epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Казка пра сноп

Восень чырванню ліст памячае.

Ўдзень ў гародзе пахне акроп...

Па шляхах пачарнелых дыбае,

З воза ўцёкшы, вясёлы сноп.

Сам такі таўшчэзны, пузаты,

Паяском перавіты ўвесь

Ў залацістым прыгожым халаце,

З буйным чубам на галаве.

Ён уцёк ад сваёй нявесты,

Што сасватаў Гуменнік яму.

Свет чырвоны вакол, пярэсты —

Проста на ногі стаў — і прамуй.

 

А нявеста яго шукае...

Вось ужо і зіма надышла,

Бач — сугорбак, рукой разрывае

І пад ім жаніха знайшла.

Пацямнеў ён, стаў шэрым як трэба,

Нежывым лёг пад белы плат,

Чуб асыпаўся ў мёрзлую глебу,

Пацямнеў залаты халат.

Плача-плача над ім дзяўчына...

Але вось пачарнелі гарбы,

Снег зароў у глыбокіх лагчынах,

Небасхіл пасміхнуўсь праз дубы.

І жаніх пацягнуўся сонны

І ажыў пад ветрам тугім,

Падаслаў пад сябе зялёны,

Малады, пушысты кілім.

 

Калі ж восень другая настала

З сумным шорахам пушч і гаёў —

У гумно нявестна ўязджала

З цэлым возам вясёлых снапоў.

 

[1952-1954 гг. ?]


1952-1954?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com