epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Крумкачы

Стаяў жахлівы позні лістапад.

Навекі зніклі лебедзі з каналаў,

А з сэрца знікла радасць.

І вясна

З каханнем і з птушынай прагнай песняй

Была далей, чым маладосць мая.

Чым горш, тым лепш.

Таму я не пайшоў

На вуліцы, дзе маладосць спявала,

А кінуўся да кручаных завулкаў

І заглыбіўся ў іх.

Старая Рыга

Мяне ўзяла, як змучанага сына.

Я ведаў, што яна мяне суцешыць.

Калі ж не зможа даць спакой жыцця,

Дык дасць спакой хоць небыццём стагоддзяў.

І я выходзіў зноў на тыя ж вулкі,

І зноў, і зноў. І мне здалося ўрэшце,

Як быццам той, што йдзе перада мною,

Я сам. Ссутулены. У чорнай шапцы.

Што бачу сам сябе я са спіны...

Засекі. Склады. Блокі на вяроўках.

Маслісты брук. Куродым соцень год

На мёртвых дахах. Мордачкі анёлаў

З парочнаю усмешкай на парталах,—

Ўся тая Рыга, што аж шэсць стагоддзяў

Смактала сок з твайго народа, друг.

З народа, што уласнымі рукамі

Паклаў тут кожны камень. Для чужых...

Бляшаны пеўнік копціцца ў дыму

Над комінам.

Туман (ці, можа, хмары)

Абняў за пояс Домскую званіцу,

І толькі шпіль узносіцца над ім.

І раптам з Домскай вежы проста ў хмары

Ўзняліся з хрыплым крыкам крумкачы,

Як чорныя крыжы вякоў мінулых;

Што год, то крыж. Яны лятуць угору,

Вышэй, вышэй.

Над шпілем.

Над Даўгавай.

Над Рыгай, над Лáчплесісам, над краем,

Над бедным пеўнікам, што ад трывогі

На бронзавым прутку замітусіўся.

Знікаюць у тумане крумкачы...

Іду далей. І вуліцамі цягне

Такім халодным, горкім, страшным дымам.

Як быццам там, за рогам гэтай вулкі,

На плошчы, зноў святошы паляць латаў.

І цень крыжа лягла на твар палонных,

На струшчаныя ў бітве іх мячы.

О Рыга! Што гэта са мной?

Я мару?

Нішто.

Хіба у сонечнага пеўня

Няма мільёнаў дужых абаронцаў?

Хіба яны трымаць не могуць зброю?

Хіба не тут мой друг?

Туманны горад,

Ты вылечыў мяне пасля хваробы:

Ты скінуў мне цяжар вякоў на плечы,

Цяжар забітых, страчаных, палонных,

Цяжар паўстанняў, і распраў, і слёз —

Пакуль-ва ўсёабдымным болю гэтым

Не патануў мой непрыкметны боль

І я не выпрастаўся.

Крумкаччо!

Я вас пакіну ў вашых чорных хмарах.

Вам хмары, нам — зямля. Яе — не рушце.

Кажу апошняе святое слова:

Мой меч з мячамі балтаў, з Рыгай, з другам,

З усёй латышскай добраю зямлёй.

Мой друг, мой брат,

Ад гэтых вузкіх вуліц,

Што мне далі спакой, і гнеў, і сілу,

Іду да новых вуліц. Да цябе.

Прыпомні месца, дзе ў тузе і шчасці

Узнікла наша вернае сяброўства.

Былі там песні, і віно і смех.

І там была яна. Ты памятаеш?

Яе згубіўшы, я цябе прыдбаў,

Тваё сяброўства і тваю радзіму.

Так, шчасце мне, відаць, не задалося.

Але пакуль лунаюць крумкачы

Над вулкамі заблытанымі Рыгі,

Пакуль са мною плачуць вочы друга

Над цяжкай стратай — ёсць яшчэ жыццё.




Беларуская Палічка: http://knihi.com