Калі агорне цемра неба
І я зямны пакіну дом,
Я стану каменем ці хлебам,
Травой ці срэбным матылём.
Травой — каб ты ў сваім уборы
Прайшла па мне да добрых сёл,
А матылём — для ночы гора,
Калі жывых няма вакол.
А хлебам жоўтым, як жывіца,
Каб быць табе як мірны дар,
А каменем, каб адкаціцца
З дарог...
Ад ног тваіх...
У яр.