Пад стромай эфемерныя кварталы,
Б’е ў дыхту сценак вецер-дрэвачос.
Па вузкіх сцежках, зарасцях і скалах
Я еду на асле, нібы Хрыстос.
І на шырокіх ветраных палянах,
Дзе адступаюць дубнякі і глог,
Махаюць лаўры мне галлём «асанну»...
Ну, хло-опцы, сорам!.. Ну за што, дальбог?
За гэты горад?.. То не горад — гора...
Ўся гэта фальш з павапленай сцяной
І я, што дурам на асла успёрся,—
Ўсё гэта называецца — кіно.
І помніце, што маскі і катурны
Не ўсё ў жыцці,— паверце мне, не ўсё,—
А на аслах часцей бывалі дурні,
І не адзнака для Хрыста — асёл,
Нашто «асанну» ліць бяззменнай хваляй?
Глядзіце лепш, як на мяжы імглы
Над безданню вячэрняй, над правалам
Па сцежцы едуць два кінааслы.