epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Балада пра паўстанца Ваўкалаку

Апошняя ноч над зямлёю.

Каля мяне, як цень,

Праходзіць да вадапою

Вольны лясны алень.

 

Заўтра нічога не будзе.

Ляжу ў яры ля ракі.

Куляю срэбнаю ў грудзі

Звалілі мяне паюкі.

 

У полі абшар шырокі,

А тут і вільгаць, і цень.

Няма прасторы для вока...

 

Лісце аб’еш, алень!

 

Біўся з панамі нямала,

На ўсіх наганяючы жах,

Часамі — і без кінжала,

З адною злосцю ў руках.

Дабрацца б да родных межаў,

Пабачыць бы новы дзень...

Дай глянуць на свет бязмежны,

 

Лісце аб’еш, алень!

 

Мне ж не зламаць рукамі,

Я ж не магу стаяць,

А там на гары, за кустамі,

Родная хата мая...

Сястра сядзіць пад калінай,

Абляпілі «маскалікі» пень...

Зрабі прасвет у галінах,

 

Лісце аб’еш, алень!

 

Каб хату пабачыць бедную

І неба, дзе бусел ляціць,

Каб могілкі мог я ўгледзець,

Дзе маці мая ляжыць.

Пад мядовыя гівала гукі,

Патаемны крык леляка

Склала каравыя рукі,

Чакаючы з пушчы сынка.

Апоўдзень над тымі капцамі

Сыта бубніць авадзень...

Зламай крушыну рагамі!

 

Лісце аб’еш, алень!

 

Знімі мяккімі губамі

Пярсцёнак з рукі маёй.

Там, пад старымі дубамі,

Хата пад новай страхой...

 

Ад пана адбіў дзяўчыну,

Ад пана на белым кані...

Схавалі мяне яліны,

Хмыз, лесавыя пні.

А ў сэрца другі ёй убіўся,

Пакорлівы, добры, святы.

Я бачыў і адступіўся,—

Што возьмеш з авечак ты?

Зрабіў я, што пан у іх новы

(Й таго «Кабыздохам» завуць),

Дапамог канём і каровай,

Няхай сабе ў міры жывуць...

Пярсцёнак жанчыне ў маністах

Аддай і пра смерць не крычы.

Хай будзе сумленне чыстым!

Хай спіць спакойна ўначы!

Цяпер і маніць не трэба,

Як слабасць да сэрца дайшла:

Больш солі,

больш хлеба, больш неба

Патрэбна яна была.

І толькі волі вялікай

Я б за яе не аддаў...

Зацкаваны... Магутны... Дзікі...

Як я яе кахаў!

Пабачыць бы любыя вочы,

Пакуль не пакрыў мяне цень.

Не абмінай!

Варочай!

Лісце...

Аб’еш...

Алень!


1954-1956?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан