epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Ленін калыша дзіця

Ён ідзе па маёй краіне

Пушчай, полем, абшарам лугоў,

І звісаюць над сцежкай хваіны,

Каб закрыць ад дажджу яго.

Ён ідзе адзін, без эскорту,

Не збівае расу на траве.

Палітончык на ім пацёрты,

Кепка лёгкая на галаве.

Лічыць ён каласы, і магілы,

І усмешкі на вуснах братоў.

«Што яны без мяне зрабілі?

Што тут добра і дрэнна што?»

Плач пачуў на вясковай ускраіне.

Сон.

Бязлюддзе.

Пусты гараж.

Спіць на прызбе бабуля глухая,

А дзіця заходзіцца аж.

— Ну, не плач ты, гаротны нябога,

Мабыць, ясляў няма? Дарма.

Ён шукае ў кішэнях — нічога,

Ні цукерак, ні цацкі няма.

А дзіця падымае ён, дужы,

Я к мужчыны бяруць заўжды,

І зрывае хлопчыку ружу

У вясёлкавых кроплях вады.

— Не сярдуй, сынок сінявокі,

У гэтай кветцы зямное цяпло.

Я ж прыйшоў з часіны далёкай,

Калі нам не да цацак было.

Бач, святло гуляе па лісцях,

Адусюль праганяе змрок.

Добрым будзь, як бацькі калісьці,

Цёплым будзь, як сонца, сынок,

Будзь бясконца да ўсіх чалавечным,

Будзь ласкавым, як светлы май,

Падазрэннямі недарэчнымі

Чалавека не абражай.

І за гэта — радзіму свабодную

Я аддам табе ў вечны дар:

Землі, пушчы, светлыя воды

І сусвету бясконцы абшар.

Па дузе у бязмежнасць сінюю

Карабель з зямлі паляціць.

Будзе маці чакаць няспынна,

Ганарыцца і слёзы ліць.

Мы заўчасна ў жыцці сівелі,

Кулі неслі глыбока ў грудзях,

Каб да зорак распалена-белых

Ты праклаў незабыўны шлях.

Штосьці бабка, брат, шэпча сярдзіта.

Ляж у ночвы, сынок, засні.

Пастаяў ён і збочыў у жыта

І растаў у далечыні.

За лясным даляглядам замроеным

Хутка сціхнуў далёкі крок,

А дзіця ляжыць неспакойна,

І смяецца ружовы раток...

Толькі бабка здзівілася дужа,

Што гарыць барвяным святлом

У яго ручанятах ружа,—

Без калючак, з гладкім сцяблом.

 

1960 г.


1954-1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан