, што жалезныя балты гнуліся і скрыгаталі. Кожны ўдар рэхам аддаваўся пад высокай столлю і паўтараўся ў іншых калідорах. Наглядчыкі скалануліся. «Старшы» — сівы, нізенькі стары з яўрэяў, падобны на старога турэмнага пацука, з маленькімі, злоснымі, калючымі вочкамі, што бліскалі з-пад навіслых броваў,— увесь сцяўся, адступіў да сцяны і кінуў на дзверы позірк, поўны глыбокай нянавісці і злосці.

— Хопіць, Яшка, чаго ты задурыў? — абазваўся калідорны наглядчык, сур’ёзны стары, з доўгімі, апушчанымі долу вусамі, у вялікай папасе.— Чаго не бачыў? Бачыш, арыштантаў прывялі?

Той, каго называлі Яшкам, акінуў нас уважлівым позіркам. І, нібы пераканаўшыся, хоць на нас былі «вольныя» касцюмы, што мы сапраўды арыштанты, перастаў стукаць і нешта прабурчаў за сваімі дзвярыма. Слоў мы не маглі разабраць,— «адзіночка» ўжо прыняла нас у свае халодныя, вільготныя абдымкі. Завала клацнула за намі, наглядчыкавы крокі сціхлі на другім канцы калідора, і жыццё «падследчага аддзялення» зноў увайшло ў сваю звычную каляіну.

Пяць крокаў даўжыні, тры з паловай ушыркі — вось памеры новага нашага жытла. Шыбы ў невялікім, з квадратны аршын, акне разбітыя, і з яго відаць шэрая турэмная сцяна на адлегласці двух сажаняў. Куткі камеры хавалі няпэўны паўзмрок. Карнізы адценены жалобнай паласой шматгадовага пылу, сцены шэрыя, і калі ўважліва прыгледзецца, можна ўбачыць на іх асобныя плямы — след барацьбы якога-небудзь пакутніка з клапамі і тараканамі,— барацьбы, можа, шматгадовай, упартай. Я не мог пазбавіцца ад адчування нейкага своеасаблівага непрыемнага паху, якім, як мне здавалася, патыхалі гэтыя сцены. Унізе, ля самай падлогі, у цэглу было ўмуравана тоўстае жалезнае кольца, прызначэнне якога для нас было зразумела: да яго некалі быў прыкляпаны кароткі ланцуг... Два ложкі, крэсла і маленькі столік з’яўляліся раскошай «адзіночкі», якую ёй, магчыма, давялося ўбачыць упершыню. У астатніх камерах, такіх жа, як наша, не было нічога, акрамя кінутага на падлогу сенніка і жывой істоты, якая на ім валялася...

За сцяной пачуўся грукат колаў. Паўз акно праехала чатырохкутная скрынка, якую цягнуў слабенькі замораны конік. Два арыштанты млява пляліся ззаду, шлёпаючы кеньгамі па гразі. Яны спыніліся непадалёк, адчынілі люк і гэтак жа вяла пачалі працаваць... Ядавіты смурод шугануў у нашы разбітыя вокны і пачаў запаўняць камеру...

Мой таварыш, які лёг быў на сваёй пасцелі, стаў на ногі і сумна агледзеў пакой.

— Ад-нак! — сказаў ён працяжна.

— А-га! — пацвердзіў я.

Больш гаварыць не хацелася, ды і не было патрэбы — мы зразумелі адзін аднаго. На нас пазіралі і за нас гаварылі цёмныя сцены, куткі, затканыя павуцінай, замкнёныя дзверы... У акно ўрываліся хвалі міязмаў, і дзецца не было куды. Колькі нам давядзецца пражыць тут: тыдзень, два?.. Пагана, брыдка! А тут жа, побач, нашы суседзі жывуць не адзін тыдзень і не два. Ды і ў гэтай камеры пасля нас зноў паселіцца жылец на доўгія месяцы, а магчыма, і гады...

А арыштанцікі працягвалі сваю працу,— гэта быў іх штодзённы абавязак. Штодня прыязджалі яны сюды са сваёй смярдзючай скрынкай і сонна чэрпалі гадзіну, другую, то ад’язджаючы, то прыязджаючы — і ўсё паўз шматлікія, дрэнна падагнаныя ці разбітыя вокны.

Мы заткнулі разбітае шкло казённай падушкай. Смурод трохі зменшыўся, ці то мы прыцярпеліся, але адчуванне прыгнечанасці, навеянае нашай бездапаможнасцю, цішынёй, бяздзейнасцю «адзіночкі», з вострага пачало пераходзіць у тупое, хранічнае... Мы пачалі прыслухоўвацца да ціхіх галасоў знешняга жыцця, якія прарываліся праз моцныя дзверы.

Знешнім жыццём для нас было жыццё двара і турэмнага калідора. У акенца ў дзвярах, калі яго забываліся зачыніць засланкай, відаць былі арыштанты, якія таўкліся на квадратным дворыку парамі, ціха, без шуму. Здавалася, шэрыя халаты накладвалі нейкае абавязацельства ціхай саліднасці.

У пэўныя часы па двары праносілася каманда: «Пайшоў за варам!», «Пайшоў за хлебам!», «Абедаць пайшоў!», «Пай-шо-оў, разыдзіся па камерах!». На нейкі час са строгага адзіночнага заключэння выпускалі тых, хто быў пад следствам ці катаржнікаў у ланцугах. Апошнія прагульваліся па калідоры яшчэ больш салідна: ланцугі накладвалі гэта абавязацельства. Пад вечар недзе на трэцім двары чуўся званок: набліжалася «праверка». Штодня а сёмай гадзіне наглядчык ці яго памочнік з каравульным афіцэрам і канвоем салдат абыходзіў усе камеры, пералічваючы вязняў.

Так праходзіў дзень у «падследчым аддзяленні».

...Раз, два, тры, чатыры!..— часам гулка разносіўся моцны стук. Гэта Яшка трывожыў чуйную цішыню калідора. У гэтай цішыні, на фоне бясшумнага, прыгнечанага жыцця, яго ўдары, рэзкія, шалёна-размераныя, непакорлівыя, з’яўляліся нейкім дзіўным, вострым, непрыемным кантрастам. Я ўспомніў, як маленькі «старшы» скурчыўся, пачуўшы гэтыя ўдары. Парушэнне звычайнай цішы гэтага сумнага месца, якое нават мне, чужынцу, здавалася дысанансам, павінна было надта рэзаць вуха «начальству».

Не ведаю, уласна, навошта спатрэбілася мне лічыць тыя ўдары. Раз, два, тры... на шостым грукат узмацняўся; сем, восем, дзевяць...— гэта быў суцэльны гул, потым на адзінаццаці, рэдка на дванаццаці, гук рэзка абрываўся. У гэтае імгненне я пачынаў адчуваць востры боль у правай назе. Мне здавалася, што Яшка пераставаў стукаць менавіта ад такога болю ў назе. Праз некалькі секунд раздавалася яшчэ пяць-шэсць удараў, і потым на калідоры наступала напружаная цішыня ці панылае Яшкава бурчанне перамяжалася тужлівымі выкрыкамі яўрэя.

Часцей за ўсіх на нашым калідоры даводзілася дзяжурыць старому наглядчыку, які даўно, відаць, звыкся з турмой і яе насельнікамі. Здавалася, на гэтым месцы стары знайшоў тую асаблівую душэўную раўнавагу, якая так аблягчае жыццё і зносіны з людзьмі ва ўсякай прафесіі. Ён меў выгляд чалавека з грунтоўным светапоглядам, быў па-філасофску спакойны і нязменна абыякавы, ніколі не павышаў голасу, не лаяў арыштантаў, не прыціскаў іх без патрэбы. Ён быў наглядчык,— гэта было яго грамадскае становішча, якое накладвала на яго пэўныя абавязкі. Астатнія былі арыштанты,— гэта зноў жа іхняе грамадскае становішча, якое таксама спалучаецца з абавязкамі. Кожны павінен выконваць свае абавязкі, што значыць: «Паводзь сябе з толкам, высакародна, інакш — не трапляй начальству «на заметку». Такія былі асновы яго філасофіі, і ён здолеў правесці іх у жыццё падведамаснага яму «аддзялення». Галоўнае маральнае правіла: «не трапляй на заметку» — прасякала ўсе дэталі гэтага жыцця. Сам стары Міхеевіч хадзіў і дзейнічаў нетаропка, як добра разлічаная машына. Я ніколі не бачыў, каб ён спрачаўся з арыштантам з «адзіночкі», калі той прасіўся «да ветру», як іншыя наглядчыкі. Ён проста ішоў на стук і адмыкаў дзверы. Затое калі Міхеевіч адмаўляў у якой-небудзь палёгцы, значыць, у яго была рэзонная прычына, якая мела адносіны да таго, што блізка начальніцкае вока; і адмаўляў ён заўсёды рашуча, безапеляцыйна. Калі, бывала, Міхеевіч сядзеў на акне калідора і драмаў, прытым з-пад яго вечна насунутай на самыя бровы папахі тырчалі канцы доўгіх вусоў і ястрабінага носа, які ціха і па-свойску «кляваў» у спакойнай дрымоце, у калідоры падследчых панавала вольнасць і нават пэўная развязнасць, вядома, у дапусцімых для гэтага месца межах. Арыштанты козырам хадзілі з папяросамі ў зубах паўз філосафа-начальніка і відавочна адчувалі немагчымасць з'яўляцца ў «такім выглядзе» ў іншыя гадзіны дня. Гэта рабіла асабліва дарагой гэтую прывілею ў дадзены час. Яны самі пільна глядзелі, каб не трапіць у «такім выглядзе» на вочы каму-небудзь з вышэйшага турэмнага начальства і не падвесці старога Міхеевіча, бо добра разумелі, што падобнае разявацтва не мае «толку», ні «высакароднасці». Нават вар’ятам імпанаваў уплыў Міхеевічавай філасофіі. Калі рулады вар’ята-яўрэя, паглыбленага ў нейкую музычную манію, дасягалі надзвычайнай напружанасці і экспрэсіі, калі, здавалася, з яго горла хутка зусім не зможа вырвацца ніякага гуку, а вушы слухачоў рызыкавалі згубіць элементарную здольнасць успрымаць іх, Міхеевіч спакойна злазіў з акна, падыходзіў да яўрэевых дзвярэй і, бразнуўшы звязкай ключоў, гаварыў роўным, спакойным голасам:

— Гэй, ты, свіное вуха! З-за якой прычыны раскрычаўся?

Пытанне гучала дзелавіта, быццам той, хто пытаў, дапускаў магчымасць існавання нейкай «прычыны», і нават назва «свіное вуха» ўяўлялася бяскрыўдным уласным імем. Яўрэй змякчаў экспрэсію, паніжаў тон, і наступныя яго рулады выказвалі відавочную гатоўнасць да кампрамісу.

— Нарукаўнікі хочаш? — пытаўся Міхеевіч гэтак жа спакойна, і зноў у пытанні дапускалася магчымасць з боку яўрэя такога незвычайнага жадання.

— Пакрычы яшчэ,— што ж, я і прынясу нарукаўнікі табе... Гэта, брат, можна ў любы час...— пагаджаўся Міхеевіч, і рулады яўрэя апускаліся да звычайнага дыяпазону.

—Навошта зноў шкло зжор, га? Хіба паложана табе казённае шкло трэскаць? Вось бачыш, учора ўставілі, а ты зноў зжор, свіное вуха! — гаварыў Міхеевіч, выкалупваючы з дзвярэй рэшткі шкла, якое яўрэй, сапраўды, меў звычку разбіваць і грызці зубамі.

Суняўшы яўрэя, Міхеевіч зноў накіроўваўся да ўлюбёнага месца на акне, і спіна яго неўзабаве прыліпала да выцертай тлустай плямы вушака, а нос і вусы займалі звычайнае становішча. Яўрэй вёў далей свае рулады, праўда, вяртаўся да нотаў, якія былі больш уласцівыя чалавечаму голасу, ці пачынаў нешта таямніча выстукваць на сцяне, нібы паведамляючы камусьці сэнс толькі што пачутых слоў.

Другі вар'ят, асцяк Цімошка, які быў у першай камеры ля ўвахода ў калідор падследчых, карыстаўся пэўнай прыхільнасцю Міхеевіча. Аднойчы, калі я праходзіў па калідоры, Міхеевіч з яўным задавальненнем паказаў на Цімошкаву камеру:

— Цімошка тут, Цімафей-асцяк... Набожны... Усялякія малітвы ведае. Відаць, і цяпер моліцца...

Я зазірнуў у акенца. Даўгая вузкая камера была яшчэ больш змрочная, чым наша, таму што вуглавая сцяна суседняга будынка закрывала доступ святла. Спачатку я нікога не мог разгледзець сярод гэтых цёмных сцен, але неўзабаве ўбачыў у кутку, пад самым акном, постаць на каленях. Цімошка мерна пагойдваўся, стоячы на каленях перад нейкімі балванчыкамі, што цьмяна чарнеліся ў кутку. На акне ляжала нешта, падобнае на шапку. Мэблі, як і ў іншых «адзіночках», не было, толькі побач з балванчыкамі стаяла «парашка». Асцяк маліўся роўным своеасаблівым дзікім голасам, тонам вопытнага чытальніка. Часам ён вымаўляў цэлыя даўгія фразы на нейкай незразумелай, відаць асцяцкай, мове, а часам, не мяняючы малітоўнай інтанацыі, брыдка лаяўся, быццам і гэта было часткай яго культу.

— Трох чалавек задушыў рукамі,— адрэкамендаваў мне яго Міхеевіч.— З сябе нявідны, а сіла ў ём вя-лі-і-кая!

— А што гэта ў кутку ў яго расстаўлена? — запытаў я.

— Ідалы гэта... багі... Я-як жа! Сам робіць! Колькі разоў адбіралі, зараз жа зноў зробіць.

— Чым жа?

— На выдумкі лоўкі, гора з ім! Нож з аконнай бляхі ў яго, аб камень наточаны. А шапку бачылі... на акне ў яго ляжыць? Таксама сам пашыў. Акно ў яго разбітае, чорт яму кошку дзікую і прышлі. Ён яе злавіў, злупіў скуру зубамі,— вось і шапка! Іголка таксама ў яго ёсць, ніткі з сенніка выцягвае... Але затое набожны: малітвы лепей за якога папа ведае. Багі ў яго свае, а малітвы нашы... Моліцца, ага... І паслухмяны таксама... Цімошка, праспявай песеньку!

Цімошка перарваў малітву, узяў у рукі палку і павярнуўся да Міхеевіча.

— З барабанам? — запытаў ён.

У яго дзікім голасе гучала нейкая гумарыстычная нотка. Пераход ад малітвы да жарту даваўся яму, відаць, няцяжка.

— Няўжо ж без барабана, дзівак! — адказаў Міхеевіч.

Цімошка заспяваў бясконцую песню, пастукваючы ў такт палкай. У гэтай песні, з даволі хуткім тэмпам, чулася штосьці своеасаблівае, паныла-дзікае. Мы з таварышам потым стараліся ўспомніць гэты няхітры матыў, але ён не даваўся нашай памяці.

— Без канца ў яго песня гэта,— заўважыў Міхеевіч.— Цяпер будзе спяваць, пакуль не скажу: досыць! Раз гэтак я забыўся спыніць яго,— ён і спявае сабе. Праверка прыйшла, наглядчык і пытае: «Ты што робіш?» — «Песню, кажа, Міхеевіч загадаў спяваць». Праўда, паслухмяны ён!.. А тро-ох чалавек задушыў рукамі. Ногі яму ў вар’яцкім доме адбілі,— хадзіць не можа. Пачынае пакрысе ўставаць, але дрэнна. Відаць, будзь здароў адмалацілі!

— Няўжо ў бальніцы ў вас ногі адбіваюць? Гэта ж...

— Яно гэта не так каб добра, што і казаць. Зноў жа і дарэмна: паслухмяны ён, асцяк гэты. Яму толкам скажы,— ён слухае. Толькі ў вар’яцкім доме гэта мігам: ім што, ім нядоўга, і зусім уходуюць. Гэтаму стукальшчыку скора тое ж будзе,— неяк недружалюбна матнуў Міхеевіч галавой у бок Яшкавых дзвярэй.

У яго голасе зніклі мяккія, добразычлівыя ноты, з якімі ён звяртаўся да паслухмянага Цімошкі, што душыў людзей рукамі і здзіраў скуру з жывых кошак. Відаць, у Міхеевічавых вачах Яшка быў горшы за асцяка.

Наогул, гэты дзіўны суб'ект быў на нейкім асаблівым, выключным становішчы, і ён цікавіў мяне ўсё больш і больш. У яго грукаце я, нарэшце, пачаў заўважаць нейкую сістэму. Так, аднойчы, калі ён раптам забарабаніў надта моцна, я ўбачыў, што Міхеевіч пачаў неспакойна азірацца, быццам чакаў чыйго-небудзь прыходу. Потым стары дзелавіта звярнуўся да Якава:

— Што ты? Чаго? Нікога ж няма.

Яшка адразу ж сціх. Відаць, ён не проста стукаў у пустату, а адрасаваў гэтыя аглушальныя гукі нечаму слыху. Неўзабаве я пераканаўся, што стукам гэтым ён салютаваў рознаму начальству, пачынаючы са «старэйшага наглядчыка». Чым вышэйшае было начальства, тым, проста кажучы, мацнейшыя былі салюты. Ноччу яны чуліся значна цішэй, быццам Яшка стукаў спрасонак. Прачнецца ён, думалася мне, стукне разы тры-чатыры і зноў, выканаўшы свой абавязак, ляжа спаць. Толькі аднойчы сярод начной цішы Яшкавы ўдары разлягліся, нібы гром кананады: наступнай раніцай мы даведаліся, што ноччу «на малым версе» кержакі ўчынілі немалую бойку,— значыць, з’яўлялася вышэйшае турэмнае начальства.

Удары гэтыя каштавалі Яшку дорага. «Ногі зусім у яго апухлі,— гаварыў мне Міхеевіч,— а ўсё ж не ўгамоніцца».

На трэці дзень нашага зняволення мы запатрабавалі ў начальства, каб нас выпускалі гуляць, і нас загадана было пускаць «пасля праверкі», калі астатнія вязні замыкаюцца ў камеры нанач. Вось гэты час я і вырашыў скарыстаць, каб бліжэй пазнаёміцца з Яшкам.

 

ІІ

Званок. «Станавіся на праверку!»

У падследчым аддзяленні ўсё сціхла. Недзе далёка, у трэцім ці чацвёртым калідоры, бразнулі дзверы, пачуўся грукат, быццам перакаты далёкай паводкі. «Праверка» натоўпам увальвалася ў наша аддзяленне. Яшка ўзяўся за сваю справу.

Калі «праверка» абышла нашы камеры і ўзнялася на «малы верх», Міхеевіч расчыніў нашы дзверы. Калідорны арыштант падследчага аддзялення, Меркурый, які выконваў абавязкі «парашачніка», прыбіраў камеры і бегаў на паслугах у «прывілеяваных» арыштантаў, з’явіўся ў нашу камеру з самаварам. Пакуль «праверка» не пайшла зусім, Міхеевіч прасіў нас для «парадку» не выходзіць у калідор.

Вось «праверка» спускаецца па лесвіцы. Нашы дзверы не зачыненыя, і нам добра чутны не толькі Яшкавы ўдары, але і яго воклічы.

— Беззаконнікі! — крычаў Яшка, калі «праверка» праходзіла паўз яго дзверы.— За што трымаеце, за што мардуеце мяне? Адказвайце, слугі антыхрыставы!

Я ўспомніў надпіс над Яшкавымі дзвярыма. «Няўжо,— мільганула ў мяне ў галаве,— гэта непаразуменне? Няўжо гэты чалавек, запёрты, наглуха забіты ў гэтую жудасную нару, у гэтую магілу, ніякі не вар’ят і ўсведамляе ўвесь жах свайго становішча?..»

— За што гэта Яшку трымаюць у адзіночцы ды яшчэ так строга? — запытаўся я ў Меркурыя.

— Чалавека забіў, катаржнік беглы,— умяшаўся Міхеевіч тонам перакананага чалавека.

— Не-е,— працягнуў Меркурый,— што ты, Міхеевіч! Чаго абы-што гаварыць! Невядома гэта,— звярнуўся ён да мяне.— Звання свайго, прозвішча, напрыклад, ён не адкрывае. Гавораць, што за непрызнанне ўлад быў сасланы. Уцёк, ці што, гэтага дакладна не магу ведаць...

— Над яго дзвярыма напісана, што ён вар’ят?

— Прадстаўляецца,— сказаў Міхеевіч, па-свойму, коратка і сцвярджальна.

— Не-е... зноў жа і гэта!.. хто яго ведае! Можа, і не вар'ят,— сказаў зноў Меркурый неяк мудрона.— Трымаюць яго ў адзіночцы за непрызнанне ўлад, за грубасць. Паліцмесцер ці хто іншы прыйдзе, хоць тут сам губернатар прыходзь,— ён і яму грубасць скажа. Усё сваё: «Беззаконнікі ды слугі антыхрыставы!» Вось праз гэта самае... А то раней ён хадзіў па ўсёй нават турме без перашкод...

— А чаго ён стукае?

— І зноў жа, як сказаць... Уласна для выкрыцця!..

Меркурый пайшоў. Мы заварылі чай і выйшлі «на прагулку» ў калідор. Далёка, недзе ў трэцім калідоры, чуліся аддаленыя крокі «праверкі». Ля Яшкавага акенца відаць былі вусы, частка барады, канец носа. Яшка стаяў нерухома і быццам нечага чакаў.

Раптам дзверы зноў затрэсліся ад моцных удараў.

— Навошта ты гэта, Яшка, стукаеш? Хто цябе чуе? Нікога ж няма! — сказаў я.

— Вунь! — адказваў Яшка сур’ёзна, махнуўшы галавой у напрамку да калідорнага акна, праз якое відаць быў процілеглы фасад чатырохвугольнага будынка і ў ім скразны прасвет высокіх дзвярэй, што вялі на другі двор.

У гэтым прасвеце маячыла ў паўзмроку постаць апошняга салдата «праверкі». Постаць неўзабаве знікла. Яшка палічыў магчымым спыніць грукат і павярнуўся да мяне.

Ён нагнуўся, каб акінуць мяне ўважлівым позіркам са свайго акенца. Мне ўсё не ўдавалася ўбачыць яго твар цалкам. Цяпер на мяне глядзелі шэрыя выразныя вочы, трошкі мутныя, як у вельмі стомленага чалавека. Лоб быў высокі і часам збіраўся ў рэзкія — ці то гнеўныя, ці то журботныя — маршчыны. Яшка быў высокага росту і вельмі моцнага складу. Гадоў, відаць, яму было пад пяцьдзесят.

— Што будзеш за чалавек? — спытаў ён.— Куды цябе гоняць?

Я назваўся і паведаміў, куды мяне гоняць.

— А цябе як завуць? — запытаўся я.

— Быў Якаў... Якавам звалі.

— А па бацьку як? Родам адкуль?

Якаў зірнуў на мяне з нейкай падазронай увагай і, памаўчаўшы, адказаў коратка:

— Забыў1.

Патроху мы разгаварыліся.

Арыштант, якога трымалі на асаблівых правах, у «вольным адзенні» і г. д., я ўяўляў для Яшкі з’яву не зусім звычайную. Перада мной жа быў звычайны вязень, які гаварыў стрымана, роўна, будзённа.

— Неспакойна табе,— стукаю я гэта. Нічога, прывыкнеш,— гаварыў ён, пасміхаючыся.— Ноччу ж цішэй стукаю я, не моцна. На распіску сюды слуга антыхрыстаў з’яўляецца, дык гэта я яму пастукваю.

— Скажы мне, Якаў, чаму ты стукаеш? — запытаў я.

Якаў ускінуў на мяне свае вялікія вочы, і ў голасе яго, калі ён адказваў, пачулася нейкая «абрадавая» важнасць:

— Стаю за бога, за вялікага гасудара, за хрыстоў закон, за святое хрышчэнне, за ўсю бацькаўшчыну і за ўсіх людзей.

Я трохі здзівіўся, што Якаў, відаць, прыкмеціў.

— Выкрываю начальнікаў,— растлумачыў ён,— начальнікаў няправедных выкрываю. Стукаю.

— Якая ж ад гэтага карысць?

— Карысць? Ёсць карысць...

— Якая ж? У чым?

— Ёсць карысць,— паўтарыў ён упарта.— Ты вушамі слухай: стаю за бога, за вялікага гасудара...— і ён цалкам паўтарыў сваю формулу.

Я зразумеў цяпер: Якаў не шукаў ад свайго грукату рэальных, канкрэтных вынікаў для той справы, за якую так няўхільна «стаяў» сярод глухіх сцен і не менш глухіх да яго выкрыцця людзей; ён бачыў «карысць» ужо ў самім факце «стаяння» за бога і за вялікага гасудара, значыць, рабіў так «для душы».

— А за што цябе трымаюць? — запытаў я далей.

— За што? Без-законнікі! — загаварыў Яшка і ўзбуджана заварушыўся за сваімі дзвярыма.— За што трымаюць? Скажы вось: без усялякага злачынства... Няма майго злачынства... Няма майго злачынства ні ў чым. А калі б і было злачынства, дык хіба ім судзіць?.. Бог хай судзіць!

— Чалавека ты забіў,— сказаў Міхеевіч, які ўважліва слухаў нашу гаворку.— Навошта прыкідваешся?

— Няпраўда, няпраўда,— загаварыў Яшка нейкім пакутліва-ўзбуджаным голасам.— Бач, што выдумалі, беззаконнікі! Няпраўда, не вер ім, Валадзімер, не вер слугам антыхрыставым! Няма ніякага майго злачынства. Адрачыся, бач, ад бога, ад вялікага гасудара, тады адпусцім. Дзе ж адрачыся?.. Немагчыма мне. Сам ведаеш: хто ад бога, ад ісціннага права-закону адступіць — мёртвы будзе. Плоццю ён жыве, а душы ў ім жывой няма...

У гэты час з цёмнага калідора, што пад прамым вуглом прымыкаў да нашага, паказалася маленькая постаць у шэрым паліто з меднымі гузікамі. Я пазнаў «старшага». Сівы турэмны пацук быццам выпаўзаў з нары за здабычай. Стары краўся, ціснучыся ўздоўж сцяны, каб Яшка не мог яго ўбачыць са сваёй каморкі. У руках у яго быў сшытак і аловак. Штовечар ён клаў гэты сшытак на калідорнае акно і ноччу абавязаны быў некалькі разоў напісаць у ім: «Быў а такой гадзіне». У гэтыя гадзіны і чулася ціхае Яшкава пастукванне.

— Адчыні «малы верх»,— шапнуў Міхеевічу «старшы», хуценька прашмыгнуўшы міма Яшкавых дзвярэй.

Міхеевіч пачаў ціха здымаць завалу з дзвярэй, якія вялі на лесвіцу з надпісам: «Уваход на малы верх». На гэтым «версе» знаходзілася спецыяльная калонія зладзеяў. Пра яе так і гаварылі: «Сёння ў зладзейскай бойка была», «Зладзеі ноччу за картамі патаўкліся». Гэты «верх» нездарма насіў назву «малога». Справа ў тым, што турма была разлічана на колькасць жыхароў ледзь не напалову меншую, чым у ёй было на самай справе. Таму давялося пусціцца на хітрыкі, і губернская архітэктура абы-як прыляпіла да высокіх камер новую столь, якая значна панізіла іх і стала служыць падлогай для «малога верха». Частка высокіх акон, адсечаная гэтымі антрэсолямі, такім чынам апынулася на «малым версе» і павінна была даваць яму святло. Што і казаць, прызначэнне прызначэннем, а зладзейскі «малы верх» уяўляў сабой памяшканне, зусім невыноснае ў гігіенічных адносінах.

— Тут у нас яшчэ туды-сюды,— гаварыў мне Меркурый пра нашы памяшканні.— Тут і добраму, адукаванаму чалавеку пражыць мала-мала можна... А вось у зладзейскай — не дай божа! Смурод, цемра, вільгаць... адным словам — смерць!!.

Каб неяк кампенсаваць адсутнасць паветра і святла, турэмнае начальства дало зладзеям такую-сякую палёгку. Іх, напрыклад, не замыкалі ў камеры і ноччу, бо нават пры сібірскіх поглядах на правілы гігіены ў зладзеяў было немагчыма ставіць на ноч смярдзючыя «парашкі». Такім чынам, пачаўшы задыхацца ў адной камеры, жыхар зладзейскага «малога верха» мог для разнастайнасці адправіцца задыхацца ў другую. Як бы там ні было, за пэўныя невыгоды жылля «малы верх» узнагароджваўся шырокім развіццём супольнасці. Ноччу адтуль чуўся гоман, часам даносіліся адчайныя крыкі. Тады прыходзіла начальства, часам нават ваенны канвой, і «зладзеяў» накрывалі за карцяжом ці п’янствам, як вераб’ёў, што счапіліся ў бойцы — іх хлапчукі бяруць рукамі.

Значыць, Міхеевіч пачаў ціха здымаць завалу, і «старшы», распісаўшыся ў сшытку, зноў быў шмаргануў міма Яшкавых дзвярэй, накіроўваючыся на лесвіцу. «Па гарэлку...— шапнуў мне Міхеевіч.— Зладзеі ў карты рэжуцца, гарэлку п’юць... накрые».

Але ў гэты крытычны момант, калі стары турэмны драпежнік пачаў падымацца па лесвіцы, Яшка, які нейкім нюхам улавіў прысутнасць аднаго з «беззаконнікаў», раптам загрымеў сваімі дзвярыма. Стары ўздрыгнуў, быццам ашпараны. Я выразна ўявіў сабе, як балюча ўдарыла па яго напружаных нервах гэтае нечаканае ўмяшанне. Ён падскочыў па месцы, нібы трапіў у пастку, закруціўся, паспрабаваў быў кінуцца наверх, але, змікіціўшы, што справа не выгарала і зладзеі паспелі ўсё прыхаваць, вярнуўся.

— Зачыні! — зняможана звярнуўся ён да Міхеевіча.— О Яшка, Яшка! — прашыпеў ён, звяртаючыся да дзвярэй.— Здаецца, калі б мог, вось так бы цябе расцёр, праклятага, вось так!..

Ён сціснуў свае кулачкі і пачаў церці іх адзін аб адзін, нібы ўяўляючы, што Яшка знаходзіцца між імі і адчувае на сабе працэс расцірання.

Яшка паказаўся ля сваіх дзвярэй, відаць, задаволены, што ўдар, накіраваны ў імя госпада бога наўдачу, трапіў акурат у цэль.

— Не люба табе, беззаконнік? — грымеў ён наўздагон.— Ці доўга трымаць мяне будзеце, слугі антыхрыставы?..

— Па-с-с-той, пач-чак-кай! — шыпеў «беззаконнік», бо атрымаў па самым балючым месцы і касавурыўся на нас, быццам між нашай прысутнасцю і неабходнасцю для Яшкі «пачакаць» была нейкая незразумелая сувязь.

Сэнс гэтага «пачакай» быў ясны: Яшка быў ва ўладзе гэтага старога турэмнага пацука, адзін, без саюзнікаў, і, тым не менш, ён страшэнна вымучыў таго, ад каго залежаў. А ён яго і вымучыў. Для мяне была відавочнай гэтая дзіўная сувязь, якая існавала між запёртым у адзіночцы Яшкам і «беззаконнікамі», што трымалі яго. Здавалася б, заперці Яшку — і справе канец: яго можна ігнараваць. Але сваім дзікім пратэстам ён паспеў раздражніць іх нервы, напяць да хваравітай успрымальнасці гэтага стуку, ён смяяўся над ворагамі, якія звязалі яго па руках і нагах. Пераможаны фізічна, ён не лічыў, што над ім возьмуць верх, пакуль «бог падтрымлівае яго» ў адзіна магчымай форме барацьбы: «Стукаю вось». У гэтым ён бачыў сваю місію і сваю перамогу.

— І заўсёды так: стукае марна... А ўжо ж, што без карысці, адну шкоду сабе робіць...— гаварыў Міхеевіч, замыкаючы ход на лесвіцу.— Што стукаць? Ну вось, заперлі яго, у карцэры столькі перабываў, нарукаўнікі надзявалі,— усё роўна не сядзіцца. Пачакай,— звярнуўся Міхеевіч да Яшкі,— у вар’яцкі дом завязуць, там нядоўга настукаеш! Там цябе застукаюць лепш, чым Цімошку.

— Хоць куды аддавай, усё адно! Мяне не напалохаеш,— адказваў Яшка.— Я за бога, за вялікага гасудара стаю,— за бога, слугі антыхрыставы, стаю! Чуеш? Думаеце: заперлі, дык ужо я вам падвержаны? Не-е! Стукаю вось, слава табе, божа, царыца нябесная... падтрымлівае мяне бог! Не падвержаны я антыхрысту.

— Нарукаўнікі табе... звязаць цябе, стукальніка, ды і трымаць гэтак... Не стаў бы стукаць...

Асенні змрок, выпаўзаючы з куткоў старой турмы, усё болей і болей гусцеў у калідорах.

— На малітву пара,— сказаў мне Якаў.— Бывай!

Ён адышоў ад дзвярэй, і калі я зазірнуў у яго акенца, ён ужо «стаяў на малітве». Яго акно было занавешана нейкімі анучамі, праз якія цьмяна прарывалася сутонне асенняга вечара. Яшкава постаць выступала на гэтым прасвеце чорнай плямай. Ён клаў крыжы, прычым неяк сутаргава, рэзка падаваўся тулавам наперад і потым уставаў трохі цішэй. Яго як быццам «торгала».

Мы з таварышам праходжваліся па напаўцёмных калідорах. Падыходзячы да Цімошкавых дзвярэй, мы чулі мернае, нібы над нябожчыкам, мармытанне. З дзвярэй яўрэя разам з дзікімі стогнамі несла страшэнным смуродам. У суседняй з ім камеры катаржнік, змешчаны сюды зноў-такі з-за недахопу месца, рабіў сваю звычайную прагулку, звінеў кайданамі, а наверсе рагаталі і шумелі зладзеі. У астатніх камерах панавала цішыня блізкага сну. Двое бадзяг, якія сядзелі разам, нешта варылі ў печцы. Гэта, відаць, былі аматары «ачага». Цэлы дзень яны шукалі трэскі і ўсякае смецце, якое збіралі на турэмных дварах, на апошнія капейкі куплялі «крупкі», і ўвечары, калі ўсіх замыкалі, яны распальвалі ў сваёй печцы агонь. У гэтыя хвіліны я часам падыходзіў да іх дзвярэй і ціхенька зазіраў, так, каб не парушыць іх мірнай уцехі. Адзін, суровы бадзяга, гадоў за сорак, сядзеў насупраць печкі, абхапіўшы калені рукамі, уважліва сачыў за агнём і за маленькім гаршчочкам, у якім варыліся крупы. Другі падцягваў да печы свой сяннік і клаўся на яго тварам да агню, палажыўшы падбародак на рукі. Гэта быў амаль што хлапчук, з белым, турэмнага колеру тварам і вялікімі выразнымі вачыма. Ён, відаць, марыў. Агеньчык патрэскваў, вада ў гаршчочку шыпела і бурліла, а ў камеры панавала глыбокае маўчанне. Вязні быццам баяліся парушыць музыку імправізаванага ачага турэмнай каморкі... Потым, калі агеньчык патухаў і крупы былі звараны, яны даставалі гаршчок і па-брацку дзялілі мікраскапічную колькасць кашы, якая, відаць, мела для іх хутчэй нейкае сімвалічнае, так сказаць — сакраментальнае значэнне, чым значэнне пажыўнага матэрыялу.

У самай крайняй камеры, якая служыла нібы працягам калідора, жыльцы ўвесь час мяняліся.

Гэта камера не адрознівалася ад іншых нічым, акрамя свайго прызначэння, ды яшчэ хіба тым, што ў яе дзвярах не было акенца, якое, дарэчы, добра замянялі шырокія шчыліны. Зазірнуўшы ў адну з гэтых шчылін, я ўбачыў двух чалавек, якія ляжалі ў двух канцах камеры, без сеннікоў, проста на падлозе. Адзін захінуўся ў халат з галавой і, здавалася, спаў. Другі, заклаўшы рукі за галаву, змрочна глядзеў у прастору. Побач стаяла напаўзгарэлая свечка з лою.

— Анціпка! — раптам загаварыў апошні і, скалануўшыся, быццам ад цяжкай пакутлівай думкі, сеў на зямлі.

Другі не паварушыўся.

— Анціпка, ірад!.. Аддай, чуеш. Думаеш, і праўда ў мяне пяцьдзесят рублёў?.. Каб мне вочы вылезлі, апошнія былі...

Анціпка прыкідваўся, што спіць.

— У-у, подлая душа! — гаворыць арыштант і зняможана кладзецца на сваю цвёрдую пасцель; але раптам ён зноў устае са злосным тварам:

— Чуеш, Анціпка, не жартуй, падлюга! Заб’ю... Ні на што не пагляджу... Сам прападу, але прышыю цябе, каінава насенне.

Анціпка храпе соладка, працяжна, быццам ляжыць на мяккіх пухавіках, а не ў карцэры побач з раззлаваным суседам; але мне чамусьці здаецца, што ён робіць пад сваім халатам нейкія неабходныя падрыхтаванні.

— Кержакі гэта... пабіліся ноччу на малым версе,— тлумачыць мне Міхеевіч,— вось наглядчык у карцэр абодвух і адправіў. Анціп гэты грошы, ці што, у Хведара ўкраў. Два рублі грошай, кажуць, спёр.

— Як жа гэта іх разам замкнулі? Яны ж зноў паб’юцца?

— Не паб’юцца,— адказаў Міхеевіч, хітра ўсміхнуўшыся.— Памятаюць!.. Наш гэтага не церпіць! «Пасадзіць іх, кажа, разам, а паб’ецеся там, курыныя дзеці,— я ўжо вам тады кузькаву матку пакажу. Самі ведаеце...» Ведаюць... Проста сказаць: са свету зжыве. У та-акое месца запрэ... Гэта што? — толькі слава адна, што карцэрам завецца. Вунь зімою карцэр быў, то ўжо можна сказаць. Калі ў ім каторы суткі выседзіць, бывала, дык ужо проста ў бальніцу цягнуць. Дзень паскрыпіць, другі, а там і канцы.

Мне давялося ўбачыць гэты карцэр, ці, правільней, не ўбачыць, а адчуць яго... Мне будзе вельмі цяжка апісаць тое, што я ўбачыў, і я папрашу толькі паверыць, што я, ва ўсякім выпадку, не перабольшваю.

На квадратным дворыку ў кустах стаяць чатыры мураваныя вежы, старыя, аброслыя мохам, усе нейкія слізкія, быццам запляваныя. Яны ўшчыльную прымыкаюць да ўнутраных кутоў чатырохвугольнага будынка, і ўваход у іх — з калідораў. Праходзячы па нашым калідоры, я ўбачыў дзверы, якія вялі, відаць, у адну з гэтых вежаў, і наш Меркурый сказаў мне, што гэта ход у былы карцэр. Дзверы былі незамкнёныя, і мы зайшлі.

У калідоры за намі было цёмна, у гэтым памяшканні — яшчэ цямней. Аднекуль зверху прабіваўся слабы прамень і расплываўся ў халоднай вільгаці карцэра. Зрабіўшы два крокі, я напароўся на нейкія абломкі. «Куб тут быў раней,— растлумачыў мне Меркурый,— вар гатавалі, вільгаць ад яго засталася,— ліха на яе! Тым больш, печы цяпер няма...» Атмасферу гэтай магілы складала нешта халоднае, застаялае, слізкае і агіднае, яно працінала наскрозь... Зімой яна, відаць, прамярзала наскрозь... «Вось яна — «кузькава матка!» — падумаў я.

Калі я, затуманены, выйшаў з карцэра, турэмны пацук, які выконваў абавязкі «старшага», зноў крадучыся, поўз па калідоры забіраць у наглядчыкаў на ноч ключы ў кантору, і зноў Яшка бясстрашна заяўляў яму, што ён усё яшчэ стаіць за бога і за вялікага гасудара...

«О, Яшка,— думаў я, ідучы на ноч у сваю камеру,— сапраўды бясстрашны ты чалавек, калі бачыў ужо «кузькаву матку» і не збаяўся!..»

 

1 Пазней я даведаўся, што родам ён з Пермскай губерні (заўв. У. Г. Караленкі).

ІІІ

— Чаму ў Яшкі ў камеры так цёмна і холадна? — запытаў я, заўважыўшы, што ў яго ў камеры цёмна, нібы ў магіле, а з дзвярэй дзьме, як з вуліцы.

— Рамы, паскуднік, выбівае,— адказаў Міхеевіч.— Неспакойны, чорт!.. А цёмна таму, што звонку акно анучамі завешана, ад холаду. Шыбы павыбівае, анучамі завесіць, усё як быццам цяплей... Ну, ці ж не дурань? «Для бога, для вялікага гасудара». Каму якая справа, што ў цябе шыбы няма...

І Міхеевіч зняважліва паціснуў плячыма.

З тым жа пытаннем я звярнуўся да Яшкі.

— Бач ты,— сур’ёзна адказаў ён,— беззаконнікі холадам замарыць мяне хочуць, таму і раму не ўстаўляюць.

— Навошта ж ты яе выбіў?

— Не выбіў я, не!.. Навошта выбіваць?.. Бачу: ідуць да мяне слугі антыхрыставы людна. Не з дабром ідуць — з нарукаўнікамі! Сам ведаеш: жывы чалавек смерці баіцца! Я на акно ад іх... за раму, ведаеш, і ўчапіўся. Пачалі цягнуць, яна і ўпала... Вось!.. Што зробіш. Саграшыў: нарукаўнікаў спалохаўся...

Некалькі слоў пра гэтыя нарукаўнікі.

Ідэя нарукаўнікаў — ідэя мэтазгодная і, калі хочаце, нават гуманная. Каб шалёны ці звар’яцелы суб’ект не мог зрабіць сваімі рукамі шкоду сабе ці іншым, рукі гэтыя павінны быць пазбаўлены свабоды дзеянняў, каб па магчымасці пазбегнуць калецтва. Для гэтай мэты надзяваюцца моцныя скураныя рукавы, якімі рукі прыцягваюцца да тулава. Каб утрымаць іх у гэтым становішчы, рукавы сцягваюцца двума моцнымі рамянямі, якія двума кольцамі ахопліваюць спіну і грудзі. У чыстым выглядзе ідэя нарукаўнікаў мае толькі характар перасцярогі, і калі Міхеевіч пагражае імі, як нейкай карай і помстай, то гэта яшчэ раз пацвярджае сумную ісціну, што грубая рэальнасць псуе ўсялякія ідэі. Хаця трэба прызнацца, што гэтаму псаванню ў значнай меры садзейнічае сама канструкцыя нарукаўнікаў, якая лёгка дапускае магчымасць многіх «перагібаў». Спражкі, напрыклад, якія сцягваюць рамяні, могуць быць зацягнуты ў меру, не больш таго, колькі патрабуе сама ідэя прыцягнуць рукі да рэбраў, але яны таксама могуць быць зацягнуты і мацней, так, што могуць не вытрываць і рэбры1. Калі ўзяць пад увагу, што рэдка — правільней ніколі — суб’ект не выказвае імкнення надзець іх добраахвотна і што, значыць, надзяваюць іх сілком, то зразумела, чаму Яшка параўноўваў працэс надзявання нарукаўнікаў са смерцю.

 

1 Я ўжо не кажу пра наўмысныя пасяганні на саму канструкцыю нарукаўнікаў. Бываюць і такія. Так, напрыклад, часам да іх дадаюць яшчэ рэмень, які прыцягвае шыю ўніз. Гэты нічым не апраўданы дадатак абавязкова прыводзіць да калецтва. Я ведаў здаровага хлопца, у якога пасля пяцігадзіннага знаходжання ў нарукаўніках з гэтым дадаткам кроў лінула горлам і грудзі былі радыкальна сапсаваны (заўв. У. Г. Караленкі).

IV

Арыштанцкае асяроддзе ставілася да Якава даволі раўнадушна. Хаця быў адзін жартаўнік, які прыходзіў ледзь не штодня практыкаваць на зняволеным у «цямніцы» (цяпер ужываю гэты выраз у літаральным значэнні) сваё цяжкое скамароства.

Гэта быў адзін з тых жартаўнікоў, якіх багата і не ў астрозе. Суб’ект гэты ўзяў на сябе, відаць, нялёгкую спакусу весяліць публіку балбатнёй, у якой было вельмі мала гумару, яшчэ менш весялосці і зусім не было сэнсу. Проста нейкі фантан словаблудства, які падтрымліваўся намаганнямі, вартымі больш вясёлай справы; часам фантан гэты знікаў, потым зноў узлятаў, пакуль, нарэшце, сам жартаўнік не ўпадаў ад гэтага высільвання ў нейкую ярасную ашалеласць. Дарэчы,— добрая душа ў рускага чалавека,— слухачы знаходзілі магчымым узнагароджваць бескарыслівае «старанне» вялым смехам.

Яшка чамусьці лічыў патрэбным выказваць гэтаму скамароху прынцыповыя пярэчанні, граміў слуг антыхрыставых, спасылаўся на аўтарытэт «енерал-губернатара» (які, паводле Яшкавага пераканання, стаяў за яго, хоць чамусьці без асаблівага поспеху), і наогул выкладваўся ўвесь, хоць над гэтым смяяліся самым бессаромным чынам.

— Енерал-губернатар! — грымеў жартаўнік сіплым голасам сапраўднага прапойцы.— Бач, чым здзівіць захацеў!.. Мы і самі ў настранніцкіх пляменніках лічымся... Хо-хо-хо! Не чуў яшчэ, дык слухай, развесь вушы шырэй. А то з енерал-губернатарам выехаў. Ха-ха-ха!

Калі Якаў заўважаў, што пярэчанні «настранніцкага пляменніка» адна толькі лаянка, ён пляваў і адыходзіў далей ад граху. Але «настранніцкі пляменнік», дастаткова разагрэты на агні ўласнай дасціпнасці, пачынаў біць нагой у Яшкавы дзверы, перашкаджаючы Яшку «стаяць на малітве». Да гэтага звычайна далучаўся пранізлівы голас музыкі-яўрэя, які заўсёды спачувальна адклікаўся на моцныя гукі, і атрымоўваўся такі дзікі канцэрт, што Міхеевіч прачынаўся ля свайго вушака і супакойваў раз’юшанага «настранніцкага пляменніка». Той адыходзіў, між іншым, вельмі задаволены сабою. Гледачы таксама разыходзіліся, пазяхаючы і вяла заахвочваючы весельчака: «Малайчына Сакалоў! Па слова ў кішэню не палезе!»

Былі, аднак, пэўныя прыкметы, якія паказвалі, што ў астрозе сярод гэтых аднастайных шэрых халатаў, у брудных камерах, у Яшкі былі калі не саюзнікі, то людзі, якія разумелі подзвіг нястомнага стукання і спачувалі яго «выкрыванням». Аднойчы, праходзячы па калідоры, я ўбачыў ля Яшкавых дзвярэй высокага старога ў арыштанцкім шэрым халаце. У яго былі сівыя валасы і сур’ёзны твар, суровасць якога трохі змякчала нейкая асаблівая «спагада». Да Якава ён ставіўся з адкрытай павагай. Яны пра нешта размаўлялі ля акенца, ціха і сур’ёзна.

— Праўду табе кажу,— гаварыў Якаву стары.— Яфрэм вырашаны, і Сідар таксама вырашаны. Кажуць, у сваю губерню па этапу адпраўляць будуць... А твая, бач, справа...

Канца сказа я не пачуў. Калі я ішоў назад, Якаў, з якім я ўжо быў знаёмы даволі блізка, паказаў на мяне, і стары пакланіўся, але потым зноў прыпаў да акенца. Мне не ўдалося болей убачыць гэтага арыштанта. Відаць, ён заходзіў сюды з якога-небудзь іншага аддзялення.

Аднойчы я даў калідорнаму грошай, папрасіўшы купіць Якаву неабходнае. Той не зразумеў і перадаў грошы яму самому. Пасля гэтага Якаў спыніў мяне, калі я праходзіў па калідоры.

— Чуеш, Валадзімер,— сказаў ён,— дзякуй табе. Міласцінку ты хрыстову зрабіў, даў калідорнаму для мяне... Але бачыш: не бяру я іх. Раней, на волі, грашыў, браў у рукі, а цяпер не бяру! Вось яны на падлозе і валяюцца. А ты хлебную міласцінку зрабі! З цёплых рук хлебная міласцінка дабро робіць! Гэтыя ірады мяне на паўтарачнай порцыі дзержаць. Сам ведаеш, што ў ёй, у паўтарачнай гэтай порцыі... Проста сказаць, што голадам мораць. Ну, ды не зусім яшчэ бог ад мяне адступіўся,— добрыя людзі падтрымліваюць: учора хтосьці два ярушнічкі1 спусціў па вяровачцы зверху. Дзякуй, не пакідаюць праваслаўныя хрысціяне.

Як бы там ні было, хоць гэтыя факты сведчаць пра нейкае спачуванне асяроддзя, але ў самыя страшныя хвіліны, калі жывая Яшкава душа ўздрыгвала ад подыху блізкай смерці і прымушала яго сутаргава хапацца за рамы і за халодныя краты турэмнага акенца,— у гэтыя хвіліны душу гэтую, несумненна, павінна было прыгнятаць усведамленне страшэннай, жудаснай адзіноты...

Ці быў Яшка вар’ятам? Безумоўна, не. Праўда, сібірская псіхіятрыя вырашыла гэта пытанне ў станоўчым сэнсе, і Яшка неўзабаве павінен быў адчуць тыя ж спрошчаныя прыёмы лячэння, праз якія прайшоў асцяк Цімошка. Тым не менш, я не сумняваюся, што Яшка быў ніякі не вар’ят, а падзвіжнік.

Так, калі ў наш век ёсць яшчэ падзвіжнікі строга паслядоўныя, няўмольныя да сябе, якія ўсёй сутнасцю сваёй аддаліся ідэі (якая б яна ні была), якія не прымаюць «ідала ахвярнага мяса» і цалкам адвярнуліся ад грэшнага свету, то менавіта такі падзвіжнік сядзеў за моцнымі дзвярыма адной з адзіночак падследчага аддзялення.

— Ці ёсць у цябе сям’я? — запытаў я аднойчы ў Якава.

— Была... — адказаў ён сурова.— Была сям’я ў мяне, была гаспадарка, усё было...

— А цяпер ці жывыя дзеці твае?

— Бог ведае... Як бог беражэ... Не ведаю...

— Сумуеш, напэўна, па сваіх, па сямейніках? Можа, ліст табе напісаць?

— Не, не сумую,— матнуў ён галавой, нібы адбіваючыся ад цяжкіх думак.— Адно толькі хіба: як бы гэта ім устаяць, ад права-закону не адступіцца,— пра гэта журуся найбольш...

Нейкі час ён сурова маўчаў за сваімі дзвярыма.

— На волі душу ўратаваць,— прамовіў ён задуменна,— і няма нічога лепей... Ды цяжка. Асіліць, асіліць свет цябе. Не той час... Цяпер разам жыць, дык бацька з сынам, абняўшыся, загінеце, і маці з дачкою... А душу не ўратаваць. Ох, і тут цяжка, і аднаму... ах, нялёгка. Д’ябал блытае, спакушае... ірады бунтуюць. Холадам, голадам мораць. «Адрачыся ад бога, ад вялікага гасудара...» Пакутуе душа — ох, цяжка пакутуе!.. Плоць нямоглая бяссільная да смерці.

Тым не менш, лягчэй было б нават Міхеевіча звярнуць з дарогі, на якой ён знайшоў сваю цвёрдую душэўную раўнавагу, чым прымусіць Яшку звярнуць з цярністай сцяжыны, на якой ён сустракаў адну горыч... Здавалася, яго не бярэ ні страх, ні хвала, ні пагроза, ні дабрата.

Неяк у цудоўны, але даволі халодны дзень позняй ужо сібірскай восені Яшка да звычайных сваіх абвінавачванняў у час праверкі дадаў новае:

— Чаму холадам мяне морыце, чаму раму мне, слугі антыхрыставы, не ўстаўляеце?

На другі дзень рама была ўстаўлена. Цяплей і святлей стала ў Яшкавым пакоі, але вечерам ён стукаў гэтак жа зацята. Гэта чорная няўдзячнасць уразіла «яго благароддзе» да глыбіні абуранай душы.

— Падлюга ты, Яшка, сапраўдны падлюга! — сказаў наглядчык з дакорам, спыніўшыся насупраць Яшкавых дзвярэй.— Я табе раму ўставіў, а ты зноў за ранейшае бярэшся.

— Беззаконнік ты! — закрычаў Яшка ў адказ.— Што ты мяне рамай абвязаць хочаш, ці што?.. Душу рамай купіць?.. Не, брэшаш, не абвязаў ты мяне рамай сваёй, яшчэ я табе не падвержаны. Для сябе раму ты ўставіў, не для мяне. Я без рамы за бога стаяў і з рамай таксама пастаю...

І турэмныя дзверы загрымелі бадзёрым частым грукатам.

— Чуў? — гаварыў мне пасля гэтага Яшка з глыбокай пагардай.— Беззаконнік на якую хітрасць пайшоў? Раму, кажа, уставіў,— за раму адступіся ад бога, ад вялікага гасудара!.. Гэтак вось некаторыя ірады з начальнікаў таксама мяне спакушалі!.. Прывялі мяне з партыяй у Цюмень. Наглядчык купіў два абаранкі, падае міласціну дый кажа: «Вось табе хрыстова міласцінка, два баранкі,— толькі ты ўжо мяне слухайся. У мяне каб ціхі быў...» Чуў? — «Міласцінку я, маўляў, вазьму. Яна хрыстовым імем прымаецца... Хоць сам д’ябал дае, і ад таго вазьму... А табе, беззаконніку, я не падвержаны». Не-е! Мяне ліслівасцю не купіш. Слава табе госпадзі, падтрымлівае мяне царыца нябесная. Стукаю вось!..

Што ж гэта за «права-закон», за які Яшка прымаў свае пакуты?

Давялося мне неяк пісаць афіцыйную заяву, для гэтага мяне выклікалі ў турэмную кантору, пасадзілі за стол, далі паперу, пяро і пакінулі складаць маю заяву пад шум звычайных канторскіх заняткаў. У гэты час «прымалі новую партыю». Пісар выклікаў па спісу арыштантаў і апытваў іх званне, гады, судзімасць і гэтак далей. Наглядчык сядзеў побач і няўважліва пазіраў на тых, каго прымаў. Ва ўсім гэтым было мала цікавага для яго благароддзя; для мяне — тым больш, таму я складаў сваю заяву, не звяртаючы ўвагі на тое, што адбывалася.

Але вось манатонная гаворка стала больш ажыўленай. Я ўзняў вочы і ўбачыў наступную карціну.

Перад сталом стаяў чалавек невысокага росту ў шэрым арыштанцкім халаце. Выгляд ён меў самы звычайны. Здавалася, ён быў з дробных мяшчан, з тых, якія зліваюцца ў малых гарадах і прыгарадах з простым сялянскім людам. Выглядаў ён абыякавым, можна было нават сказаць — апатычным, калі б часам на твары яго не прабягала ледзь прыкметная саркастычная ўсмешка, а ў вачах не ўспыхваў агеньчык нейкай свядомай перавагі ці вышэйшасці. Але гэтыя пробліскі былі ледзь прыкметныя; яны прабягалі, на імгненне ажыўляючы нерухомы твар, на які зноў жа вярталася ўсё тая ж вяласць. У пярэднім пакоі тоўпіліся арыштанты. Відаць, зацікаўленыя ходам апытання, яны высоўваліся адзін з-за аднаго, выцягваючы шыі, і сачылі за гаворкай таварыша з начальствам.

— Ты чаму не гаворыш? — аж кіпеў пісар.— Чаго маўчыш? Ты ж мешчанін з Камышына? Тут жа, у тваім стацейным спісу, напісана ўсё. Во!

Пісар торкнуў пальцам у паперу, якая ляжала перад ім, і паднёс яе пад нос арыштанту. Той зняважліва адвярнуўся, і агеньчык у яго вачах успыхнуў ярчэй.

— І добра, калі напісана,— сказаў ён спакойна.

— Але ты павінен адказваць. Веры якой?

— Ніякай.

Наглядчык рэзка павярнуўся да арыштанта і паглядзеў на яго доўгім уважлівым позіркам. Арыштант вытрымаў гэты позірк з той жа вялай абыякавасцю.

— Як ніякай? Богу верыш?

— Дзе ён, які бог?.. Ты яго бачыў, ці што...

— Як ты пасмеў так адказаць? — накінуўся наглядчык.— Я цябе, сукінага сына, згнаю!.. Мярзотнік ты!

Мешчанін з Камышына злёгку паціснуў плячыма.

— Што ж,— сказаў ён.— Было б за што гнаіць. Я праўду гавару... За тое і суджаны.

— Брэшаш, мярзотнік, напэўна за забойства суджаны. Добрая цаца!

Мешчанін з Камышына зрабіў быў рух, як быццам хацеў запярэчыць, але праз імгненне зноў паціснуў плячыма...

— Там мяркуйце, за што самі ведаеце.

— Якая твая родная мова? — працягвае пісар апытанне па рубрыках.

— Яшчэ чаго? — пытаецца зноў мешчанін зняважліва.— Якая яшчэ родная?.. Не ведаю я...

— Ах ты, падлюга! Не па-нямецку ж ты гаворыш. Па-руску быццам?

— Чуеце самі, як я гавару.

— Чуць-то чуем, але гэтага мала. Зразумей ты, анафема! Трэба ведаць: рускі ты ці чуваш, мардва нейкая? Зразумеў?

— Што разумець?.. Не ведаю,— рашуча адрэзаў мешчанін з Камышына.

Пісар пераканаўся, што з камышынскім мешчанінам нічога не паробіш, і камышынскага мешчаніна адпусцілі. Пры гэтым наглядчык шматзначна паабяцаў.

— Пачакай,— сказаў ён, праводзячы атэіста сваім турэмным позіркам.— Мы яшчэ з табой, дружа, пагамонім як-небудзь. Можа, разгаворышся.

Ад гэтых слоў мне стала жудасна. Арыштант толькі паціснуў плячыма!..

Калі я дапісаў сваю паперу і выйшаў з канторы, апытанне партыі яшчэ не было закончана, і ў пярэднім пакоі тоўпіліся арыштанты. Яны купкай абступілі камышынскага мешчаніна, які стаяў сярод іх з той жа мінай вялай раўнадушнасці, хоць, відаць, быў героем хвіліны.

— Як жа гэта, дзівак,— гаварыў нейкі рыжаваты філосаф, з тузам на спіне,— далібог, дзівак! Калі ты кажаш, напрыклад: «бога няма», дык што ж ёсць, па-твойму? Га?

— Нічога! — адрэзаў той коратка і ясна.

«Нічога!» Выходзіць, што камышынскі мешчанін, судзімы, асуджаны, закаваны, сасланы, рыхтаваўся прыняць невядомую меру пакут з-за... нічога! Здавалася б, да таго, што характарызуецца гэтым словам «нічога», можна адносіцца толькі абыякава. Між тым камышынскі мешчанін адносіцца да яго са страсцю, ён з’яўляецца падзвіжнікам чыстага адмаўлення, бясстрашна спавядуючы сваё «нічога» перад ворагамі гэтага вучэння.

Яшка напісаў на сваім сцягу іншую формулу: «За бога, за вялікага гасудара!..» Ён быў сектант, прыхільнік старога «права-закону», але калі я, вярнуўшыся з канторы, праходзіў паўз яго дзверы, міжвольная думка ўразіла мяне: як шмат агульнага паміж гэтымі двума падзвіжнікамі! Яшка парваў свае сувязі з радзімай, з сям’ёй, з роднай вёскай. Камышынскі мешчанін зрабіў тое ж самае і нават словам не хоча прызнаць гэтую сувязь, хоць яна ясна азначана на паперы. «Я вам не падвержаны»,— гаворыць Яшка. Камышынскі мешчанін, відаць, не прызнае ўлады, якой ён павінен падпарадкоўвацца. «Няма майго злачынства ні ў чым,— гаворыць Яшка,— а калі б і было злачынства, дык не вам судзіць — богу». «Судзіце, за што ведаеце,— гаворыць камышынскі мешчанін і нават ускосна не жадае прымаць удзел у працэсе гэтага суда. Але ў той час, як камышынскі мешчанін скептычна пытаецца: «Які бог і хто яго бачыў?» — Яшка няўхільна стукае ў дзверы ў імя гасподняе.

Хто ж гэта: непрымірымыя ворагі ці саюзнікі? Ці аднародныя гэта з’явы, ці з’явы розных парадкаў? Што тут больш істотнае: пункты падабенства ці пункты рознагалосся,— агульнае ў абодвух адмаўленне рэальных умоў ці рэлігійна-сектанцкія погляды, якія ёсць у Якава і якія адкінуў са свайго жыцця камышынскі мешчанін?

У Якава, відаць, быў станоўчы светапогляд, асновамі якога з’яўляліся «бог і вялікі гасудар». Але гэта была нейкая дзіўная сумесь міфалогіі і рэалізму! Бязбожнікі, якіх няма, накіраваныя міністрамі Фінлянцавымі (міністр фінансаў), якія таксама не існуюць, запаўняюць свет, ловяць душы, патрабуюць адрачэння «ад бога, ад вялікага гасудара». І побач — несумненна рэальныя, самыя рэальныя пакуты, несумненныя ганенні за справу, якую Яшка лічыць справядлівай, свядомая гатоўнасць загінуць і — страшна падумаць — поўная магчымасць такога зыходу... Яшка прадказвае гэта на падставе сваёй фантастычнай тэорыі, а Міхеевіч пацвярджае як несумненную пазітыўную ісціну. «Гэтаму стукальніку тое ж будзе, што і Цімошку, а то і горай...»

Для камышынскага мешчаніна «нічога» азначае адсутнасць усялякай мэты і сэнсу ў жыцці. На думку Якава, усё ў свеце хіліцца да зла. Было ўжо тры «змяненні»... Якія? — Яшка мае пра іх толькі цьмянае ўяўленне.

— Бачыш вось,— адказаў ён на маё пытанне пра гэтыя змяненні.— Чытаў я ў «Зборніку», ды, відаць, забыўся. Першае — Рым адпаў... Раз... Другое — Візантыя быццам... Два. Ну, трэцяе — маскоўскае. Ідзе чацвёртае — горшае за першыя. З шэсцьдзесят першага года пачалося.

— Якое ж?

— Якое? Ты цяперака як пішашся? — нечакана запытаў у мяне Якаў.

Я не ведаў, як я пішуся, але Якаў адказаў за мяне сам:

— Ты цяпер пішашся: былы дзяржаўны селянін. Разумей: былы! Значыць, быў — ды няма. Вось якое змяненне!.. Земскае змяненне пайшло, грамадзянскія ўлады пайшлі. Дзяржаўных адмянілі.

З шэсцьдзесят першага года свет рэзка раскалоўся на дзве часткі: адна — дзяржаўная, другая — грамадзянская, земская. Першую Яшка прызнаваў, другую адмаўляў цалкам, без усялякіх уступак. Над першай ён узвёў васьміканечны крыж і прыстасаваў яго да свайго ісціннага права-закону. Другую назваў царствам будучага антыхрыста.

— Што ж, Якаў: пад грамадзянскімі ўладамі цяжэй, ці што?

— Як не цяжэй! Жыць стала няможна. Раней гасударавы падаткі плацілі, а зараз яшчэ і земскія падаткі накладваюць... на тых, хто ім, значыць, падвержаны.

— Ты падаткаў не плаціш? — запытаўся я, пачынаючы здагадвацца пра бліжэйшыя прычыны Яшкавага зняволення.

— Дзяржаўныя плацім. Спаўна вялікаму гасудару ўносім. А на земскія мы не абавязваліся. Вось беззаконнікі і мардуюць, пад сябе паднявольваюць. Крыжы з цэркваў паздымалі.

— Ну, крыжы на цэрквах ёсць.

— Не сапраўдныя... Сапраўдных няма... І хрышчэнне не сапраўднае — трыма пальцамі... Усё іх работа, іх знак.

— Пастой, Якаў! Як гэта ты разважаеш: і вялікі гасудар у тыя ж цэрквы ходзіць?

— Вялікі гасудар,— адказаў Яшка тонам, які не дапускаў сумнення,— у старым права-законе знаходзіцца... Ну, а цар польскі, князь фінляндскі... той, значыць, у новым...

Аказваецца, што будучыня належыць новым пачаткам. Уступаючы націску гэтых пачаткаў, вялікі гасудар выдаў цыркуляр, у якім напісана: «Быць па тым і быць па сім», што значыць: каго паспеюць слугі антыхрыставы заманіць,— заманьвай. Над тымі ён мае ўладу, на тых падаткі накладвай і душамі валодай. А хто не абавязаўся, хто ў сапраўдным «права-законе» стаіць моцна, таго ніхто не можа прыняволіць.

Новыя пачаткі бяруць сілу ўсё болей і болей. «Беззаконнікі» пайшлі супраць нейкага цыркуляра і сталі пад сваю руку прынявольваць гвалтам. Становіцца ўсё цяжэй... Пускаюць у ход усялякія сродкі.

— На трыццаць на шэсць губерняў пушчана трыццаць шэсць лісіц. Гонарам і падманам усё папаляць... народу загубяць — страх!..

Нідзе няма абароны. Дзяржаўны пачатак з васьміканечным крыжам марнее. Дзяржаўныя ўлады «стаяць дрэнна». Народ паддаецца, апоры не бачыць. «Пішуцца, праўда, цыркуляры, ды што ўжо...» Суды пайшлі грамадзянскія, ціхія...

Ціхія суды з шэсцьдзесят першага года, гэта значыць менавіта з таго часу, як у жыццё пачала ўрывацца публічнасць! Я не стрымаўся і паспрабаваў разбурыць Яшкаву фантасмагорыю, для чаго пачаў тлумачыць асновы новага публічнага судавядзення. Якаў слухаў даволі ўважліва.

— Пастой,— перабіў ён мяне нарэшце.— Думаеш, я не суджаны? Суджаны, як жа! Без усялякага злачынства судовай палатай суджаны. Не прызнаю я іхняга суда... Але, усё ж — судзілі. Вось галоўны суддзя і гаворыць мне: «Не знойдзена тваёй віны ні ў чым. Расступіся, варта!.. Ад суда-следства апраўданы». Ну, думаю, зараз мяне на волю выпхнуць, зараз выпхнуць... А яны ціхім судом вунь куды выпхнулі!

Я зразумеў: суд публічна апраўдаў Якава, а адміністрацыя яго выслала. Яшка думае, што публічны прыгавор — хітрасць антыхрыстава, што акрамя гэтага прыгавору быў яшчэ другі, ціхі. «Бач, на якія хітрасці ідзе». І ўсё гэта, вядома, мае пэўную мэту: судовая палата, міністры, губернатары, турэмны наглядчык, Міхеевіч... усе яны ў змове, каб аддаць Яшкаву душу антыхрысту...

З прычыны ўсяго гэтага «жыць стала няможна». «Разам бацька з сынам, абняўшыся, загінеце». Грамадскія сувязі парушаны. Даводзіцца душу берагчы па адным, уразброд. Перамога «слугам антыхрыставым» ледзь не забяспечана. Кінуў Яшка сям’ю, кінуў гаспадарку, кінуў усё, чым поўнілася яго працоўнае жыццё земляроба, і цяпер ён адзін ва ўладзе «беззаконнікаў».

— І за што толькі мардуюць? — здзіўляецца Яшка.— Немагчыма мне ад ісцінага права-закону адступіць. Не будзе гэтага, не! Наплюю я ім пад рыла. Вось узяў — прыкалоў, толькі і што. А то... мораць дарма! — Ён быў упэўнены, што калі да гэтага часу яго яшчэ «не прыкалолі», то толькі таму, што жывая Яшкава душа прынясе антыхрысту большую радасць.

Але нават і гэта становішча здавалася Яшку лепшым за тое, што чакае «ўсіх, хто прыняў пячаць антыхрыставу». Новыя парадкі пагражаюць усеагульнай непазбежнай бядой.

— А далей то і горай будзе. Ліха чакаць трэба, дабра нам не бачыць. У «Зборніку» напісана... Зямля на выкуп пойдзе.

— Дык жа і цяпер зямля ідзе на выкуп,— заўважыў я.

— Во-во, і цяпер ідзе,— адказаў Яшка спакойна.— А там і яшчэ горш будзе. У каго дванаццаць тышчаў будзе, той і зямлёй валодаць будзе. А хто і тышчу, другую мае, і тыя без зямлі пагінеце. Праўду я табе кажу. Малады ты яшчэ, пажывеш — успомніш.

— Як жа, Якаў, ці можна думаць, што антыхрыст мацнейшы за бога? Няўжо боская праўда не пераможа крыўды?

Якаў засяродзіўся. Я заўважыў на яго твары сляды вялікай работы розуму. Ён знайшоў недзе там пэўны адказ.

— Ну,— сказаў ён,— не бываць гэтаму. Папрацуюць, ды і загінуць... Праўда!.. — паўтарыў ён праз хвіліну.— Папрацуюць ды і загінуць. А толькі не ўбачыць нам з табой праўды.

 

1 Пірог; у жытнюю скарынку наліваюць рошчыну ячнай мукі і ставяць у печ (заўв. У. Г. Караленкі).

V

— Ты, Якаў, не прызнаеш грамадзянскага суда. А дзяржаўны прызнаеш? — дапытваўся я другім разам.

— Прызнаю дзяржаўны.

— Якія ж, па-твойму, дзяржаўныя ўлады? Напрыклад, генерал-губернатар?

— Енерал-губернатар — дзяржаўны... Ад вялікага гасудара. Правільны.

— Значыць, яго рашэнне правільнае?..

— Даўно загадаў адпусціць мяне. Ды вось, бачыш ты...

— Пастой. Ну, дапусцім, тваю справу пачаў бы судзіць генерал-губернатар.

— За што мяне судзіць? Няма за што.

— Пачакай! Ты, вось, кажаш: няма за што, а грамадзянскія ўлады гавораць: ёсць за што. Трэба ж некаму разважыць. Дзяржаўныя ўлады ты прызнаеш? Ну, вось, яны і судзяць, і вырашаюць тваю справу супраць цябе.

— Не могуць яны... Яны павінны правільна...

— Ды ты абдумай як след. Гавораць табе грамадзянскія ўлады: няхай, маўляў, генерал-губернатар разбярэ тваю справу. Ён жа мае права вырашаць, праўда?

— Ну? — сказаў Якаў, чакаючы, што з гэтага выйдзе.

— Ты яму павінен падпарадкавацца, як правільнай дзяржаўнай уладзе?..

— Нн-у-у? — працягнуў Якаў, асцярожна пазбягаючы адказу і яўна зацікаўлены магчымасцю нейкай новай камбінацыі.

— Ну вось, і выходзіць ад яго рашэнне: падпарадкуйся, Якаў, новым парадкам, нясі земскія павіннасці...

Яшка збянтэжыўся.

— Вунь яно! Бач ты... Вось... — шукаў ён адказу.

— Цяпер адказвай мне: падпарадкуешся ты ці не?

— То-яно1... Бач ты... Дзе ўжо... Не! — адрэзаў ён нарэшце.— Дзе ж скарыцца. Якое карэнне... Немагчыма мне...

І на твары яго з’явіўся выраз непахіснай суровай упартасці.

— Слухай, што я ў цябе спытаю, Валадзімер,— сказаў ён аднойчы.— Ты якога права-закону будзеш? Новага ж, відаць?

Каб праверыць Яшкаву цярпімасць, я рэзка адвергнуў сваю салідарнасць з Яшкавым права-законам і паставіў перад гэтым фанатыкам «старога права-закону» асновы зусім няблізкага яму вучэння. У словах, зразумелых Якаву, я развіў вядомы кодэкс практычнай маралі з асновамі братэрства і роўнасці. Трохі злоўжыўшы яго няведаннем дагматыкі і св. пісання, я абапіраўся на выраз: «па справах іх пазнаеце іх» і на тэксты з Іаана, зусім адкінуўшы абраднасць і ставячы на яе месца «справы», гэта значыць практычнае імкненне да ажыццяўлення формулы любові. Усё гэта я выдаў за сваю рэлігію.

Яшка слухаў напружана, але, на маё здзіўленне, зусім не заўважыў самага істотнага ў маёй веры.

— Што ж? — здзівіў ён мяне.— Гэта і па-нашаму: усё ад Адама.

Я паставіў пытанне больш ясна і абрынуўся са сваёй крытыкай на хрышчэнне двума пальцамі.

— Чытаў ты ў пісанні: «Пакланіцеся ў духу і ісціне»?.. А што такое пальцы: дух ці плоць?

Тут Яшка зразумеў.

— Сказана таксама...— паволі загаварыў ён,— пакланіцеся душой і целам...

— А дзе гэта сказана? — запытаў я.

Якаў задумаўся і не адказаў.

— Што ж? Гэта таксама добра... — сказаў ён задуменна,— вядома, кожны па-свойму разумее.

І, уздыхнуўшы, дадаў з дзіўнаю мінаю:

— Кожны па-свойму з глузду з’язджае...

 

1 То-яно...— у гэтым слове праглядае ўраджэнец Пермскай ці Вяцкай губерні. Яно ўжываецца ў той мясцовасці кожны раз, калі чалавек не ведае, што сказаць, не знаходзіць адпаведных слоў (заўв. У. Г. Караленкі).

VI

Праз два тыдні пасля нашага прыбыцця ў астрог, пад вечар,— але яшчэ задоўга да праверкі,— арыштантаў пачалі заганяць у камеры. Калідоры апусцелі, і ў падследчым аддзяленні ўсталявалася цяжкая, насцярожлівая цішыня, па якой мы прывыклі ўжо ўгадваць набліжэнне вышэйшага турэмнага начальства. Неўзабаве грукнулі дзверы далёкага калідора, пачуўся бразгат зброі, крокі шматлікага натоўпу.

Бліжэй і бліжэй. Натоўп валіў у наш калідор. Крокі аддаваліся гулка і сціхлі ля Яшкавых дзвярэй.

Ляснулі завалы, дзверы расчыніліся. Некалькі секунд усё было ціха, потым пачуўся голас старога — «памочніка»:

— Выходзь, Якаў... на волю.

— Брэшаш! — пачуўся ў адказ суровы голас Якава.— Брэшаш, ашукваеш, беззаконнік! Не тыя часы, каб на волю мяне...

Канвойныя кінуліся ў камеру: пачуўся шум барацьбы, нешта грузна павалілася на падлогу.

— Па душу! — ускрыкнуў Якаў прыглушаным голасам, нібы задыхаючыся.— Па душу прыйшлі, госпадзі!.. Смерць, смерць мая! — крычаў ён усё мацней і мацней. У яго голасе, то ледзь чутным, то рэзкім і моцным, прабіваліся глыбокая туга і страх смерці.

Сэрца маё адчайна калацілася... У сувязі з каментарыямі рэаліста Міхеевіча: «У іх гэта хутка!» мной пачала авалодваць Яшкава фантасмагорыя. Яшку вязалі, каб завезці ў вар’яцкі дом, дзе панавалі вядомыя спрошчаныя прыёмы лячэння. Якаў адбіваўся ў апошняй ступені роспачы.

— Валадзімер, Валадзімер! — крыкнуў ён, раптам успомніўшы, што побач, хоць за такімі ж дзвярыма, ёсць чалавек, які, магчыма, здольны зразумець яго становішча.

— Валадзімер, Валадзімер, Валадзімер!..

Фантасмагорыя авалодала мной цалкам. Я забарабаніў у свае дзверы.

— Што такое яшчэ? — пачуўся голас наглядчыкавага памочніка.— Хто гэта стукае?

— Палітычныя стукаюць, ваша благароддзе,— сказаў Міхеевіч.

— Спытай, што трэба?!. Пачакай, я сам спытаю.

Сівы стары ў мундзіры і папасе падышоў да нашых дзвярэй і ўтаропіўся ў мяне сваімі старымі, раўнадушнымі, падслепаватымі вачыма.

— Чаго вы хочаце?

Пытанне мяне азадачыла. Чаго я хацеў? Рэальнае жыццё пазірала на мяне тварам гэтага старога, і я не ведаў, што сказаць гэтай рэчаіснасці. Я сам быў запёрты ў адзіночцы, за трывалымі дзвярыма, і ці мне было заступацца за Яшку? На якой падставе?

— Што тут творыцца? — запытаў я.— Што вы робіце з Якавам?

— Гэта... дазвольце... Якая вам справа? Справа гэта не ваша... Мы атрымалі прадпісанне ад начальства: адправіць нумар пяць у вар’яцкі дом. Ну, мы і адпраўляем... Ці ўсё гэта можа мець адносіны да вас?

 

VII

У аддзяленні падследчых усталявалася цішыня. Звязанага Яшку пранеслі па калідорах, паклалі ў воз і павезлі з турмы.

Ці адступіць Якаў «ад бога, ад вялікага гасудара»? Ці адступіць сібірская псіхіятрыя ад спрошчаных прыёмаў лячэння? Адказ быў ясны... Цяжкія думкі тоўпіліся ў галаве: мяне прыгнятала мёртвая цішыня адзіночкі і калідораў.

Стары Міхеевіч ціха замкнуў дзверы Яшкавай камеры, пастаяў перад ёй, задуменна хітаючы галавой, і потым усеўся на сваё ўлюбёнае месца. Стары турэмны пацук бадзёра прайшоў па калідоры, кідаючы задаволеныя позіркі на апусцелую каморку, з якой ужо не чутно было гучнага Яшкавага грукату. Стары мармытаў нешта і паганенька ўсміхаўся.

Вечарам «праверка» абыходзіла камеры сваім заведзеным парадкам. Усё было ціха.

— Няма ўжо стукальніка,— сказаў яго благароддзе.— Завезлі сёння ў вар’яцкі дом.

Раптам па калідоры пранесліся гулкія ўдары... Яго благароддзе ўздрыгнуў, турэмны пацук упусціў аловак і сшытак, афіцэр неяк нервова павярнуўся ў той бок. Уся «праверка» быццам застыла.

— За што трымаеце мяне, за што мардуеце, беззаконнікі?! — пачуўся раптам казліны голас Цімошкі-асцяка, і агульнае напружанне разрадзілася смехам.

Гэты выбрык быў зусім нечаканы. Казліны галасок асцяка гэтак смешна пераймаў магутныя вокрыкі Якава, усё гэта разам уяўляла такую вартую жалю смешную пародыю, што яго благароддзе зарагатаў. За яго благароддзем зарагатала ўся «праверка». Смяяўся стары памочнік, міргаючы падслепаватымі вочкамі, рагатаў тоўсты афіцэр, трасучыся аграмадным целам, хіхікаў турэмны пацук, усмешка шавяліла даўгія Міхеевічавы вусы, смяяліся ў бараду салдаты, выцягнуўшыся ў струнку і трымаючы ружжы ля нагі...

Наступным днём рушылі ў дарогу і мы.

 

1880


26.12.1880

Тэкст падаецца паводле выдання: Караленка У. Г. Апошні прамень. Выбранае. / [Пер. з рус. А. Кудравец].— Мн.: Маст. літ., 1984.— 239 с.
Крыніца: скан