Скрыпка ціхая ночы. Дрымотная музыка ночы.
Водар мора і кветак. Глухая начная пара.
Аю-даг за чаўнамі рыбацкімі ў моры напружана сочыць
Зыркім вокам адзіным — чырвонаю іскрай кастра.
Што, як ярасна скочыць? Дарэмна. Дрымотаю скоран,
Галаву ён на мяккія лапы здранцвела паклаў.
Чайкі спяць на вадзе, як плаўкі,
у сярэбраных водсветах зорных.
Спіць каханне ў дамах. Спіць прадоння марскога
імгла.
Наздраватыя сходы завулкаў ад дзённай хады
спачываюць,
Крок паэта апошняга зáмер на вулках крывых,
І магноліі кветкі так соладка дураць і так спавіваюць,
Што ні людзям, ні скалам дрымотай не ўзняць галавы.
І лянотна мядзведзь на спакойнае мора успёрся
І ў знямозе салодкай, забыўшы пра гнеў і гразу,
Касавурыць адзінае вока на зоры, што ўнізе і ўверсе,
На скупое сузор’е між іх, на сп’янелы і сонны Гурзуф.