epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Бацькаўшчына

Дагарэў за брамай небакрай,

Месяц паміж воблачкаў плыве.

Выйду зноў, як у мінулы май,

Басанож прайдуся па траве.

Дымная, сцюдзёная раса,

Цёмныя ў траве ад ног сляды.

А такога рослага аўса

Я не бачыў доўгія гады.

Бач, хмызы спляліся, як павець,

Светлякі мігцяць, гараць святлей.

Перад тым як звонка ў лозах пець,

Прачышчае горла салавей.

Лашчыцца трава да босых ног.

З дальніх паплавоў плыве ракой

Ледзь прыкметны сумны халадок —

Подых юні ўходзячай маёй.

Паімчаць за ёю наўздагон? —

Хоць і схопіш — усё адно падман.

Дзе каханне тых мінулых дзён —

Весніх паркаў бэзавы туман?

Нават шкадаванне — дзе яно?

Зноў вясна, і жаль знікае зноў.

(Так губляюць пах перад вясной

Ссохлыя сцябліны палыноў.)

Ціха цмокае у сне рака.

О, як добра, як прыгожа жыць!

Раска, як русалчына луска,

На вадзе ад месяца гарыць.

А вакол травіцы роснай рай

І бярозак белая сям’я.

Мой чароўны беларускі край,

Бацькаўшчына светлая мая!

 


1954-1956?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com