epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Дзед Цыпрук, вартаўнік калгаснага стаўка

Рыжая ватоўка на плячах,

Ахінёна хусткай цёплай шыя...

Пад вадою ў глеістых вірах

Праплываюць карпы люстраныя.

Дзеду семдзесят. З худой рукі

Фузія старэнькая звісае.

Вочы кепска бачаць. Хлапчукі

Часам рыбу аж з-пад ног цягаюць.

Дзе з «манахаў» б’е уніз вада,

Дзед Цыпрук сваю паставіў базу:

Адмыслова сплёў з галін будан,

Што у спёку добра пахне лазняй.

Дзед глядзіць з яго, як з норкі рак,

На дзіцячыя забавы-гулі.

Шкода, што самому нельга так,

Маладосць у горы прамінула.

Добра помніць дзед, як тут раней

Ледзь цурчаў струмок праз глею глыбы,

І не хочацца ганяць дзяцей,

Што купаюцца і пудзяць рыбу.

Зяблыя, палягуць на пясок

І пясок сабе пад грудзі мосцяць.

Спёка! Спёка! Вяне палынок.

Ныюць, ныюць к непагадзі косці.


1954-1958?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com