epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Дарогі ўсёй зямлі маёй..."

Дарогі ўсёй зямлі маёй

Гудуць у стомленых нагах.

Куды табе ісці за мной

У гэткі невыносны шлях?

 

Выццё здалёк. Бяжыць руя,

І вочы свецяцца ваўкоў,

Такіх жа валацуг, як я,

Маіх сяброў, маіх братоў.

 

І, можа, тыя, што ў мане

Жывуць свой век, п’юць добрых кроў,

Цкаванне ўладзяць на мяне

Калісьці — горш, чым на звяроў.

 

Ўзяць не магу цябе я ў бой,

Аддаць марозу і агню,

Аддзячыць ліхам за любоў,

Нянавісцю — за дабрыню.

 

Не плач над лёсамі звяроў

І вей не апускай разбег,

Як крумкачынае пяро

На белы-белы, чысты снег.

 

Дарогі ўсёй зямлі маёй

Гудуць у стомленых нагах.

Куды табе ісці за мной

У гэткі невыносны шлях.

 

25 лістапада [1981 г. ?]

22 г. 58 хв. П. м.


25.11.1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com