Стажар серабрысты пажар.
На дрэвах бароды імхоў.
Пáра з начных імшар
Пужае цыбатых ласёў.
Бягуць па балоце яны.
Над імі праз шэры туман
Ззяе, як вока вайны,
Чырвоны Альдэбаран.
Слепне стомлены зрок,
Сцежка спускаецца ў лог,
Вожык, як шэры клубок,
Скруціўся ля самых ног.
— Клубочак, вядзі, вядзі.
— Гаспадар, дарогі няма.
Трэба на сцежках блудзіць
І не зважаць на туман.
Яліна над сцежкай маёй —
Не яліна, а баба-яга.
Сава ў глушыні лясной
Прарочыць: «Куга! Куга!»
— Алёначка! Ого-го!
Спаткай, за руку бяры.
Выведзі Яна свайго
Да цёплай хаты ў бары.
Хоча ён бачыць агні,
Карагоды між светлых лугоў,
Хоча святла, цеплыні,
Хоча кахання твайго.
Лаўжы і карчоў крыжы.
Туман, як прывід, як дым.
Хтосьці па сцежцы бяжыць,
Сава лунае над ім.
Вочы гараць нада мной,
Не сава, а дзіва-змяя.
— Бацюхны! Хто гэта? Вой!
— Алёначка, гэта я.
— Пойдзем хутчэй. Туман.
Хату яшчэ прамінеш.
Як ты даведаўся, Ян,
Што завуць Алёнай мяне,
Што аб’ездчыку я дачка.
Што жыву між гэтых палян,
Што добра мне тут чакаць,
Калі прыйдзе прыгожы Ян?
— Любая, я ж чараўнік,
Знаўца зямлі і вады.
Мне і куніца, і дзік
Адкрылі свае сляды.
Ў дрымотнай глушы лясной
Не ведаў я аднаго:
Сцежкі да хаты тваёй,
Сцежкі да сэрца твайго.
Дай мне сваю далонь.
Не трэба стаяць, пайшлі.
Вядзі на мірны агонь
У змрочных лапах ялін.