epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Балада плахі

Кожны дзень гінуць мужнасць і святасць.

Кожны дзень, выпускаючы дых,

Паміраюць хлапчынкі распятыя

І збавіцель не помніць пра іх.

Ў зыркіх ранах, крывавыя, голыя,

Што ні дзень павісаюць яны

На крыжах з бамбука, магноліі

І суровай паўночнай сасны.

Не паспеўшы зрабіцца мужчынамі,

Сустракаюць са зброяй бяду.

Галаву не на грудзі дзяўчынам,

А на слізкую плаху кладуць.

Плацяць катаргай і эшафотамі

За братоў сваіх душу жывую,

Хочуць дыхаць — задушаць гаротаю,

Хочуць думаць — ссякуць галаву.

У чырвонай ад сонца Касціліі,

Ў парнай сельве і ў зорных ільдах

Кожны дзень яны бураць Бастылію:

Чалавечы свой, просты жах.

Але йдуць і за век свой ратуюць,

За дзіцячы след на траве,

За высокую годнасць распятую,

За найменне тваё, Чалавек.

Дзе плаціць яшчэ столькі даводзіцца

За свабоды ўласнай лядо?

О зямля, святая калодніца,

Гора, мужнасці, смерці юдоль!

У былым іх — трушчобы няветлыя,

У сучасным — глухая турма,

І няма для іх раю светлага,

І суда іхнім катам — няма.

Толькі час вам уздасць поўнай мераю.

Але ўсё ж — пакуль прыйдзе той час,—

Калі ёсць на зямлі гэтай вера,

Калі варта жыць — то для вас.




Беларуская Палічка: http://knihi.com