epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Князь і гусляр

З першага слова павінен папярэдзіць — гэты чалавек не абыякавы мне. З даўняга часу нас з ім звязвае трывалае сяброўства. Мы не часта заходзім адзін да аднаго — хутчэй нават рэдка,— але досыць таго, што мы часта думаем адзін пра аднаго (я спадзяюся, што ён гэтую думку падтрымае).

Арлен Кашкурэвіч — яму імя. Сваёй працай ён заслужыў тое, каб імя гэтае ведалі.

Даўно, яшчэ з самага пачатку, калі ён зрабіў ілюстрацыі да Халдара Лакснеса — я зразумеў, што перад намі мастак суровы, паўночны. І адначасова беларускі: мяккі,— калі можна гаварыць пра мяккасць нашага народа,— добры, наш.

Сёння мне трэба рэкамендаваць,— калі трэба рэкамендаваць работы, якія сведчаць самі за сябе,— дзве яго рэчы: ілюстрацыі да славутай паэмы вялікага нашага песняра — «Курган».

Перш чым узяцца за гэта, я хацеў бы пагаварыць пра лепшыя, на мой погляд, ягоныя графічныя работы. Я люблю ягоную «Більярдную».

І яшчэ адна работа, якую я ўбачыў нядаўна ў майстэрні: «Нотр-Дам. Дождж». Размытае, цёмнае, начное, нібы ўвесь змрок Сярэднявечча, усе Війёны і Гюго абурыліся яму на плечы, разам са зліваю і снегам. Храм — адно з лепшых стварэнняў чалавека.

Сорамна пісаць, што гэты чалавек некалькі разоў ілюстраваў мае кнігі? Аніколькі! Таму што гэта той рэдкі выпадак, калі аўтар не жадае іншага дырыжора для сваёй музыкі. І шкадую я толькі аб тым, што нам мала давялося папрацаваць разам і нам няшмат выпадала працаваць разам.

Ясна, што і Алесь мой іншы і Выліваха крыху іншы (уяўленне кожнага чалавека дужа не падобнае і своеасаблівае), але яны максімальна прыбліжаныя да майго аблічча. І я адчуваю, што і сам аўтар увесь час жыве гэтым, думае, набліжаецца. І кожны быў бы ўсцешаны гэтым.

А цяпер — «Курган». Наіўны друк часоў маладога Янкі Купалы не мог нават і думаць аб тонкасці, яснасці, дакладнасці сучаснага друку. Вялікі паэт за сваім жыццём так і не дачакаўся ілюстратараў. Але, думаю, работы А. Кашкурэвіча задаволілі б яго. У іх ёсць рамантызм і ёсць праўда, прысутныя ў творчасці Я. Купалы.

Я не магу забыць вобраза, прысвечанага катоўням князя:

 

Брацця мучацца там, табой кінуты ў гразь.

Чэрві зажыва точаць іх цела...

 

Дантава пекла! Мноства звітых у адно людзей. І над імі кажаны — сярэдневяковы сімвал пакуты. Той, якая, на жаль, сустракалася ў майданаках і якой не павінна быць.

Вось і гэтыя дзве ілюстрацыі. Хіба не бачыце вы тут закладзенага ў самім творы супрацьстаўлення! Гэтыя гранёныя латы, гэтая парча, гэты бязлітасна востры позірк. І гэтая вонкавая мяккасць чалавека, трапяткія рукі якога ляжаць на гуслях. Позірк сляпога. Не таму, што сляпы, а таму, што занадта відушчы.

І гэтая мяккасць мацней за гэтую ўдаваную сілу. І так яно будзе давеку.


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв'ю, летапіс жыцця і творчасці. - Мн.: Маст. літ., 1991. - с. 337-339
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com