epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Бацькава сэрца

(Паэма)

Ён пахмуры, ён ціхі, ён вечна маўклівы,

Ён занадта пяшчотны з жонкай сваёй,

Хоць даўно зараслі варонкі на грывах

Беларускай адвечнай плакун-травой.

Зараслі варонкі плакун-травою,

Але сніць ён упарта даўнія сны...

. . . . . . . . . . . . . . . .

«Фоке-вульфы» равуць над балотнай зямлёю.

Надыходзіць другое лета вайны.

Партызанскі разгром. Адступаюць атрады.

Асвятляюць вёскі пажарамі шлях.

Ён вядзе ў дрыгву. Мядзяныя гáды

Адпаўзаюць з-пад ног у густых сітнягах.

Малады камандзір асцярожна, старанна

Па дрыгве на выспу атрад вядзе.

У яго пад рукой дзвесце шэсць партызанаў

І дзве тысячы трыста мірных людзей.

Мох. Багун. Непрыкметныя кветкі дурніцы.

Дрыгвяная руда нацякае ў сляды.

За спіною зямныя б’юць бліскавіцы

І ўздымаюць фантаны бруднай вады.

«Елянецкая выспа, ты дай ім надзею,

Дай спакой. Напаі крынічнай вадой.

Хай галіны на хвоях ад куль парадзеюць.

Ты ж зацягнеш раны жывіцай сваёй.

Чалавечыя раны цяжэй зажываюць.

Зберажы людзей. Ад болю маўчы.

Дзеля гэтых дзяцей яны адступаюць.

Дай ім сховішча. Раны дай залячыць».

Елянецкая выспа з уздыхам сказала:

«Я цябе памятаю, Карповіч Ян,

Я схаваю вас, як продкаў хавала,

Ад палону, ад ганьбы, ад смерці, ад ран.

Спачывайце спакойна. Не пройдзе вораг.

Развяду рукамі вашу бяду.

А балот вакол — неабсяжнае мора,

І шляхі да мяне пад тванню вядуць».

Людзі выйшлі, урэшце, на цвёрдую глебу.

За спіной замаўкае голас гармат.

Хтось жаваў скарынку чэрствага хлеба,

Хтось кашуляю абціраў аўтамат.

Заварыўшы галін маладой маліны,

Камандзір жанчыне прынёс кацялок:

«Чай духмяны, смачны. Напіся, Сабіна.

Абышлося ўсё. Жывыя, сынок.

Вось нягоднік бяззубы. Смяецца, ты бачыш?

Знаеш, жонка, ніяк не магу ўявіць,

Што пайду з ім калісьці ў лазню гарачую,

Навучу, як трэба вуды жывіць,

І што будзем дурэць з ім калісьці на сене,

І што будзе са школы прыносіць «калы»...

А пасля... пасля ён, вядома, ажэніцца.

Ён ажэніцца... смешны, бяззубы, малы.

І не бойся. Вакол разышліся цені.

Не над намі будуць крычаць груганы.

Мы схаваліся, зніклі, як голка ў сене,

І ніколі слядоў не знойдуць яны».

Памыліўся Ян. Атрад пільнавалі.

Роўна тыдзень мінуў, калі хлопцаў трох

На балотным беразе абстралялі

І звалілі мёртвымі ў рыжы мох.

І чужыя, нахабныя, слізкія твары

Іх укрылі дзяругай, паклалі на воз

І павезлі па вёсках, па чорных пажарышчах

Каля чорных абвугленых мёртвых бяроз.

І сцягнулі за ногі з воза без жалю,

Не трымаўшы буяную галаву,

І чубы, як бялявы кавыль, падмяталі

Перад ганкам штаба сухую траву.

У штабах машынкі, як кулямёты,

Стракаталі цэлую ноч навылёт:

«Ачапленне пасіліць вакол балота...

Накіруйце да Гейнца сапёрны ўзвод...

Дальнабойныя падцягнуць да лагчыны...

З лётнай часткай сувязь трэба ўзмацніць...»

Махавік жахлівай ваеннай машыны

Закруціўся павольна, каб мяць і крышыць.

 

Гэты час быў нядобры, вельмі нядобры,

На людзей палявалі вучоныя псы,

На зямлі беларускай ад Оршы да Кобрына

Дзень і ноч, дзень і ноч палалі лясы.

У адказ аўтаматы з-за хвой стралялі,

І ад жыта дымная хмара плыла.

Дзеці ў пушчах начных спакойна гулялі

І пужліва сціхалі на вулках сяла.

 

А на выспе залечвалі цяжкія раны,

Гадавалі дзяцей, рыхтавалі паход

І чакалі, чакалі трох партызанаў,

Што ніколі не прыйдуць з далёкіх балот.

І аднойчы над мрэючымі барамі,

Над абшарамі вострых балотных траў

У бясхмарным небе з’явілася «рама»,

І Янук зразумеў, што канец настаў.

Зараўла артылерыя — з недалётам.

Сітнягамі папоўз удушлівы дым.

З громам падала сталь на кілім балота

І рабіла новыя вокны ў ім.

У новых вокнах з чорнай вады гарачай,

Што бурліла газам з апошніх сіл,

У цёмнай бронзе лускі, што сонца не бачыла,

Выплывалі аглушаныя карасі.

У гадзюк халоднае падала сэрца,

Як імчаў над імі свідруючы жах.

Вадзяныя курачкі беглі ад смерці

На сваіх зялёных, доўгіх нагах.

Хто, чаму іх карае — не разумелі

І хавалі галовы свае пад крыло.

 

Цішыня раптоўна ўпала знямелая.

Не ўзялі гарматы бясконцых балот.

Перад вечарам проста над галавою,

Ў ціхім небе, дзе цьмянае сонца вісіць,

Над трывожнай, закуранай дымам дрыгвою

«Фоке-вульфы» натужліва сталі басіць.

Вымпел кінулі ў цемры з апошнім налётам,

І зямля скаланулася ў чорнай журбе.

«Заўтра мы вас змяшаем з брудам балота.

Вайсрутэнія, здайся.

Канец табе».

Ян сказаў:

«Нам трэба хутчэй збірацца.

Выспа будзе пустою ў ранішні час.

Нас тры тысячы. Хочам мы жыць і змагацца.

Мы прарвёмся. Ёсць іншая сцежка ў нас».

Людзі хутка збіраліся. Над галавою

Дуб, расколаты бомбай, тужліва рыпеў.

Восем вёрст ім трэба прайсці дрыгвою.

Летам ноч карацей, чым гівала спеў.

Шлях адзін: па пояс у твані зялёнай.

Асака рэжа твар, як лязом мяча,

Па баках уздыхае дрыгва бяздонная.

Нават дзеці маўчаць. Нават дзеці маўчаць.

І дрыгва падпірае над самыя грудзі,

Калі трапіцца нейкі дурны раўчук.

Са сцяжынкі сарваўшыся, тонуць людзі

І маўчаць, каб вораг іх не пачуў.

«Не ўзыходзь, Венера, над ціхімі рэкамі,

Над спакойнай цемрай балот начных.

Будзь кахання зоркаю, як спрадвеку,

А не зоркай смерці для дзетак тваіх.

Бач, ідуць яны ў золкім начным тумане

І нясуць на руках праз цемру і дым

Ўсіх дзяцей, што народжаны цёплым каханнем

Пад адвечным, пяшчотным святлом тваім.

Не ўзышла. О любая, дзякуй ад сэрца.

Вось і суша, цвёрдая, як асфальт.

Мы дайшлі, мы пазбеглі ганьбы і смерці».

— Хальт!

Прагна слухаюць. Ціша. Глухая. Дзікая...

Вартавы адганяў баязлівасць і сон.

Дзякуй шчырае, што папярэдзіў крыкам,

А іначай нарваліся б на заслон.

І упалі людзі на глебу ўзрытую,

Па глыбокім яры, па хмызах густых

З лесавым, адвечным, звярыным спрытам

Папаўзлі, як яшчаркі, праз пасты.

Над адхонамі вогнішчы зырка палаюць...

Чутна мова... Смех цішыню скалануў...

А яны адзін па адным прапаўзаюць,

Пасадзіўшы маўклівых дзяцей на спіну.

Цішыня заснула ў галінах сасонак,

Цішыня разлілася па берагах.

І раптоўна заплакаў Янаў дзіцёнак:

— Куга! Куга!

Ён крычаў, ён скардзіўся горка на голад,

Бо пустыя грудзі ў маці былі.

Вусны маці зводзіў пранізлівы холад,

І яны калыханку вялі і вялі.

А дзіцёнак крычыць прарэзліва, тонка.

І зайшлося сэрца у многіх людзей.

І Карповіч сказаў: «Дай мне сына, жонка».

І прыціснуў пад курткаю да грудзей.

Ён заціснуў рот неразумнаму сыну,

Ён далонню гладзіў дрыжачы задок:

«Памаўчы, памаўчы, памаўчы хвіліну,

А пасля крычы колькі хочаш, сынок».

Вартавы прытаптаў недакурак абцасам

І спытаў трывожна: «Ты чуеш плач?

Што такое, Курт, не ведаеш часам?

А другі адказаў: «Der Uhu — пугач».

Пяць хвілін стаялі яны над адхонам.

Панавалі ў лесе маўчанне і сон.

Дзякуй богу, маўчыць, ён маўчыць, дзіцёнак.

Дзякуй богу, спакойны, спакойны ён.

А калі адышліся прэч вартавыя,—

Стала чутна, як сэрца ў грудзях звініць.

Папаўзлі... І ўздыхнулі нетры лясныя.

І у тыле нямецкія згаслі агні.

І адкрыўся бор, вясёлы, шырокі,

У карчах, ручаінах, мяккіх імхах.

Ян ішоў паперадзе цвёрдым крокам.

Сын ціхутка ляжаў у яго на руках.

Бацька сеў з малым пад сухою бярозай

І яго з суровай пяшчотай абняў...

З дрэў спадала раса, як дзявочыя слёзы,

Высыхаючы з першай усмешкаю дня.

Калі нехта прынёс яму лусту хлеба,

Ян адсунуў хлеб і сказаў:

«Забяры.

Адыдзі, яму нічога не трэба...

Надта... доўгай была... хвіліна ў яры...»

І канец.

Да бацькі вярнуліся сілы.

Два гады ён з атрадам па пушчах кружыў...

На зямлі стала болей адной магілай.

На зямлі засталіся тры тысячы жыць.

 

Калі штосьці адмовіць уладу смерці,

Калі штосьці радасць зямлі ажывіць,

То, напэўна, сэрца, бацькава сэрца,

Што абвуглена ў горне вялікай любві.


1958-1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан