epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Цыганскі кароль

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII
ЭПІЛОГ


 

І

Палявыя гваздзікі пахлі ваніллю, як святочны пірог. Міхал Яноўскі ўздыхнуў, зрабіўшы такое адкрыццё, бо любіў хатнія пірагі, а ўжо два дні, як еў хлеб з халодным мясам і не ведаў, ці давядзецца яму яшчэ калі-небудзь пакаштаваць цудоўных праглаў і перапечак. Нават печка, дзе іх звычайна пяклі, больш не належала яму. Яноўшчыну разрабавалі, загонавая шляхта Ваўчанецкага зжэрла ўсё, аж да зялёных, цвёрдых, як палка, груш, а сам ён, Яноўскі,— злачынец, якога, напэўна, шукаюць. Трэба хутчэй ехаць да незнаёмага дзядзькі па маці Якуба Знамяроўскага. Ён, кажуць, моцны чалавек, не пабаіцца Ваўчанецкага, ён абароніць. Дзядзька павінен сустрэць яго ветліва, паспачуваць, а там — хто ведае — можа, адбярэ ў Ваўчанецкага запаскуджаную Яноўшчыну і зганьбаваныя магілы продкаў. Ён гэта зробіць! Ён сіла, а сіла — усё на зямлі.

Цікава толькі, чаму сустрэчныя ў адказ на запытанні Міхала стрымана ўсміхаюцца (Ого! Паспрабавалі б яны ўсміхнуцца нахабна!) і кажуць:

— А-а, цыганскі кароль. Вам трэба па гэтай дарозе, пане.

Па маладосці год і легкадумнасці Міхал не звяртаў увагі на «важлівыя дробязі», і ўсё яму было хоць бы што. У сіле ён звыкнуў бачыць дабрадзейнасць, хоць скончыў школу пры калегіуме і павінен быў ведаць на прыкладах з Катула, што не заўжды дабрачынны Цэзар і што курульнае1 крэсла часта займае вадзянка. Бацька, чалавек, настроены па-старасвецку, таксама выбіваў з яго такія думкі цытатамі з Сымона Буднага. Гэта не дапамагала. Свет быў няўстойлівы, моцныя пагражалі адусюль, кароль не мог абараніць, схізматаў не крыўдзіў толькі лянотны. Катул быў паганец, а Буднага яшчэ дзвесце год назад абвінавацілі ў амярзіцельнай швейцарскай ерасі, і таму ён не меў рацыі. Сіла, і толькі сіла!

Ён не ведаў яшчэ, чым канчае кожная грубая сіла, і таму амаль весела падганяў каня ў напрамку да Знамяроўшчыны. Надзея калыхала яго.

Як добра, як прамудра ўсё на божым свеце!

Каля самай дарогі стаяў нацэлены кудысьці аглоблямі воз без каня. Абады колаў былі збітыя, і воз стаяў як быццам на чатырох сонцах, бо спіцы нагадвалі праменні.

Каля воза хадзіў, скрабучы патыліцу, чорны кучаравы чалавек. Срэбная, паўмесяцам, завушніца. Вопратка, як з сабачага вяселля. Цыган.

— Што гэта ты робіш, чалавеча?

— Рапарую воз. Да заўтра пасяджу.

— А потым?

— А потым павязу на сабе дадому.— Цыган павярнуў да Яноўскага нядобры чарнабровы твар.

— Што ж гэта ты так... забаўляешся? — іранічна спытаў Яноўскі.

Цыган пакалупаў пальцам у цыбуку і раптам выбухнуў:

— Конь, бачыце, яму спадабаўся. Даём яму ад кожнага здабытага дзесятка аднаго каня. Ад катлоў таксама... Па закону... Мала. Я спрачаўся. Ну і вось. Гэта ж ганьба цыгану так цяжка працаваць за сваю ж маетнасць. Абады з колаў пазбівалі... Каб яго везлі на такіх колах, калі ён атрымае па заслугах рану ў жывот: са спіцы на спіцу, з байрака на байрак.

— Хто гэта? — спытаў непаразумела Міхал.

— Хто?! Знамяроўскі! Кароль наш, каб яму кадук... Я казаў: жывіце вольна, роме. Не, пасадзілі на сваю галаву шляхцюка. Ён быў голы як бізун, а цяпер ён кароль. Дзівуйцеся на цыганскую дурасць: першы раз такое дзіва бачыце... Каровін праснак!

Яноўскі слухаў, здзіўляючыся з бясконцых перыядаў, аж пакуль не абрыдла. Уласна кажучы, варта было правучыць нахабніка за непачцівыя словы пра шляхту, але цыган так гаротна і тужліва стагнаў, што Міхалу стала шкада яго.

І ён паехаў далей на сваёй пікапе, якая бразгала напалову адарванай падковай.

Шлях збочыў ад пушчы. Ля рачулкі, пад дубамі, паказаліся шатры — нешта каля сотні,— агні каля іх, зграбныя постаці цыганак і куцапыя — цыганоў. Чуліся крыкі дзяцей, стук молата па кавадле, брэх сабак.

Дзесяткі два гэтых сабак, жоўтых, са стаячымі вушамі, абкружылі конніка з відавочным намерам зжэрці. Гледзячы на іх рэбры і чырвоныя зяпы, Яноўскі падумаў, што гэта можа здарыцца, але ад вогнішча наблізілася чацвёра цыганоў. Сабак адагналі. Чорныя, як д’яблы, худыя, у калматых кажушках, з чырвонымі павязкамі вакол галавы, з ражнамі ў руках, цыганы вельмі нагадвалі разбойнікаў.

— Куды едзеш, бацю? — спытаў паважны, прыкметна сівы цыган.

— Прапусці,— замест адказу з гонарам сказаў Яноўскі.— Я беларускі шляхціц.

Гэта гучала, як «не руш мяне, я рымскі грамадзянін».

Цыган павольна агледзеў Яноўскага ад высокіх кабцяў, пацёртых ля стрэмяў, ад скураных нагавіц, пацямнелых ад конскага поту, і аж да звычайнай, зусім не панскай магеркі з абламаным пяром. Пасля плюнуў на зямлю і спаважна паказаў Міхалу на слуп, ля якога яны стаялі. Слуп быў упрыгожаны дошкай з сілуэтам каня з надпісам:

________________________________________________

Знамяроўскае каралеўства, бог хай літуе яго. Душ русінскіх два ста, егіпецкага племя — ад зямлі ўсёй весі. Халупы. Жыдзішкі, Чэрнеў брод. Пры іх зямля ворная і пасавіска. Урочышчы Альховы востраў і Княгініна, а таксама тэж балота Недабыліха. Не торкайся з табунамі, калі гонар беражэш і не хочаш на смерць прыправіцца.

___________________________________________________

 

Яноўскі прачытаў варварскі надпіс, і ў яго пачала пацепвацца шчака.

— Я не з табунамі? — спытаў ён з жудасным спакоем.

Цыган у адказ пачухаў грудзі пад кажухом.

— Вяртайся, бацю, або давай грошы за пераезд крэса. Тут табе не задрыпанца якога зямля, а яго крулеўскае мосці пана Якуба Знамяроўскага з Ліды. Наша, цыганскае, царства! Калі грошай няма, дык прызнавай яго за караля, злазь са сваёй спірэпы і шыбуй пешака да палаца. Не — атрымай дубцы і гэн хоць да д’ябла! Дзевяць год мы тут гаспадары, прывілею зацвердзіў кароль польскі, хоць мы ім платы падпіраць можам, калі захочам.

— Я табе паразмаўляю, цыганская храпа! — Яноўскі выцягнуў шаблю, хоць добра бачыў, што ражны ў цыганоў даўжэйшыя.

Цыган у адказ флегматычна сунуў амаль пад нос конніку кулак, падобны на валасаты гарбуз, і... атрымаў плазам удар па галаве.

— На калені, хлопы!!!

У той самы момант яго атакавалі. Ён закруціўся, адмахваючыся шабляй і атрымліваючы адчувальныя штуршкі ражноў. Адзін з нападаючых спрытным ударам ражна па падкаленных жылах каню прымусіў жывёліну спатыкнуцца. Яноўскі прыпомніў, што цыганы мастакі адным такім ударам зваліць быка, які імчыць «на поўны намёт», і таму, не чакаючы ганебнага фіналу, сцёбнуў каня карбачом пад пах і так пусціўся дарогаю, што толькі пыл закурэў.

Каня ўдалося стрымаць толькі тады, калі за павароткаю дарогі ўстаў ва ўсёй прыгажосці «стальны град» цыганскага каралеўства. Злева была рэчка, справа, з-за далёкіх узгоркаў, выглядалі стрэхі вёскі, а паміж ракою і вёскай, бліжэй да ракі, размясціўся «град». З трох бакоў абкружаў яго ці то вельмі запаскуджаны і запушчаны сад, ці то ліставы лес, сярод якога сям-там узнімаліся ў неба чорна-зялёныя конусы ялін. З чацвёртага боку быў выган з атрутна-зялёнай травой і мноствам каровіных праснакоў. Дарога, па якой ехаў Яноўскі, ішла выганам і пераходзіла бліжэй да «града» ў змрочную і вільготную, як нара, алею з пакручаных, хворых ад вільгаці, нізкарослых ялін, алешніку, абламаных кустоў туі, карычкі і хмелю, які буйна абкручваў усё гэта багацце. Нізкія берагі, мярзота пустэчы вакол, глухая крапіва, няўцешны выган.

Ды і палац стаў перад Міхалам ва ўсёй сваёй несамавітай галізне. У той сваёй часціне, што была бліжэй да рэчкі, гэта былі астанкі нейкага храма. Без званіцы, падобны на княжацкі старадаўні саркафаг, храм гэты быў пабудаваны з плоскіх каменных плітак, і на франтоне ледзь выступалі збітыя літары «Anno Domini 1550». І тут была пустэча, толькі вітражы ў вокнах блішчалі ўмыта і радасна пад праменнямі нізкага вячэрняга сонца. Будынак, як бачна, адыгрываў ролю камяніцы («Што гэта за магнат, калі поруч з новым замкам няма старой вежы? Яны-то, праўда, не дапамагаюць, але ж гонар»).

З камяніцы цягнулася над пушчай з лопухаў і здзічэлых жоўтых вяргінь «галдарэя» да астатняй часткі палаца.

Гэта была вялізная драўляная хата, складзеная не з бярвенняў, а з чатырохгранных дубовых брусоў. Шалёўка збераглася толькі сям-там, але магутна падтрымлівалі сцены бэлькі, пакладзеныя крыж-накрыж. Дах з пачарнелага дору, галерэя вакол хаты на драўляных слупках. Акенцы малюсенькія, затое ганак на каменных калонах раскошны, хоць і самому каралю сядзець. Ад камяніцы падаў шэры адбітак на хату, сад, на ўсё вакол.

Каля ганка, поруч з пазелянелай гарматай, спаў вартаўнік, адклаўшы ўбок павязку з пер’ямі, голым жыватом да зямлі. У валасах вартаўніка была салома.

Яноўскі спешыўся і крануў яго нагою пад рэбры. Пасля трэцяй спробы вартаўнік ачмурэла ўскочыў, схапіў тлеўшы ў збане фіціль... і як пярун гахнуў над палацам. Грукаючы, пакацілася кудысьці рэха, чорнай хмарай зляцелі з дрэў вароны. У доме пачаўся сапраўдны «аларм» — мітусяніна, крыкі.

І тут адбылося такое, што ў Яноўскага вочы палезлі на лоб.

Зарыпелі дзверы, і на ганак выплыў, як павіч, чалавек у звычайным, але празмерна яркім уборы паюка: залатым цюрбанам з пяром, шаўковым жупане — на голае цела, з яркім шалем замест пояса.

Чалавек узнёс жазло і абвясціў:

— Літасцю бога кароль Якуб Першы. Кароль цыганскі, вялікі намеснік Ліды, уладар Мацыевіцкі і Беларускі, гаспадар усіх мясцін, дзе ступаў капыт цыганскага каня, гаспадар егіпцян беларускіх, падляшскіх, абедзвюх Украін і Егіпта, Якуб — кароль. На калені!

За спіною ў Яноўскага заспявала труба. Трубіў надоешні сонны вартаўнік.

А цырымоніймайстар цягнуў далей:

— Сіла і моц, апора бога, уладар вандроўных сцежак і аброці, за ўсё вышэй — шляхціц!

Зноў заспявала труба. У трубача вісела пад носам вялізная кропля і вочы былі чырвоныя, як у трусіка.

Не паспеў ён скончыць, як у дзвярах з’явіўся чалавек, які аніяк не мог быць уладаром вандроўных сцежак, бо насіў манашую расу. У чалавека была голая галава, патройны падбародак і валасатыя рукі. Яго не паспелі затрымаць, і ён, хістаючыся на нагах, раўнуў:

— Пудзіла першы, гарлачагаловы, рызмананосны, цар белай рэпы, вялікіх і малых гуркоў, вераб’інае пасмешышча і вышэй за ўсё — дурань.

І з размаху, як дзіця сеў задам на падлогу.

— Дзень добры!

Гайдукі схапілі яго за рукі, але ён, упіраючыся, крычаў на ўсё горла:

— Ізыдзіце, грэшнікі! Пакаянне накладу. Блукаеце самі, акі сабакі, шлях свой згубіўшы, пастыраў ганьбіце. Акі Елісей, мядзведзіц на вас напушчу, патрушчу вас аслінай сківіцай!

Елісея гайдукі спалохаліся. А чалавек шчасна спяваў, седзячы на ганку:

 

Як была я малада,

Як была я нежна...

 

 

І адразу з гэтым, цалкам лагічна:

 

Хоць з мядзведзем у бярлог,

Абы не ў бацькі.

 

 

За гэтым відовішчам Міхал не заўважыў, што ў дзвярах ужо стаяў сам кароль, заспаны, азызлы, і моцна соп носам. На ім была кашуля да пупа, і на галаве срэбны абруч. Якуб нагадваў Апалона, калі богу было пад сорак год і ён густа зарос дрымучымі валасамі.

Ніводнай сівінкі ў патлах, нізкі лоб, шырокія грудзі, доўгія магутныя рукі, караткаватыя для тулава ногі, што моцна стаялі на зямлі. І твар гэты быў вельмі азызлы ў шчоках.

— Ты хто такі?

— Ізыдзі, сатана! — раптам залямантаваў манах.— Няўдобанасімы ты кураед, мясаед, яйкаед!

— Замаўчы, мітрапаліт,— сказаў кароль.— Адцягніце яго куды ў адпаведнае сану месца.

Гайдукі падхапілі манаха і пацягнулі, але ён яшчэ некаторы час упіраўся, напінаўся і пры гэтым роў, пляваўся і вытвараў усякія іншыя дзеянні.

— Ты хто такі? — уладна спытаў Знамяроўскі.

І тут Яноўскі, нечакана для сябе, нізка пакланіўся і сказаў:

— Паслом да цябе, вялікі кароль.

Знамяроўскі ані словам не выявіў здзіўлення.

— Ад каго?

— Ад роду Яноўскіх... Дзядзечка, гэта я, ваш пляменнік, сын вашай траюраднай сястры.

— Гм... яе звалі, здаецца, Ганнай?

— Алёнай, вялікі кароль.

— Так-так, ну да, ну да. Каралі павінны мець добрую памяць, гэта іх дабрачыннасць. Ганна, Алёна — усё адзіна. Чаго ты тут?

— Здарылася жахлівае, вялікі гаспадар. Падступны замах на маетнасць і шляхецкі гонар вашай сястры. Ведаю, што кароль дапаможа, і звяртаюся да вашай літасці.

Знамяроўскаму такая сітуацыя, здаецца, спадабалася.

— Што ж здарылася?.. Э-э... мой малады і неабазнаны друг.

Яноўскі ўпаў на адно калена. З гарачым благаннем у голасе кінуў:

— Сусед наш, Ваўчанецкі, нечакана напаў на наш маёнтак. Мы спалі, у нас было толькі тры гайдукі, не як у вашай літасці. Ён выгнаў нас.

Знамяроўскі пагардліва ўсміхнуўся:

— Чаго ж вы пайшлі?

— У нас не было сілы. Ён спаіў сяброў нашых, і яны не абаранілі нас. Калі нас выгналі, я ўдарыў нахабнага драпежніка нажом.

— Ого,— пажвавеў Знамяроўскі,— мая кроў! Пазнаю! Тыгра! Добра, што нажом, а не сумленнай шабляй. Чаго ж ты просіш?

Яноўскі вырашыў прасіць больш. Тады, можа, дадуць хоць частку.

— Да ног прыпадаю сваяку, якім ганарымся! Да ног каралеўскай крыві! Прашу пакараць захопніка, вярнуць Яноўшчыну. Пасля мы ў братнім падначаленні вашым хочам быць.

Знамяроўскі пачухаў патыліцу, паглядзеў на прыгожага юнака з падвітымі валасамі і буркнуў:

— Добра. Каралі павінны дапамагаць сваякам. Клікну цыганскае рушэнне, і калі будзе маё жаданне, магчыма, і ашчасліўлю цябе, мой бедны, але мужны сваяк. Толькі маёнтак твой... Прыпішаш яго назву да маіх тытулаў. Пажыві, пакуль тое, месяц-другі.

— Дзядзечка, вялікі кароль,— пачаў маліць «пасол»,— мае бедныя бацькі памруць з гора.

— Ну! — раптам грозна, але ціха сказаў Знамяроўскі.— Ты робак2 ля ног маіх. Жыві і прасякайся ўсведамленнем маёй велічы. А пасля паглядзім. І не лямантуй, падобна як шакал і стравус... Ад майго настрою залежыць свет, а ты хто?.. Адпачывай. Пазнаёмся з маім мітрапалітам. Ён годны чалавек і калісьці ахрысціць усіх тваіх язычнікаў. Уласна кажучы, маім дбаннем гэтыя карычневыя д’яблы ўжо ахрышчаны, але сапраўднае схіленне да веры дзядоў закладваецца, бо мітрапаліт мае частыя спатканні з зялёным зміем.

— Добра,— дрыжачым ад крыўды голасам сказаў Яноўскі.

Яму хацелася секануць шабляй гэтага вар’ята, але куды пойдзеш потым, што рабіць самотнаму і слабаму на гэтай грэшнай апалячанай беларускай зямлі?

А Знамяроўскі ўжо дабрадушна ўсміхнуўся:

— Ну-ну. Можа, заўтра ў паход пойдзем, можа, годам пазней, а можа, і ўсё жыццё тут праседзіш, і я табе ў спадчыну каралеўства пакіну, бо я яшчэ ў дзяўкох. Мая свентая воля. Я — кароль. Хачу — плюю, хачу — голым шпацырую, вось, як цяпер.

— Дзякуй вам, ваша вялікасць,— ціха адказаў Яноўскі,— Хай будзе так.

І тады кароль яшчэ раз павысіў голас, звярнуўшыся да слуг:

— Бачыце, як далёка дайшла слава мая, вялікага караля цыганскага. Дастаўныя мы на свеце ўсім, адусюль прыбягаюць пад нашу руку, бо моцныя мы больш, ніж кароль, і бог за нас. І хто памышленне займее парушыць святую манархію нашу, таго сакрушу, знішчу, на каленях прымушу маліць літасці. Вось яна, шыбеніца!

І кароткі палец караля торкнуў у бок гэтай няхітрай прылады ля камяніцы.

— Ідзі пакуль што з маім лейб-медыкусам,— сказаў кароль Яноўскаму.— А пасля мой сейм (бо мы кароль добры і памяркоўны) адобрыць мой вырак.

Ён затупаў быў валасатымі нагамі да дзвярэй, пасля павярнуўся да медыка:

— Паглядзі яго каня, ці не завёз ён у маю дзяржаву з мэтай падрыву яе дабрабыту конскай хваробы.

Гайдукі ўзнялі ў неба стрэльбы і, калі кароль знік за парогам, далі залп. Вароны зноў сарваліся з камяніцы і, непаразумела каркаючы, памчаліся кудысь.

Лейб-медыкус павёў Яноўскага ў маленькі флігель за домам, які тануў у лопухах. Амаль адразу ля стаўка прагучаў стрэл.

— Што гэта? — таргануўся Яноўскі.

— Пужаюць жаб, каб ліхадзейскім кумканнем сваім не перашкаджалі спаць іх каралеўскай мосці,— з’едліва сказаў медык.

Яноўскаму здавалася, што ён трызніць. І таму ён толькі тады разгледзеў медыкуса, калі яны апынуліся ў маленькім пакоі флігеля, дзе сцены былі амаль заслонены кнігамі на паліцах і вісеў вялікі аркуш пергаменту, выдраны, відаць, з кнігі «Здароўя шлях верны». На аркушы намалёваны чалавек, які стаіць спіною да гледача. На яго голым целе былі намечаны тыя пункты, на якія трэба ставіць банькі.

Медыкус меў год пад пяцьдзесят, быў худы і жоўты. Вочы, якія надта блізка сядзелі адно ад другога, глядзелі разумна і іранічна з-пад калматай чупрыны; нос быў аж празрысты ад бледнасці; на кашчавых плячах вісела чорная мантыя, а на ёй, ля пляча, быў вытканы герб Знамяроўскага і ніжэй, як знак прафесіі, гіпакратаў змей, што абвіў клісцірную трубку.

Выпілі па чарцы данцыгскай залацістай гарэлкі, селі закусіць, і толькі тут Яноўскага прарвала:

— Слухайце, пан медыкус, гэта ж вар’яцтва нейкае. Мне няма куды падзецца, але нашто вы тут, чаму носіце гэты ганебны шыфр?

Медытуе сумна паглядзеў на Яноўскага разумнымі шэрымі вачыма:

— А ў мяне, пан думае, ёсць выхад? На нашай зямлі дрэнна жывецца вучоным, асабліва калі яны беларусы. І яшчэ... калі яны занадта цікаўныя і хочуць ведаць пра чалавечы трыбух значна больш, чым іншыя. Мяне засудзілі на баніцыю, бо я даставаў з магіл трупы і рабіў забароненае анатаміраванне іх.

Яноўскага перасмыкнула.

— І як вы маглі рабіць такое? Вы што, хацелі б, каб і з вамі так зрабілі пасля смерці?

Медыкус усміхнуўся:

— Калі ласка. Што я буду тады? Тло і смурод.

— Але ж бессмяротная душа... Яна пакутуе...

Субяседнік Міхала выпіў яшчэ чарку гарэлкі і раптам спакойна сказаў:

— А вы ўпэўнены, што... душа ёсць?

— Ну вас,— спалохаўся Яноўскі,— гэтак і да кастра нядоўга.

— Нічога, у нас цяпер цывілізацыя, зацны пане. Не паляць, а вешаюць... Зразумейце, што нават пачуцці не сведчаць пра бессмяротнасць душы. Пачуццяў няма, усё ад току крыві. Кінецца яна ў галаву — чалавек адчувае гнеў, кінецца яшчэ куды — іншы вынік. Так што глупства ўсё! Чалавек менавіта такая самая худоба, як свіння, і адрозніваецца ад яе толькі здатнасцю размаўляць, складаць вершы ды яшчэ тым, што ён бывае горшы за самую горшую свінню.

Ён адклаў убок двухзубы відэлец.

— Вось і засудзілі мяне. А я не магу жыць без маёй зямлі, яна мне дарагая (яшчэ адно глупства чалавечай натуры). Тут я ў бяспецы, тут іншая дзяржава. Пакіну яе межы — застаецца шыбеніца. А тут мяне абароняць.

— Знамяроўскі моцны чалавек?

— Чалавек не можа быць моцным. Але ён можа выставіць шэсцьсот коннікаў цыганскага рушэння, ды яшчэ ён лідскі шляхціц, у яго сябры. Тут ракою льецца гарэлка, і ўсе гэтыя панічкі за яго хоць у агонь. Ды яшчэ сяляне. Так што, калі хто ў гэтай мясцовасці кароль, дык гэта ён... Пракляты богам край вар’ятаў і ёлупаў.

Яноўскі быў згодны з медыкусам: свет звар’яцеў менавіта ў той самы дзень, калі загонавая шляхта Ваўчанецкага адабрала ў Міхала маёнтак. Таму ён адсунуў ад сябе місу, наліў у кубак піва і зручна сеў у глыбокае мяккае крэсла. Медыкус сеў у другое крэсла, побач, і закурыў люльку.

— Дарэчы, як прозвішча пана? — спытаў распешчаны Міхал.— Я быў такі непачцівы... Як вас завуць?

— Ніхто,— раўнадушна сказаў эскулап.— Мяне завуць «Ніхто».

Яноўскі, як выявілася, яшчэ не перастаў здзіўляцца:

— То бок...

— А нашто вам трэба ведаць гэта? Хіба не я сам поруч з вамі, хіба нельга мяне называць проста медыкус? Або, можа, вы лічыце, што імёны адпавядаюць сутнасці рэчы або чалавека, што іх носіць? Я ведаў магната Кішку, і ён зусім не быў падобны на кішку. Нават для прамой кішкі ён быў занадта тоўсты і брудны. Паўстанец Дубіна быў адзіным на свеце разумным беларусам у свой час. Леў Сапега хутчэй падобны на лісіцу, і я ніколі не бачыў ніводнага Язэпа, які мог бы насіць тытул «прыўкраснага». Называйце мяне проста медыкусам.

Ён ахутаўся хмарамі тытунёвага дыму, і нечакана з-пад цяжкіх павек бліснулі яго вочы. Сказаў нечакана проста і сумна:

— І нашто гэта каму ведаць, хто абараніў мяне, слабага ў свой час. Людзям не было справы да таго, як памерлі два самыя дарагія мне чалавекі, памерлі з голаду. А я стаяў тады ў клетцы ля муроў нясвіжскага палаца... Дзень, другі, трэці... І няхай яны здыхаюць цяпер, бо гэта я, чалавек, пра імя якога ніхто ніколі не даведаецца, першы на свеце ачысціў аднаму чалавеку мозг ад кавалкаў раструшчанай чарапной косці і наклаў на дзірку ў чэрапе лапік з залатой пласцінкі. І гэты чалавек застаўся жыць.

Яноўскі толькі тут пабачыў, што пляшка з гарэлкай амаль пустая. Медыкус быў відавочна п’яны: зрэнкі яго вачэй зрабіліся чорныя, вялікія і трапяталі, як у атручанага. І аднак Яноўскі не спудзіўся: медыкус валодаў сваім мозгам, і мова яго рабілася ўсё больш рэзкай.

— Не думайце, што я рабіў гэта і многае іншае для людзей. Я не шкадаваў іх, не адчуваў іхняга болю, і, відаць, таму мне ўсе ўдавалася, за што шкадаваць чалавека? Вось ён набудаваў дзівосных палацаў, насаджаў дрэў, вырасціў паэтаў і дойлідаў. А заўтра знойдзецца вар’ят і пачне перапальваць на вапну статуі, разбураць палацы, паліць гарады. І паэта, якога абвясціў ерэтыкам, спальваюць, і з яго праху робяць клісцір сабаку заваёўніка, бо сабака нячыстая жывёліна, і ёй дапамагае клісцір з праху ерэтыка, як хрысціяніну — клісцір з мошчаў святога. Дзікуны і варвары заўжды такімі будуць па прычыне натуры сваёй... Мёртвае дрэва дае прытулак кузуркам, мёртвыя кветкі салодка вянуць, мёртвы чалавек — смярдзіць Смярдзіць ён, праўда, і жывы...

— Даволі,— сказаў Яноўскі.— Я шляхціц, мне непрыстойна такое слухаць. Але ж вы таксама чалавек І тыя, што будавалі, былі таксама людзі...

Абодва маўчалі. Потым, калі гэта стала нясцерпна, Міхал спытаў:

— Лепей скажыце мне, як гэта мой дзядзька стаў каралём цыганоў беларускай зямлі?

— Не толькі беларускай,— сказаў медыкус.— І Польшчы, і Літвы, і нават Украіны.

— Як жа ж гэта атрымалася?

— Вельмі проста.— Медыкус як быццам ачуняў ад ап’янення, бо выраз жаху знік у яго вачах і змяніўся галантнай і трошкі з’едлівай усмешачкай.— Прыблізна ў 1779 годзе Знамяроўскі быў звычайным дробным лідскім шляхціцам. Вы ведаеце, цяпер шляхціцу стаць багатым — гэта ўсё адно што дачакацца справядлівасці ад пана. Але са Знамяроўскім атрымалася так... У яго вёсачцы было не больш як сорак халуп, а на стайні стаялі дзве кабылы-свірэпы ды дрыкгант каралеўскі, якога вясной ражнамі на ногі ставілі. За лета коні трохі сыцелі, і, відаць, гэта было прычынай, што на іх паквапіўся нейкі цыганскі табар. Коней укралі. Тут Якуб выявіў сапраўдную адвагу. І не дзіва, іначай давялося б здыхаць з голаду, макам сесці і на месяц брахаць. Ён узяў двух сяброў, сеў на сялянскіх коней і пагнаўся за табарам. Дагналі яго ўночы. Іншы, можа, падумаў бы, а яны ўтрох напалі на цэлы табар, і пачалася бойка. Змялі мужчын, адсцябалі тых, хто супраціўляўся, адабралі ўсіх коней з табара і адлупцавалі ўсіх цыганоў, што ў гэты час там былі. З багатай здабычай рушылі яны дадому, а іх суправаджаў лямант абрабаваных. Нават пярыны цыганскія ўзялі для слуг. Паб’еш чалавека — ён пачынае цябе паважаць. Праз некалькі дзён з’яўляецца да Знамяроўскага дэлегацыя цыганоў Лідскага павета і просіць прыняць іх пад сваю высокую руку — за мужнасць. Пасля з’явіліся з Гародні, Трок, Вільні. Ён усіх літасціва прыняў. Нашто ім было патрэбна галаву торкаць у хамут? Яны не мелі права голасу ў сейме і палічылі, што такі моцны чалавек будзе іх там добра абараняць падчас сеймавых спрэчак. Словам, 17 жніўня 1780 года кароль Станіслаў-Аўгуст зацвердзіў шляхціца Якуба Знамяроўскага каралём над усімі цыганамі яго зямлі і даў яму адпаведны прывілей. Загадана мець цыганскую сталіцу ў Эйшышках, але Знамяроўскі не любіць там жыць. Да таго ж, загадай яму мець сталіцу ў раі, ён пабудуе яе ў пекле, бо не хоча падначальвацца нікому, нават каралю. І вось дзевяць год ён трымае пад моцнай уладай усіх цыганоў. Ён стаў багаты: кожны дзесяты конь, кацёл, талер, усё, што належыць цыганам, усё яго. Ён адбірае і больш, калі захоча. За гэта ён абараняе правы сваіх васалаў у сейме, чыніць там знешнюю палітыку сваёй вялікай дзяржавы.

— Якую? Што ён, войны вядзе, ці што? — здзівіўся Яноўскі.

— А чаму не. Збіраецца ж ён памагчы вам. Чым гэта не вайна? Мы цяпер, літасцю нашай шляхты і добранькага пана бога, зрабіліся такім народам, што ў нас цыганскае каралеўства — вялікая дзяржава, а бойка на палявой мяжы — знешняя палітыка...

— Не абражайце беларускай шляхты,— сказаў Яноўскі.— Яна — соль зямлі.

— Любы мой юнача,— мякка сказаў медыкус.— Я сам быў калісьці шляхціцам і дзякую богу, што я цяпер стаў проста чалавекам. Я добра бачу, вы сніце пра згубленую веліч, якой у шляхты нашай ніколі не было. Быў вялікім наш народ. Ён быў такім пад Крутагор’ем, Піленамі, Грунвальдам, падчас вялікай мужыцкай вайны семнаццатага стагоддзя. І што шляхта зрабіла для яго? Мы спудзіліся яго сілы, калі ён разбіў татар. У той час мы прадалі нашы вольныя княствы Літве: яна, маўляў, падтрымае нас супраць нашых сярмяжных братоў. Добра, мы асімілявалі Літву, мы пачалі набірацца сілы дзякуючы народу. І тады мы пайшлі на другую здраду: прадалі свой край палякам, адракліся ад веры, мовы, самастойнасці, шчасця, першародства дзеля чачавічнай поліўкі, дзеля ўлады, дзеля ганебных грошай. Злоснаму ворагу прадалі. Soaequdtio iurium — ураўнаванне правоў Літвы і Беларусі з каронаю — гэта было ўраўнаванне ўсіх перад тварам галоднай смерці.

Яноўскі спалохаўся — такі злосны твар стаў у медыкуса. Вочы наліліся крывёй, вусны крывіліся. З невымоўна з’едлівым, гідлівым выразам на твары ён сказаў:

— A pisarz ziemskiego sądy po polsku, a nie po rusku pisać powiniem lędzie. Мова наша мілая, паўнагучная, плаўная, дарагая. Як поплаў блакітны! Куды мы яе кінулі, пад чые ногі мы яе затаўклі?

Яноўскі не знайшоў што сказаць.

А медыкус раптам як абмякнуў. Стомлена апусціў плечы:

— Я нічога не маю супраць палякаў. Нягоднікаў там не больш і не менш, як у іншых народаў. Але я нідзе не ведаю горшых паноў, чым там. З такой пагардай да мужыка, з такой насякомай зласлівасцю, з такім адчуваннем сваёй вышэйшасці. Яны і нас заразілі гэтым. І, галоўнае, ніхто не бачыць, што дзяржава коціцца да прорвы. Гандлююць ёй напрапалую, п’юць, гуляюць, як перад гібеллю, раздзіраюць, катуюць народ. І загінуць хутка. Ужо смярдзяць нават. Што ж, нам не будзе лепей ні пад цяжкім нямецкім задам, ні пад уладай дзяржаўнай шлюхі. Там дазволілі ссылаць сялян на катаргу і забаранілі ім скардзіцца на памешчыкаў. Там адсеклі галаву адзінаму сапраўднаму чалавеку нашага стагоддзя — Пугачову. Яму трэба было пасылаць людзей да нас і прасіць дапамогі. І я першы ўзяў бы вілы.

— Слухайце,— перабіў яго Яноўскі,— калі вы будзеце так абражаць шляхту, я вас шабляю ўдару. Я паскарджуся каралю.

— А чаго ад вас і чакаць,— спакойна і вельмі ціха сказаў стары, гледзячы на юнака дапытлівымі вачыма.— Ударыць старога, забыць рыцарства і сумленне, выдаць... Але я скажу вам, што гэта не атрымаецца. Бачыце?

І ён спакойна сагнуў кашчавай рукою срэбны талер, які дастаў з кішэні.

— Да таго ж, Знамяроўскі не памірае кожны месяц ад абжорства і гарэлкі толькі таму, што я мастак сваёй справы. Улічыце. Ён не аддаў мяне Радзівілу, а Яноўскаму не аддасць і пагатоў.

І раптам ласкава паклаў руку на Міхалава плячо:

— Хлопчык вы мой, мне, магчыма, нават радасна бачыць ваш запал і свежую кроў у жылах. Але вы, даруйце мне, вельмі яшчэ дурненькі. Вы сутыкнуліся з нашым правам сілы, вас выкінулі з уласнай хаты. Вось вы сутыкаецеся з уладай, з дэспатызмам паноў — і тады вы зразумееце мяне, калі сэрца ваша баліць за радзіму. Зразумейце, аснова ўсяму — мужык. А мы, як кажа Вальтэр, даём яму выбар: або тры тысячы палак, або тры кулі ў галаву.

— Хто гэта, Вальтэр? — змрочна спытаў Яноўскі.

— Адзін вельмі разумны француз. І няхай мне бог заб’е ў зад самы тоўсты малітоўнік з бібліятэкі Радзівіла, калі Вальтэраў пасеў не зарунее калісьці на зямлі. Можа, нават хутка. І тады нашы дурныя, як слуп, паны пойдуць на кажамякін шасток. Хрэнам ім сядзе ў горле сённяшняя гарэлка... Я вам дам пачытаць ягонага «Кандыда». Сам пераклаў.

І тут яны раптам заўсміхаліся. Лядок растаў. Яноўскі вырашыў нічога больш не казаць медыкусу. Непрыемна, вядома, што ён так лае ўсё дарагое яму, Яноўскаму, але рота яму не замажаш. Прынамсі, лае цікава...

Увечары іх паклікалі на гулянку ў «палац» Знамяроўскага. Адмовіцца было нельга, хоць Міхал вельмі стаміўся: па іх прыйшоў узброены гайдук, апрануты на польскі манер, у чыкчыры з вялікімі вызалачанымі гаплікамі і ў жоўтых паўбоціках. Доўгія валасы гайдука былі сабраны ў касу, а дзве невялічкія коскі звісалі на скронях, як яўрэйскія пэйсы.

— Бачыце,— іранічна сказаў медыкус,— вопратка нязручная, шыць яе цяжка. Таму выбіраюць ёлупа з добрай фігурай. І вось здаровы мужык, якому зямлю араць трэба, ходзіць скрозь, як індык, смярдзючка такая.

— Загадана адвесці паноў,— сказала «смярдзючка» густым басам.

— Ну, пакажы ж ты мне свой шчыры беларускі нос,— ласкава сказаў медыкус.— Бачыце, Яноўскі, якая кірпа: за тры сажні курнай хатай тхне, а спытайце яго, што ён павінен рабіць.

Гайдук радасна выцягнуўся і затарабаніў:

— За ксяндзом Геронімам Капуцынам сачыць, каб мёд, што пану варыў, не атруціў; хлопаў брудных карбачамі сцябаць за падступныя, значыцца, намеры; трымаць шаблю панскую. А таксама жыдоў, калі арэнды не заплацяць, біць і бахуроў іхніх браць на пана-караля, прымушаючы ў веру хрысціянскую пе-раходзіць.

— А дзеці твае дзе?

— Па літасці панскай у школцы вучацца.

— На каго?

— На па-ны!!! — гаркнуў гайдук, вырачыўшы вочы.

— А да маткі ў вёску ходзіш?

Гайдук засаромеўся:

— А чорт яе ведае, і дзе яна там жыве.

Медыкуса перасмыкнула:

— Г... ты, братка.

 

1 Сенацкае.

2 Чарвяк.

ІІ

«Палац» ззяў агнямі і плошкамі. У зале было амаль пуста, стаялі толькі сталы, якія аж ламаліся ад страў, і простыя лавы. Больш тонкай мэблі тут не было ніколі. За сталамі сядзела ўжо дзесяткі два гасцей, а на канцы стала, бліжэй пад дзверы, загонавая шляхта. Сам Знамяроўскі сядзеў на ўзвышшы на крэсле з высокаю спінкай. Выглядаў па-ранейшаму, толькі нацягнуў на тоўстыя ногі аксамітныя порткі.

— Спазніліся,— раўнуў кароль.— Час пачынаць.

Два гайдукі ўцягнулі з суседніх дзвярэй «мітрапаліта» з сенам у валасах і коса насунулі яму на галаву штосьці падобнае на мітру. Мітрапаліт звесіў галаву і ціха мыкаў, парываючыся нешта сказаць. Паюк, што стаяў за крэслам караля, паклаў перад святым айцом на пюпітр тоўстую біблію.

— Пачынай набажэнства,— сказаў кароль.

Адказам было мычанне.

— Вы што, не маглі працверазіць чалавека?

— Цэбар вады вылілі, не дапамагло,— спуджана замармытаў гайдук.

— Раскрыйце кнігу і торкніце пальцам дзе-небудзь. Ён прывычны, не першы раз так,— параіў медыкус.

І сапраўды дапамагло. Мітрапаліт механічна пачаў чытаць, водзячы асавелымі вачыма за тоўстым, як капыт, пазногцем гайдука.

— Другазаконне, раздзел дваццаць пяты. «Калі б’юцца між сабой мужчыны і жонка аднаго падыдзе, каб адбіць мужа свайго з рук тых, хто б’е яго, і, працягнуўшы руку сваю, схопіць яго за сорамны вуд, то адсякі руку яе...»

— Не тое, здаецца,— закруціў галавою кароль.

Старонку перагарнулі. Шляхта, якая ўстала, і нацягнуўшы шапкі і выцягнуўшы з похваў шаблі на доказ таго, што яна гатова абараняць веру аж да самага скону, таксама пачала круціць галовамі. Мітрапаліт зноў пачаў мармытаць:

— «Каханы мой прасунуў руку сваю праз шчыліну, і нутро маё хвалявалася ад яго».

— М-м-м,— замыкаў Знамяроўскі,— гартайце далей, д’яблы.

— «Бо адкрыецца сын мой Ісус з тымі, хто з ім, і тыя, хто застанецца, будуць цешыцца чатырыста год. А пасля гэтага памрэ сын мой Хрыстос і ўсе людзі, што маюць дыханне».

Мітрапаліт часта залыпаў вачыма, нешта ўзважваючы п’янай галавой. Пасля пачаў дробна жагнацца.

— Дык... дык гэта мы 1400 год таму ўсе памерлі... Божа мой!.. Бо-ожа мой!.. А бо-го-го-го-жа мой!.. І яшчэ мала нам за грахі нашы... Гэта атрымліваецца, браткі мае, пекла... І агні... А ты — на ўзвышшы — Люцыпар.

Знамяроўскі пачаў пацепвацца. Гаркнуў, наліваючыся крывёй:

— А ідзі ты ведаеш куды з тваёй бібліяй?

І кінуў:

— Канчай рытуал. Халера на вас, папоўскія храпы.

Госці шумна пачалі рассаджвацца. Мітрапаліт таксама сеў, і яму ў нерухомыя рукі ўсунулі кубак.

— Слухайце, гэта ж кашчунства,— прашаптаў медыкусу Яноўскі.

— Нічога, сынок, вучыся,— таксама шэптам адказаў медыкус.— Яны не паважаюць нават апоры сваёй. А зараз пабачыш, як яны паважаюць сябе.

Пачалі піць і закусваць. Падавалі піва чорнае і белае, настойку «тройчы дзевяць», кюмель і мёд. Госці, што сядзелі ля Знамяроўскага, елі мядзведжыя шынкі, хрыбтавіну асятровую, смажанага лебедзя і іншыя далікатэсы. Загонавая шляхта — боршч з сасіскамі, разварную ялавічыну, палаткі, гарох са свінінай; сотнямі знішчалі гарачыя, як агонь, наперчаныя біткі. Нягледзячы на тлустую ежу, усе хутка ап’янелі, бо пілі так, як нават Яноўскаму не даводзілася бачыць. Ён звык да штодзённай нормы ўжывання віна шляхецкай вялікай сям’ёй — дванаццаць бутэлек. Першыя чатыры амаль паўсюль выпівалі за першым абедам, у дванаццаць гадзін дня. Другія чатыры — за другім, у чатыры гадзіны. За вячэраю, якая бывала, звычайна, у 10—11 гадзін вечара, канчалі норму і больш не пілі. Дванаццаць апосталаў — дванаццаць бутэлек. А тут на стол усё цягнулі і цягнулі бутэлькі «мядзведзікі», «удовы», маленькія бочачкі. Бутэлькі былі розныя: пузатыя, доўгія, пляскатыя з «таліяй» (каб зручна было трымаць у п’янай руцэ). «Мядзведзікі» былі ў выглядзе мядзведзяў, бараноў, ільвоў — гарэлка біла ў іх з ратоў. Але цікавей за ўсё былі «ўдовы», бутэлькі ў выглядзе абаранка. Удовамі іх звалі таму, што такія бутэлькі і сапраўды часцей за ўсё ўжываліся ўдовамі. Прычапурыцца жанчына, налье ў такую бутэльку гарэлкі, насуне на носік абаранак, надзене бутэльку на руку, бліжэй да локця, і ідзе да аўдавелага кума развеяць тугу.

Напіліся да таго, што нейкі шляхцюк пачаў рагатаць, гледзячы на ўласны палец, а другі засяроджана браў з талеркі пірагі, выграбаў з іх пальцам начынку, а астатняе кідаў пад стол, дзе круціліся дацкія сабакі — п’яўкі.

Але стрыжнем вячэры была вялікая чаша, у якую ўваходзіла пяць бутэлек віна і яшчэ тры ў накрыўку. Сапраўдны пітун павінен быў піць не глытаючы, каб віно проста пералівалася ў горла. Таму з накрыўкі дазволена было піць толькі адным глытком, а самы келіх — у два прыёмы. І нікога не мінала горкая чаша сія.

Пасля яе зала нагадвала поле пабоішча, і гайдукі пачалі ўжо сцягваць некаторых гасцей, што абражалі апетыт параўнальна цвярозых, у «мярцвецкую». Дзіва, але мітрапаліт стаў амаль цвярозы, і толькі збытак вінных пароў выходзіў праз яго голую галаву, якая курылася, як вулкан.

Знамяроўскі сядзеў арлом. Азызлыя шчокі падабраліся, у карых вачах з’явіўся агеньчык, нос, падобны на піпку, міла чырванеў.

Усё было добра. Дзяржава яго была вялікая, сам ён быў цар цароў, эканоміка была ў парадку, пілі і елі дасхочу. Нават эмігранты з іншых краін (у асобе Яноўскага) прыпадалі да яго ступакоў. Велічны жывот караля ляжаў на каленях, доўгія рукі былі падкладзены пад зад, на твары блукала шырокая ўсмешка, і нават вочы замасліліся ад асалоды. І самыя думкі былі прыемнымі.

Ён мацнейшы за ўсіх, цыганы дрыжаць пад яго позіркам, улада над акругай поўная. Што можа зрабіць яму кароль? Праўда, царыца дабіраецца да яго зямлі, дзеліць Польшчу, але чорт яе бяры. Яму, Знамяроўскаму, і пры царыцы будзе не горш. А калі надта ўжо не спадабаюцца новыя парадачкі — можна разам з падданымі адкачаваць туды, дзе яшчэ будуць залатыя шляхецкія вольнасці. Ды не, не папусціць бог. Гэта ж такая сіла, шляхта! Хоць бы і ён нават?! А добры мой народ заўсёды дапаможа. Ён сваё панства любіць, шануе, ледзь не вышэй за пана бога ставіць. За дзевяць год улады ніхто сур’ёзна нават і не думаў абурацца. А надумаецца — скручу.

— Келіх сюды, свінтухайлы!

А медыкус, седзячы ля Яноўскага, раптам спытаў:

— Ведаеце, чаму тут так п’юць... не на жыццё, а на смерць?

— Людзі тут такія,— разгубіўся Яноўскі,— тут ужо нічога не зробіш.

Медыкус непрыемна скасавурыўся:

— Глупства! Мы любім піць не больш і не менш, як усе іншыя людзі на зямлі. Але мы — гной пад нагамі чужынцаў. Нават у жыцці сваім ніхто ў гэтым праклятым каралеўстве не ўпэўнены. А гарэлка — гэта сябры, гэта — пяць — дваццаць — тысяча шабляў такіх сабутэльнікаў, узнятых на тваю абарону, калі нападзе мацнейшы сусед. Няма цвёрдай улады — пануе моцны, мы п’ём. Простая механіка? П’янствуюць людзі — значыцца каралеўства гіне. Верная прыкмета. П’юць, каб забыць, каб заліць гора і знішчыць няўпэўненасць. Але галоўным чынам, каб прыдбаць сяброў.

І ён спапяляючым позіркам паглядзеў на шляхцюка, які «скакаў», адрываючы на які-небудзь дзюйм ногі ад падлогі, круціў галавою і вывяргаў брыдкую лаянку.

— Дурныя людзі. Усё не па-людску. З самага пачатку толькі і робяць, што гандлююць радзімай. Магутная цыганская дзяржава... П’юць, як свінні. Дзеці нараджаюцца ідыётамі: яны яшчэ ў чэраве маці атручаныя гарэлкай. Ёлупы і юродзівыя! І за ўсё гэта заплацяць нашчадкі. Ім яшчэ рыгнецца за кожную нашу чарку, за кожную ноч распусты. Яны будуць кашчавыя, слабыя на цела і мозг.

Яноўскі хацеў адказаць яму, але пабачыў, што кароль заве яго пальцам. Ён падышоў да яго. Знамяроўскі глядзеў на яго вар’яцкімі вясёлымі вачыма.

— Што, пасол, нудзьгуеш?

— Наадварот, мне весела, вялікі кароль.

— А мне нудна. Насмяшы ты мяне, пляменнічак. Насмяшыш — шкадаваць не будзеш, шчыра кажу. Загаўкай, ці што...

Яноўскі маўчаў. У гэтую хвіліну ён лепей даў бы сябе разрэзаць на кавалкі, абы не смяшыць гэтага тлустага кабана. Ён упарта сціснуў зубы.

Знамяроўскі пазяхнуў.

— Нудна мне з вамі. Адракуся я хутка ад трона і пайду... у манастыр. Буду там сабе бога маліць, бо з дурнямі жыць не хачу. Вас, дурняў, і да Масквы не перавешаеш... Жыць буду ціха, пад званы. Дам ігумену куку ў руку, каб пахаваў мяне ў царкве. Бога, дурня барадатага, модламі падману. Сядзіш вось тут у мяне, гарэлку маю жарэш...

Яноўскі не вытрымаў. З ім ніхто яшчэ так не размаўляў:

— Маўчыце, пан кароль. Як бы не давялося вам казе пад хвост глядзець... Задзярэш зараз пяты, чорт гладкі!

Знамяроўскі зацікавіўся гэтай перспектывай:

— Ану... ану, давай. Паспрабуем. Бач ты, нахаба якая! Прыйшлі ў маю хатку ды б’юць майго татку... Ах ты, падла. Давай... паспрабуем, хто пяты задзярэ.

І крыкнуў гайдукам ля дзвярэй:

— Ану, паршыўцы, цягніце сюды палкі. Рыцарскі турнір!

Праз якую хвіліну абодвум далі тонкія доўгія палкі, і Знамяроўскі з нечаканым спрытам падвёўся і стаў у пазіцыю. Абодва стаялі адзін супраць другога, як баявыя пеўні, і нават чупрынка на галаве караля вельмі нагадвала грабеньчык.

Кароль зрабіў выпад — Яноўскі адбіў ягоную палку. Некалькі хвілін яны скакалі адзін вакол другога, саплі. Толькі і было чуваць:

— Я табе, булавешка дурная, ногі ў спіну пазаганяю.

— Я табе, дзядзечка, дам на пазвон.

— Мазгавешку расквашу, галадранец.

— Бач ты, кароль... (Трах-тах!) А ў самога бажок на нітачцы! (Бах!)

— Свіння не нашага бога! (Грук-грук!)

— У мазгаўні вычаўрыла.

У наступны момант ляпнула, як палкай па гарлачу. Вакол зарагаталі, загігікалі. Яноўскі, адчуваючы, як на галаве наліваецца вялізны гуз, утрапёна замахаў палкай, шмякнуў па нечым.

Кароль мякка схіліўся і заараў носам падлогу.

На адзін момант прыўзняў галаву, памацаў далонню размяжулены нос і сказаў ціха:

— Наша ўзяла... і рыла ў крыві.

І лёг на спіну, паказаўшы небу круглы пукаты жывот.

Да яго кінуліся, пачалі завіхацца, але толькі праз некалькі хвілін ён прыўзняўся, сеў за стол і, гледзячы на пляменніка, сказаў:

— Заўтра надвячоркам ідзём у наезд.

Праз гадзіну кароль абдымаў пляменніка, ціскаў яго, лез мокрымі вусамі да яго вуснаў:

— Братка ты мой! Хоць ты і тамцюр цара нябеснага, а я цябе люблю, дальбог, люблю... Даю сваё каралеўскае слова — адаб’ём твой маёнтак... Чуеце, чэрці, кароль слова дае!.. Заўтра ж паедзем. Вось толькі судны дзень учыню.

Яноўскі і медыкус пайшлі з залы, не дачакаўшыся канца гулянкі.

Цёмнае-цёмнае неба ляжала над палацам. З адчыненых вокан далятаў да іх шум неўтаймаванай папойкі.

 

ІІІ

Наступнага дня, ранічкай, ля каралеўскага дома, пад шыбеніцай, сабралася вялікае цыганскае судзілішча. Паставілі высокае крэсла, ля яго сталі два шляхцюкі і два цыганы ў кажухах з доўгімі пугамі на плячы. Сабраўся натоўп, пераважна з егіпецкага племя.

Кісла смярдзела конскім потам, кажухамі, іржавым жалезам. Цыганкі курылі люлькі, часам даючы пасмактаць цыбук мурзатым дзецям. Пасля ўсе прыціхлі. Набліжалася ўрачыстая хвіліна.

Пад спеў труб і грукат старога барабана паважна выйшаў з дзвярэй кароль Якуб. Сеў, сціскаючы ў правай руцэ нейкі пацямнелы, апраўлены ў золата прадмет.

— Што гэта? — зацікаўлена спытаў Яноўскі ў медыкуса.

Левы кут медыкусавага рота паехаў угару:

— Рэліквія. Дзяржанне той самай пугі, якой ён у дастаслаўны вечар, якім пачалося яго цараванне, лупцаваў канакрадаў. Чым не меч святога Стэфана?

Паюк агласіў высокім хрыпатым голасам:

— Слава. Сіла. Моц. Мы, кароль Якуб Першы... (зноў пацягнуліся тытулы, якія Яноўскі ўжо чуў), добрай воляй нашай пастанавілі імем цыганскай дзяржавы, дабрабыту і славы яе, склікаць сёння вялікае судзілішча, пасля якога, ачысціўшы добры наш народ ад зланамерных людзей, вялікі сейм дзяржавы цыганскай учыніць!

Заспявала труба. На тварах некаторых цыганоў Яноўскі заўважыў іранічныя ўхмылкі. Але ўсе маўчалі.

Першая справа была нецікавай. Нейкі цыган падбіў другога на крадзеж, загадзя ведаючы, што нічога добрага з гэтага не атрымаецца: коней вартуюць добра. Сам падбухторшчык шчасліва ўцёк, а яго няшчаснага саўдзельніка спаймалі і, усклаўшы яму на шыю вуздэчкі, білі, водзячы па вёсцы. Добра хоць, што не забілі да смерці.

Прысуд быў кароткі. Падбухторшчыку заплаціць штраф, трэцяя частка якога пойдзе пацярпеўшаму, і атрымаць дваццаць лоз, каб не быў напярод зламысным. Саўдзельніку — пяць лоз, каб не быў дурнем. Калі стан здароўя не дазваляе яму перанесці экзекуцыю, ён павінен выплаціць палову сваёй часткі ў каралеўскую казну.

— Колькі гэта будзе? — спытаў няшчасны, у якога была абвязана галава.

— Два бітыя талеры.

Саўдзельнік, крэкчучы, пачаў спускаць нагавіцы. Атрымаўшы тое, што належала, ён, абапіраючыся на плечы дзяцей, адышоў убок і лёг жыватом на траву. Яноўскі не заўважыў на твары караля Якуба пакут сумлення. Знамяроўскі глядзеў пыхліва і паблажліва на стракаты зброд, які віраваў ля яго трона.

Разабралі яшчэ некалькі спраў, і прысуд быў амаль той самы: лозы і штраф у каралеўскую казну. Фінансавыя справы караля відавочна паляпшаліся, і відавочна падаў настрой натоўпу.

Сям-там плакалі, скуголіла нейкая жанчына. Яноўскі заўважыў у вачах некаторых цыганоў і многіх мужыкоў падазроныя агеньчыкі. Але суд ішоў сваёй чаргой.

Новая справа прыцягнула яго ўвагу. З радоў выштурхнулі маладую дзяўчыну год семнаццаці і засмаглага, вельмі чыста, надзіва чыста апранутага цыгана, які быў, можа, гады на два старэйшы за яе. Рукі яго былі чорныя, скручаныя працай.

— Гэта яшчэ што? — з пагрозай спытаў Знамяроўскі.— Я вам што казаў? Колькі гэта можа цягнуцца? Я забараніў вам жаніцца год таму назад.

— Зваляліся,— каротка кінуў «каронны суддзя», загонавы шляхцюк Знамяроўскага.

Мітрапаліт узвёў вочы да яснага неба.

— Божа,— велягурыста загадаў ён,— даруй ім, гэтым неразумным агнцам тваім, усе іхнія грахі. Не бо, што робяць. У цемры, у граху душы іхнія... цёмныя вашы душы эфіопскія, каб вы здохлі, паскуднікі!

— Я вам што казаў? — страшна спакойна спытаў Якуб.

— Чаму? — выгукнуў цыган.— Чаму нам няможна? Я хрысціянін, поп ахрысціў мяне. Я сышоў з дарогі майго народа, я не хачу гандляваць коньмі. Я меднік, добры меднік. Я хачу чыніць замкі, а не ламаць іх. Вось яны, мае рукі.

Ён гаварыў горача, скажаючы ад хвалявання словы, патрасаючы чорнымі рукамі ў паветры:

— Я хачу асесці ў хаце Яна, яе татулі. Я буду многа працаваць за яе. Я буду аддаваць пану ўвесь заробак. Чаму?

Натоўп глуха зароў. Абражанымі здаваліся не толькі цыганы. Але тут Яноўскі ўбачыў, што Знамяроўскі ўстаў. Кароль быў амаль велічны ў гэту хвіліну. Трапяталі ноздры, вочы кідалі бліскавіцы.

— Маўчаць. Вы...

І адразу стала цішыня.

— Я забараніў. Хто ведае, можа, я і дазволіў бы. Але яны абышліся без дазволу. А хто наважыцца ламаць мой наказ? Ты? Ты? Ты?

Палец яго торкаў у асобных людзей, і тыя хаваліся ў натоўп.

— Ніхто. Я забараніў. Я!.. І гэтага досыць. Паюк!

Рука яго зрабіла жэст у паветры. У той самы час паюк прывычным рухам рукі раздзёр на дзяўчыне летнік і рубок і адкінуў іх на траву. Яноўскі чакаў, што натоўп выбухне крыкамі абурэння, але натоўп маўчаў. Бацьку дзяўчыны яшчэ раніцою заперлі ў пуню.

Яноўскі, здзіўлены маўчаннем, перавёў вочы на людзей і заўважыў дзіўнае: усе, нават хлопец-меднік, якому ў гэтым, здавалася б, не было патрэбы, стаялі, шчыльна заплюшчыўшы вочы, быццам баяліся абразіць галізну. Глядзелі толькі людзі з акружэння Знамяроўскага.

Дзяўчына, не разумеючы яшчэ, што здарылася, глядзела вакол вялізнымі сінімі вачыма. Пасля глуха, з такім болем, што ў Яноўскага абарвалася сэрца, войкнула і закрыла далонямі чырвоны твар. Худыя локцікі дарэмна намагаліся прыкрыць яшчэ слабыя неразвітыя грудзі.

Не маючы змогі апусціць вочы, Міхал глядзеў на тонкую, не аформленую яшчэ постаць, на мяккую акругласць жывата, на плаўную лінію, што падзяляла сціснутыя ногі. Ён хацеў крыкнуць, хацеў спыніць гэту агіднасць, але не мог.

— ...і таму, за непаслушэнства загадам каралеўскім і парушэнне законаў чалавечых пра цнатлівасць дзявочую, прысудзіць Алёну Свеціловіч да пакарання лазой.

Дзяўчыну павялі. І тут Міхал сілай сваёй ранняй вопытнасці заўважыў дзіўны выгіб паясніцы і нейкія звязаныя, ненатуральныя рухі клубоў. Голас, якім ён крыкнуў наступнае, быў хрыпаты і рэзкі:

— Пакіньце гэта!.. Вы што ж, не бачыце, што яна цяжарная?!

Знамяроўскі, які ўжо паспеў астынуць, паглядзеў на яго заплыўшымі вачыма і нерашуча сказаў:

— Ну што ж, можна і так. Прынясіце лесвіцу. Мы адлічым лозы, прывязаўшы гэтую распусніцу да прыступак жыватом... каб не скінула.

— Позна, я вам кажу. Яна на трэцім месяцы.

Знамяроўскі, здаецца, нават узрадаваўся гэтаму:

— Добра. Я адмяняю загад.

Мітрапаліт пасунуўся да яго і зашаптаў нешта на вуха. Кароль залыпаў вачыма:

— І сапраўды... а як жа слова караля? Не, так не пойдзе...

Ён павагаўся:

— А вось што... Калі лозы ёй пашкодзяць, дык не пашкодзяць шляхецкія абоймы. Хто хоча ўзяць гэтую распусніцу ў наложніцы?

— Ёй спачатку трэба паразмаўляць з духоўнай асобай аб сваіх грахах,— сказаў мітрапаліт.

— Гм,— хмыкнуў кароль.— Ну што ж...

Але ў гэты момант медыкус раптам выпаліў:

— Я... я бяру яе. І хай паспрабуе нехта крануць яе пальцам.

І ён рэзкім рухам накінуў на плечы жанчыне сваю мантыю.

Адказам на гэты жэст быў рогат. Забыўшыся на аўтарытэт, кароль захлынуўся смехам, трымаючыся за бакі. Ён пасінеў, у горле яго нешта сіпела і клахтала.

Празрысты нос медыкуса стаў малінавым: гэта быў яго манер чырванець. Ён узяў за плячо знясіленую сорамам, аслупянелую жанчыну і павёў яе.

Здавалася, што на гэтым справа і скончыцца, тым больш дзіўным было з’яўленне перад каралём тоўстага цыгана ў кажусе.

— Кепска робіш ты. Чым перашкодзіў табе мой сын?

Кароль глядзеў на яго з лютым гумарком у вачах.

— Ён хоча жаніцца. Кепска скончыцца ўсё, калі роме будуць так крыўдзіць.

У адказ на гэта ў паветры пралунаў гучны пляск.

— Дурань ты, бацька,— прагаварыў цыган, трымаючыся за шчаку.

Але Якуб не звяртаў ужо на яго ўвагі. Ён стаяў над прыціхлым натоўпам, узнімаючы ў паветра свой залаты скіпетр.

— Улюбёныя цыганы! Добры мой народ! Скончыўся суд, і мы, ачышчаныя ад брыдоты, моцныя як ніколі, можам сабраць наш вольны сейм.

Міхалу абрыдла слухаць гэтыя словы. З цяжкім сэрцам выбраўся ён з гамарні і сутыкнуўся з медыкусам, які вяртаўся на сваё месца.

— Навошта вы зрабілі гэта? — з дакорам спытаў Яноўскі.— Разбілі, сапсавалі жыццё людзям.

— Ого,— здзіўлена працягнуў стары цынік,— не пазнаю доблеснай шляхецкай крыві.

І, перш чым юнак паспеў ускіпець, працягнуў:

— Каб я быў бугаём, мяне, на жаль, даўно прадалі б на мяса. Каб нехта сказаў мне: «Пане, зганьбіце гэтую дзяўчыну, а іначай мы вас павесім»,— я адказаў бы яму: «Бярыце мяне, менш буду пакутаваць. Адным ганебным успамінам будзе ў мяне менш на зямлі».

І дадаў:

— Гэта, вядома, жарты. Людзі не варты спагады, але... я сёння проста не мог. Гэтыя слабыя плечыкі, гэты рух, якім яна закрывала твар, менавіта твар. Што зробіш, я непаслядоўны чалавек. Якуб, уласна кажучы, вельмі добры для шляхціца, мы ўломім яго пасля. Прыйдзе і на яго часіна з добрым гуморам. І няхай дзяўчына чакае гэтай хвіліны ў маёй хаце, а не ў хаце гэтага юрлівага папа.

Роў натоўпу перарваў яго словы. Абодва паспяшаліся праціснуцца да трона. Адбылася нейкая змена. Людзей, якія толькі што стаялі ў пахмурным, пагрозлівым маўчанні, нельга было пазнаць. Палаючыя нянавісцю вочы, ашчэраныя зубы.

І сярод іх стаяў, узвышаючыся над галовамі, Знамяроўскі і крычаў, патрасаючы рукамі:

— Вы бачыце яго (рух у бок Яноўскага), вы бачыце гэтага гожага чалавека, уладара братняй, але маленькай і слабай дзяржавы? Вы бачыце яго сумленныя вочы? Чым ён вінен, што хоча жыць самастойна і шчасліва? Але яму не даюць так жыць.— Голас караля дрыжаў: — Злосны і падступны сусед, адроддзе пекла... як бо яго завуць, гэтае адроддзе пекла, а, Міхал? Вось-вось... Ваўчанецкі яго завуць... падступна напаў на яго, парушыў ягоныя межы. Яго маленькі, даверлівы, добры народ пакутуе пад пятой чужынца, які ломіць яго веру, звычаі, волю. Няўжо вялікая дзяржава цыганская, абаронца справядлівасці і законнай улады, спусціць гэтаму аспіду і васіліску? Не, не будзе гэтага.

Ён прыкрыў рукой вочы і хіснуўся (у паветры моцна запахла гарэлкаю і вайной). Баба, што стаяла непадалёку, раптам загаласіла:

— А-а, божа мой, а што ж гэта з ім, галубчыкам нашым, робіцца? А як жа ж ён жаласна гаворыць!

— Да таго ж,— працягваў кароль,— мы, магчыма, і змаўчалі б, каб гэты Ваўчанецкі не рыхтаваў замаху на нашу волю і незалежнасць. Гэты аспід і васіліск пырскае чорнай жоўцю. Ён сабраў зброю, паставіў пад ружжо сваіх гайдукоў. Ён збіраецца вераломна напасці на нас. Няўжо мы будзем цярпець гэта, мужны народ цыганскі і русінскі? Яны захопяць нашу зямлю, згвалцяць нашых жонак, забяруць нашых коней, цудоўных коней. І не застанецца нават следу цыганскага на зямлі, бо вы будзеце рабамі.

У натоўпе сям-там галасілі бабы. Апакаліптычны жах лунаў над галовамі людзей. Жах і свяшчэнная нянавісць. Чуліся выкрыкі:

— Смерць ім! Бач ты, коней!!! Ражна з’ядуць!

І грымеў голас Знамяроўскага:

— Не, мы самі нападзём на іх. Мы ступім ім на шыю. Мы забяром іхніх коней, мы згвалцім іхніх жонак, мы спалім іхнія хаты. І заззяе ў славе каралеўства цыганскае на векі вякоў. У славе і свабодзе! Нас пакрыўдзілі! З намі бог!

Натоўп роў, стагнаў, задыхаўся. Трэслі кулакамі ў паветры, махалі дубцамі.

— Коні! Коні! Коні!

— Я пайду! І я... І я...

Нехта разважліва бубніў:

— Я не люблю біцца. Але калі яны на нас так, дык мы ім усыплем.

— Бі іх! Смерць драпежнікам!

— Выступаем сёння ўночы! — крычаў Знамяроўскі.

— У-ра! Коні! Коні! Бацька ты наш, літасцівец, уладар!

— Вядзі нас! Вядзі!

Узрушаны натоўп паваліў з плошчы.

 

IV

Па пыльнай дарозе яны пад’ехалі да пушчы. Ад узлесся да Яноўшчыны заставалася не больш трох гадзін язды. Першая зорка пералівалася ў вышыні кропляю крынічнай вады. Стаялі і марылі паабапал дарогі замглёныя раннім туманам стагі.

Ехалі конна, людна і збройна цэлыя суткі, зрабіўшы два невялікія прывалы. Наперадзе ехала дзесяткаў пяць конных цыганоў у кажухах з рацішчамі, пугамі і фузіямі. Пасля цягнуўся воз з каралеўскай кухняй, шатны воз, воз з трыма хартамі і паляўнічымі сокаламі. Пасля — воз караля, вышынёю ў два сажні, упрыгожаны кілімамі.

За ім — трыццаць вазоў са шляхецкай пяхотай. Гэта былі бясконныя загонавыя шляхцюкі, узброеныя шаблямі і пулгакамі, у чыкчырах і чугах, расшытых пазументамі, але сям-там зацыраваных і нават проста дзіравых. Шляхцюкі ўзмоцнена паядалі вайсковы запас.

Замыкалі шэсце семдзесят мужыкоў на калматых і пузатых коніках.

Усяго сабралася больш за трыста чалавек, якія гарэлі жаданнем адпомсціць за няшчасную, знявечаную краіну каралеўскага пляменніка. Сам Яноўскі ехаў начальнікам галаўнога атрада.

На каралеўскім возе, вышэй за ўсіх, як ідал, сядзеў кароль і глядзеў на дарогу ў падзорную трубу.

Раз-пораз ад яго воза скакаў да Яноўскага коннік:

— Выклікае вялікі кароль і гетман.

Яноўскі ехаў да Якуба.

— А што, каханку мой, ці не бачна дзе на дарозе ворага?

— Не бачна, вялікі кароль.

— Ну глядзі ж. А ці не пад’язджаем мы, маршал, да межаў варожай дзяржавы?

— Не.

— То-то ж бо. Ну, ідзі сабе да авангарда.

Яноўскі ехаў, добра ведаючы, што праз дваццаць хвілін яго паклічуць і зададуць тыя самыя пытанні.

Пасля другога прывалу коннікі чамусьці ўсё намагаліся, седзячы ў сёдлах, зрываць кветкі, што раслі паабапал дарогі. Шлях ззаду быў густа засеяны цыганскімі шапкамі і мужыцкімі магеркамі. Коней пачалі гнаць без літасці.

Ляскаталі колы, грукалі капыты, доўгі шлейф пылу і дыму ад люлек стаяў за атрадам. Сям-там шляхта пачынала скакаць у вазах. Некаторыя вывальваліся ў пыл, іх на хаду ўсцягвалі на салому. Рогат, крыкі. У такт стуку капытоў гучала шалёная песня:

 

Чым жа ж цябе частаваць,

Ты ж мой міленькі?

Чым жа цябе частаваць,

Голубе сівенькі?

Бізуном, мілая,

Бізуном, мілая,

Бізуном, ух-ха-ха,

Мая чарнабровая.

 

 

Трэцяя частка воінаў нерухома ляжала ў вазах. Здавалася, што гэта не на вайну едуць, а вяртаюцца пасля піравай перамогі.

Пушча пачала радзець, калі ноч агарнула зямлю цемрывам і вільготным пахам далёкіх балот. Загрукаталі колы па невялічкім мосце. У таямнічай начной вадзе адбіўся рознакаляровы агеньчык Капелы. Кумкалі палка і дружна жабы ў сітнягах.

Толькі за паўгадзіны да гэтага кароль даў загад маўчаць. Нейкі шляхцюк плакаў на возе.

— Бож-жа ж ты мой? А як жа ж гэта маўчаць? А дзе ж вольнасці нашыя? А хто ж гэта асмеліўся нам рот замазаць? Загінула наша краіна...

Яму ўлілі ў горла кубак віна, і ён змоўк.

Вялізныя начныя дрэвы дыхалі водарам сухога летняга дня, які заблудзіўся ў шатах: шкіпінарам, мятай, яшчэ чымсьці, нявінным, чыстым, бесклапотным.

Заміргаў за павароткаю дарогі жоўты мірны агеньчык. Пасля другі, трэці. У былым доме Яноўскага не спалі. Дом гэты, аднапавярховы, з мезанінам і галерэяй, з дворнымі будовамі, размешчанымі квадратам, быў абгароджаны высокім частаколам з завостраных бярвенняў.

Пад’ехалі да брамы. Яноўскі заляпаў цяжкім чыгунным кальцом. У адказ сабачы брэх і голас:

— Хто там?

— Госці да пана Ваўчанецкага.

У гэты час цыганы зрабілі нешта накшталт дзвюх жывых лесвіц у баку ад брамы. Па спінах залезлі наверх два здаровыя мужыкі.

Яноўскі зусім забыўся на тое, што ў браме ёсць ваўчок. Пыхнула губка, асвяціла ягоны твар.

— А-а, вось якія госці! — прахрыпеў голас.— Стары гаспадар... Гэй, варта! Во-ох!.. Што гэта.

Пачуліся прыдушаныя гукі барацьбы. Форткі брамы расчыніліся, і шэры натоўп рынуў на вялізны двор. Пабеглі да дома. І раптам на галерэі нехта пачаў біць у звон. У хаце заварушыліся, забегалі. Пасля жахлівы залп у дзвярэй ірвануў паветра.

Усё закруцілася, як віхура. Аглушаны, збіты з панталыку, Яноўскі, думаючы, што ўсе ўжо забіты, глянуў на атакуючых і не пабачыў страт.

Пасля выявілася, што абаронцы, і ў тым ліку сам Ваўчанецкі, былі п’яныя, як сукіны каты. Іх заспелі проста за позняй вячэраю.

На ганку дома Міхал убачыў дзесяткі тры гайдукоў, якія палілі ў белы свет, і сярод іх самога Ваўчанецкага ў ружовых портках і з шабляю ў руцэ.

— На злом! На злом! — раўлі нападаючыя.— За радзіму! За каралеўства цыганскае! За караля!

Абаронцаў змялі і ўціснулі ў дзверы, дзе яны, устаткаваўшыся на сходах, атрымалі нейкую раўнавагу з нападаючымі. Абодва бакі палілі з фузій так, што атынкоўка са столі ляцела вялізнымі кавалкамі, агаляючы драніцы. У абодвух станах ужо меліся кантужаныя і аглушаныя. Палюбоўніца Ваўчанецкага, падтрымліваючы гонар ваяўнічай беларускай матроны, выліла начнік проста на галаву шляхцюку, што ўзначальваў авангард.

— Бі іх! Душы! З намі бог!

— Святы Юры і Русь!

Сілы ўсё ж былі няроўныя. Праз дваццаць хвілін барацьбы ўсе пачулі дзікі звон шкла: атрад «кароннага суддзі» выбіваў шыбы разам з рамамі, пранікаючы ў тыл ворага. Сярод мужных абаронцаў узнікла паніка.

— Нам здрадзілі! — зароў нехта.

Адны абаранялі нарабаванае, другія змагаліся за высокія ідэалы дабра і таму, натхнёныя відовішчам панікі, як ільвы, рынулі на агідных і вераломных ворагаў. Праз хвіліну іх схапілі, скруцілі і, кінуўшы ляжаць на падлозе ў кутку залы, рассыпаліся па пакоях.

Звон шкла, падаючы посуд, трэск фіранак на вокнах. Частка доблесных пераможцаў занялася рэквізіцыяй трафеяў, другая — сыпанула шукаць вінны склеп. Запалалі паходні, загарэлася наводшыбе падпаленая кімсьці адрына, надаючы феерверку яшчэ большую ўрачыстасць.

Бочкі выцягнулі на лужок, выліўшы палову на сходах. Выбівалі днішчы, прыпадалі да чырвоных каскадаў прагна, як атручаныя. У бутэлек адбівалі рыльцы. Запалалі вогнішчы, з хлявоў даляцеў роспачны лямант авечак і неўразумелае, здзіўленае кудахтанне курэй.

Праз гадзіну на вогнішчах смажыліся вялізныя кавалкі ялавічыны, круціліся на ражнах цэлыя авечкі. Разліўное мора віна.

Дзікімі вачыма глядзеў на гэтае спусташэнне Яноўскі. Гэта была галеча. Уварваліся, як дзікія гуны, і знішчылі ўвесь дабрабыт.

А на ганку, асветлены зарывам, стаяў кароль Якуб і, абапіраючыся на шаблю, глядзеў на агонь, як Нерон на пажар вечнага горада.

Паплавец перад ім нагадваў поле бітвы: у карцінных позах ляжалі людзі, збіўшыся ў кучу; блукалі, хістаючыся, параненыя ў бітве з Бахусам.

Шляхта піла ў зале. Елі, пілі, зноў елі і зноў пілі. Ялавічына, бараніна, смажаныя гусі, кюмель, мёд, гарэлка — усё знікала ў бяздонных жыватах, і Яноўскі ледзь не плакаў. Яноўшчына была спустошана да канца. Нарэшце і ён сам пачаў есці і піць. Што ж зробіш?

Стогны з кутка спынілі на хвіліну піраванне. Гэта нагадвала скаргі грэшных душ у пекле, але гэта стагналі пераможаныя:

— Развяжыце, развяжыце нас. Есці хочацца, есці. Разарацца, дык весела.

Кароль Якуб, якога падтрымлівалі пад рукі, падышоў да павержаных.

— Ага, аману просіце. А маёнтак аддасі?

— Аддам, годны рыцар, аддам.

— Кажы — кароль.

— Кароль, каханенькі, кароль.

— Дык вось, з маёнтка — прэч. Паспрабуеш зноў захапіць — галаву скручу. Аддасі пану Яноўскаму дваццаць кароў, трыццаць авечак, шэсцьдзесят гусей і іншае — па ліку з’едзенага і выпітага. Іначай — канец табе.

— Добра ўжо, аддам, аддам.

— А дараваць табе — справа гаспадара. Зараз дашлеш аднаго гайдука па бацькоў майго высакароднага пляменніка і другога — па кантрыбуцыю. Каб раніцою ўсё гэта было тут. А зараз — развязаць.

І кароль пацягнуў Ваўчанецкага віцаю ніжэй спіны на знак падначалення, а пасля пацалаваў у вусны.

— Ён вялікі, ён мудры! — зацягнулі старую песню прыдворныя Знамяроўскага.— Ён умее пакараць і ўмее літаваць.

П’янка цягнулася далей. Кароль і Ваўчанецкі брахалі пра старыя подзвігі, цалаваліся, ляпалі адзін аднаго па спіне.

Калі змрок знадворку стаў асабліва густым перад світаннем, двор і дом нагадвалі суцэльнае пабоішча. Героі ляжалі паўсюль, як трупы, смурод цягнуўся ад дагараючай адрыны.

Свіння, што нейкім дзівам не трапіла ў кацёл, хадзіла па двары і, задуменна рохкаючы, цалавала рыцараў у твары.

За сталом засталося не больш дзесяці чалавек. Кароль і Ваўчанецкі кудысьці зніклі. Медыкус дзяўбаў носам.

Яноўскі, якога амаль не трымалі ногі, даплёўся да дзвярэй і, чапляючыся рукамі за сценкі (моц божая: я ад плота, а яна да плота), пацягнуўся калідорам.

І тут ён натрапіў на нешта такое жахлівае, што хмель адразу выскачыў з галавы.

Упоперак калідора ляжалі два гайдукі і сам пан Ваўчанецкі, а на іх, з голаю шабляю,— Знамяроўскі. Ляжалі ў лужыне крыві.

— Здрада! — нема закрычаў Міхал.— Ваўчанецкі завабіў караля і здрадліва забіў яго. О подлыя!

Прыбеглі людзі. Аслупянелыя, стаялі яны над трупамі, з-пад якіх негустая чырвоная лужына распаўзалася далей і далей.

— Гора нам! — залямантаваў нехта.— Забілі караля! Упаў ты, паражоны рукою здрадніка! Змагаўся, як леў! Трох забіў!

Медыкус расштурхаў людзей і схіліўся над трупамі. Памацаў пульс. Пасля прыўзняўся і махнуў рукой.

— Што з ім? — трывожна спытаў Міхал.

Медыкус плюнуў:

— Свіння. Выбраў месца, каб апрастацца. Вось што бывае, калі п’юць без меры і не закусваюць. Насмактаўся чырвонага віна, лайдак.

— Можа, дапамагчы чым? — спытаў Міхал, усё яшчэ не разумеючы.

— Нашто?! Ён зрабіў самае лепшае, што можна было. Ну, калі вам так хочацца, дык засуньце яму яшчэ два пальцы ў рот.

У адказ «забіты» кароль моцна захроп, і яму адказаў пяшчотным насавым свістам «здраднік» Ваўчанецкі.

Так скончылася вялікая цыганская вайна, адна з самых славутых войнаў, якія вёў кароль Якуб Першы. Вялікую славу здабылі ў ёй усе мужныя змагары. Але і страты былі вялікія: адзін шляхцюк адбіў пячонкі, упаўшы з воза; два захлынуліся віном у склепе; пяць чалавек абпіліся да смерці. Яны загінулі за радзіму. Забітых агнястрэльнай і халоднай зброяй не было. Параненых было шэсць. Кантужаных атынкоўкаю — тры. Акрамя таго, «кароннаму суддзі» вышэйпамянёная свіння ад’ела вуха. Свінню за гэта раніцаю прысудзілі да страты і з’елі пад чорнай падліваю. Нарабілі брыдкасцей і насваволілі — у ахвоту.

А калі раніцаю Яноўскі, перадаўшы спустошаны маёнтак бацькам, паехаў паўночнай дарогаю разам з Ваўчанецкім (іх памірылі) да караля Якуба, які яго не адпускаў, на паўдзённай дарозе да Яноўшчыны можна было пабачыць павучальны малюнак: цягнуліся шляхам каровы, бэкалі авечкі, везлі на вазах гусей і бочкі віна. Каля вазоў крочылі пахмурныя хлопы Ваўчанецкага.

Пераможаны, згодна з рыцарскім гонарам, сумленна плаціў кантрыбуцыю сялянскай худобаю. Сам ён аддаў толькі віно.

Дзядзькі ішлі панурыўшыся, пахмурна гледзячы пад ногі. З хат уцякаў пах малака, уцякала няпэўная сялянская сытасць.

Курыўся дарогаю пыл.

 

V

Два дні цягнулася святкаванне перамогі ў палацы Якуба Першага. Гарэлі плошкі, палалі бочкі са смалою. Ляцелі крык, смех, тупанне аб падлогу. У кароткія хвіліны прасвятлення два разы ездзілі на шлях лавіць падарожных людзей у госці. Спаймаўшы мужыка, аддавалі яго гайдукам, каб тыя зацягнулі ў людскую і напаілі там да зялёнага змія.

Калі трапляўся панскі вазок — пераразалі яму конна дарогу, выляталі з-за дрэў, гікалі, хапалі за морды коней, устаўлялі ў колы вялізныя латы, бралі гаспадара ў палон і з пашанаю везлі ў палац, каб не было за сталом пустых крэслаў. А пустых крэслаў ставала ўсё больш і больш. Некаторыя госці захварэлі і не маглі нават рукою варухнуць. Тры загонавыя шляхцюкі ціха сканалі ў задніх пакоях. Адмучыліся.

Яноўскаму ўсё гэта так абрыдла, што ён знікаў з палаца і накіроўваўся куды вочы глядзяць, часцей за ўсё да медыкуса. Той таксама піў, але хоць разумнейшым рабіўся ад гэтага. Сядзеў, мачаючы агурок у соль, хрумстаў ім і, утаропіўшы ў сабутэльніка ярасныя вочы, злосна казаў:

— Бязглуздзіца! Не краіна, а плод шалёнай фантазіі бога. Вось мінуў чэрвень 1789 года, ліпень стаіць. Мужыкі пуп падарвалі, а тут гуляюць, як быццам заўтра сканчэнне свету. Не грамада, а авечы статак. Вось прыпомні мае словы: яшчэ і новае стагоддзе не настане, а гэтая гнілая дзяржава знікне з зямлі. Не будзе яе, духу не застанецца. І моцны воўк зжарэ слабага. І хоць бы дзе агеньчык! Па ўсёй зямлі маўчыць хлоп. Жонку яго цяжарную сцёбаюць — ён пану ручкі цалуе, галаву яму прабілі — ён крычыць: «Бацька наш, каралеўская кроў, вядзі!» Душна мне, браце, душна мне. Зусім здохнем, калі хоць дзе-небудзь не запалае.

Яноўскі слухаў яго з дзіўным спакоем. Нібы не яго любую, моцную, вольную дзяржаву лаялі. Нібы зусім не шляхціц ён, а самы звычайны лапаць. Словы медыкуса былі як павольна дзеючая атрута. Міхал па-ранейшаму пагарджаў мужыкамі, але і шляхту не мог любіць — наглядзеўся за гэтыя дні. І гэта было рыцарства, надзея Беларусі, яе блакітная кроў. Паганцы!

К канцу другога дня гулянкі адбылося адразу тры няшчасці: абпіліся да смерці два цыганы і памёр, таксама пасля выпіўкі, той цыган, якому прабілі галаву. Ён быў цыганскі старэйшына і піў ад ганьбы.

У дзень пахавання старэйшыны Яноўскі пайшоў да табара. Дзень быў спакойны, ён дагараў за лясамі чырвонаю стужкай зары, і таямніча вымалёўваліся на гэтым фоне спічастыя цыганскія буданы. Міхал прапусціў момант, калі нябожчыка панясуць у апошні шлях. Ён інстынктыўна не любіў чужой смерці, як кожны малады. Проста хацелася хоць хвіліну пабыць сярод людзей, якія не п’юць і не сваволяць.

Ён здзівіўся, убачыўшы, што трохі зводдаль ад шатра нябожчыка стаіць невялікі маўклівы натоўп, чарнеючы ў цемры.

Каб не перашкаджаць ім, Яноўскі адышоў у супрацьлеглы бок і сеў у хмызах, ля вялікага дуба. Тут ён бачыў усё, а яго не бачылі.

Хвілін пяць стаяла цішыня. Пасля няпэўны, ледзь чутны голас заспяваў дзіўную гартанную мелодыю. Праспяваў дзве-тры ноты і змоўкнуў. Падхапіў другі жаночы голас і павёў яе, скардзячыся, і зноў змоўк... Трэці, чацвёрты голас... Песня мацнела, але да самага канца заставалася нягучнай. І раптам зноў цішыня.

Толькі тут пабачыў Міхал, што ад пушчы цягнецца дзіўная працэсія. Людзі, што праводзілі старэйшыну на месца апошняга заспакаення, ішлі гуськом, па адным. Спачатку — цыганы, пасля — цыганкі.

Ля шатра паступова пачало разгарацца вогнішча, людзі кідалі ў яго сухія палкі. Доўгая маўклівая змяя павольна набліжалася ад пушчы.

Калі яна прайшла палову дарогі, нехта выліў на вогнішча цэбар вады. Засіпелі галавешкі. І адразу запалала вогнішча ля суседняга шатра. У яго няпэўным святле Яноўскі ўбачыў постаць проставалосай кабеты, якая крочыла насустрач працэсіі, трымаючы ў руках галавешку са згаслага вогнішча. Хустка на плячах кабеты развявалася ад хуткай хады.

Вось яна падышла да першага, падала яму галавешку. Той узяў яе, не аглядаючыся, перадаў цераз плячо наступнаму, а сам вымыў рукі і твар вадою, якую зліла яму з гарлача тая самая кабета. Усе перадавалі галавешку цераз плячо, усе мылі рукі.

Астатняя бабуля, таксама не аглядаючыся, кінула яе на дарогу. Зноў скардзячыся, заспяваў хор. Яноўскі не разумеў слоў, але хваляванне сціснула яму горла.

— Ідзі, ідзі ў свой далёкі шлях,— здавалася яму, спяваў хор.— Галавешка апошняга вогнішча, забытая на дарозе... Круцяцца, круцяцца колы... Няма спакою, няма адпачынку... Мы едзем, мы едзем, спаўняючы даўні запавет... Далёкая дарога... Ідзі ў той край, дзе скончацца бадзянні, дзе цябе не пакрыўдзяць... Круцяцца, круцяцца колы... Бясконцы, вечны наш шлях.

Кабета, размахнуўшыся, кінула палаючую галавешку ў шацёр памёршага, і ён адразу ўзяўся зыркім жоўтым агнём.

— Вось палае твой шацёр, апошні твой шацёр,— здавалася, спяваў хор.— Хутка нічога не застанецца ад цябе на зямлі... Застанецца галавешка на пыльнай дарозе, дым забытых кастроў, і колы твайго племя прарыпяць у цемры далей. Круцяцца, круцяцца колы... Далёкі шлях.

Яноўскі не заўважыў нават, што ўсё скончылася. Абудзілі яго ад задуменнасці крокі і галасы непадалёк. Пад дубам стаяла некалькі цёмных постацяў. Дзіўна, але размаўлялі яны па-беларуску.

— Вось і канец.

— Ад ганьбы памёр чалавек. Ой, роме.

Яноўскаму здалося, што першы голас — голас таго цыгана, якому кароль даў аплявуху тады на ганку, а другі — голас таго няшчаснага, у якога гайдукі Знамяроўскага збілі абады на дарозе.

— Хопіць,— азваўся густы бас.— Плачам справе не паможаш. Але заўтра ён нам адкажа, бізун голы.

— За другімі табарамі паслалі?

— Паслалі. Матыс Аўгусціновіч накіраваў чатырох.

— Добра. Толькі трымайцеся, браты. Так трымайцеся, як толькі можна.

Загаварылі па-цыганску, і Міхал павольна пачаў адыходзіць ад таямнічага зборышча. Толькі па дарозе дамоў ён зразумеў, што супраць Якуба рыхтуюць нешта нядобрае, і, хоць матыў цыганскага плачу стаяў яшчэ ў яго вушах, хоць дом Знамяроўскага і вечныя гулянкі яму астабрыдлі, вырашыў папярэдзіць караля. Проста на знак удзячнасці.

Але ў палацы зноў спявалі, зноў даляталі з акон крыкі, брынчанне струн, бразгатанне шкла.

З-пад стала тырчалі ногі мітрапаліта. Кароль Якуб сядзеў на сваім месцы, учапіўшыся ладонню ў нячэсаныя валасы. Карыя вочы былі ўтароплены ў нешта, што бачыў ён адзін. Міхал таргануў яго за плячо.

— Ты хто такоў? — цяжка, як воўк, павярнуўся да яго Знамяроўскі.

— Гэта я, ваша вялікасць, Яноўскі.

— А-а. Ян-ноўскі. А чаго ж гэта ты такі храноўскі? Ты хто такоў?

— Я пасол.

— А-а, пасол. Пасол замежнага каралеўства. Дык чаго ты лезеш сюды, калі кароль ад-п-пачывае ад д-д-дзяржаўных спраў. Ведай этыкет. Пасля прыму, праз тры дні. І не раней... Ведай маю дабрату. Пшоў прэч!

Яноўскі ледзь стрымаўся, махнуў рукою і на папярэджанні і на размову. Д’ябал яго бяры, раз так. Ён зусім сабраўся пакінуць залу, калі раптам галасы амаль усіх гасцей зараўлі нешта адзінае:

— Дзевак! Дзевак!

Гэты раптоўны псіхоз ахапіў усіх. Нават мітрапаліт выкаціўся з месца свайго адпачынку і пачаў крычаць:

— Вачыма намізаюшчых, тонкашчыкалатных, барвянадзясных, палка лабазаючых!!!

Якуб, як заўважыў Яноўскі, быў амаль раўнадушны да жанчын. Таму ён абыякава паклікаў гайдука:

— Адшукай гэтым бабздырам... І сумленных не бяры, гэтыя свінні ўсё адно нічога не разумеюць. Колькі іх тут? Дваццаць цвярозых? Вось столькі гуляшчых і знайдзі ва ўсіх вёсках.

І зноў сеў. Баль працягваўся, а Знамяроўскі ўсё ніжэй апускаў галаву. Яноўскі даўно заўважыў, што хмель налятаў на яго хвалямі.

— Дзевак! Дзевак! — зноў зараўлі госці.

І раптам Якуб устаў. Яноўскі жахнуўся, гледзячы на яго твар. Наліты крывёй, з ашклянелымі вачыма, страшны. Вялізнай, як цэбар, лапай грукнуў па стале:

— Маўчаць, падлы!

Знямелая цішыня запанавала ў пакоі. Толькі чутна было, як крывая свечка капала воскам на плеш нейкаму п’янаму і той мыкаў у сне.

На твары Якуба краплінамі высыпаў пот.

— Вы — падлы, вы — шчанюкі, п’янюгі, нахабнікі. Дзевак ім, віна! Дзе слава, дзе моц, дзе воля, дзе веліч?! Сны ўсё!!! Сны!!! Сны аб загубленым! З вамі, ці што, царствы пакараць? Вы, можа, воіны, вы, можа, людзі? Лярвы вы, еўнухі, чарвякі! Хто вам дасць больш — таму вы нявесту, маці, зямлю сваю... пад хвост!

Ён заскроб пяцярнёю па абрусе. Вочы сталі дзікімі і вартымі жалю.

— Мерцвякі вы! Людзей вы толькі распінаеце! І я распінаю, і я б’ю. Дзярмо — людзі! Руку, што б’е, ліжуць! Хоць бы хто, хоць бы хто мне па мордзе даў у адказ. Гной прымушу вас есці — будзеце жэрці. Харкну ў твар — зад пацалуеце. Шляхта! Соль зямлі!

Ён павольна пачаў спаўзаць набок, вывяргаючы самую чорную лаянку, упаў на падлогу, забіўся ў п’яных сутаргах, рыдаў:

— Мне б... мне б хоць у зубы тады... можа, чалавекам быў бы... Чалавекам.

Яму прыціснулі ногі, трымалі за галаву. Пасля панеслі ў спальню. Запанавала маўчанне, такое цяжкае, што, здавалася, грымні пярун — будзе лягчэй.

І раптам «каронны суддзя» выскаліўся, і з горла яго вырвалася:

— Гі-гі-гі-гі!

І адразу загігікалі, ашчэрыліся ўсе. Нясмелы спачатку, смех узмацнеў, пакаціўся хвалямі. Смяяліся доўга, са смакам.

— Дзевак прывёў! — абвясціў гайдук, з’яўляючыся ў дзвярах.— Недабраў толькі гуляшчых, таму з вёскі адну прыхапіў.

І сапраўды, у дзвярах стаялі нарумяненыя дзеўкі. Амаль кожная — капа капою. Вочы падведзеныя, бровы падмазаныя, зубы нахабна выскаленыя.

Усё завіравала. Тыя, што трымаліся на нагах, кінуліся на стракатую юбу. Віск, прытворныя ўскрыкі, смех. Сям-там пачыналі скакаць, сёй-той знікаў з залы. Нейкая таўстуха кінулася на Яноўскага:

— Прыгарні ж ты мяне, красунчык.

Ён з прыкрасцю адмахнуўся, выйшаў у калідор і пайшоў да выхаду. Слабы крык прагучаў за павароткаю калідора. Яноўскі ўбачыў постаць «кароннага суддзі», які паспешліва цягнуў кудысьці за руку дзяўчыну ў белым уборы. Танюткая, сінявокая, яна вельмі нагадала Міхалу тую, што схаваў у сябе медыкус. Тая? Не, не тая. Але падобная. Яна слаба чаплялася за сценку, ён штуршкамі адрываў яе, цягнуў далей. Спуджаная налётам гайдукоў, напалоханая карцінай оргіі, яна толькі паўтарала перарывістым, дзікім голасам:

— Пане! Пане! Пашкадуйце мяне. Я баюся.

«Зараз папросіць ляльку ўзяць з сабою»,— сумна падумаў Яноўскі.

Месяц назад ён прайшоў бы міма. Бацькі яго не заахвочвалі распусты, але гэта ж былі прыгонныя, быдла, створанае для лепшых людзей зямлі. Ды яшчэ і чужое быдла.

— Пане! Пашкадуйце! Памажыце!

І тут Яноўскі прыпомніў постаць той дзяўчыны, прыпомніў медыкуса, што накідваў на яе мантыю, прыпомніў п’яныя яго словы над талеркай з гуркамі, разгром Яноўшчыны, страшны, звярыны крык Якуба сёння ў зале, ногі яго, што біліся на зямлі.

Адзіным скачком ён дагнаў аднавухага, які ўцягваў ужо дзяўчыну ў пакой, і рвануў яго за плячо.

— Пусці. Чуеш, пусці яе.

— А-а, шчанюк... Адчапіся! Мая! — І суддзя пацягнуўся за шабляй. Замест таго каб выцягнуць сваю, Яноўскі сказаў зняважліва:

— Эх ты, соль зямлі...

І разлічана, страшна ўдарыў яго між вачэй. Вораг быў п’яны, толькі гэта і дапамагло Міхалу, калі яны пакаціліся па падлозе, месячы адзін аднаго кулакамі. Міхал хутка высвабадзіўся і, схапіўшы яго за скроні, ударыў галавою аб сцяну, а пасля яшчэ доўга біў яго, біў раз’юшана, глытаючы слёзы ад абурэння на самога сябе, на тое, што на іх амаль аднолькавая вопратка.

У калідоры пачуліся крыкі, тупат ног. Тады Яноўскі хутка выцягнуў ашаломленую дзяўчыну з кутка, штурхнуў у пакой і замкнуў за сабою дзверы. У дзверы адразу пачалі ламацца, пасля пакінулі, пайшлі кудысьці, і стала ціха.

Дзяўчына не плакала, яна проста глядзела на яго з цемры бліскучымі вачыма.

Яноўскі адсмактаў кроў і, каб не было саромна за раптоўны парыў, амаль суха спытаў:

— Як цябе завуць?

— Аглая,— прашаптала яна.

— Які чорт цябе сюды панёс,— сказаў Міхал і пачырванеў.

— Прывялі, пане,— уздыхнула яна.— Адну мяне ўзялі з вёскі. Я ведаю вас. Вы сястру маю абаранілі тады, калі яе хацелі караць... Яна сястра мая.

— Глупства,— разважліва буркнуў Яноўскі.

І таму, што з гэтай дзяўчынай нельга было размаўляць пра мову кветак і прыгоды Дафніса, прыбавіў:

— Кладзіся. Спі. Пойдзеш перад світаннем, калі ўсе заснуць. Зараз небяспечна. Могуць спаймаць за дзвярыма. Спі.

— А вы, васпане?

— Спі. Спі.

— Вы добры, вы вельмі харошы чалавек. Як быццам зусім не пан. Як брат старэйшы. Бог вам заплаціць за гэта, вы будзеце з намі ў раі.

І прыбавіла з глыбокім сумам:

— Я толькі думаю часам, ці ёсць ён, бог,— так мы пакутуем.

— Но! — па прывычцы прыкрыкнуў на яе Яноўскі і спалохаўся, бо яна раптам горка, узахлёб заплакала:

— Божа, як страшна! Як страшна!

«Раскапусцілася, Хадора»,— назнарок груба падумаў Міхал і раптам убачыў яе мокры ад слёз мізэрны тварык, вочы, у якіх стаяў сапраўдны жах.

Тады ён, сам не ведаючы, што прымушае яго так абыходзіцца з гэтай мужычкай, сеў поруч з ёю і пацалаваў яе ў лоб.

— Ну што ты, што ты? Нашто плакаць? Усё мінула. Ну, супакойся! У-у, румза. Ну ціха, ціха. Усё будзе добра. Пойдзеш адсюль перад світаннем. Усё абышлося, будзеш сабе жыць. Мужа табе знойдзем добрага, будзеце жыць, гадаваць дзетак.

Ён бачыў, што яна супакойваецца, але бачыў таксама, што ідылія, намаляваная ім, не даходзіць да яе. І раптам яна сказала горка, але амаль спакойна:

— Не, пане. Не абыдзецца. Другі раз не абыдзецца. Усе гэтым канчаюць, хто раней, хто пазней. Няма выйсця.

І таму, што ён усё яшчэ гладзіў яе галаву, адхіснулася ад яго і, прынікшы да сцяны, сказала:

— Я хацела б толькі, каб наступны раз, калі гэта будзе... мне хацелася б, каб гэта былі вы. Бо калі нейкі разлезнік або проста пан... я ўтаплюся тады.

Яноўскаму стала пякуча сорамна. П’янка, наезд, суд — і гэтыя словы, першыя словы, у якіх быў чалавек. За ўсе дні.

Ён сядзеў невядома колькі, сціснуўшы скроні, а пасля ўбачыў, што яна спіць, стомленая перажытым жахам.

І тады ён ціха, як злодзей, чырванеючы ад сораму, паклаў яе на падушкі, нячутна накрыў коўдраю, а сам доўга яшчэ глядзеў ёй у твар.

Пасля ўздыхнуў, сцягнуў з сябе чугу і, разаслаўшы яе ля дзвярэй, расцягнуўся на ёй.

У гэтым была і ганьба, і помслівая асалода, і нейкае светлае, чыстае, трохі сумнае і зусім новае пачуццё.

 

VI

— Пане, уставайце. Ой, пане, уставайце!

— Што, што такое?

— Ой, пане, дрэннае нешта робіцца за агароджаю.

Яноўскі ўсхапіўся на ногі. Перад ім стаяў адзін з гайдукоў караля, спуджаны ледзь не да смерці. Міхал, здзіўлены, чаму ён спіць на падлозе, нарэшце ўсё ўспомніў і спытаў:

— А дзяўчына дзе?

— Якая дзяўчына? А, гэтая, што тут? — І гайдук ашчэрыўся.— Мы іх раніцою не трымаем. Пайшла дахаты.

— Ну і добра.

З дзённым святлом, хоць і вельмі саслабелыя, вярнуліся забабоны і правілы маралі дзён былых. Яноўскаму было пякельна сорамна за падзеі гэтай ночы. Так, гэтая Аглая цудоўная дзеўка, так, суддзя не чалавек, а брудная свіння, і ён не шкадуе, што ўчора набіў яго. Але суцяшаць, як быццам поруч з табою няшчасная княгіня, але спаць ля дзвярэй, як быццам ты ў спальні каралевы. Бязглуздзіца!

Ён хутка апрануўся, прычапіў шаблю і пабег да дзвярэй. У замку было пуста. На ганку Міхал убачыў натоўп гайдукоў, якія завіхаліся ля гарматы, наводзячы яе на зачыненую браму. Бязладныя крыкі. Нехта сыпле ў жарало порах з картузоў. Мітусяцца, крычаць.

Яноўскі расштурхаў людзей, выбег на двор.

— Што такое?

— Паглядзі сам,— змрочна кінуў нейкі шляхцюк, жоўты з перапою.

Яго вачам адкрыўся жахлівы малюнак: выган перад частаколам быў чорны ад цыганоў. Задзёртыя засмаглыя твары, разяўленыя зяпы. Суцэльны крык. У паветры калы, сякеры, пугі.

Кажухі расхрысталіся на грудзях. У вачах лютасць.

Медыкус стаў поруч з Міхалам. Вочы яго ззялі незразумелым захапленнем.

— Сёння мы, здаецца, загінем.

Міхал кінуў на яго бліскавічны злосны позірк:

— Яны загінуць. Забыліся, на каго ўзнялі меч. Мы п’янюгі, але мы ўмеем ваяваць.

І скінуў шапку.

— Дзякуй табе, божа. Ты яшчэ раз дасі мне перад смерцю пабачыць, як замест віна льецца блакітная кроў.

Медыкус іранічна глядзеў на яго:

— Божа, якія героі!

— Дзе кароль? Дзе госці? — замест адказу спытаў Міхал.

— Дрыхнуць.

— Ну што ж, тым лепей.

І ён спусціўся ўніз. Яму ўдалося згуртаваць атрад з дваццацёх цвярозых шляхцюкоў. Ён паставіў іх трохі воддаль ад гарматы, злева ад брамы, каб ударыць, калі пачнуць прабірацца на двор.

«Каронны суддзя» выбег з дзвярэй, пабачыў, што шляхту ўзначальвае Міхал, і пачаў аддаваць загады гайдукам:

— Смялей, дзецюкі. Радзіма глядзіць на нас. Яна дарагая, яна вялікая. Хто памрэ, таго бог адзясную сябе пасадзіць. За радзіму, за караля!

— На злом! На злом! — раўлі тыя, што асаджалі.— Смерць уладарам!

У браму пачалі біць чымсьці цяжкім. Паляцелі гнілыя трэскі. І тут Яноўскі ўбачыў караля. Апрануты, як на баль, ён махаў у паветры шабляй, стоячы сярод захмялелых гасцей.

— Неба! Радзіма! Кароль! Валі, браткі! Сякерай іх! Друком!

Сэрца Яноўскага палала нябесным ярасным захапленнем. Не, жывая была адвага сотні пакаленняў, жывая была слава! Вось яна, сонная, ля віннай бочкі, убачыла небяспеку, разгарнула крылы і ляціць над галовамі людзей.

Форткі брамы разляцеліся. На двор рынуў натоўп інсургентаў.

— Святы Юры і Русь! Памром! — дзікім голасам закрычаў Яноўскі і кінуўся з шабляю насустрач. Адначасова ён пачуў крык Якуба і ўбачыў яго ўзнесеную шаблю. Не памятаючы сябе, у дзікім захапленні бою, ён урэзаўся ў натоўп, скрыжаваў з кімсьці шаблю, чакаючы, што зараз поруч стануць яшчэ і яшчэ людзі, Гарацыі, героі Плутарха.

Штосьці ўразіла яго. Ён азірнуўся. На пляцоўцы нікога не было, акрамя Якуба і яго. Дзе падзеліся астатнія, цяжка было сказаць. Міхалу здалося толькі, што пад ганкам, у лебядзе, варушыліся чыесьці ногі. Аднак ён біўся.

— Зараз ахне гармата. Вы заскачыце яшчэ.

Страшэнны пярун прагучаў над сечай. Калі дым разышоўся, Міхал убачыў ствол гарматы, амаль раздзёрты на закручаныя палосы, падобны на жоўтую лілею. Поруч з гарматай ляжаў, задзёршы дагары зад, «каронны суддзя».

У тую ж хвіліну шалёны натоўп закруціў Міхала і караля і панёс ад ганка. Іх схапілі, абяззброілі, паставілі воддаль адзін ад другога, скруцілі рукі.

Цыган, што атрымаў тады поўху, узлез на ганак:

— Роме, мы скінулі ярмо, што давіла нас. Цыганская рэспубліка, жыві! Прэч дэспатаў!

Натоўп адказаў крыкамі. Шапкі ўзляталі над галовамі людзей.

— Мы будзем судзіць караля. А ўсіх, што лютавалі, баронячы яго, аддаю ў твае рукі, народ цыганскі. Скончыліся паборы, скончыўся прыгнёт.

— Ура, Ян! Жыві! На шчасце цыганам!

Караля павялі ў палац. На ганку ён крыкнуў:

— Кароль у кайданах — усё роўна кароль!

Яноўскі кусаў вусны ад ганьбы. І гэта былі людзі, гэта былі героі! Лепей было памерці... Адны беглі на гармату — і гэта была быдлячая чарада з пугамі. Другія — узброеныя, магутныя, моцныя! Божа, божа! Засталася смерць. Толькі яна.

Ян падышоў да Міхала:

— Гэты вёў супраць нас шляхту. Ён адзін кінуўся на нас. Войска яго знікла. Праўда гэта, былы пан?

Яноўскі ўскінуў галаву:

— Праўда. І я пагарджаю вамі. Забіце мяне.

Натоўп зароў, замільгалі ў паветры друкі.

— Смерць яму, смерць!

Яноўскі глянуў на неба, якое было сведкам яго смяротнай ганьбы.

— Забівайце. Я хачу смерці. Мне нельга жыць.

Ён узвысіў голас:

— Калі тут не было сёння шляхты, калі тут былі адны свінні, хай хоць адзін памрэ за ўсіх.— І дадаў хрыпла: — Гонар, жыві!

Лаючыся, расштурхаў натоўп нехта калматы і вялізны. Узнёс самаробную дзіду. Яшчэ! Яшчэ! Ударылі злёгку па галаве.

І раптам нешта адбылося. Яноўскі, што закрыў вочы, адчуў, як нешта цёплае прынікла да яго.

— Не дам яго! Чуеце, не дам! Забівайце разам!

Ён зірнуў. Прыціснуўшыся да яго спіною, распасцёршы рукі, стаяла і глядзела проста ў вочы натоўпу Аглая. Глядзела белымі ад ярасці вачыма.

— Вы што, здурэлі?! Тых, што мучылі вас, тых, што здзекаваліся, не чапаць толькі таму, што сёння яны ўцяклі. А гэтага, які нікога не чапаў, які сястру і мяне абараніў,— забіць толькі таму, што смелы, што не спалохаўся адзін на ўсіх кінуцца? Вы баязліўцы, вы, вы, вы...

— Адыдзі, дзяўчына,— пагрозліва сказаў калматы.— Гэты — наш...

І тут Аглая ляснула яго па шчацэ.

— Твой! Хто гэта твой? Ён, можа? Твае толькі блохі ў кажусе ды крадзеныя коні. Ах ты, халера, казалуп чорны, страшны, рыбак па чужых стайнях. Твой ён? Не! Мой ён, мой! Я тут кожнаму з вас за яго... за яго... за яго...

Цыган з апаскаю адступаў.

— Ён і не пан зусім. Пан не абараняе ад бізуноў прыгонную, пан не будзе біцца з другім панам за дзявочую цноту, не абароніць яе ад усіх, не ляжа на парозе, каб абараніць спакой прыгоннай.

— І ўсё ж я шляхціц,— з гонарам сказаў Яноўскі.— Няма жыцця. Дзякуй табе, харошая, але сёння мне хочацца смерці.

— Сёння яму хочацца... Можа, заўтра табе яе зусім не захочацца, ды позна будзе. Цыганы, родненькія вы мае, не чапайце вы яго, гэтага дурня! Гэта не ён, гэта гонар дурны гаворыць.

І раптам яна, расплакаўшыся, села ля яго ног, абхапіла іх рукамі.

— Не дам... Разам са мною...

Яноўскі адчуў, як вяроўкі ўпалі з яго рук.

— Але,— разважліва сказаў нехта.— Трошачкі маленькай памылкі не зрабілі. Бач ты, як яе разбірае.

— Ды бяры ты яго хоць да д’ябла,— буркнуў другі.

І раптам натоўп цыганоў і мужыкоў зарагатаў такім нутраным гучным здаровым смехам, што стала ясна: нікога пасля яго нельга забіваць. Рагаталі да слёз, рагаталі, узяўшыся за бокі, рагаталі да болю ў грудзях.

І Аглая, баючыся, як бы не перадумалі, цягнула саслабелага Міхала праз натоўп, усміхалася, выцірала слёзы:

— Дзякуй вам, дзякуй вам, родныя.

Пад рогат яна адвяла Міхала да брамы і пасадзіла на траву.

Толькі тут, відаць, нехта заўважыў ля гарматы цела суддзі.

— А гэты мёртвы ці жывы? — спытаў нейкі мужык.

Стары цыган падышоў блізка, схіліўся:

— Нават пратухнуць паспеў.

Ян стаў над нерухомым целам, падміргнуў людзям:

— Мёртвы ён ці жывы, чорт яго ведае. Нума, хлопцы, сцягніце з яго жупан. Не можа гэтага быць, каб шляхціц, калі ён жывы і цвярозы, голым ляжаў. Калі жывы — суд, калі мёртвы — выкінем на бераг, хай ляжыць.

Гульню падхапілі.

— Ну вядома ж, не можа. Куды там! — чуліся галасы.

Ян паглядзеў на голага суддзю:

— Мёртвы-такі, напэўна. Ану, хлопцы, прынясіце з той пушчы чаго-небудзь.

Прынеслі некалькі вязак вялізнай старой крапівы.

— Не можа ж, людзі, шляхціц згадзіцца, каб яго без посцілкі, на голай зямлі, лупцавалі. Як вы думаеце?

— Не можа. Не можа,— разважліва загулі галасы.

Пачалі шмагаць. Мёртвае цела пачало ад шыі да пятак узнімацца белымі пухірамі.

Яноўскі закрыў вочы. Яго пачало трэсці. Спуджаная Аглая пацягнула яго за браму. Але Міхал раптам выпрастаўся. Белы як смерць, ён расштурхаў людзей, ненатуральна прама падышоў да суддзі і плюнуў у яго бок:

— Здраднік ты. Праклён на цябе.

І таксама цвёрда пакрочыў да частаколу.

— Мёртвы, напэўна,— збянтэжана сказаў Ян.— Выцягніце яго, хлопцы, на бераг. Не варта аб яго рукі пэцкаць. Стой... Яшчэ слова. Калі ты, падла, паспрабуеш яшчэ хоць пальцам дзевак зачапіць, як ты гэта сёння паспрабаваў,— з пекла дастанем. Цягніце.

Міхал не чуў усяго гэтага. Ледзь дыхаючы, ён дацягнуўся да рэчкі і там, за хмызамі, упаў на гарачы пясок. Аглая села ля яго.

Не бачыць. Не чуць. Памерці тут і не бачыць, як зламалася ўсё жыццё, вера, смеласць, шчасце.

— Свінні! Ах, якія паршывыя свінні! — стагнаў ён, упіваючыся кіпцямі ў далоні.

А Аглая сядзела поруч і гладзіла яго па галаве, як малога:

— Ну не трэба, не трэба. Гаротны ты мой, няшчасны.

— Цяжка мне, цяжка мне, Аглаечка. Што мне рабіць? З кім жыць зараз?

— З людзьмі,— сказала яна.

— Нашто ты ратавала мяне?

Яна змаўчала, і тут Міхал усхапіўся на калені.

— А сапраўды, чаму? — спытаў ён.— Я ж пан, я вораг ваш...

І ўбачыў яе вочы. Сум трапятаў у іх, радасць, яшчэ нешта незразумелае, але, галоўнае,— гонар. Такі сціплы, але цвёрды гонар, якога яму яшчэ не даводзілася бачыць. Зломлены, з раздаўленай душою, ён не мог больш.

Ён здаўся. Ён пацягнуўся да яе, упаў перад ёю, абхапіў рукамі стан, прыпаў галавою да ўлоння:

— Ратуй мяне, родная. Ратуй мяне ад мяне самога, ад іх. Яны страшныя, яны агідныя.

Яна схілілася над ім, прыціснула буяную галаву бліжэй да ўлоння.

— Суцешся, суцешся. Засні. Засні.

 

VII

Ён прачнуўся, калі месяц пачаў спускацца ў рачныя воды. Сітнягі ледзь шапацелі пад напорам плыні, крычаў вадзяны бугай.

Ад палаца слаба даляталі спевы, не парушаючыя цішыні. Ён прачнуўся, адчуў, што галава яго ўсё яшчэ ляжыць на каленях дзяўчыны, якія слаба пагойдваюцца, бы ў такт нячутнай калыханцы. Значыць, яна так і не зварухнулася ўвесь гэты час. І ён ляжаў, выпрастаўшыся, жадаючы, каб гэта цягнулася яшчэ і яшчэ. Месяц заліваў люстра ракі. Блакіт.

Дзе ён? Што з ім? Дзіўныя сілы ў душы. Быццам зніклі разам са сном цені дзён былых. Усё проста на зямлі, усё ясна.

Месяц — гэта так, зямля — гэта так, людзі, каханне. А што такое ўсё, што было, усе прывілеі, усе подзвігі, вайна, шляхта? Крык п’янага Якуба? Або, можа, зад кароннага суддзі?

Дзе яны, куды яны зніклі? Чаму ён такі вольны і спакойны? Кахаць — гэта так. Жыць, толькі жыць. Вось яна, сіла зямлі, улілася ў яго праз гэтую, якую ён не ведаў яшчэ некалькі дзён назад. Зноў ад яе? Зноў піць, біцца на шаблях, зноў... Ах, толькі не гэта!

Ён прыўзняў твар, глянуў на яе. Распусціла косы, прыкрыла твар ягоны ад сонца яшчэ ўдзень. Так і сядзіць. Твар блакітны, у вачніцах сінія цені. Глядзіць на яго так, быццам сама нарадзіла.

Прамаці Ева. Толькі яны ўдваіх існуюць на гэтай грэшнай, самай лепшай зямлі.

Яна зразумела, відаць, што заснуў на яе каленях адзін — і ён быў слабы і бездапаможны,— а прачнуўся зусім другі — і ў ім моц моцных. Зноў адчула сябе слабай, аддаўшы сілу, якая не належала ёй, зноў вярнулася да думак іхняй першай ночы.

— Уставайце. Месяц плыве. Цяпер я ўжо не патрэбна вам. Я пайду, мяне шукаюць.

Замест таго каб устаць, ён узяў яе руку, прыцягнуў да сябе і пацалаваў у жорсткую далонь.

— Рука,— сказаў ён.— Пальцы.

Яна пацягнула руку:

— Не трэба гэтага, не трэба. Яны не такія, не для вас. Гэта адно гора. І мне не трэба падзякі.

— Яны для мяне,— проста сказаў ён.— Толькі для мяне. Хай паспрабуе хто-небудзь забараніць мне цалаваць іх... усё жыццё. Няўжо ты думаеш, што я змяняю гэтыя рукі на іншыя, што я адпушчу цябе. Не будзе такога, як мінулую ноч, але я застануся. Гэта маё месца тут, мне тут зручна...

— Пане...— пачала яна, спуджаная пяшчотнай уладнасцю гэтага голасу.

— Пан памёр у сне. Тут ляжыць просты чалавек. Адам. Яму добра са сваёй Евай.

І ён прыцягнуў яе да сябе, пабачыў у вачах адбіткі зор. Яна прасунула далонь між сваёй шчакой і яго вуснамі, але ён адсунуў яе ротам...

А раніцаю ўзышло сонца.

 

 

VIII

— Устаць, суд ідзе!

Пад вялізным дубам, на лавах, сядзелі шэсць цыганскіх старэйшын. Высокая рада. Яны адклеілі на хвіліну зады ад лавы, калі з’явіўся выбраны цыганскі суддзя — той самы Ян, што выдумаў забаву з крапівою, пракурор — нейкі захожы шкаляр, і «аблакат» — саладкамоўны малады цыган з хітрымі і чорнымі вачыма.

Вакол судзілішча расселіся проста на траве цыганы з навакольных табараў і нешматлікія мужыкі. За гэтую ноч цыганскія масы паспелі раскалоцца на памяркоўных і шалёных. У памяркоўных балела галава пасля ўзліванняў Бахусу, і хацелася пахмяліцца. Шалёныя спазніліся і таму палалі свяшчэнным гневам. Сядзелі няўважныя. Размаўлялі.

Устаў суддзя:

— Народ цыганскі. Сёння мы, упаўнаважаныя на гэта, судзім былога караля цыганоў Беларусі, Літвы і Падляшша Якуба Знамяроўскага, аспіда нячыстага, ваўка і змея.

— Чаму былога? — ляніва спытаў адзін высокі радца.

— А таму, што сёння на тайным пасяджэнні суд цыганскі вырашыў прымусіць караля падпісаць абдыкацыю, сірэч адрачэнне. Хай будзе існаваць зныня і да веку рэспубліка цыганская.

— А што, гэта нядрэнна,— абазваўся ўсхваляваны малады голас.

— Хвіга табе, а не нядрэнна,— ускіпеў другі высокі радца, чалавек з жахлівым шрамам, які перасек вока і левую палову аблічча.— Нам тут за рэспубліку ўсе навакольныя паны скуру здзяруць. Дзе мець прытулак? Дзе коней хаваць, каб улада не дацягнулася? Дзе самому схавацца? Пад крыламі моцнага караля... Ты, можа, рэспубліку тую ў капусту пакладзеш? Ці ў дождж на плечы накінеш? Смаркач ты! Паспяшаліся тут з вашай мужыцкай рэспублікай. Палац штурмавалі, гармату сапсавалі, караля скруцілі, пабілі яго людзей. А зараз збірайся тут, думай, як выпраўляць становішча. А ў сейме хто будзе?

Ускочыў на камень і непачціва перабіў радцу галава партыі шалёных, той меднік, якому Якуб забараніў жаніцца.

— А што? Усім галовы прэч. Тут, на плошчы. Дарогі ў белы стан цыганскага шчасця па крыві вядуць. Сячы галовы! І шчасце, і мір тады будуць. Воля!

— Сапраўды добра,— расчулена сказаў хтось.— Воля. Ідзі і бяры каня. Захацеў — едзеш, захацеў — на месцы сядзіш. Коні свабодна сабе перамяшчаюцца з рук у рукі.

— Цю-у! Захлусіўся! Хіба хто на такую волю пойдзе,— загулі галасы.

Суд не атрымліваўся. Ледзь-ледзь удалося прымусіць усіх замаўчаць.

Узяў слова пракурор у доўгай шкалярскай світцы:

— Людцы! Вялікі натоўп цыганскі! Я абвінавачваю караля Якуба ў злоўжываннях уладаю, несправядлівых прысудах і празмерных паборах.

— Я кароль,— годна сказаў Якуб, што сядзеў пад вартаю на зэдліку.

—Ён не кароль, ён рабаўнік. Quousque tandem abutere, Знамяроўскі, patientia nostre?1 Ён шмагаў нашых людзей, біў іх, хоць мы вольны народ... э-э... вы вольны народ. Несправядліва, жорстка каралі наш сумленны, абраны народ. Dura lex! Ён зрабіў нас жабракамі. Як мы жылі? Semper гарох, raro каша, miseria наша2. Ён узяў у нас нашы звонкія катлы, нашы вазы, нашых цудоўных коней, вараных, пісаных, спловацісаных, буланых, белых. У іх былі такія цвёрдыя, непарэпаныя, неабрэзаныя капыты, такія роўныя свае непадпілаваныя зубы, такія мяккія насы з чуллівымі валосікамі. Гарачыя без гарэлкі, моцныя... Ім не трэба было штурхаць кулаком пад пахвіну, калі пакупец крадзецца з саломінкаю да бяльма.

Народ пачаў усхліпваць, сям-там нават рыдалі мужчыны. Пасля пачаліся нясмелыя, але ўсё больш моцныя крыкі:

— Смерць яму! Смерць! Галаву прэч! Разумнік ты наш! Вучоная галава! Смерць каралю!

— Тыран! Забойца! Манарх! — крычаў шкаляр.

Пасля выступіў «аблакат». Хітра прыжмурыўшы чорныя, як вугаль, вочы, ён сказаў ціха:

— Так, кароль нас абражаў, ён браў з нас дзесяціну і больш. Мы пакутавалі пад яго ігам. Але хіба можа хто-небудзь папікнуць наш народ у тым, што ён жорсткі, што ён крыважэрны? Не, наш народ самы добры, самы мяккі, самы рахманы на зямлі. Я прашу пра літасць. Вось ён сядзіць, гэты няшчасны. Няўжо вы не бачыце, як ён схіліў галаву, як слёзы накіпаюць на гэтах добрых вачах, як ён стрымлівае ўздыханні сардэчныя? Майце жаль у сэрцах сваіх. А вось яго слаўны бацю глядзіць з нябёс на няшчаснага сына і плача. І няўжо вы забудзеце яго дабрату? Ён браў у нас коней, але непараўнальна больш ён даваў нам. У вялікіх паходах і войнах пад яго началам мы прыдбалі ўтрая больш коней, мы хавалі іх тут, і ніхто не асмельваўся іх зачапіць. А якія гэта былі коні! Божа мой, іх грывы былі, як хмары, вочы, як чорныя зоры! А якой славы дастала пры іх дзяржава цыганская! Як баяліся яе ворагі, як слухаў яе голас у сейме сам кароль!

Народ плакаў наўзрыд. Нават радцы, падобныя адзін на аднаго, шырока раскрыўшы зяпы, раўлі густымі галасамі:

— Ы-ы-ы!

— Ну што ж,— перапыніў роў аднавокі радца.— Адвядзіце арыштаванага караля прэч.

І кінуў уладна:

— Я думаю, хопіць. Падурэлі. Нарабілі агіднасцей, напіліся, нажартаваліся. Трэба канчаць. І я старажытнаю ўладай старэйшын даю загад. Гэты канчатковы прысуд.

Натоўп змоўк, і проста на галовы людзей упала кароткае слова:

— Чупнá!

— А што ж, нічога. Часам дапамагае,— загаварылі з розных бакоў.

— Дурні вы! Свінні! Вольнасць сваю прадалі, ёлупы! — крычаў Ян і яшчэ некалькі чалавек.— Хоць бы ён і не чапаў вас пасля, якія вы роме? Блюдалізы вы! Адкачоўваю ад вас!

І ён рушыў разам з часткай людзей да шатроў.

Аднавокі махнуў рукою, і шкаляр стаў чытаць вырак:

— Таго цыганскага круля Якуба Першага за злоўжыванні, морд, падступныя намеры... не складваючы з яго каралеўскага высокага сану, калі дараванне ўсім дасць, хто судзіў яго, не адбіраючы маетнасці дзедзіч ягоных, чупной, сірэч пугай, ад-сцябаць.

Калі ўвесь натоўп рынуў да палаца, дзе павінна было адбыцца пакаранне, калі прыцягнулі ў вялікую залу Якуба, нехта раптам крыкнуў:

— Вы хочаце, каб ён быў вашым каралём, а не думаеце, ці зможа ён быць ім пасля такога. Неба не павінна бачыць каралеўскай ганьбы і крыві, ёлупы вы.

— І праўда,— спуджана сказаў шкаляр.— Што ж рабіць?

Збянтэжанасць пагражала перайсці ў анархію. Сапраўды, нельга пакараць, нельга выканаць прысуд. Сабаку пад хвост аўтарытэт старэйшых. І зноў выратаваў аднавокі:

— Роме, небу нельга бачыць каралеўскай крыві. Таму мы сёння адсцябаем арыштаванага так, каб ганьбы і крыві не бачыў ніхто.

На Знамяроўскага кінуліся і скруцілі яму рукі і ногі. Паставілі. Ён быў бляклы і жоўты, але позірк па-ранейшаму гарэў гардыняй.

— Скручаны кароль — усё ж кароль.

І калі нехта штурхнуў яго, загрымеў:

— Што, над пешым арлом і варона з калом? На калені, хлопы.

Ён думаў, што яму збіраюцца сячы галаву. І толькі калі пабачыў прынесеныя пугі і доўгі вузкі мех, зразумеў, стаў адбівацца галавой і плячыма:

— А, падлы, а, цыганскае адроддзе! Ну чакайце...

Яго схапілі, засунулі нагамі ў мех, выцягнуўшы рукі над галавою. Пасля ў тую самую торбу палезла нагамі старая цыганка, вельмі падобная на ведзьму: сівыя пасмы, глыбока праваленыя вочы, кручкаваты нос. Яна лягла на Знамяроўскага, і ледзь пачалі завязваць мех...

— Ав-вой! А як жа ён, нячысцік, кусаецца!

Пачалі сцягваць з галавы мех і краем алавянай талеркі расціскаць зубы Знамяроўскага, якімі ён ухапіў цыганку за жывот. Трымаўся ён моцна, як бульдог. Ледзь расціснулі, падвязалі яму сківіцы хусткай, каб не мог кусацца, цыганку прапхнулі глыбей. Пасля завязалі рукі ў вусці меха, прапусцілі вяроўку і падцягнулі яе пад столь на вялізны гачок.

Кароль павіснуў у паветры. Пад ногі яму падсунулі лаву, каб ён толькі-толькі стаяў на ёй вялікімі пальцамі ног і не мог пручацца.

— Нацягвай! — крыкнуў кат, які стаяў ужо поруч з вялікая пугай у руцэ.

Размаўляў ён назнарок басам, каб пасля не пазналі. Стаяў моцны, каржакаваты, густа аброслы смалянымі кучарамі. Толькі зубы блішчалі на засмаглым твары.

Цыганка нацягнула мех — рэльефна выступіла з-пад яго спіна і два гладкія паўшар’і.

— Ваша вялікасць, вялікі, літасцівы, мудры кароль,— звярнуўся да іх аднавокі.— Вось твой народ, даведзены да адчаю паборамі, рашыўся на такое. Найніжэйша, пакорліва, усепаддана просіць ён не злавацца на гэта, явіць сваю літасць няшчасным. Мы зрабілі ўсё, каб ганьба не дакранулася да твайго чала, каб ні неба, ні людзі не бачылі святых членаў цела твайго, каб ніводны ўдар не трапіў нікуды, акрамя таго месца, якім ты сам пагарджаеш.

Малады цыган прыклаў вялізную мядзяную патэльню да спіны Знамяроўскага; на волі засталося толькі тое, што ніжэй.

— Даруй нам за ўсё. Мы будзем вернымі табе, мы зрабілі гэта толькі таму, каб ты не забыў: нельга занадта крыўдзіць рабоў сваіх. Запомні гэта. Не адбірай нашых коней, акрамя дзесятага, не крыўдзі дзевак, не бі мужыкоў, не трымай вакол сябе людзей прагных. І даруй нам, вялікі.

— Пачынай!

Глуха, як з бочкі, забубнеў голас Якуба:

— Ну я ж вас... Я ж вас... Пачакайце толькі, пачакайце.

Свіснула ў паветры пуга і абвіла ўсё, што ніжэй патэльні. Мех захістаўся ў паветры.

 

Адлічылі ні многа ні мала сто бізуноў. Лічыла цыганка, што сядзела ў мяху. Пасля няшчаснага пакутніка, вытурыўшы з залы амаль усіх, выцягнулі на волю і паклалі на ложак. Ён адразу скаціўся на падлогу і пачаў качацца па ёй, імкнучыся вызваліцца.

— Хай будзе гэта ўрокам тыранам!

Знамяроўскі лаяўся, пырскаў слінаю, роў так, што звінелі шыбы.

Але варта і тры радцы сядзелі так спакойна, не звяртаючы на яго ўвагі, што ён перастаў вырывацца. Праз дзве гадзіны ён проста ляжаў на жываце і сыпаў вытанчанымі праклёнамі:

— Храпы вы цыганскія, фараоны вы егіпецкія, нячысцікі! Каб вы хадзіць ціха не маглі, каб вас на першым крадзяжы спаймалі, кажухі смярдзючыя, каб вас кол з асіны не мінуў. Што, думаеце, не загоняць яго вам, канакрадам? Во-ой, паганцы вы, хрыстапрадаўцы. Каб на вас вечны дождж.

— Бач ты як... лаецца,— флегматычна пакруціў галавой адзін вартаўнік.

У чатыры гадзіны, пасля працяглага ляжання, Знамяроўскі толькі глядзеў на ўсіх злоснымі, як у тхара, вачыма ды часам прарываўся кароткай лаянкай. Яго хацелі накарміць, але ён выплюнуў кашу ў твар аднавокаму і лаяўся без перапынку гадзіну.

Пасля праклёны пачалі на вачах радзець.

У шэсць гадзін ён упарта маўчаў.

— Даруйце свайму народу. Мы развяжам вас,— пачціва звярнулася да яго дэлегацыя.

У адказ выбух лаянкі да сямі гадзін, аднак нейкі стомлены і зусім не красамоўны. Нават таму, хто круціў галавою, яна не спадабалася.

У восем гадзін трыццаць хвілін вечара Знамяроўскі раптам зарагатаў. Занепакоеныя падданыя кінуліся да яго.

— Развязвай, халуйскія храпы,— крычаў, рагочучы, Знамяроўскі.— Даю вам усім амністыю. Не такая, відаць, свіння — чалавек.

Радцы сталі трымаць кароткую раду, пасля аднавокі звярнуўся да ляжачага:

— І нічога не будзе? Даруеце ўсім нам, ваша вялікасць?

— Развязвайце, д’ябал вас дзяры. Нічога не будзе. Дарую.

— І помсціць, прыгнятаць не будзеце? — асцярожна пыталі ўсе.

— Не буду. Хай вас кадук.

— І дазволіце хлопцу-медніку ажаніцца? І ваяваць не будзеце больш?

— Будзеце вы мяне нарэшце развязваць ці не? Не буду, калі кажу.

— Так, ну яшчэ апошняе, каб нічога такога, як раней, не было. І зусім апошняе — адпусціць на волю сваю прыгонную Аглаю Свяціловічаву.

— Гэта чаму яшчэ? — усклікнуў Знамяроўскі.

— З ёй хоча жаніцца ваш пляменнік, Міхал Яноўскі.

Кароль павесіў галаву:

— Хворы чалавек. Безнадзейна хворы. Ды чорт яго бяры, што мне, шкада дзеўку? Хай бярэ. Спакусы ў дзяржаве менш будзе. Толькі дрэнна гэта. Куды падзенецца яго рыцарскі дух? Эх, было нас два на свеце, зараз адзін я застануся. Загінула радзіма! Ну, развязвайце. Клянуся вачыма маці божай, удзелам святога Юрыя — зямлёй сваёю — я буду ціхім каралём, калі вы хочаце.

Салют з фузій раздзёр паветра за вокнамі, калі вяроўкі ўпалі на падлогу.

— Слухайце, людзі. Кароль Якуб у літасці сваёй згадзіўся дараваць вам! Ён хоча правіць ціха і літасціва!

Дружны крык прагучаў паўсюль:

— Кароль! Хай жыве кароль!..

...Вечарам наступнага дня, калі Яноўскі, паразмаўляўшы з Якубам, збіраўся ехаць са Знамяроўшчыны, медыкус зайшоў развітацца з ім. Твар ягоны ззяў небывалым радасным натхненнем.

— Значыцца, едзеш?

— Еду.

— І яна з табою?

Яноўскі зірнуў на Аглаю, якая стаяла поруч, чырвоная ад шчасця і сораму, засмяяўся, прыціснуў яе да сябе.

— А куды мне без яе? Для мяне зараз адна дарога — з ёю.

Медыкус сеў за стол.

— Сумна мне будзе без цябе, вельмі сумна. Я цябе палюбіў, хлопчык. Бачыш, як атрымалася: ты прыехаў сюды няшчасным шляхціцам, а ад’язджаеш шчаслівым чалавекам... Не баішся, што бацькі яе не прымуць?

— Прымуць,— упэўнена сказаў Міхал.— Дый што мне ў іх? Я еду толькі абвянчацца. Нагі маёй не будзе ў Яноўшчыне. Пасля бацькоў... я вызвалю сваіх людзей. Я не жадаю быць панам. Гэта смерць, гэта жах...

— І я таксама больш не буду тут,— цвёрда сказаў медыкус.— Я еду. Еду вельмі далёка. Мне было сорамна ўчора. Пасля такога запалу скончылася лупцоўкай. Яны далі Знамяроўскаму багатыя падарункі, з пашанаю адвялі ў палац. Хай ён выправіўся, хай будзе выдатна правіць народам — што гэта за народ, калі над ім стаіць адзін? Хіба можна такі народ назваць вялікім? Я добра бачыў, як яны падалі ніцма, як крычалі: «Хай жыве кароль!» Я думаў, што кожны народ мае такі ўрад, якога сам варты, і няма добрых народаў на зямлі. Учора я цвёрда вырашыў атруціцца. Але я цягнуў, невядома чаму. Ці ад недарэчнай прывычкі жыць, ці аб боязі вялікага «нічога»? І я ўзнагароджаны. Шчасце ёсць на зямлі.

— А што такое? — спытаў Міхал насцярожана.

Медыкус схапіў яго далонямі за скроні:

— Любы мой, любы. Пачынаецца новы дзень. Не ўсё яшчэ загублена. Два тыдні назад народ у Парыжы ўзяў і разбурыў Бастылію. Я ўпэўнены: пажар пачаўся надоўга. І хутка паўсюль захістаюцца троны, павее свежы, бурхлівы, магутны вецер. Я шчаслівы. Чалавек не ліжа руку, што б’е яго. Я пайду туды, праскочу неяк да Рыгі. А пасля — морам. Я з’яўлюся да іх, і папрашу, і скажу: «Вазьміце мяне. Я прыйшоў да вас ад народа, які не менш вас любіць святую волю, які абараняў яе не горш за вас усё жыццё і які зараз не мае волі нават на тое, каб памерці. Гэта недарэчны, любімы мною народ. Сячыце галаву свайму каралю, а пасля пойдзем рабіць тое самае на ўсёй зямлі. І, магчыма, чарга дойдзе і да майго маленькага народа. Ён устане, ён выпрастаецца. І ён пакажа ўсім, якая ён сіла, як ён умее працаваць, ствараць, спяваць... Я іду да іх... Але я хутка вярнуся, пабачыш. І не адзін. І тут сустрэне мяне армія волі... А цяпер бывай... Уцякайце адсюль хутчэй, дзеці. Тут нельга дыхаць. Ідзіце на дарогі, на святло, да людзей».

І ён расчыніў акно.

— Бачыце, сонца сядае. Вялікае сонца нашай зямлі. Яно будзе новым...

— Калі ўзыдзе заўтра,— цвёрда дакончыў Яноўскі, і абняўшы Аглаю за плечы, глянуў ёй у вочы. Пасля яны глянулі на захад, дзе дагараў дымны чырвоны дыск.

 

1 Дакуль будзеш ты, Знамяроўскі, злоўжываць цярпеннем нашым.

2 Жорсткі закон!.. Заўсёды... рэдка... беднасць...

ЭПІЛОГ

Нам давядзецца сказаць толькі некалькі слоў пра лёс нашых герояў.

Кароль Якуб Першы выправіўся і, не прыгнятаючы цыганоў, літасціва правіў імі да самай сваёй смерці, якая наступіла ў 1795 годзе.

Паколькі Яноўскі, нягледзячы на ўсю сваю ўдзячнасць, адмовіўся атрымаць у спадчыну цыганскую карону, са смерцю Якуба скончылася і дынастыя. Цыганы выбралі каралём, і даволі няўдала, таксама лідскага шляхцюка Міласніцкага.

Польшча, дзякуючы гнілому панству, пала. Пачаўся новы перыяд гісторыі Белай Русі. Новыя парадкі не спадабаліся Міласніцкаму, і ён з большасцю заможных цыганоў перакачаваў у 1799 годзе ў Турцыю.

На Беларусі засталася нязначная колькасць цыганоў без дзяржавы, без урадавай арганізацыі.

Яноўскі стрымаў сваё слова, адпусціў на волю пасля смерці бацькоў сваіх сялян. Сам ён жыў працаю рук сваіх разам з жонкаю доўга, шчасліва і небагата. Да канца жыцця ён франдзіраваў перад шляхтай і нават прозвішча сваё змяніў, узяўшы «прыдомкам» да яго прозвішча прыгоннай жонкі. Так прайшлі па зямлі беларускай Свеціловічы-Яноўскія.

Праўда, дзеці яго зноў прыдбалі невялікі маёнтак, адзін з маёнткаў дзядоў, але прыгонных у іх ніколі не было. Рошчына бацькі-вальтэр’янца дала свае плады.

Што ж датычыцца слаўнага медыкуса караля Якуба, то звесткі аб ім, няпэўныя і нешматлікія, кажуць вось што.

У славутым Канвенце адным з дэпутатаў, выбраных за заслугі перад рэвалюцыяй, быў чужак, грамадзянін з невядомай краіны, што звалася па-латыні Alba Russia. Некаторыя сцвярджалі, што па прафесіі ён лекар, як Марат. Ён гэта быў ці не ён — невядома. Але ён адным з першых падаў голас за смерць караля, быў некаторы час урадавым камісарам адной з армій на Рэйне і ў Вандэі.

У страшны дзень, калі Рабесп’ер раздрабіў сабе сківіцу стрэлам з пулгака, гэты чалавек — адзін з нямногіх — да канца абараняў яго і склаў галаву на славутай машыне доктара Гільятэпа, якая, як прадажная дзеўка, служыла спачатку рэвалюцыі, а пасля яе ворагам.

Калі гэта быў наш добры знаёмы — шкада. Ён так і не мог вярнуцца на сваю радзіму з воляй на сцягах. Але суцешымся тым, што ён зрабіў усё, што магчыма, што жыццё ягонае было адзіным акордам, у якім не было фальшывых нот.



Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 2. Аповесці, апавяданні, казкі.-Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 73-129
Крыніца: скан