epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Я іду лугавою дарогай..."

Я іду лугавою дарогай,

Пакручастай і цёмнай, як лёс.

Над ракой азярод шматногі

Барадою сена зарос.

Галавою прынікшы да сена,

Ў ноч гляджу на рачное шкло...

Глуха так, так цяжка і дрэнна

Мне ніколі яшчэ не было.

Ўсё было: пацалункі світаннем,

Над ракою туман залаты,

Бедны прывід майго кахання,

Што здушыла разважліва ты.

Сэрцам ведаю: так не трэба.

І ніколі халодны разлік

Не заменіць дарогі пад небам,

На якім ледзяны маладзік.

Нельга жыць з незгасальным болем,

І ўсё роўна да схілу год

Памажы мне — ніколі, ніколі

Не забыць пра яе, азярод!


май 1961

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая