epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Дняпро і Ака. Ён і яна

Божа рэк, ажані

Мой Дняпро з прыгажуняй Акой

У яго — крутаяры ў зеніт,

У яе — лукавін спакой.

Ён мужчына. Над ім — курганы,

Змеі сонцаў — кронамі ўніз.

А над ёю — пракосаў сны

І дзявочых святліц агні.

Ён ад страсці рве берагі,

Асіянаўскі месяц над ім,

І туман плыве на лугі,

Быццам бітвы паўночнай дым.

Трупы мокрыя чорных дубоў,

Нібы яшчары ў берагах,

А на дне — карагоды віроў

І дрыжачых багновак жах.

Месяц кроў пралівае ў яго,

Кроў сцякае з ласіных губ

На патопленых даўніх багоў,

На бязмежную іх тугу.

А над ёю жаўрук пяе,

І калі смяецца зара,

Кісці скрыпня над ложам яе,

Як вясельныя свечы, гараць.

Калі хочуць стракозы піць,

Ў самы ярасны сонечны ўзлёт

У гарлачыках окскіх спіць

І не тае блакітны лёд.

У свяцёлках яе агні

Здаўна мараць аб сіле такой...

Чым Дняпро табе не жаніх,

Не сцяна для пакоры тваёй?

Чым не муж табе, не жаніх,

Не любоў для любові тваёй?

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Божа рэк зямных, ажані

Дняпро з прыгажуняй Акой.


1960-1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая