epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Чайка

Проста ў хвалі, што чарадою

Гоніць злосны пастух-ветрадуй,

Чайка падае перада мною:

«Пашкадуй мяне, пашкадуй.

Не страляй мяне, чалавеча,

Стрэльбу страшную апусці.

Сэрца рвецца. На хвалях вецер

Грывы белыя закруціў».

Супакойся.

Плакаць не трэба.

Лі спакойна крыклівы жаль

Пад чырвоным, ветраным небам

На узгоркі бурыя хваль.

Я, каханнем сваім расстраляны,

Ўсё жывое шкадую цяпер,

І мяне на лясных палянах

Не баяцца птушка і звер.

І ў руках не стрэльба, а палка,

І іду я ў далёкі шлях

Ад прыгожай, ад лепшай, ад палкай

Ад пагарды ў шэрых вачах.

Я іду спакойна,— ты бачыш,—

Мернай, цвёрдай сялянскай хадой...

Толькі часам сэрца заплача,

Быццам чайка над сівай вадой.

 

1960 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com