epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Дзень першы

Крычалі, білі кулакамі ў грудзі,

Палілі пачкі гербавых папер,

Кагосьці сцягвалі з трыбуны людзі:

«Прадажнік! Контра! Рэакцыянер!»

Над Мінскам, па-над плошчаю Саборнай,

Ляцеў трывожны варанячы грай.

Натоўп вакол. Раз’юшанае мора:

«Рэспубліка! Жыві! Перамагай!»

І вецер тыя крыкі рваў нядбайна

І нёс, як іскры, ў цёмныя палі,

Туды, дзе ў гурбах па шляхах бяскрайніх

Спяць хутары азёрнае зямлі.

 

І цішыня. Яна патрэбна многім,

Каб ад гарачых спрэчак ачуняць,

Узважыць дзень, і цвёрда стаць на ногі,

І песню новаму світанню даць.

У пакойчыку глухім, дзе пальцы стынуць,

Дзе ад буржуйкі сіняваты дым,

Смяртэльна стомлены, худы мужчына

Перакладае пралетарскі гімн:

«Паўстань, пракляццем катаваны,

Паўстань, хто з голаду век пух,

Бурліць наш розум збунтаваны,

Няволі кліча рваць ланцуг».

Ён кідае пяро. Ў чырвоных хмарах,

Што праплываюць над зямлёй кудысь,

Як здані, нараджаюцца ў пажарах

І чэзнуць зноў вякі і гарады.

У гэтых прывідах і ў роўным дыме,

Што цягнецца слупамі да нябёс,

Ён бачыць будучае ўсёй Радзімы,

Яе няпросты і вялікі лёс.

Скуголяць інтэрвентаў параходы,

У полымі вайны Дзвіна і Сож,

І гвардыя краіны — ўзвод за ўзводам —

На сто франтоў выходзіць басанож.

Вось за акном няпэўны бразгат зброі,

Падмацаваны дальняю трубой,

І песня ў цемрадзі: «На бой, героі...»

Яны ідуць! Рэспубліка, на бой!

Спяваюць цягнікі на двух вакзалах,

Не астывае ярасці напал.

Перакладае малады Купала

Для новых дзён

«Інтэрнацыянал».


1958?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан