epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Калыска чатырох чараўніц

Драма ў дзвюх дзеях шасці карцінах з казачным пралогам і эпілогам.

Пралог чатырох чараўніц
Дзея першая
  Карціна першая
  Карціна другая
  Карціна трэцяя
Дзея другая
  Карціна чацвёртая
  Карціна пятая
  Карціна шостая


 

Дзеючыя асобы

Белая (Першая)

Блакітная (Другая)

Залатая (Трэцяя)

Цёмная (Чацвёртая) - чараўніцы ля чалавечых калысак.

Янка Луцэвіч у дзевятнаццаць год; у дваццаць два гады.

Дамінік — сын Анупрэя Луцэвіча, бацька Янкі.

Бянігна — Багуміла Луцэвічава з Валасевічаў, Янкава маці.

Зыгмунд (Цыкмун) Чаховіч — Ляхавіцкі — былы паўстанец, цяпер «пан» у Бясядах.

Аконам пані Чаховічавай з Арамовічаў — пані ўладаркі Бясядаў.

Пакаёўка.

Стафан Каляда — сын арандатара-палавіншчыка, пазней парабак.

Марыся Гладышэўская, дачка арандатара ў семнаццаць год; у дваццаць год.

Юзук Гладышэўскі — бацька Марысі.

Катра Гладышэўская — маці Марысі.

Казік Валахоўскі — паніч.

Блажэй — фурман Казіка.

Ураднік пан Рахцей Рахцеевіч Снулы.

Лірнік.

Купальскія дзяўчаты, госці Гладышэўскіх, сяляне, стражнікі.

Дзея пачынаецца ў 1895 годзе, заканчваецца ў 1904 годзе.

 

Пралог чатырох чараўніц

Ноч нібы толькі крыху асветленая праз туман ззяннем зорак.

Нячутна заводзіць спеў дзявочы хор:

 

Гарэла Купала ясненька,

На Купале дзевачак паўнепька.

А хто гэта Купала разлажыў —

Каб яму бог жыта зарадзіў.

 

Узносіцца — амаль без святла, толькі пырскаючы іскрамі,— агнявое кола. Цьмяна праплываюць у паўзмроку сілуэты дзяўчат:

 

Я зёлкі ў полі збіраю,

Івана Купалку пераймаю

І ўсё гляджу ў цёмен лес.

А ў цёмным лесе агонь гарыць.

Каля агню Купалка сядзіць,

Купалка сядзіць і ўголас плачыць.

«Чаго, чаго, Купалка, плачаш?

Ці табе тут соўнінька мала?!»

 

Цьмянае агнявое кола. Затое слаба-слабенька ўспыхвае іскрачка блізка ля зямлі. Яна мігацее, часам ледзь не гасне, але ўсё ж паступова разгараецца ў маленькае ззянне, і тады нам відаць, што яно льецца з калыскі, якую гайдае невядома чыя рука. Ля калыскі чатыры постаці. Калі пачынае гаварыць кожная з іх, на невыразнай постаці на імгненне запальваецца слабое святло: белае — блакітнае — залацістае. І толькі на чацвёртай — бронзава-чорнае, нібы згушчаецца змрок. Галасы глухаватыя і ўсё ж выразныя.

Трэцяя (залатая). Сёстры. Ля калыскі кожнага нованароджанага з’яўляюцца чараўніцы і прарочаць яму ягоны лёс.

Цёмная (чацвёртая). У некаторых не з’яўляюцца.

Белая (першая). У тых, хто пасля — аж да канца — пальцам не варухне дзеля брата і друга. У тых, хто толькі для сябе. У тых, хто толькі хлёбае д.

Трэцяя (залатая). У астатніх — узнікаюць.

Блакітная (другая). І мы заўсёды стаім ля калыскі тых, хто адарве кавалак ад рота і дасць загнанаму, хто памагае не толькі людзям, хто памагае цэламу народу стаць на ногі. Каля тых — заўжды.

Цёмная (чацвёртая). Які вы судзіце яму лёс?

Першая. Самы слаўны.

Чацвёртая. Але і самы цяжкі.

Трэцяя. Але і самы вялікі.

Песня:

 

Купалінка, купалінка,

Цёмная ночка,

Цёмная ночка,

А дзе ж твая дочка?

Мая дочка у садочку

Ружачку поле,

Ружу, ружу поле,

Белы ручкі-ручачкі коле.

Кветачкі рве, кветачкі рве,

Вянкі звівае,

Вяночкі звівае,

Слёзкі пралівае.

 

Чацвёртая. «Слёзкі пралівае...» І праўда, што за жыццё без слёзак?.. Нішто-о, гэтым дабром я яго забяспечу. Шмат чаго я нарабіла ягонаму роду ў мінулым. А ён сербане больш за іх усіх разам.

Трэцяя. Што ж, сэрца мудрых у доме плачу.

Чацвёртая. Ён будзе гадамі блукаць упоцемку.

Першая. І выйдзе на святло.

Чацвёртая. І аслепне ад яго.

Другая. І выведзе на яго іншых.

Чацвёртая (амаль у ярасці). Ён памрэ далёка ад роднай зямлі.

Першая. І вернецца ў яе. І давеку застанецца з ёю.

Далёка-далёка плывуць дзявочыя сілуэты; амаль згасла кола ў паветры. І невядома, адкуль робіцца святлей у тумане: ці ад прадчування заранкі, ці ад вельмі слабага святла з калыскі.

Песня:

 

Ой, рана на Йвана (2)

Проці Івана ночка мала

Ой, рана на Йвана (2)

Ой, рана на Йвана (2)

Дзе купала начавала?

Ой, рана на Йвана (2)

Начавала ў чыстым полі.

У чыстым полі, ў густым жыце.

Ой, рана на Йвана (2)

 

Другая. Чуеце, спяваюць. Нам скора знікаць. У туманы, пушчы, да зор.

Трэцяя. Прыйдзем, калі з дзіцяці вырасце юнак.

Чацвёртая. Ці вырасце? І ці тое, чаго вы хочаце?

Першая. Вырасце. І імя яму будзе Ян.

Трэцяя. Янаў на Беларусі тысячы.

Чацвёртая. Якой такой Беларусі?

Першая. Прызабытай. Але ён будзе з тых, хто нанава, з пустэчы і папёлаў, з занядбання створаць яе... Ян...

Чацвёртая. Гэта азначае работнік і дурань... Ян.

Першая. Па-старадаўняму гэта азначае «раскоша божая»... І скіне ён ланцугі з душы простых і дасць ім разуменне.

Першая Ян! Сын Дамініка!.. Унук Анупрэя!

Другая Прапраўнук Яна. Нашчадак...

Трэцяя Адама. Ты чуеш нас?! Уставай!

Адгукніся!

У тумане над ценямі, над згаслым колам гучыць крык немаўляці.

Заслона

 

Дзея першая

 

Карціна першая

Хата Луцэвічаў у Селішчы. Звычайная вясковая хата, хіба што пад комінам гарыць не лучына, а каганец, стаяць дзве драўляныя канапы ды побач з іконамі на сценах (католікі) вісяць лубачныя малюнкі. У гарлачы на акне пара «казімірак». На стале лямпа з прыкручаным кнотам. Маці падкладае ў грубку дровы, і зменлівыя адбіткі скачуць па яе твары. Бацька ля стала працягвае новы раменьчык-абору ў адрапараваны хадак. Змярканне.

Дамінік. Ну вось, вельцэшаноўная пані Бянігна-Багуміла Луцэвічыха, урадзона Валасевічуўна, вам пасталы, хадакі тэж. Як навенечкія. Сырамяціна — хоць магната, проша пані, за крадзёж хвастаць.

Бянігна. Ах-ах. Завшэ тэн пан Дамінік кампліментуе. Гэта ж мне цяпер што ў касцёл ці да просяка выйсці — усе свінні паглядзець збягуцца.

Уваходзіць Янка. Кладзе сякеру пад зэдлік ля парога, вешае на калок шапку.

Янка. Усё. Апошні сажань прыкончыў.

Бянігна. І што ўжо так дзерціся. Цёмна ж на двары, як у войтавай душы.

Дамінік. Кінь. Ён упарты. Ужо як вырашыў нешта зрабіць, то па крапіве босы пойдзе. І ў каго такі?

Бянігна. У дзеда Анупрэя. Ды яшчэ ў стрыечніка ягонага Людвіка Францава... Есці будзеш?

Янка. Не, намахаўся. Уначы, здаецца, гэтыя трэскі сніць буду.

Дамінік. Не будзеш есці — не трэскі табе будуць сніцца, а старцы ды яшчэ цыганы... Чаго смяешся?

Янка. Сяку ў сне дровы. Падыходзіць цыган з мядзведзем: «Давай падмагу». Я яму: «Ды пакарміць цябе пасля няма чым». А ён: «Нішто, бацю, мішкам закусім».

Бянігна. Цьху, даруй, пане божа. Хіба мядзведзя можна есці? Мядзведзі ж, кажуць, гэта людзі, што ў лес уцяклі, каб на чужога дзядзьку не працаваць.

Янка. Мядзведзі разумныя.

Дамінік. Мядзведзі разумныя. Мы — дурныя. Увесь век арандары за палову ўраджая. Увесь век на чужога дзядзьку. Мядзведзя нельга есці — нас можна жэрці. З мядзведзя нельга дзерці шкуру — з нас хоць сем... Вось так, пані Бянігна, а мядзведжыя хадакі цяплейшыя былі б. Дый мацнейшыя.

Бянігна (бярэ пасталы). Што вы, пане Дамініку, і так естэм бардзо задавалёна. Гэткія ладненькія. Хоць пані Вітгенштэйнавай квас піць.

Дамінік. Не памінай ты нанач гэтых падлаў.

Янка. Так і свецяць хадакі, так і паляць. Ажно ў касцёле некаторыя распранацца пачалі.

Дамінік. Дзіўны ты. Ну зусім не падобны ні на сёстраў, ні на братку. Нібы не ад чалавека. Нібы чараўніцы цябе прынеслі і ля калыскі стаялі.

Янка. Гэта вы сёння дзіўныя. З чаго гэта раптам «панькаеце», нібы ў касцёле? Чаго касцёльнай мовай кідаецеся? Што я вам — ксёндз, віленскі дэкан? Пры чым тут дзед Анупрэй... Людвік... Вітгенштэйны?

Дамінік. Ды ў нас сёння свята. Нешта накшталт угодкаў, юбілею нашаму мяшчанству. А праўдзівей, нашаму халопству. (Пасур'ёзнеў.) Ды што ж, ты чалавек ужо дарослы. Дзевятнаццаь год. Можна і расказаць.

Бянігна. Ды ўжо чаго там. Атручваць яшчэ й яго той несправядлівасцю.

Янка. Хай. Адной болей, адной меней.

Дамінік. Ніякі ты не мінскі мяшчанін. Хаця я ару, а ты сячэш. Ты роду Луцэвічаў, а герба Навіна. І, значыць, не ніжэй... Вітгенштэйнаў.

Янка. І так ясна. Усе Адамавы дзеці.

Дамінік. Ды не ўсе з падатковага саслоўя, у якое нас кінулі. Не ўсіх можна без пакарання абразіць. А між тым твой продак у восьмым калене Стах валодаў маёнткам Кукялёўшчына з вёскамі Слабодка і Цярпілаўка. Галіна сына ягонага Івана ў 62 годзе, за год да паўстання была зацверджана сенатам у дваранстве, а галіна сына Васіля, брата, праз сенацкія рагаткі не здолела прабіцца... Твой продак у пятым калене Юры меў ад Аўгуста ІІІ у 1734 годзе прывілей на чын паручніка войск Вялікага княства. Прапрадзед валодаў вёскай Слабодка, выконваў у Радзівілаў службу дазорцы маёнтка Святы Двор.

Янка (дастае кніжку). Татка, ну што да таго, калі, скажам, дзед у ваўках за самім мядзведзем шаблю насіў. Ну, насіў. А цяпер на месяц вые.

Дамінік. А я цябе ў служкі да мядзведзя не цягну. Хлеба нам, акрамя вось гэтых рук, ніхто не дасць. Я цябе да памяці клічу. Каб не забываў, што жывеш у краіне нягоднікаў.

Бянігна. Ды крый цябе божа! Ды ціха ты!

Дамінік. І хай запамятае... Жылі мы ва ўладаннях князя Дамініка Радзівіла (пляменніка славутага «Panie Kochanku») на правах чыншавай шляхты. Засценак Луцэвічы, за трынаццаць вёрст ад Узды. Дзвесце год жылі, і не крыўдзілі яны нас. А пяцьдзесят год назад землі перайшлі да Вітгенштэйнаў, і пачалася тут у нас з імі вайна за зямлю.

Бянігна. Ваявала мыш з катом.

Дамінік. Ясна ж. І вось дваранская дэпутацкая зборня зацвярджала нас дваранамі ў 1802-м, 1846-м, 1849-м, 1857-м. І кожны раз сенат ці адмаўляў, ці «резолюций не следовало».

Янка. Ці не ўсё адно, у лапцях ці ў ботах араць зямлю?

Дамінік. Усё адно. Але ж Справядлівасць на нашай зямлі свінні з'елі. Што мне ў гэтым, ці пан сам пан, ці пан у пана служыць? Ты вось мне скажы: Справядлівасць дзе? І вось такія, як мы, сталі адной з бочак пораху, куды толькі кінь іскру... І вось год сорак назад край паўстаў, і пачаўся бунт і мяцеж.

Яны глядзяць нібы ў нікуды, а між тым хату і тое, што за яе вокнамі, запаўняе глухі тупат соцень ног, пошчак капытоў кавалерыі, невыразнае бразганне зброі, далёкія глухія галасы, пасля рэдкія стрэлы і рэха ад іх... І раптам зладжаны гул кананады...

І цішыня.

Янка (страпянуўшыся). Што гэта, гарматы?

Дамінік. Якія? Гэта тады былі гарматы. А гэта — грымоты. Нейкая вельмі-вельмі далёкая навальніца.

За вокнамі сапраўды грымоты. Зрэдку яны зноў і зноў варочаюцца недзе ў небе аж да самога канца карціны.

Янка. А ты паўставаў?

Дамінік. Ды не. Мы людзі маленькія. «Хай бог таму памагае, хто нам дабра жадае».

Бянігна. Хто паўставаў — тых на вісельню, у Сібір. Ты унь спытайся ў таго, у каго кніжкі бярэш. Ён паўставаў.

Янка. Чаховіч?

Бянігна. Ну, так. А што з таго карысці. Жабрак пры багацюшчай жонцы.

Янка. Ён не жабрак. У яго — кнігі. Не можа быці жабраком, у каго — кнігі.

Дамінік. То ж бо я раней ледзь не за папружку браўся, каб цябе за кнігу ўсадзіць, а цяпер хоць ты яго лупцуй, што вечна носам у кнізе, а гаспадарка хоць прападай.

Янка. Не тыя былі кнігі.

Дамінік. А гэта — тыя. Бярозавы лес на лучыну звёў — чытае, месяц яму радасць — чытае. Коні на начлезе, а ён ля вогнішча чыт-ае.

Янка. Не краду ж. Чытаю... Каб вы законы ведалі — ці ж бы вас збіла з панталыку сенацкая валакіта? Цяганіна? Блытаніна?

Дамінік. Чужым вумом гаворыш. Якія законы? Проста яны за паўстанне адыграліся на нас. На малых, на бязвінных. Паўстанне задушылі, а нам каб да пачатку ўсе дакументы аб дваранстве прадставіць. Іначай ідзі ў мяшчане, у падатковае саслоўе. І — недавер да нас. Указ за ўказам — «не пушчаць». А адкуль дакументы, ды яшчэ трохсотгадовыя? Касцёлы гарэлі, хаты гарэлі, кнігі і метрыкі разам з імі гарэлі. Усе даведнікі здабывай сам. А дзе іх узяць? Нельга падаваць выпісы з метрык і актавых кніг, што не захаваліся. А кнігі самі спалілі.

Бянігна. Чаму і казала, што ўпарты ты ў дзеда Анупрэя. Пятнаццаць год ён са стрыечнікам абабіваў парогі. А за кожную душу, якая дабіваецца права, прынясі дзесяць рублёй срэбрам. А тых душ, разам з малалеткамі, семдзесят дзве. А Магільнянскі касцёл, дзе дакументы, і касцёл у Мікалаеўшчыне, дзе дакументы,— згарэлі.

Дамінік (непрыкметна паклаў руку на сэрца). А Вітгенштэйны да таго часу сагналі нас з зямлі. А адказы сенацкія — нічога ў гэтай канцылярыі не зразумееш.

Янка. «Законы трэба пісаць незразумела, каб просты чалавек звяртаўся па тлумачэнні да адукаваных паноў». Міністр адзін сказаў.

Дамінік. Вось так. Так і я праходзіў да трыццаці год у «панах», а цяпер вось ужо амаль трыццаць год «мяшчук». Угодкі сёння спраўляем.

Бянігна. Звыкай. Хрыстос таксама да трыццаці год у нехрышчоных хадзіў.

Грымоты за акном.

Злітуйся, пан Езус, не тое, бач, сказала.

Дамінік. Чаму не тое? Бог цябе стварыў, чалавеча, даў неўміручую душу, даў усю зямлю, сад твой. А ты... Дай шалянцу, Бянігна.

Бянігна. Зноў сэрца?

Падае адвар. Бацька п’е, паступова супакоіўся.

Дамінік. А ты што напрыдумваў, чалавеча? У каго мала зямлі, у каго няма. Справядлівасць з торбай ходзіць. Хлеба чалавек хоча — страляюць у яго. Кожнае падла самавольнічае, як ашалелае. Кожны сабе грабе. Пра паноў і не кажы.

У гэты час пачынае прыглушана гучаць аднекуль Голас, які пасля будзе гучаць часта. Гэта нібы і Янкаў голас, нібы і чужы. Але хутчэй усё ж Янкаў, толькі непазнавальна амаль узмужнелы, незгінальны і непахісны:

 

І мужык — пан у старонцы

Гора гэта вечна бача,

Бача, што толькі ў карчомцы

І ў магіле ён не плача.

 

Янка (страпянуўшыся). Вы... чулі голас?

Бянігна. Які голас?

Дамінік. Ты што? (Паўза.) Не, мабыць, у цябе ўсё ж мазгі набакір. Жаніць цябе трэба.

Бянігна. І тое. Унь бяры хаця Марыську Гладышэўскую. Якраз семнаццаць. Бацька спраўны арандар. І яна ж за табою аж вачыма страляе... ну проста як на панскай ахвоце.

Янка. Ды я пра гэта не думаў. Што ж мне, ускінуць на хіб яшчэ й гэта? Сагнешся... А я адчуваю сілу на нешта іншае, велькае... Вось не ведаю толькі, на што... А голас.

Дамінік. Галасы толькі юродцы гэтай, Анелі Вітгенштэйнавай, чуюцца. Не наша гэта справа, галасы чуць... Панская гэта, ад залішняга туку, справа.

Бянігна. Ну, і паны бываюць розныя. Унь у Бясядах пан, што Янучку кнігі дае. Вось гэта пан, дарма што паляк.

Дамінік. Такі ён паляк, як я Беркаў Зяма. Толькі што ў адной карчме. Я пію, ён падносіць.

Янка. Ды хто ж мы?

Дамінік. Тутэйшыя. Веры польскай, то, кажуць, і палякі.

Бянігна. Не, ты не кажы. Ён пан сардэчны, пісьменны.

Дамінік. Ну і што? І багаты, і адукаваны, а што з таго... Усё жончына, ягоныя толькі кнігі. А імі сыты не будзеш. А жонка пана Цыкмуна надгаладзь трымае.

Бянігна. І як быццам ён ад людзей хаваецца. Ці яго хаваюць. І... начальства ведае, але праз пальцы глядзіць. Кажуць, ён цяпер бяспечны, Чаховіч.

Дамінік. Кажуць — значыць, на іх і небяспечны.

Янка. Ды што вы, урэшце? Хто ён? Я ж яго як вас бачу.

Дамінік (амаль шэптам). Бунтаўшчык. Яшчэ з таго паўстання. Начальства казала: паны прыгон вярнуць хацелі, і таму паноў лавіць і вешаць трэба. Ды толькі не мужыкі іх вешалі, а яны самі. Начальства.

Далёкія грымоты.

Значыць, нейкая хлусня ў тых чутках была.

Бянігна. Ты б радзей да яго хадзіў. Усё ж стра-ашна.

Янка. Дачытаю вось кнігу — пайду.

Дамінік. Упарты. Але і кніга не выручыць... Зямля адна выручыць... Зямля.

Янка расчыняе акно. Аднекуль здалёк вядзе песню дзявочы голас.

Бянігна. Марыся вядзе. І галасістая ж на нашы песні. Глядзі-і, Янка.

Голас Марысі.

 

І ўчора ня быў, і сёння ня быў,

Відаць, мой міленькі мяне пазабыў.

— Ой, я не пазабыў, не пазабуду,

Сяду паеду, сем год не буду.

 

Дамінік. Хай чужая — зямля.

Янка. Не хачу чужой зямлі. Мая гэта зямля.

Заслона

 

Карціна другая

Бібліятэка ў флігелі Зыгмунда Чаховіча ў Бясядах. Простыя беленыя сцены, паўкруглыя зверху вокны, канапа, пацёрты дыван, столік, крэслы. Адзіная раскоша — мноства кніг, і патрапаных, і старадаўніх скураных, і ў ціснёных золатам вокладках. Астатняе — пацёртае і нібы прыцярушанае пылам. Янка Луцэвіч толькі зайшоў у пакой з пакункам кніг. У пакоі два чалавекі. Сядзяць ля століка. На крэсле малады хлопец Стафан Каляда. У фатэлі, накрыты пледам, сам Зыгмунд Чаховіч.

Яму каля сямідзесяці год.

Чаховіч (не расплюшчваючы вачэй). Пачакай, Янка. Вось пагаворым са Стафанам, тады ўжо і з табой. Лезь у кнігі... Ну дык і што, пане вялебны Стафан Каляда?

Стафан. Валахоўскі стары як ашалеў. Як ваўкалак яго пакусаў. Сабак і тых, здаецца, грыз бы. Сагнаў арандатараў у Ліпаёве, Шульжыцах, яшчэ «запашнікаў» чалавек дзесяць. Цяпер прыходзіць, відаць, чарга на нас.

Чаховіч. А Гладышэўскія?

Стафан. Наўрад ці Казік, сынок ягоны, заступіцца. Той па дзяўчатах, відаць, так да сівых валасоў і гойсаць будзе. А цяпер гэты Казік... як паказіўся на Марысьцы Гладышэўскай.

Чаховіч. То хай бы і жаніліся. І Гладышэўскім спакой.

Стафан. Угу. Гэта ён проста капытамі б’е. Так ён з ёю і ажаніўся, з арандатаравай дачкой. А тады і згоніць... А можа, і раней згоніць, бо тая Марыся ні на яго, ані на каго іншага і пляваць не хоча (пакасіўся на Янку). Ёй іншы ў галаве. Валахоўскім толькі і ў галаве, што людское шчасце. Авечкі, бульба, бровары ім у галаве. Словам, нам раней у парабкі, Гладышэўскім — пазней. Цаной ганьбы... Што рабіць, дзядзька Цыкмун?

Чаховіч. Што ж я магу табе зрабіць, хлопча? Хіба скаргу за цябе напісаць?

Стафан. Каму?

Чаховіч. У сенат.

Янка. Што скарга? І ў нас было тое самае за сем год да майго нараджэння.

Чаховіч. Ну тады адразу з «всеподданнейшей жалобой». (Вочы ўсё яшчэ заплюшчаныя, але на вуснах іранічная ўсмешка.) Ну, напрыклад, так: «Ваше Императорское Величество, Августейший Монарх, Всемилостивейший Государь. Просит такой-то отставной арендатор, жительствующий там-то. Всеподданнейшая жалоба. Правительствующий Сенат по такому-то Департаменту, рассмотрев такого-то числа... определил. Решение это, как несогласное с обстоятельствами дела и с точным смыслом таких-то законов, я нахожу неправильным по следующим основаниям... представляя при сём...»

Стафан. Будзе вам цар гэткае глупства разглядаць.

Чаховіч. Угу. І таму: «Всеподданнейше прошу: Дабы повелено было настоящее дело передать на рассмотрение на Общее Собрание Правительствующего Сената»... Тых жа, хто пазбавіў яго шляхецтва, а цябе — зямлі... А ты — умову аб арэндзе. А ён тады — прашэнне «о взыскании арендной платы с наложением ареста на движимость».

Стафан. А ён куды? Цару?

Чаховіч. Будзе ён пэцкацца. «Его Высокородию Г-ну Мировому судье такого-то участка... По такому-то договору такой-то взял у меня в аренду то-то на такой-то срок, обязавшись, по истечению такого-то срока, очистить беспрепятственно оный участок и подчиняясь в противном случае неустойке по столько-то рублей в день. Обязательства сего ответчик добровольно не исполнил, по истечении срока контракта участка не очистил... Ввиду вышеизложенного, представляя при сём... договор найма... а также судебных пошлин и сбора за бумагу». А ты «прашэнне аб вызваленні, што заплочана». А ён: «На основании, представляя при сём подлинный... с подписями на оном... прошу Ваше Высокородие о взыскании... с судебными и за ведение дела издержками, с предварительным обеспечением этого иска...»

Стафан. Памрэ бацька. Хворы.

Чаховіч. «Такой-то, ныне умерший, должен мне такую-то сумму по арендному договору... Представляя настоящий иск к лицу умершего собственника на основании 215, 752, 960 ст. Устава Гражданского Судопроизводства ».

Стафан. Што ж рабіць?

Чаховіч. Ведаць, што ты жывеш у вялікім імперскім свінстве (расплюшчыў вострыя вочы) «от финских хладных скал до пламенной Колхиды».

Стафан. Усё. Ды я тады — за сякеру... Ды я ім — пеўня чырвонага.

Чаховіч. Гэх, думалі б вы так сорак год назад. Не стаялі б убаку. Не верылі брахні. Былі б з намі — мокрае месца ад іх асталося б.

Стафан. Застанецца.

Чаховіч. Гінулі мы тады адны. І чым я магу памагчы табе? Сагнанаму арандатару былы катаржнік, а сённяшні напалову жабрак.

Стафан. Мокрае месца... Толькі зараз мы адны згінем. Усё адно вы — паны.

Чаховіч. Чаму?

Стафан. Усё адно вы — паны. Гаворыце — не па-нашаму. Пішаце — не зразумець. Праўду, відаць, ад нас пад зямлю схавалі, зааралі, каменем прыціснулі.

Выбег, ледзь не сутыкнуўшыся ў дзвярах з Аконамам.

Аконам. Нех бэндзе пахвалёны...

Чаховіч. Няма за што хваліць... Ну, што там?

Аконам (ён споўнены самага нязноснага гонару, бо цвёрда ўпэўнены, што ўмее гаварыць па-польску). Пані скаржыся, жэ мужыцы ходзёнць па садон. Могонць држэвы обэбіць. Могонць држэвы абэнбіць, абэрваць.

Чаховіч. Ты лічыш, што па-польску «абэнбіць» — гэта па-тутэйшаму «абабіць», а «абэрваць», адарвацца, надарвацца — гэта «абарваць».

Аконам. А ліха, пшэпрашам, паньства ведае. Вядома... Нестэты, пані...

Чаховіч. У пані — палац. У мяне — пакой у флігелі. Я не хаджу да пані. Яна — да мяне. Яны, мужыкі,— і дарэчы вось гэты «мужык», у якім блакітнай крыві больш, чым у цябе, вялебны пане Пшыпердзіньскі,— не ходзяць параднай брамай. Яны ходзяць чорнай форткай. Як я. Так ёй і скажы.

Аконам. А калі яна, скажам, звернецца ды скажа яшчэ недзе?

Чаховіч. У «блакітным» доме?

Аконам. У «жоўтым» доме... Пан глову сву барзо змэнціл. Тржэба пану гловон одпоцёнць.

Гэта гучыць так нясцерпна, што Чаховіч не вытрымаў.

Чаховіч. Як ты смееш, хамуйла, не ведаючы, польскую мову перакручваць ды псаваць?! Згінь, варона!!!

Аконам знікае.

Ах, быдла! Ах, якое паскуднае быдла!

Янка (крыху азадачаны). Вас так абразіла знявечаная мова польская?

Чаховіч. Ат, глупства... Аднойчы мужык у лесе ўбачыў, што маланкі б’юць у корч. Аж гэта бог ваюе з чортам, ды ніяк не трапіць. А чорт на кожную маланку — дулю, дулю ў неба. Мужык падумаў: «Трэба памагчы». Зарадзіў стрэльбу срэбнай куляй ды я-ак пальне — чорт і пятамі накрыўся. Тут з неба голас: «Бэндзеш збавёны». Мужык за галаву схапіўся: «Маці мая, і там палякі...» Я тутэйшы — мовы польскай. А жонка мая, Анэля Арамавічуўна, з польскіх лютэранак. Рэч ненатуральная. Усё адно як шчаслівы геній, смярдзючая ружа... манарх-дэмакрат... дыктатар-народалюбца... свядомы свайго паходжання тутэйшы. Дый дзеці мае... большыя католікі, чым папа рымскі. Больш самотнага ўявіць сабе нельга. Адзін. Чужы я. Усім.

Янка. Таму што калісь паверылі, нібы вы з сябрамі хочаце прыгон вярнуць, зноў людзей прадаваць?

Чаховіч. І таму. Гінулі за вас. А народ паверыў агульнаму нашаму ворагу (разглядае сухія кулакі). Шкада, што ў свой час не здолелі па-сапраўднаму ўдарыць. Нават не за сябе, не за мужыка шкада. Шкада дзеля таго, што ходзяць па зямлі вось такія хамуйлы. Разбэшчаныя сваім рабствам перад моцнымі. Сваёй «уладай» над слабымі. А была ж у нас агульная справа.

Янка. І загінула.

Чаховіч. Так, знайшліся кнігаўкі, канюхі. Памятаеш казку: усе звяры і птушкі капалі студні, рэкі, ручаінкі, каб на зямлі была вада. А канюх сказаў, што працаваць не будзе, што яму і расы хопіць. І бог сказаў яму: хоць бы ты здыхаў, то нават у паводку будзеш прасіць «піць»!

У гэты час зноў, яшчэ больш настойліва загучаў Голас:

 

«...Боская кара ўсіх мусіць спаткаць

Тых, хто, баючыся цярпення і мукі,

Не хоча папраўдзе для ўсіх працаваць.

Дык ведайце ж, браткі, хто к працы вялікай

З вас рук прылажыць не захоча сваіх,

Такому бог скажа: «Піць!» Цэлы век клікай

І будзь праклінаны ад браццяў сваіх».

 

Янка (схамянуўшыся). Вы сказалі нешта, пане Цыкмун?

Чаховіч (са здзіўленнем). Не... А... што такое?

Янка. Разумееце, галасы. Ні ўдзень ні ўначы не даюць спакою. Вырвацца хочуць, сказаць. Як хворы я.

Чаховіч (занадта ўважліва глядзіць на яго). Быць табе нечым або вельмі дрэнным, або надта добрым. Прапаведнікам, місіянерам сярод глухіх абэлтусаў... Паэтай.

Янка. Але яны... не па-польску... І... ні на якой іншай мове.

Чаховіч. А ты паляк?

Янка. Хто ведае. У касцёле... Дый там, як гэны аконам.

Чаховіч. Ну, гэта крый цябе божа.

Янка. Проста... тутэйшы я.

Чаховіч. Ну, гэта ўжо лепей. Але такога яшчэ ніхто не рабіў. Дый як рабіць? Гавораць — і я таксама — як з пушчы.

Янка. Гавораць прыгожа. Запісаць няма як.

Чаховіч. Запісаць?.. Ну-у.

Янка. Пане (бярэ кнігу), а вось тут у «Філасофіі гісторыі польскай». Нейкія лісткі невялічкія. І... неяк больш падобна як у нас людзі гавораць.

Чаховіч (бярэ лісткі). А-ёй. А я яшчэ й гадаў, куды я іх тады засунуў. Глядзі, і пры вобыску не знайшлі. Ну-у, шчаслівы мой бог. А тое б не дванаццаць год катаргі, а... (Пацірае шыю.)

Янка. Словы незвычайныя — мароз па скуры.

Чаховіч. Словы звычайныя. Сэнс незвычайны — таму і мароз. «І як добра слуга глядзіць худобы гаспадарскай і слухае свайго гаспадара, так добры ронд, урад, глядзець павінен шчасця людзей, слухаць народу і рабіць так, як народаві лепей... бо не народ зроблены для ронду, а ронд для народу. А ў нас, дзецюкі, чы гэтак?» Ну так, так. Суды — воўчая яма. Войска — не каб людзей берагчы, а не дазволіць народу і застагнаць... «Дзяры з нас, цар, дзяры з нас, чыноўнікі яго, хаця да астатняй шкуры; но памятайце, што і на вас прыйдзе пара...» І салдатчына (бярэ другі лісток): «Забыці там трэба, што ёсць у нас наша бацькаўшчына... І аддаць жыццё не за дабро і шчасце ўсіх, а за ліха і вечную няволю нашых братоў».

Янка. Хто гэта?

Чаховіч. Гэта мой сябар. Ліцвін, сепарыста. Тутэйшы.

Янка. Словы. Нашы словы.

Чаховіч. Сябе не помніў ад захаплення гэтым... І быў лепшы на свеце чалавек, якога мне даводзілася сустракаць... І быў павешаны за гэта.

Янка. Як... за слова?

Чаховіч. За справу і слова. Кастусь-Вікенці Каліноўскі. Дваццаці шасці год.

Янка. На сем год старэйшы. Няўжо ў такія гады можна зрабіцца настолькі страшным?

Зноў за акном грымоты, але чуюцца стрэлы, тупат ног, гарматныя залпы. І святло маланак як пажар.

Чаховіч. Якія раннія навальніцы ў гэтым годзе. Яшчэ ж і вясны амаль няма. Грыміць і грыміць.

Янка. Прарочыць нешта.

Чаховіч. Што нам можа нешта прарочыць? Знову кроў... І вось нічога. Нічога мы не здабылі тады сваёй крывёй. Бо чужыя. Не душою — словам... І вось лепшым — шыбеніцы. А тым, што крыху горай,— тачкі ў рудніках. Ведаеш, што такое Нерчынскія горы? Гэта свінцова-срэбныя шахты. Вось мяне — туды. А я ж быў толькі сябрам Кастуся. І экспедытарам паўстання. А ты ведаеш, што такое свінцовае атручванне? Гэта калі дыхаеш пылам, што змяшчае свінец. Дзясны аспіднага колеру... Нудзіць... Баліць... Колікі... Эпілептычныя сутаргі... Растройства розуму... Паралюш. Чаму на золаце пад Нерчынскам катаргу адмянілі, а на свінцы — не? Таму што нармальны чалавек на свінец не пойдзе.

Янка. І гэта — за слова?

Чаховіч. Слова. «Спачатку было Слова. І Слова было ў бога. І бог быў Слова». Я да свінцовага скону не дайшоў. Лічылі: ідэаліст. Але, ідэаліст. Але ідэалізм у сэнсе адданасці ідэі — гэта не матэрыялізм напхатага пуза...

Янка. І вось мужыкоў зганяюць з зямлі.

Чаховіч. Кідаюць яны свае верасовыя пусткі, ідуць у свет, галадаюць.

Янка (дастаючы хатулёк, муляецца). Пане Цыкмун... Вось тут... Сыру крыху. Прабачце... Масла... Ну, вяндліны...

Узнятая рука старога здрыганулася. Ён адыходзіць да акна. Маўчанне. Стары маўчыць, і ў яго калоцяцца худыя лапаткі.

Ды не біце вы мяне.

Чаховіч (справіўшыся). Нічога. Нічога. Гэта прайшло. Толькі мы будзем разам. Разам.

Яны раскладаюць ежу на століку. Янка толькі робіць выгляд, што есць.

Сынок... Дзякуй табе... Гэта мне ўзнагарода... За чужую жонку. Чужых дзяцей... Чужы народ... Нездарма мы... Я... І калісьці ўсе разам за адзін стол. Я не дажыву, можа, і ты. Але разам за адзін стол...

Янка. Як зрабіць гэта?

Чаховіч. Не ведаю. Кожны памыляецца, і шукае, і знаходзіць сваё Слова сам. Ва ўсякім разе памагай табе бог на тваім шляху. Табе. І Стафану Калядзе... І тысячам такім іншым... што елі сала тутэйшых і не паважалі іх. І за гэта паплаціліся.

Янка (глуха). Вы так бядуеце. Чаму б вам не кінуць гэтыя Бясяды, жонку, якая для вас нядобрая.

Чаховіч. Я напаўлегальны. Акрамя таго, тут частка і майго маёнтка.

Янка. Ды нашто ён вам? Вы такі багаты. Вось гэтым (паказвае на кнігі). Тысячы людзей, тысячы сяброў. А тут... ледзь не адзін я, малапісьменны хлопец.

Чаховіч. І, можа, адзінае маё апраўданне... І яшчэ — гэта мая таямніца. Адкрыць яе пакуль не магу. Але гэта, акрамя, можа, цябе, адзінае, што трымае мяне пры жыцці. (Стары амаль велічны.) Помні, таямніца.

Заслона

 

Карціна трэцяя

Ранняя вясна. Каля муроў цвінтара Багаяўленскай царквы ў Лагойску — нядзельны кірмаш. Але ён шуміць недзе наводдаль, а тут толькі стаяць некалькі распрэжаных вазоў, ды на цвінтары жабракі і жабрачкі спяваюць «Лазара»:

 

Як жыў сабе Лазар, чалавек убогі,

Ён лезны — балесны, сільна ўрадлівы.

Як пайшоў ды Лазар к брату-багачу,

Брату-багачу пад ягонае вакно.

«Ня ёсць ты мой брат, а ёсць люты пёс,—

Ёсць у мяне браткі — не роўня табе,

Ёсць у мяне браткі — у кроплю як сам,

Такія як сам — найраскошны пан»...

Ў гнаю ляжаў Лазар трыццаць тры гады,

Перад брамай багатавай братавай.

 

І яшчэ сядзіць ля мура Лірнік, спявае «Плач Адама»:

 

Ужо ж мы не бачым Прасветлага раю,

Ужо ж мы не чуем Янгальскага гласу!

Вочы нашы — ямы,

Руцы нашы — грабы:

Што вочы забачуць,

То руцы заграбюць,

Што маем, то мала,

Ажно ўсяго многа

Пад небам высокім

У госпада бога.

 

Янка. Ну і што з таго, што ўсяго многа, дзеду?

Лірнік. Усяго многа. Праўды мала... Усё жыццё пра тую праўду і я і унь яны, на цвінтары, спяваюць, а не вымалілі яе.

Жабракі.

 

Не было ў тым доме набожнай душы,

Балеснаму Лазару хлеба-солі даці,

Сваёй душы царствія ўратаваці.

Толькі былі ў тым двары два лютыя псы:

Яны па падстоллю заўжды хадзілі

І дробныя крошкі сазбіралі,

Балеснаму Лазару у гной насілі

І тым яго душу-цела заўжды жывілі...

 

Янка. Толькі яны?

Лірнік. Толькі. І няма яшчэ голасу гэткага моцнага, каб вымаліць праўду.

З’яўляецца Стафан Каляда.

Стафан. У-у, Янук.

Янка. Здароў, Стафан.

Стафан. А я думаю: у лірнікі ты гэта пайшоў, дзе пад лагойскім багаяўленнем праўду вымольваеш.

Янка. З маім голасам? Жартуеш...

Стафан. Ты дзе?

Янка. Ды па-ранейшаму. Бацькі ў Селішчы. Я вось вучылішча скончыў, ды да іх. А ты?

Стафан. Значыць, канчай не канчай — усё адно плуг... А мы вось не вымалілі праўды. Згоняць нас вось-вось. Валахоўскі лютуе. Мы сёння пойдзем... Ну, Гладышэўскіх, можа, часова пашкадуюць. Казік у бацькі, на Марысю паглядаючы, на гадок адмоліць.

Янка. Жэніцца?

Стафан. Гэ-э. Ён? Неба хутчэй упадзе... Слухай, Янка. Толькі ў яе і размовы, што пра цябе. А мне гэта...

Янка. А я ні ў чым табе перашкаджаць не хачу.

Стафан. Што, не падабаецца?

Янка. Ды не, хутчэй наадварот.

Стафан. Баішся, што бацька хворы, а ты — старэйшы з сямёх дзяцей?

Янка. Гэта мяне не спыніла б. Рукі моцныя — побач, сэрца добрае — ля майго. Але як быццам нехта забарону паклаў... На сем замкоў браму да яе замкнуў.

Стафан. Дык ты...

Янка. Не бойся. Нічога ёй не скажу.

Стафан. А сама яна скажа?

Янка. І на гэта не адкажу нічога... Ты лепей унь туды паглядзі.

З’яўляецца Марыся ў таварыстве Агаты, Магдзі і Евы. Да іх павольна набліжаецца Казік Валахоўскі.

Казік. Дзень добры, паненкі.

Марыся. Здароў быў, пан Казімір.

Агата. А гожанькі... Як макаўка.

Магдзя. Як макаўка, калі асыплецца.

Ева. Нічога яшчэ. Пакуль каласы на палёх ды сады не асыпаліся.

Казік. Але ж паненкі, як кветкі ў крапіве. Што вам сярод гэтых?

Марыся. Чаму? Тут не толькі яны. Тут кампанія пажондная. Унь пад багаяўленнем усе Тышкевічы ляжаць.

Магдзя. Графы. І тут жа побач з жабраком Янка сядзіць... «Чатыры панове на адным канёве».

Марыся. Магдзя, не руш.

Ева. І праўда. Калі з вас ніхто, то я б з ім у садочку пасядзела б. Яблык знайшла.

Агата. Ох, патрэбныя мы ўсе яму. Што за чалавек? Іосіф прыўкрасны? Ляксей — чалавек божы?

Марыся. Смяецеся.

Агата. Я — не.

Марыся. А ён нібыта й сапраўды нейкай сілай абраны.

Казік. Гэты? Н-ну... Гэта прабачце ўжо. Добры хлоп, але бардзо смердзі.

Марыся. Яшчэ скажыце такое, пан Казімір,— тады ідзіце лепей.

Аддаляюцца.

Стафан. Бачыў?

Янка. Бачыў.

Стафан. Галаву я яму развалю, бабздыру.

Янка. Кінь, Стафан, не чапай гною.

Стафан. За што ж такая дзяльба ад бога? Разлезлік, гад, няроба — і ўсё ў яго. А ў нас усіх мазалі з рук не злазяць, а мы сярод жабракоў.

Янка. І адны лірнікі за нас... Куды ж ты зараз?

Стафан. Не ведаю. У салдаты — за трыццатую гару загоняць. У найміты — зноў нейкаму Казіку кланяйся. У разбойнікі — багатыя галаву здымуць. У стражнікі — сволаччу станеш, беднага пакрыўдзіш, братам будзеш чужы... Не ведаю.

Лірнік. Праўду ідзіце шукаць.

Янка. Дзе? Нават дзе была яна — няма. Дзе былі дабрыня, шчырасць, вера ў людзей — балота лягло безнадзейнае. Баяцца, хлусяць, ваўкоў хваляць — а мо воўк яго апошняга зарэжа?

Лірнік. І тое. Вось тут па Гайне-рацэ крыніцы былі. Пахнулі — як з пекла, жалезам ды серай. І прыводзілі ўтрапёных, і расслабленых, і паралюшных, і былі ім палёгка і вылячэнне. А зараз? Гразь адна.

Янка. Па ўсім тутэйшым наваколлі — гразь.

Набліжаюцца Агата, Магдзя і Ева.

Стафан. Зноў сарокі гэтыя. А Казік недзе з ёй. Пайду я.

Ідзе. Дзяўчаты прыблізіліся.

Магдзя. Пане божа. А мы глядзім, хто гэта. А гэта ж Яначка-закутнічак.

Ева. Не, дзяўчаты, гэта вы дарэмна. Гэта ён так, а ў душы ён да дзяўчат лісцімон. (Наіўна.) А я б і не лаялася, каб ён ля мяне лісцімоніў.

Янка. Славяда ты. Авечка закруцістая. Ты ж мазгі ўсім закруціш. Хоць касмылі прычашы.

Магдзя. Ы-ы, ы-ы, атрутнік гэны. Яшчэ хваліцца, што з лавы валіцца.

Янка. Агонь бы вас, дзеўкі, вымачыў, вада б выпаліла. Замуж бы вам далёка выйсці.

Агата (з раптоўнай сур'ёзнасцю). А сяя-тая можа й далёка выйсці...

Янка. Куды?

Агата. Дзе звону касцёльнага не чуваць.

Янка. Мне што?

Ева. Пагаварыць трэба.

Янка. Я нікуды не ўцякаю. Толькі... дарэмна гэта. Хочаце, каб Стафан да вечара не дадыхаў.

Ева. Не выдумвай.

Магдзя. Каб твайму Стафану сто гадоў жыць і сто гадоў ногі валачыць. Няўклюда гэткі.

Ева. Дык помні.

Янка. А што, калі забуду, дык мяне рак убрыкне?

Магдзя. Качка цябе тады ўбрыкне, а камары затаўкуць.

Пайшлі. Янка толькі круціць галавою.

Янка. Ну, дзе-еўкі. Ну, каб ім елася хутка, работалася доўга.

Лірнік. Каб ім на старасць кот яйка знёс, а ваўкі па іх голас вялі.

Янка. Аж у пот кінула.

Лірнік. А што ты думаеш? У нас такі-ія.

Падыходзіць Марыся.

Марыся. Адыдзем, Янка?

Янка ўстае і адыходзіць.

Сядзем? (Прыселі на выступ мура.) Што гэта ты, сугней такі, каб ты ўдзень зорак не бачыў. Хлопцы з дзеўкамі, мужыкі з бабамі ля карчмы. Музыка там, скокі.

Янка (на лірніка). Унь мая музыка.

Марыся. А дзяўчачыя спевы табе не музыка?

Янка. Кожнаму дню — свая музыка. І на сённяшні дзень розная яна ў мяне і ў цябе.

Марыся. Праўда?.. Да канца праўда?

Янка. Так. Нікога не хачу падманваць. І асабліва цябе. Як самую ўлюбёную сястру. Як і сонца і неба. Бо не ведаю, што я магу табе даць.

Марыся. Усё на свеце.

Янка. Я не ведаю, што я ў гэтым свеце, а ты мне кажаш, што я — усё. А раптам я паабяцаю табе залаты яблык, а выявіцца, што я зацвілы сухар. Не хачу рабіць такога людзям. А табе — стакрот. Чыстымі вачыма хачу глядзець табе ў вочы. Асабліва таму, што хацеў бы глядзець доўга.

Марыся. Янка... Янка... Бацькі пана баяцца... Казік толькі што сказаў, што ўтопіцца... Абяцаў — сватоў зашле... А мне гэта — атрута смяротная.

Янка. Найбольш сорамна — адмовіць у глытку вады. Мне — сорамна.

Марыся. Ты лічыш — я прасіць падышла. Ды не, тут няпраўда твая. Мяне прасіць не вучылі. Мяне рабіць вучылі. Браць па праву заробленае.

Увальваецца ў кола дзяўчат Казік Валахоўскі, крыху на падпітку. З другога боку Стафан Каляда.

Унь яны — яшчэ дзве дарогі. Не на табе свет клінам.

Янка. Я рады... за Стафана.

Марыся. А я — невядома за каго радая. Гэй, дзяўчаты, кола!

 

За гарою зайчыкі трубяць,

Чаму мяне дзеўкі любяць?

Злажэцеся, хлопцы, па грошу,

Купене мне ленту харошу,

Буду тую ленту насіні,

Будуць мяне хлопцы любіці.

 

(Танец.)

Агата.

 

Ой, да мяне ходзіць

Малады Ясенька,

Сам бялявы, вус чарнявы,

Белае лічэнька.

 

Ева.

 

Дзяўчынанька панна,

Маё маляванне,

Падай жа мне белу ручку

Цераз дыляванне!

 

Магдзя.

 

Ой, ручкі не дам я,

Мая ручка бяла,

Я такімі панічамі

Платы падпірала.

 

Марыся.

 

Ой, ты думаў, дурню,

Што я цябе люблю,

Каля цябе стою,

З цябе смешкі строю.

 

Казік. Гэй, людцы! Усё ёсць. Поле нямеранае, грошай — сам не ведаю. Чаляднікаў — роту маю... Чаляднік! Блажэй-фурман, да яснай халеры.

Блажэй (з’яўляецца і ляскае бізуном). Тут, Казю найяснейшы.

Казік. Бенкетоваць. Кумаёў-любаўёў заклікаць. (Да Марысі.) Ну, рончку бялу. Князёў-баяр сюды!

Блажэй. Роту-пяхоту, прапышную чэлядзь!

Натоўп вывальваецца са сцэны.

Лірнік (ціха). Я хаця і адным вокам, але святло крыху бачу. Што ты за камень у гэтае гадзючае кубло кінуў? Чаму дзяўчына так раз’юшылася?

Янка. Нешта кліча. Сілы ў сабе адчуваю вялікія. Не магу іх закапаць у зямлю, думаць аб зямлі, гаспадары, дзяўчатах.

Лірнік. Што, зусім не думаць?

Янка. Якраз не. Няма на свеце прыгажэйшых за нашых дзяўчат. Але, адчуваю. Здайся — і пойдзе тая самая арэнда, дзеці, гаспадарка, кавалак малой зямлі. А мне, адчуваю, і на вялікім чамусьці цесна. Жыву — нібы чакаю чагосьці. Нібы трэба кагосьці ратаваць. Не аднаго — многія тысячы. А як? Чым?.. Не ведаю. (Паўза.) І галоўнае, словы... Найлепшыя на свеце. Гучаць, гучаць у душы. А аб чым? Якім глаголам гучаць — не разумею.

І зноў увальваецца дзікі натоўп.

Казік. Чаму не ўсе пайшлі... у карчму... Ты, з лірай... І ты, Луцэвічаў псюк.

Янка (спакойна). А няма чаго туды ісці. Дзе ты — там і карчма. Хаця й не п’юць — рыгаць хочацца.

Казік. Цо? Цо ты гадаш? Гальцапа ты гэткая.

Янка. Змоўч ужо, гадота цэлага свету.

Казік. Ты, ты... гіцаль!

Марыся. Разыдзіцеся вы, пеўні.

Казік (крыху адышоў). Ды я яго за шэлег куплю.

Стафан. За шэлег? А я вось табе.

Казік. Адкасніся, галадранец (хапае Янку загрудкі).

Стафан. Ты на нашых хлопцаў?! На дзяўчат? За камень гарачы хапайся, а не за іх.

Блажэй (спалоханы). Вураднік ідзе! Снулы!

З-за царквы выплывае ўраднік з двума стражнікамі.

Снулы. Тут што такое?

Блажэй. Дык, Рахцей Рахцеевіч...

Снулы. Ерафей Ерафеевіч.

Блажэй. Рах... Рахце... Пшэпрашам... Гулялі... А гэтыя да паніча біцца палезлі.

Марыся. Няпраўда!

Стафан. Казюк пагражаў, што ўсіх за шэлег купіць!

Снулы. Пло-оха. І міня?

Казік. Ды што вы, хіба вам шэлег цана?

Янка. Дарагі вы наш... дарагі.

Казік. І куплю! Усё куплю!

Жабракі на цвінтары.

 

Цяпер я багаты, бога не баюся,

Ад наглая смерці грашмі адкуплюся,

Да царства нябеснага я сам набліжуся,

А ад злога чалавека з ружжа адаб’юся.

 

Лірнік (падхапіў).

 

Ад лютага звера псамі адцкуюся,

Ад брата Лазара навек адракуся.

 

Снулы. ІІІто-о. Какурат бунт?! Страж!

Адзін са стражнікаў вырывае ліру з рук старога. Янка схапіў яго, але стражнік ужо адкінуў ліру ўбок. Там яе паддаў наском Блажэй. А пасля на яе цяжка апусціўся бот Снулага.

Я вам урэмя пакажу спяваць катаржныя свае песні.

І тут яго ўразіла дзіўная цішыня і твары людзей. Яшчэ дагасаюць енкам струны ліры. І маўчанне страшней за крык.

Разыдзісь (голас у Снулага няўпэўнены). Ціха.

Пайшоў з плошчы. За ім паступова разыходзяцца людзі. Памкнулася была да Янкі дый пайшла Марыся. Хацеў быў сказаць нешта, ды, зірнуўшы на Янку, павалокся прэч Казік. Янка ўзняў знявечаную ліру.

Янка. Ну... дзе ж цяпер шукаць апошняе слова?

Лірнік. Ліра будзе. А слова — у песні, у казцы.

Стафан (адыходзячы). Казкі? Не, тут казкамі не пахне.

Лірнік. А ісці? Ісці па праўду. Жывая яна недзе ў госпада бога.

Янка. Мы адны. А колькі ж іх. Абыякавых, чужых, моцных.

Лірнік. А ты забудзь гэты дзень і сябе. Ты ідзі за ўсімі, за моцнымі. Лягчэй. Не прападзеш... Унь за такімі, як гэтыя.

Голас. Божа! Гэткі свет тут

 

Моц стварыла твая!

Дзе ж мой дом, дзе ж мой люд?

Дзе айчызна мая?

 

Янка. Чуў голас?

Лірнік. Не.

Янка (разгублена). А я чуў (ашчаперыў галаву рукамі). Забыў. Забыў.

Лірнік. Каб крыніцы не былі такія запушчаныя — лячыўся б з іх.

Янка (амаль непрытомна). Каб крыніцы не такія запушчаныя...

І тут выбягае да іх Марыся.

Марыся. Янка. З Селішча Адам прыехаў. Спяшайся дахаты. З бацькам дрэнна.

Янка (непаслухмянымі вуснамі). Што? Што?

Марыся. А, што там! Не ўмею. Памірае ён... Калі ўжо... Што ж ты?

Янка. Іду, сястра. Вось табе і клічы-галасы. Вось табе і ліра. Ён — у зямлю. Я — на зямлю.

Заслона

 

Дзея другая

 

Карціна чацвёртая

У цьмяным зарыве постаці чатырох чараўніц.

Першая. І вось ён ужо дарослы, той, ля калыскі якога мы тады стаялі.

Чацвёртая. І што паспеў зрабіць? Пахаваць бацьку, брата, дзвюх сёстраў. Папрацаваць трохі хатнім настаўнікам, «дарэктарам»... На такую працу ідуць дзеці ў трынаццаць год... Папрацаваць пісарам? Не атрымаць месца ў лясніцтве? Паслужыць малодшым прыказчыкам? Чалавекам, якому загадваюць?

Другая. Кожнаму нехта нешта загадвае. Пакуль ён не набіраецца мужнасці загадваць сам сабе. І толькі сабе.

Трэцяя. Пачаў спяваць. Надрукаваў некалькі вершаў.

Чацвёртая. Не на матчынай мове. Пасрэдных вершаў. Ці гэтага вы ад яго чакалі, вы, што судзілі яму нейкі адметны лёс? Вось ён вярнуўся на зямлю. Вось ён зноў з сахою, бараной, касою і сякерай.

Другая. Нічога. Ён будзе араць, будзе сячы сякерай.

Першая. А каса? Каса прыдасца не толькі на сенажаці.

Трэцяя. І яму яшчэ адзінаццаць год да ўзросту Хрыста.

Чацвёртая. Байкі. Дый што ён зрабіў?

Трэцяя. Калі ёсць любоў, калі ты чалавек, а не быдла — ніколі не позна.

Другая. Усё яшчэ перад ім. Дзівосныя адвечныя песні. Курганы радзімы. Магілы над Дняпром.

Першая. І ўздыме ён Слова! І кліч, што зямля жыве. І людзі зведаюць, хто яны і куды ім ісці ад раскіданых гнёздаў.

Чацвёртая. Кіньце. Каго і чаму ён будзе вучыць? Ён сам не верыць пакінутаму слову маці. Ён ведае толькі, што ён тутэйшы. Ён сам не ведае, хто ён, куды яму ісці, хаця ягонае гняздо таксама раскідана.

Трэцяя. Свой шлях кожны знаходзіць і вызначае сабе сам.

Другая. Словы маці ў яго душы, казкі парабкаў — у сэрцы, песні народа — у вушах.

Чацвёртая. А колькі такіх? Са словамі, казкамі, песнямі заблукалі, як у лесе, і швэндаюцца па плошчах сярод п’яных, нібы валачашчыя сабакі, шлях свой згубіўшы. Азірніцеся вакол. Вы сляпыя.

Таюць у цемры постаці чараўніц. Пачынае гучаць усё галасней музыка. І ўрэшце яснее, і гэта ўжо хата на хутары ў Гладышэўскіх; а ў хаце ідзе вечарынка: песні, гульні моладзі, размовы старых... Янка сядзіць крыху ў баку і ад старых і ад моладзі.

Бацька Марысі. Піце, госцейкі, загрызайце чым бог паслаў. Скачыце ды смейцеся, каб так...

Матка Марысі. Каб так па вашых ворагах д’яблы скакалі ды смяяліся.

Бацька. Нічога не прапускайце. У бога ўсяго многа.

 

Унадзіўся сівы конь,

Унадзіўся сівы конь,

 

Ева.

 

Памяў, стаптаў дзеўкам лён.

Памяў, стаптаў дзеўкам лён,

Дзеўкам лён,

Дзеўкам лён,

Памяў, стаптаў дзеўкам лён.

 

Юзук і Катра Гладышэўскія адышлі ад астатніх і ціха гавораць між сабой.

Маці. Дык што, Юзук, скажаш.

Бацька. Скажу як у байцы: «Мядзведзь за малым не задраў твайго Юзука».

Маці. Мядзведзь — стары Валахоўскі?

Бацька. А Кабздох, што мядзведзя пакуль трымае,— Казік.

Маці. Няўжо і канец?

Бацька. Па ўсім відаць. (Дастае з кішэні світкі на калку паперыну.) Праз два тыдні канец умовы.

Маці. Няўжо нічога нельга зрабіць?

Бацька. А ты унь Луцэвіча спытай, што рабіць, калі канчаецца тэрмін умовы.

Янка (пачуў). Тады збіраюць рэчы і едуць на новае месца.

Бацька. Калі нехта захоча.

Янка. А вам што шкодзіць?

Бацька. Хто мяне, пажылога, захоча ў арандары? А дзеці — усе дзеўкі.

Янка. Пане Юзік, я разумею. Але кіньце. Недастойна.

Маці. Што ты ведаеш аб гэтым, галайстра гэткая?

Янка. Ведаю толькі, што галайстрам з падманшчыкамі, махлярамі, ашустамі, геморнікамі звязвацца не трэба. Кіньце і ідзіце.

Бацька. І, як вы, усё жыццё каці-полем? А мне унь у найме сказана: «Тэрмін... пяць год...» Пяць разоў перазаключалі ўмову. А цяпер я стары пёс. А як кінуць? Унь як яны, не нашага бога: «Арендатор может пользоваться лесом, растущим в имении, исключительно для нужд самого имения, но не для продажи». А я з гэтага лесу рукамі хату ўзвёў, пуні, свірны, млын вадзяны. Я «не обращал луга в пашни и наоборот», я... «улучшал землю», я «арендные деньги и подати уплачивал сполна». А вось як пішуць: «вновь возведенные постройки оставить в пользу собственника и сдать, по окончании срока, всё имение со всеми его принадлежностями в таком состоянии, в каком оно было принято мною».

Марыся падышла ззаду і слухае.

«Жилые и нежилые строения, кои по окончании срока аренды остаются в пользу собственника или должны быть снесены по его указанию арендатором». Абплялі яны нас. З усіх бакоў. Нават бог іхнім языком загадвае, гаворыць, пагражае.

Янка. Гэта слова бога, у якога рогі.

Марыся. А тыя рогі і зламаць могуць.

Маці. Хто? Стафан — найміт? (На Янку.) Гэты?

Марыся. Нехта ды знойдзецца... Няўжо гэта канец, татка?

Бацька (адыходзіць з маткай, махнуўшы рукой). Амаль, напэўна, канец... Хіба толькі... дзіва якое. (Да Янкі.) Пісьменны, скажы нам, дзе шукаць дзіва?

Янка. Не там, дзе шукаеце. (Марысі.) Так, да мура прыперлі. З усіх бакоў.

Марыся. Разваліць можна.

У хату ўваходзіць Стафан Каляда. Здалёк заўважае Марысю і Янку.

Стафан. Вечар добры ў хату. Во ўрэшце абліччы божыя, а не псіныя морды.

Бацька. А ты адкулека?

Стафан. З канторы.

Янка (Марысі). Хіба галовы ім разваліць? Або, хутчэй, сваю падставіць?

Марыся (проста). Што думаеш? Надумаешся да нечага?

Янка. Надумаюся. А пакуль — скардзіцца трэба.

Марыся (правяла рукой яму па галаве). Ах, божанькаў лянок. Так табе і дадуць, добры да людзей... Лю-удзі. Гэты — скардзіцца, Стафан — цёмнаму лесу з-за рога сякерай пагражаць.

За вокнамі бліжэй і бліжэй ляскат колаў, тупат капытоў, дзікія галасы:

 

Ехалі малойцы

Гарамі, лясамі,

Прывязалі дзеўку

Да сасны касамі.

Выкрасалі агню

Трыма палашамі,

Запалілі сосну

Зверху з каранямі.

 

Рогат, выгукі нешта накшталт шабашу.

А пан — ён, Казік. Ён з вамі што хоча, то й робіць.

Янка (сурёзна). Слухай, так мы не згаворымся. Я не майстра гаварыць. Толькі... ты сама, па-мойму, не вырашыла, з кім. Слова б не сказала, каб не няшчасце з бацькам.

Марыся. Хто ведае?

Янка. Я ведаю. Дык вось, адкрый вочы. Кінем усё гэта. Ты мне — дужа харошая. Але ці не пашкадуеш? Я ўсё забуду, нават галасы. Я цяжка працаваць буду... І ты таксама. Будзе на нашых чатырох руках у мяне — маці і тры сястры. У цябе — бацькі і тры сястры. І чужыя куты.

Марыся. І гэта ўсё. Унь гэты, што за акном,— той лес, зямлю за мяне падпаліць абяцае. А ты...

Янка. Я не абяцаю. Я гатовы рабіць.

Марыся. І не знаходзіш слова? Ніводнага?

Янка. Нашто словы? Словы я пасля знайду. А пакуль вось гэтае маё слова і згода жыццё змяніць, загубіць голас невядомага бога, жыць з табой, надрывацца з табой, жыццё дзяліць, легчы пад адной хвояй — яно, па-мойму, вартае ўсіх абяцанняў падпаліць зямлю.

За акном галасы:

 

Адзін кажа: Я Марусю люблю,

Другі кажа: Я Марусю вазьму,

Трэці кажа: На каберцы стану.

Ёсць у мяне тры кані на стайні.

Адзін конік, як галка, чарненькі,

Другі конік, як голуб, сівенькі,

Трэці конік, як лебедзь, бяленькі.

 

Рогат. Гукі шаргунцоў.

Марыся. Чуеш, бяленькі? Што мне да бяленькага-сівенькага, калі зямля пад капытам сцелецца ў чарненькага. Ну, слова скажы, скажы: «лебедзь», «галубка».

Янка. Няма ў нас слоў. Пасля знайду.

Марыся. А пакуль?

Янка. Жыці... памерці з табой.

Марыся. А пакуль словы ды песні там?

Янка. Там хлусня.

Марыся. А з табою? Няўжо скончыць, як бацькі сёння?

Янка. Можа, рай створым. А можа, і як яны. Хіба мала? Кепска хіба?

Марыся. Н-не ведаю... Кепска. Гляджу на іх.

Янка. Яны разам затое нажывалі зморшчыны... А я хлусіць табе не магу. Што я? Недавучка, вечны арандатар-палавіншчык на чужой зямлі. Няўдалы пісар, няўдалы прыказчык, няўдалы паэта... Але я — вось ён я. Проста я. З табою.

Марыся. Проста... Ён можа нявестай-паненкай ахвяраваць.

Янка. А я — жыццём, усім жыццём. Я чую ў сабе голас, але не ведаю пакуль, хто ён.

Марыся. А Казік ведае свой голас (гэта ўжо з раздражненнем).

Янка. Ягоны голас — баязлівец і слабак. І таму ён зрывае злосць на тых, хто ад яго залежыць, прыніжае і крыўдзіць іх... Сцвярджа-ае сябе. А мой голас... І я не дам яму волі з-за цябе... Вось мая ахвяра.

Марыся. Хлусіш... Дасі волі... І, думаю, горанька ты пашкадуеш.

Янка. Аб чым?

Марыся. Што слухаўся голасу, а не мяне.

Янка (страпянуўшыся, нібы скінуў нешта). Дзякуй.

Марыся. Гэта яшчэ за што?

Янка. За жорсткасць, з якой нагадала мне, хто я. За праўду, што не хочаш такога дня, як сёння ў бацькоў. І яшчэ за адно... я даў сабе волю. Забыўся.

Марыся. І яшчэ што?

Янка. І раз ужо так, то я ўспомніў: я не народжаны, каб рабіць няшчаснымі іншых.

Марыся. Каго?

Янка. На Стафана зірні. Глупства казаць такое, і ты, пачуўшы, засмяешся мне ў твар. Але гэты знойдзе словы, ён слязе тваёй не дасць упасці, ён кахае цябе і ў крыўду цябе не дасць. І яго нічый голас не кліча, акрамя твайго.

Марыся. Ну, дачакалася я ад цябе слова малітоўнага... за іншага.

Янка. Я аддаю табе ўсё — ты не бярэш. Тады — яго вазьмі, абы не Валаховіча. Іначай...

Марыся. Іначай?

Янка. Іначай ён наробіць страшнага. У яго няма голасу, але ў яго ёсць рукі.

Марыся (з невымоўнай пагардай). А-ат. У яго рукі... парабкаваць. І ў цябе рукі — крэмзаць цёмныя глупствы.

Янка. Я не вінаваты, што пакуль цёмны. Але ты прыслухайся. У яго сэрца, нібы звон на пажары...

У хату ўвальваецца на чале некалькіх хлопцаў Казік.

Казік. Пахвалёны ў хату! Музыкі! Хто прыйшоў і як сустрэць трэба?!

Музыкі (спачатку нязладжана, а пасля, калі Казік кінуў на бубен грошы, ладна завялі).

 

Ой ясным-ясна сонейка ў небе,

А ясней таго Казік у таткі.

 

Казік. Стоп! Гэх «А ці ясен месячык на зары, А ці весел хлопчычак на кані». Чуеце: вясельная. Захачу, то будзе й вясельная, і папам дзеля пазвону, і ксяндзам дзеля амбоны, і цару на карону.

Янка. І людзям для праклёну.

Фурман Блажэй пакасіўся на Янку, але нічога не сказаў.

Казік. Музыкі. Кожнаму пад пяту — рубель! І дзеўкам — рубель! Рубеце кадрэль!

Музыкі рванулі «Кадрыль». Скачуць некалькі параў.

Агата.

 

А ці я не дзеўка,

Ці я не паненка?

 

Казік (куражыцца).

 

Гонкі як бячоўкі,

Спіна як начоўкі.

 

Магдзя.

 

А ці я не дзеўка?

Ці я не паненка?

 

Казік.

 

Крый божа, сасніцца

Гэткая цяліца.

 

Ева.

 

Толку з пана Казюка,

Што з Кабздоха малака.

 

Казік.

 

Не наскрэбці з Еўкі

Нават на прыпеўкі.

 

Марыся (кінулася таксама ў скокі).

 

А ці я не дзеўка,

Ці я не паненка?

 

Казік.

 

Сукеначка з радна

І з мордачкі ладна.

 

Марыся раптам азірнулася і ўбачыла, што Стафан набліжаецца да Янкі. Кінула скокі, якія точацца далей, і пайшла да Каляды. Той, убачыўшы гэта, таксама пацягнуўся да яе, як да магніту.

Стафан. Марыся. Апамятайся.

Марыся. Што «апамятайся»?

Стафан. Ратуйся ад яго.

Марыся. А хто тут ратунак? Хто музыкам плаціць — ягоныя й скокі. Чыя сіла — таго і халуі.

Стафан (ціха, бо ўжо недалёка ад Янкі). Ён такі самы халуй, як і ўсе. І ён трымае сябе так, нібы ўсё на зямельцы належыць яму. Ён усім, хто робіць, хоча давесці, што яны — ніжэй, што яны — нелюдзі. Вось ён хто.

Марыся. А ты хто? (З разлікам на Янку.) Нават не недавучка. Нават не арандатар-палавіншчык на чужой зямлі... Нават... галасоў не чуеш. Што мне? Парабчанская агульная «хата» за завескаю? А унь Казік... У іх маёнткі і фальваркі пад Радашкавічамі...

Янка. Шэры барон.

Марыся. І пад Селішчамі, і пад Бароўцамі. У іх усё, а ў вас?..

Стафан. Як табе не сорам?

Янка. Гэта праўда... Як табе не сорам?

Марыся. Падман лепшы за вашыя праўду і сорам... Казік, «Падушачку».

Танец пад песню ідзе павольна, але зачаравана.

Стафан. Божа мой, божа... Што ж тут рабіць? Праўда дзе, калі яна ў такіх?

Янка. Кінь. Няварта. Сёння я сам ледзь сябе не прадаў. А яна? Сама яна не ведае куды? Бачыш, вырашыла, што абышлася як лепей.

Стафан. Дык падмане ж. Падмане. Куды ж яна тады?

Янка. Сама захацела, каб падманулі. Мы з табою ёй — усё. Яна нам — нічога.

Стафан. Ад адчаю яна гэта! Што ты разумееш, пісьменны? Я мудрэйшы, я за яе... я...

Казік з Марысяю:

 

Вазьму цябе, дзеўка, замуж

Гэтаю вясною,

На падушачцы пуховай

Будзем спаць удвое.

На пуховай падушачцы

Мякусенька спаці,

Прыгожую дзяўчынаньку

Люба цалаваці.

 

Страціўшы галаву, Валахоўскі прыпаў да Марысіных вуснаў.

Бацька (перахрысціўся, і ў поўнай цішыні прагучаў ягоны голас). Пане божа, гэта як?

Матка (мармыча). Дзякуй, пане божа, дзякуй.

Стафан. За што дзякуй? За бессаромнасць? Што падмане? Гэй, Казюк, кныр ты паганы, трымай галаву!

Казік (узяў з рук Блажэя шклянку, выхіліў). Змоўч, хаме. Не тваёй галаве на гэтай падушачцы ляжаць... Га-ла-ва. Угм. Якраз такая, якой зручна выбіваць вароты.

Стафан. Аў цябе галава? Якраз такая, на якой добра сячы дровы.

Казік. Пакуль дровы — ты адчыніш макітрай вароты. З маёй парабкоўскай і з майго маёнтка. Калі не помніш, што хлеб ма рогі, што пенёндз робі пенёндз. А ты робіш толькі даўгі, чуеш ты? (Наступае на Стафана.) І не для пса каўбаса. Бяры бацьку з маці на карак і — на ўсе бакі. Такіх, як ты, я па сто за шэлег куплю. І, як захачу, усіх куплю. Ідзі прэч!

Дастае з кішэняў грошы і шваркае імі аб падлогу. Пасля вытрас каліту.

Стафан апешыў і ў поўнай цішыні зрабіў крок-другі да дзвярэй.

Збірайце! Усе! Хто не будзе — прэч!

Юзук Гладышэўскі схіляецца і пачынае падбіраць грошы.

Блажэй, шклянку! (П’е.) А ты, Стафан, велькі пан, помні, на маёй зямлі і па ўсёй зямлі «пенёндз пшэмавя, а правда мільчы».

Марыся. Та-ат...

Янка (падымае Юзука). Устаньце, бацька. (Да Казіка.) І гэта адзінае, чаго ты з польскага нахапаўся, як сучка блох? Дык вось табе і яшчэ адна польская мудрасць: «У трумны нема кешені». Для іншых: «У труны няма кішэняў».

І пасля паўзы, у злавеснай цішыні.

Падбяры грошы. Гэта наш пот — не твой.

Казік зацкавана азірнуўся, пачаў падбіраць.

Маўчанне. Пасля крыху апамятаўся.

Казік (глуха). Н-ну так... У гэтым стойле быдлячым я... Панна Марыся... хадзем. Нам не месца тут.

Маці. Доню... до...

Марыся (вагаючыся). Стафан... Янка...

Стафан. Ну?

Марыся. Перапрасіце гаспадароў. Што ж вы абразілі ўсіх...

Янка. Усіх?

У поўнай цішыні Марыся, апусціўшы галаву, ідзе да Казіка, той бярэ яе за руку, і яны выходзяць.

Стафан (амаль шэптам, разгублена). Я-ак ён мяне... Слова супраць не мог... Прападзе.

Янка. Калі яна так, калі з гэтым... Вялікі ты яшчэ дзіцёнак, Стафан.

Стафан (глуха). Нічога. Мы без слоў. Аднялі ў нас слова. Па чужых корчмах зацягалі. Хто мы зараз? Люд свінапасаў і смецяроў. Бесславесныя — але мы затое можам трымаць у руках сякеру. Печкі няма, але ўмеем мы трымаць у руках крэсіва. Умеем. Пачакайце.

Янка. Хто скажа? Дапаможа? Чаховіч? Хіба ён. Далёка? Не так ужо. Зусім, мабыць, стары саслабеў ад кепскай ежы, занядбанасці... Не... Усё адно да яго.

Ідуць да выхаду.

Бацька. Хлопцы!

Маці. Сынкі!

Стафан. Сынкі, а не панкі.

Заслона

 

Карціна пятая

Бібліятэка ў Чаховічавым флігелі. Усё як раней. Толькі мэбля нібыта не такая запыленая, расчынены вокны, ды парадзелі кніжныя паліцы: частка кніг, запакаваная, ляжыць на падлозе. Чаховіч сядзіць у крэсле, перад ім Аконам.

Чаховіч (вочы ў яго заплюшчаныя). Далей.

Аконам. Бровар, пшэпрашам... Но і еншчэ грэбля для фолюша, сукнавальні.

Чаховіч. Гм, цікава. Прыбытак?

Аконам. Велькі.

Чаховіч. А прашэнне аб узроўні вады. Як там гэты... з... закон: «устроил на реке N фолюш и запрудою поднял воду до такой степени, что совершенно затопил прилегающие к сией реке в верхней её части луга, огороды и сады четырнадцати арендаторов, чем причинил им убыток на такую-то сумму».

Аконам. Не будзе ўбытку. Іх тэрмін канчаецца. А сады? Не бачылі мы з іх кіслага яблыка.

Чаховіч. А чатырнаццаць абяздоленых. А сады, дзе яны летам вячэралі.

Аконам. Быў бы дзе хамут, а шыя знойдзецца.

Чаховіч. Гэта апошняе распараджэнне пані?

Аконам. Так.

Чаховіч (вочы ўсё яшчэ заплюшчаныя, страшным шэптам). Вон! Прэч адсюль, до яснэй холеры! Досыць ужо! Пасмакталі вы, пасмактаў ты сам крыві. Не выпэндзам, але прошэ вон! Пан цо, по-польску не розуме? Тады: «Вон, чтоб духом твоим в маёнтке не смердело». (З заплюшчанымі вачыма кідае ў аконама, які рэціруецца, розныя рэчы.) Я не дам, каб зямля пайшла на дно! Людзі будуць летам вячэраці ў садках, пакуль я жывы. Сагнаць арандатараў, га?! (Кідае пантофлем і трапляе выпадкова ў Янку, які ўвайшоў.)

Янка. Тут яшчэ адзін арандатар.

Чаховіч. Вон, смродзе!

Янка (з усмешкай). Дык я пайду.

Чаховіч (расплюшчыў вочы). Хто?.. Ян-нук... Малы Янук (ускочыў). Які малы?! Сынок... Бог мой!.. Вялікі Янук... Трынаццацігадовы пастушок (абдымае яго). А зараз — адбітак думкі боскай у вачах... Гатовы ўжо цалкам да чагосьці. Бог мой, узнагародзіў ты мяне за ўсё маё нявартае жыццё. Дзецко мое... Дзетухна ты мая!.. Сядай...

Усаджвае яго, завіхаецца па пакоі.

Янка. Нешта новае я ў маёнтку заўважыў. Ад тракту, ад касцёла да самага палаца — маладыя лістоўніцы.

Чаховіч. Я пасадзіў.

Янка. Чужое, не наша дрэва.

Чаховіч. Пінус ларыкс... Больш наша, чым думаеш... Ты ведаеш, якога дрэва ў імперыі найбольш?

Янка. Сасны?

Чаховіч. Лістоўніцы больш за ўсё. За кошт тых краёў, куды лепшых нашых людзей заганялі. Вось я і пасадзіў. На ўспамін. Я памру — а яны будуць расці. Мо і да пяцісот год, калі не знойдзецца ў дурня сякера. Людзі будуць глядзець. Успамінаць нас. Вясной шышкі чырвоныя, як наша кроў. Восенню — залаты пажар!

Янка (дастаючы з пляцака). Далёка стала да вас. Кідае нас лёс туды-сюды... Тут вось... шынкі кавалак... сыр... яшчэ сёе-тое. (Чаховіч хвіліну сядзіць моўчкі. У яго дрыжаць рукі. Пасля ўстае, моўчкі здымае са спіртоўкі кафейнік, дастае з шафы бутэльку і кілішкі.)

Чаховіч (глуха). Дзякуй. Акрамя некаторых, самых бедных, адзін ты быў у мяне. Я думаў, так і не аддзячу, не пачую цябе. Тым больш, збіраюся ў Вільню, паміраць. Цяпер можна.

Янка. Ды што адбылося?

Чаховіч. Анэля памерла. Царства ёй нямецкае. Гэта значыць лютэранскае. Цяпер аконама — вон, арандатараў — на месцы свае. Плату арэндную — знізіць. Прынамсі, пакуль я жывы. Шкада, што не ты мой сын. Гэтыя мае парасткі.

Янка. І вам не...

Чаховіч. Хочаш спытаць, ці не шкадую? Шкадую. Той шкадую, з якой ажаніўся, калі ўсе — і мы — чакалі паўстання і нашай перамогі. У-у, якая гэта дзяўчына была! Адданая ўся... як сонца аддадзена зямлі. Як я — ёй... Сцеражыся слабасці, сынок. Першы крок — гэта яшчэ твой, свабодны выбар. Другі крок можа зрабіць і раб.

Янка. Больш за ўсё не хачу рабства.

Чаховіч. І не рабі нат кроку да яго. Іначай — прапаў... Жанчыны, жонкі. Гэта хлусня, што адны мужыкі — ігракі. Бываюць і жанчыны. Частка ставіць на свайго мужчыну сумленна, у руднік ідзе за мужам. Частка, калі ён прайграў, кідае яго. Дурныя. Хіба Каліноўскі прайграў? Я прайграў. А горш за ўсё з ёй. З яе прагай быць сярод сільных. З такіх нараджаюцца жонкі дыктатараў.

Янка. А вы не з тых.

Чаховіч. Так. І... я не шкадую яе такой, якой яна стала. Мы пажаніліся ў пяцьдзесят дзевятым. У яе былі вось гэтыя Бясяды. У мяне — Мацковічы і Крашоны. Сто валок добрай зямлі. Тры тысячы маргоў. Дзве тысячы дзесяцін. І дзве тысячы сто трыццаць шэсць гэтых новых. Як іх... Гектараў. Ты ведаеш, я быў экспедытарам паўстання. І быў чалавекам захаплення, лёгка даваў кіраваць сабой. Калі белыя прыйшлі да ўлады, Кастусь паехаў камісарам на Гродзеншчыну, а я застаўся. Вось з чаго пачалася кара, з кампрамісу. Лепей бы на шыбеніцу з Кастусём... Арыштавалі... Паказанняў не даў. Зарана арыштавалі. Але частку маёмасці я, прадбачыўшы арышт, перавёў на жонку. І добра зрабіў. Бо разам з пажыццёвай катаргай мае маёнткі канфіскавалі. Прыкулі мяне ў Нерчынскіх рудніках да тачкі. Потым розныя паслабленні. Мылаварам быў у Іркуцку. Пасля ў Пермі, Смаленску, Варшаве. Каму патрэбен яшчэ адзін мылавар у Варшаве? Добра, што іркуцян і іншых паспеў крыху адмыць. Словам, амаль дзесяць год Сібіры, а пасля тут. Думаў, што ўратаваў частку майна ад канфіскацыі. А яна й на гэта лапу... Няшчасныя арандатары, няшчасныя мужыкі! Не, такую, якой яна зрабілася, я яе не шкадую.

Янка. І вы ўсе гэтыя гады?..

Чаховіч. Так, прыжывал. Вартаўнік пры чужым.

Янка. Але ж збераглі кнігі і рукапісы.

Чаховіч. Астатняга не шкада. Хай развальваецца гэта гняздо. Лепшага яно не вартае. Узнікне новае жыццё, хай варожае — усё лепей таго, што было. Вось так часам канчаецца каханне. Ці перажыў ты такое?

Янка (пасля паўзы). Перажыў.

Чаховіч. Вып’ем тады за два забітыя каханні... Слухай, ідзі на маю зямлю. Толькі за падатак дзяржаве.

Янка. Не. У нас ужо ўмова на Бараўцы.

Чаховіч. Можа, і рацыя. Жыцця майго мала. А што пасля?

Янка. Хіба вось, можа... ёсць такая сям’я Стафана Каляды. І ён прападае па адной дзяўчыне.

Чаховіч (занадта ўважліва). Добра. Добра, што ты просьбіт толькі за іншых. Вып’ем за іншых.

Янка. Хіба што, можа, ужо позна.

Чаховіч. А можа, й не. Мне — позна. А табе, можа, й не.

Янка. І мне позна. Хіба — Стафану не?

Чаховіч. Ну, давай тады проста ціха заспяваем.

Спяваюць амаль шэптам, не дужа добрымі галасамі.

І менавіта гэта кранае да глыбіні душы.

 

— Учора не быў, сягоння не быў.

Відаць, мой міленькі мяне пазабыў.

— Я не пазабыў, не пазабуду,

Сяду паеду, сем лет не буду.

— Язджай сабе з такой бяды.

Найму молайца з чужой стараны.

Пасаджу яго ў канцы стала,

Буду глядзець, як на сакала.

Учора звячора саколка была,

Сягоння рана расстраляна была.

Вот не жаль бы быў, каб дзе на лужку,

А гэта на грудзе, на жоўтым пяску.

 

Урываецца аконам.

Аконам. Пане, што я чулем? Пан тыя ўчасткі спшэдалі?!

Чаховіч. Я сказаў, каб тут не смярдзела вашым духам. Вон! І без рэкамендацыі. Прахвост і без рэкамендацыі знойдзе гаспадара, якому будзе патрэбен. Кажыце дзякуй богу, што не адбіраю ў вас крадзенае. Брыдка.

Аконам знікае.

Янка. А вы ўсё ж пан. Таксама паказваеце ўладу.

Чаховіч. А над колькімі куражыўся ён? А я бяссіла глядзеў. Прыжывал, нахлебнік, аб’яўлены вар’ятам. Але гэтаму цяпер канец. Памятаеш, я казаў пра таямніцу.

Янка. Ну... Вы чагосьці чакалі?

Чаховіч. Чакаў. Смерці жонкі... Не глядзі на мяне, як на пачвару і страшыдла. Чакаў, абпляваны і прыніжаны ўсімі, акрамя адзінак. Але дачакаўся.

Янка. Чаго?

Чаховіч. Я заплаціў са спадчыны ўсе пазычкі і даўгі паўстання.

Паўза.

Янка. А калі б... першы пайшлі вы?

Чаховіч. Значыць, я дарэмна ўсё жыццё цярпеў прыніжэнне. Ну, цяпер нехта кіне адзін сказ. «Первшым его чынэм было сплацэне пожычэк, зацёнгнентых на цэле повстаньчэ».

Янка. І што, сэнс жыцця — у адным сказе?

Чаховіч. Ну. Я не вінен нікому. Акрамя забітых, што самі абралі свой лёс. Паўстанне не вінна нікому. У сваёй галаве я трымаў гэты гросбух. Але паўстанне не вінна нікому. Я сплаціў ягоны і свой доўг. Ніхто цяпер не скажа пра тутэйшых, пра беларусаў, што яны не плацяць свой доўг.

Янка. І ў гэтым усё?

Чаховіч. А ты што думаеш? У чым сэнс жыцця? Сплаціць свой доўг народу, які цябе нарадзіў. Сплаціць да канца і памерці. Не чакаючы падзякі.

Янка. Праз сорак год? Многія, мабыць, памерлі?

Чаховіч. Нічога, засталіся дзеці. Унукі. Пляменнікі. Калі ёсць той свет — яны раскажуць. Калі няма — у нас застанецца чыстае сумленне. Паўстанне нікому не вінна. Вінныя толькі тыя, хто вешаў і ссылаў нас. Але прыйдзе час — мы станем перад Праўдай з чыстымі рукамі. А ў іх рукі будуць па локаць у крыві.

Уваходзіць пакаёўка.

Пакаёўка. Пане. Тут прыехалі купцы наконт гаю.

Чаховіч. Хай пачакаюць. Пакарміце іх.

Пакаёўка. І тут яшчэ стражнік прыбягаў на кані ў Гайну. Ад вурадніка, ад Рахцея Рахцеевіча, каб яму прычасць калом у глотцы. То ён казаў...

Чаховіч. Што?

Пакаёўка. Найміт ёсць у Валахоўскага. Каляда такі.

Янка. З ім нешта?!

Пакаёўка. Ды не з ім, братачка. З бацькам ягоным. Арандар сагнаны. Пагубіў...

Янка. Каго?

Пакаёўка. Не каго. Душу пагубіў. Узяў ды на браме ў Валаховіча ноччу павесіўся.

Янка (Чаховічу). Позна я да вас прыйшоў.

Чаховіч (да пакаёўкі). Заўважылі за ім нешта перад... гэтым?

Пакаёўка. А як жа. Удумлівы хадзіў. Бо тут яшчэ паніч з ягоным сынам за дзеўку заеліся. І сына ледзь з наймітаў не пагналі. А што дзеўка? Што ён, у касцёл з ёй пойдзе, паніч? Вось будзе яна цяпер праз слёзы бусла чакаць. Матку не слухала — бабку цяпер будзе слухаць.

Янка. Кінь. Бацькі яе і прадалі. Не людзі — саладуха пракіслая. Рабы. Каб хаця свяшчэнніка, а то яны бога вакол пальца абвесці хацелі, душу запрадаць.

Чаховіч. Яшчэ што?

Пакаёўка. У карчме, кажуць, казаў: «Вязуць дарогамі паваленыя дрэвы з майго калісьці гаю, воўну з авечак, што пасвіліся на маёй калісьці, адабранай зямлі. Зрабілі з мяне нішто. То ўжо хай бог ці д’ябал і гэтае нішто забіраюць...» І аб чым гэта ён?

Чаховіч (глуха). Ідзі.

Пакаёўка выходзіць.

Ну вось так. Спазніліся. І ты і я... Вып’ем яшчэ за тры пагубленыя, бесславесныя душы. (Паўза.) Ну як, галасы чуеш?.. Гэ-эх, у іншай краіне быць бы табе паэтам. А ў нас паэтаў, відаць, чорт выпалаў.

Янка. Я спрабую. Пару вершаў нават надрукавалі. Польскіх.

Чаховіч. Польскіх? Пасля Міцкевіча. Хаця і ён адсюль. Ну, прачытай, калі не жартуеш.

Янка.

 

Czarnych swarow dalecy

Ludzie prawdzie nie zdradzą

Moźńi, biedni, kalecy

Ręce sobie podadzą.

 

Чаховіч. Падалі рукі. Валаховіч і Каляда. Яшчэ нешта.

Янка.

 

Miłue jak jestes szeroka i długa,

Pzed laty dwochsetnie liczącej się mary,

Gdy był ci pokłony b władca i sługa,

Gdzie słoncem, gdzie gromem szumiały sztandary

 

Чаховіч. Гм-м.

Янка. Кепска?

Чаховіч. Кепска. Злоўжыванне высокімі словамі і сто разоў паўтораным. Для Сыракомлі, можа, й добра было б. Але калі ён пісаў? Дый ён спрабаваў па-іншаму.

Янка. Я чуў. Але ж гэта па-тутэйшаму.

Чаховіч. Кастусь пісаў па-тутэйшаму. Хто ведае, можа, яны мелі крыху праўды. (Паўза.) А твой голас якімі словамі гаворыць?

Янка. Не ведаю. Толькі ад іх сэрца рвецца.

Чаховіч. Ад гэтых — не. Ідзі за голасам. (Задумаўся.) Пушкін, як сваю, ведаў французскую. А што ён на ёй? Можна, пачынаючы, ведаць толькі некалькі слоў. Але гэтыя словы... Але гэта будуць гучаць у табе Галасы Забытай Крыві... І паслухаць іх ніколі не позна... Слухай, вось тыя кнігі — мае ўлюбёныя. «Дон Кіхот», «Мантэнь»... Божа, а Кнігі і няма. Ніводнай Кнігі ні для цябе, новага, ні для мяне, абноўленага... Стой, а можа... (Дастае з паліцы кніжачку.) Пра яе я й забыўся. «Братцы мілыя, дзеці зямлі-маткі маёй... Наша мова для нас святая, бо яна нам ад бога даная... Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая». Бог мой, як я забыць мог?! Прыжывальства памаракі забіла старому дурню... Вось жа яно... «Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек, перад скананнем катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» «Язык і ёсць адзёжа душы». (Працягвае кнігу.) На. Астатняе здабудзеш сам. А тое, што пісаў дасюль? Не такімі вершамі сплочваюць доўг. Замучанаму бацьку і забітаму Калядзе, тваёй хворай маці і ўдаве Каляды. І зямлі. Мы не разумелі гэтага. Многія. Камусьці трэба пачынаць плаціць.

Спаўзае з крэсла. Янка кідаецца да яго.

Нічога... Ні... Я яшчэ пакуль не памру... Я... дачакаюся, пакуль пачнеш плаціць ты... Як позна я... Ты вінен і за мяне таксама. Бо я дурны. Хто ведае, ці не пакарае мяне пекла... За тое, што я так доўга не мог... знайсці яе. Нічога. Ідзі ты. Можа, твая доля — сплаціць за іх... іхняй мовай. Перастанем быць як яны — тады канец.

Заслона

 

Карціна шостая

Канец лета і канец дня. Гародчык, садок і плот перад хатай Луцэвічаў. Ружы, шыпшына, малады сад. Вось-вось схіліцца да гарызонту сонца. Янка канчае папраўляць плот і мармыча нешта сам сабе.

Янка. Дзве сякеры. Адну навастрыць трэба... Хай абедзве... (Адкінуў адну сякеру, другой прыбівае штыкеціну.) Вось. (Глядзіць адступіўшы:) Нішто. Прынамсі, як пайду ў свет, ніхто не ўлезе свіным лычам.

Выйшла і стала непадалёк маці.

Маці. Усё ж вырашыў.

Янка. Так, матулька. Самы час. І нельга болей цягнуць. Свет кліча.

Маці. Куды ж ты ў гэтым свеце?

Янка. Не ведаю. Па дарогах. Вучыцца б.

Маці. Ты ж і так самы з нашых навучаных на наваколле.

Янка. Беднае наша наваколле.

Маці. Было так і будзе.

Янка. Было. Не будзе. Пайду слухаць галасы. Шукаць свой Голас.

Маці. Дзе, сынок? Аднялі наш голас.

Янка. Знайду. А дзе? Не ведаю. На паромах, у грабарах, рабочым на бровары, сярод бадзяг... Дзе-нідзе — знайду.

Маці. А мы?

Янка. А вы думайце пра мяне. Сілы маёй тады прыбудзе...

Маці. Яначка!

Янка. Я вас не кіну. Кожны кавал раздзялю напалам. Але я ўжо тут не магу. Застануся — загіну. Будзе ў мяне — будзе і ў вас. Даб’юся свайго — быці табе каралевай. Не знайду — быці табе маткай бадзягі беспрытульнага. Але нельга мне тут. Ветру няма. Душыць.

Маці (плача). Застанься. Загінеш.

Янка. Як застануся — загіну. Ну, супакойся. Смеламу і лёс чуб падстаўляе. Супакойся, небачка маё яснае. Гэта ж і ты мяне клічаш. Не тая, што ў касцёле, а тая, што на полі. Твае словы клічуць, песня, бядота твая, сумленне тваё высокае. Не заваюю для іх узнагароды — шэлег мне цана, матуля.

Маці пайшла, плачучы. Янка стаіць і глядзіць на далягляд, і Голас пачынае гучаць у вушах:

 

Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор,

Ці запеў салавей, ці загагала гусь,—

Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор,

Сваю матку — зямлю — Беларусь.

Хоць гарыста яна, камяніста яна,

Вераб’ю па калена, што сею, расце,

Дый люблю ж яе я, шкода хаткі, гумна:

О, такіх няма, мусіць, нідзе.

 

Голас цішэе:

 

Гэта ёнк, гэта крык, што жыве Беларусь!

 

Божа, голас! Яны ўцякаюць ад мяне. Яны хаваюцца, не хочуць. Божа, я нішто, я бездар! І я кіну гэтую зямлю? Дзеля чаго? Я ж не ведаю, як служыць ёй. Злітуйся нада мною, голас! Адгукніся. Што ты такое? Які ты?

І тады здалёк пачынаюць весці напеў галасы:

 

Дубочак зялёненькі,

Іванька малодзенькі,

Ой, лі-люлі, ой, лі, ой, люлі,

Іванька малодзенькі.

Іванька малодзенькі.

Ідзе невясёленькі.

— Ой, як мне вясёлым быць,

Ой, як жа мне не тужыць.

 

Вось, вось яно. Ну, гучней. Ну, на поўныя грудзі.

І раптам хрыплы, недалёкі і нейкі асабліва дзікі пасля празрыстага хору голас:

 

Вядзі ў сваю хатачку,

Пацеш мамку, татачку.

 

Голас збіваецца на блекатанне, пачынае перабіваць сам сябе:

 

Ляжыць нялюбы на правай ручцы...

Адкаціся... Буду страляці, лучаці з тугога лука...

 

Пасля з’яўляецца за плотам і мінае двор сілуэт жанчыны, цёмны на фоне заранкі.

Марыся. «Сядлай каня, з’язджай са двара...» Не твой гэта двор, не твая зямля. Не наша яна, зямля. Чужая. Чорт Савул яе забараніў. Чаго сохне, чаго вяне? Жаласная зязюля век гаруе. І траўка памірае, і сонейка за лес коціцца. Мёртвая зямля пад мёртвымі вішнямі. Пакуту нясе, красу дарма аддае. Жыве, а не будзе жыці. Свет ёй завязалі, як мне, маладой. Сама завязала.

Выйшаў за ёю Стафан Каляда з сякераю за поясам.

Стафан. Гэй, ды апамятайся. Ты, Марыся! Ды што, сапраўды свет завязаці праз гэтага прыдурка?

Марыся. Розум завязаці. Не памятаць. Не, не. Вось гэты. Шэры барон. Ручкі ў касцёле вяжа. Рэчкі паўсыхалі, землі паздыхалі, добрыя паўміралі. Няма абароны! Ваўкі!.. А вы... Як я мучыла вас?! Нічога, зараз МНЕ слязьмі расіць. Адна ў чыстым полі, і вакол ворагі.

Пайшла.

Хрыплы голас:

 

Хаджу каля Дунаю,

Тапіціся думаю.

 

Янка. Ну, Стафан? Бачыш. Мы яе гэтаму аддалі. Ты праз нясмеласць. Я — праз свае пустыя мары.

Стафан. Сагналі ўсё ж бацькоў. Казік, вірлавокі грыбазвон, не заступіўся. Расперазаўся яшчэ горш, гойсае па фальварках. А яна за ім. Ён зараз тут, і яна сюды. То нібы пасвятлее ў галаве, а тады яна сябе дакарае, і бог тады быццам злітуецца, зноў адбярэ ў яе розум.

Здалёк хмельная песня, і, нібы ў адказ ёй, вельмі далёкі голас:

 

Хаджу каля Дунаю,

Тапіціся думаю.

 

Ну, што рабіць, Яне?

Янка. Ведаю адно: болей так нельга.

Стафан. Стой... Што там такое?

Наводдаль невыразны голас, выкрыкі. Прабягаюць паўз плот два мужыкі.

Янка. Што там галосяць?

Першы. А, дзеўка ў стаў укінулася.

Другі. Вар’ятка тая. Ды галавою аб камень.

Стафан памкнуўся быў за імі.

Янка. Не хадзі туды. Ну, убачыш абалонку без душы. Як яно і пры жыцці было ў апошнія месяцы. Аддавала душу не таму, каму трэба. І засталася без яе. Усё ясна.

Стафан. Так, усё ясна. Бацька забіў сябе — усё ясна. Я раб — усё ясна. Яе забілі — усё ясна. (Кладзе руку на сякеру.) Усё, урэшце, ясна.

Пайшоў. Праз некаторы час да плота падыходзіць маці.

Маці. Ну, вось. Вось і канец тваёй байцы. Ты ж ёй па шчырасці?

Янка. Па шчырасці. Ды што я мог ёй даць?

Маці.

 

А яшчар-паночак,

Проша мне аддаць вяночак,

Я па расе хадзіла,

Па красачцы збірала.

Пагубіла душу.

І, можа, не толькі сваю.

 

Янка. Я пайду адсюль. У свет. (Упарта.) Яшчэ раз кажу: суджаны мне рубель — палова ваша. Суджана памерці ў астрозе ці пад плотам — ты даведаешся сэрцам. Усё адно жабракоў яны з нас зрабілі. Сорам, калі людзі твае, кроў твая — адно жабракі. Без славы, без слова, без гонару.

Маці (плача). Дык хто ім гэта верне? Ты? Бедны, як вавёрка вясной, недавучаны.

Янка. Лёс дапаможа мне. Боль іхні мяне спадобіць. Адбярэцца ў сільных сіла іхняя і дадзена будзе — нам. Сірым, гнаным, непісьменным, без хлеба... Не плач, маці. Нас гоняць, як ланяў, але мы не памрэм. Нас па пальцах можна пералічыць, але з намі наш край. З намі яна, вялікая Маці-Праўда.

Маці пайшла. Захад згасае, але робіцца нібы святлей, усходзіць месяц. І зноў гучыць аднекуль Голас:

 

Пад навалай крыўдаў многія сталецці

Мы няслі пакорна лямку беспрасвецця.

Мы няслі — ўсё ныла, гінула памалу,

Аж не нашай наша бацькаўшчына стала.

Усё спаганяць людзі, покі ноч шалее,

Вырвуць веру ў шчасце, веру і надзею,

Ды таго не вырвуць, што напела маці

Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.

 

Зноў знікае некуды. Але нічога... Урэшце пачуе, і ты не знікнеш.

З’яўляецца Каляда. Кідае ля Янкі сякеру. Лязо цёмнае.

Янка. Гэта што?

Стафан. Кроў.

Янка. Чыя?

Стафан. Пакуль не мая... Можа, хаця нехта, калі не пасаромеецца, дык падумае, перш чым зачапіць праўду.

Янка (хутчэй сцвярджае). Казік.

Стафан. Хай яна будзе апошняй ягонай ахвярай. Украў ён у мяне бацьку, працу, страху над галавой. Ён украў у мяне мой гонар. За ім стаяла багацце. За ім стаяла царства. За мною — нікога. Больш ён не будзе ні ў каго красці. (Чырванее край неба.) Памятаеш, мы на гульні ў маёнтку глядзелі. Агні пацешныя ў небе. Хварварк. Вось ім, хе-хе, і хварварк і асвятленне.

Янка. Гэта што?

Стафан. Валахоўскае гняздо гарыць. І няма аніводнага іхняга птушаняці.

Янка. Ты? Адзін? Ці нейкі ў вас хаўрус?

Стафан (паказвае на агонь). Унь ён, мой хаўрус, мая, хм, кунпанія.

Янка. Згасяць.

Стафан. Яшчэ запалім.

Янка. Ссылка... Вісельня.

Стафан. І ў Сібіры зямля. А вісельня? Няма ў мяне нічога. Голаму дождж не страшны.

Янка (пасля паўзы). Лічы, што я з табой у таварыстве. Хай не з сякерай.

За сцэнай частыя крокі. Янка бярэ Стафанаву сякеру і кідае яе за плот, у копанку. Там плюхнула. Увагнаў у слуп адну са сваіх сякер.

Вось цяпер твая.

Уваходзяць стражнікі на чале з ураднікам Снулым.

Стражнік. Ну дык вось ён. І бегаць далёка не давялося.

Янка. Ды ў чым справа, панове?

Снулы. Убейства паніча, падпал Валахоўскіх.

Янка. Бачыў нехта?

Снулы. Нет. Але прычына. Распутны чалавек. Дзеўка тут утапілася. Бацька п’яны сябе прыкончыў. Ну і, какурат, азліўся на ўвесь свет.

Янка. А калі гэта ён?

Снулы. Толькі што-с.

Янка. Ды Рахцей Рахцеевіч...

Снулы. Ерафей Ерафеевіч.

Янка. Памылка тут нейкая, васпане. Ён ужо... гадзіны дзве, як тут.

Снулы. Што рабілі?

Янка. Праходзіў, спыніўся. Плот мне дапамог скончыць, каб свіння розная ля маёй хаты не лазіла.

Стражнік. Мо й сапраўды не ён?

Снулы. Разбяромся. Ідзі, Стафан.

Янка. Стафан-першапакутнік. Народзіны — другі дзень калядаў. Як здзек. На каляды — Каляда.

Стафан. Ды хіба я першапакутнік? Я без ліку які замучаны.

Янка. Вазьмі сваю сякеру, Стафан-першапакутнік.

Стафан узяў. У яго хочуць адабраць.

Стафан. А што? Лес валіць. Ды хіба адзін лес? (Размахвае сякерай.) Добра. (Аддае яе стражніку.) Трымайце пакуль.

Стражнік. Крыві няма. Стружкі-габлюшкі (нюхае). Дрэвам пахне.

Снулы (спахапіўшыся, да Янкі). А твая дзе?

Янка. Вось. Мы ў дзве. Спарней.

Стражнікі, ураднік і Стафан пайшлі.

Стафан. Бывай, Янка!

Янка. Бывай, першапакутнік. Так, пайсці. Імя змяніць нават. Каб нічога ад шляхты, нічога ад мяшчан, нічога ад раба. Першамучанік Стафан, народжаны на каляды. А я — Янук. Народжаны на купалле, Купала. Ян Купала.

Маці выносіць торбу.

Маці. Вось. Бацька кінуў. Дзве дачкі. Сын. Цяпер ты.

Янка. Ну, калі застануся. Памром — скажуць: здохла яшчэ некалькі бедных.

Маці. Яны памерлі.

Янка. Вось за тое, што ты адна, я і іду. Пер’е з іх яшчэ паляціць, такога ворага яны сабе прыдбалі са сваімі паночкамі ды гаспадамі суддзямі.

Маці. Лёс не блаславіць цябе, што кідаеш зямлю.

Янка. Я кідаю, каб прыйсці да яе. Я іду да гэтай зямлі.

Маці. Чаго?

Янка. Сплочваць доўг.

Маці. Не было ў нас даўгоў.

Янка. Нязмерныя нашыя даўгі. Усіх, хто ўмее пісаць і думаць.

Голас здалёк:

 

Паймі! Пачуй! Сон наш і свой стрывожы,—

Закон і суд свой праведны пашлі!..

Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, божа,

Калі ты цар і неба, і зямлі!

 

Нічога, я не буду ад адчаю, што вы не дасцеся мне, біцца галавою аб вугал хаты. Я вас калісьці ўлаўлю, радкі! Я схаплю цябе, Голас. Рана ці позна. Сёння ці заўтра. Ніколі не позна аддаць доўг.

Маці. Што ты? Загаворваешся?

Янка. Пажадай мне ўсім сэрцам... міру маёй ярасці супраць гэтай зямлі... Зямлі паноў і рабоў. Міру майму лютаму ўтрапенню.

Маці. Яно пройдзе.

Янка. Хіба з маёй смерцю. А калі раней — гэта будзе значыць, што ўсё дарэмна. Бывай, маці.

Схіляецца і цалуе ёй руку. На імгненне ўсё цямнее, а пасля ў далёкім зарыве з’яўляюцца сілуэты чатырох чараўніц.

Трэцяя. Ён пайшоў. Тысячы перашкод.

Першая. Ён пераможа, раз вырашыў ісці да канца.

Чацвёртая. Вы ведаеце, што я пастаўлю на ягоным шляху? Працу чорнага вала.

Другая. Здужае. Нездарма ён герба Навіна. Ён новы. І новае прынясе на зямлю беларускую. І там ужо ніхто не асмеліцца, не прыкрываючыся хлуснёй, назваць чалавека рабом.

Чацвёртая. Ён адмовіўся ад герба. Ён мужык.

Першая. Вечны мужык. Усе вымруць і пойдуць. Але застанецца чалавек, у далоні якога хлеб.

Трэцяя. І песня.

Першая. Песня і хлеб.

Чацвёртая. А я ўздыму «уголовное уложение статью сто двадцать девятую «О смуте». За першую ж кніжку: «сочинения, возбуждающие к учинению бунтовщического или изменнического деяния... к неповиновению или противодействию закону». А гэта тры гады ў ісправіцельным доме ці восем год катаргі.

Першая. Я прыбяру гэты камень з яго дарогі.

Чацвёртая. Што толку ў яго пакутах, калі нават сын Чаховіча Вітальд, аддаючы зямлю ў арэнду, будзе браць слова, што шаракі не будуць чытаць і выпісваць «Нашай нівы»?

Трэцяя. А ён скажа: «І гэта сын ідэйнага бацькі».

Чацвёртая. І судзіць яго будуць.

Другая. А ён будзе над імі вышэйшым судом.

Чацвёртая. І хлусіць на яго будуць.

Першая. А ён адкажа ім мячом праўды.

Чацвёртая. На яго будуць узводзіць паклёп і ворагі і «сябры».

Першая. Ён будзе над светам, а імя тых забудуць людзі на зямлі. Хіба што каб судзіць або пляваць на іхнюю магілу.

Чацвёртая. І будуць войны.

Трэцяя. А ён скажа: «У мор намруцца, а ў вайну налгуцца».

Чацвёртая. Часам ён, магчыма, і не вытрымае.

Першая. Народ запомніць яго такім, як зараз. Ён любіць багоў, калі знойдзе ў іх чалавечае.

Чацвёртая. І ўрэшце ён загіне.

Другая. Зрабіўшы найвышэйшае, што дадзена чалавеку на зямлі. А смерці яшчэ не пазбегнуў ніхто.

Чацвёртая. Усіх каменняў вы не прыбярэце. Вось гэтую маці, руку якой ён цалаваў, пахаваюць у той самы дзень, калі гэтае ягонае сэрца аддадуць агню.

Першая. І вечны будзе гэты агонь.

Чацвёртая. І ён загіне, калі зямлю ягоную будзе таптаць, пляваць на яе, зневажаць яе самы бязлітасны, самы бесчалавечны, самы хлуслівы, самы крывадушны вораг.

Першая. Вораг згіне. Незлічоная будзе сіла ягоная,— а ён згіне. Бо што сіла моцных, калі чалавек ідзе ратаваць людзей, вяртаць іх гонар? Калі ён, хай сабе адзін, за свой народ.

Зарыва. Аддаляюцца крокі. І ўжо на поўную сілу, запаланяючы ўсё, гучыць Голас:

 

Што я мужык, усе тут знаюць,

І, як ёсць гэты свет вялік,

З мяне смяюцца, пагарджаюць,—

Бо я мужык, дурны мужык.

І кожны, хто мяне спытае,

Пачуе толькі адзін крык:

Што хоць мной кожны пагарджае,

Я буду жыць! — бо я мужык!

 

Канец

1981 г.

 


23.04.1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8, кн. 1. П'есы. Нарыс. - Мн.: Маст. літ., 1990. -591 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан