epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Яўрэйцы

Шалее сіні бэз над стрэхамі,

Бяжыць па ім вятрыска-зыб.

Я ўспомніў з ціхаю уцехай

Тваіх вачэй біблейскіх глыб.

Адбіліся ў іх клубы дыма,

На рэках плач і сечаў кроў,

Пажар старой тваёй радзімы,

Любоў да новых берагоў.

Гляджу ў маўклівым захапленні

У глыб бяздонных гэтых вод

І веру, веру без сумненняў,

Што будзе жыць і мой народ.

 

[1957 г. ?]


1957?; 10.06.1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com