epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Матчына душа

Ноч прыйшла да зямлі на спатканне,

Захад скончыў агнём палаць,

І дубы ў малочным тумане

Веліканамі ціха стаяць.

Бач, агеньчыкі вёскі далёкай,

Бач, на ростані ўзняўся курган.

Явар сумны і адзінокі

Пахіліў задумёны стан.

Кветка тут уначы расцвітае,

Водар мяккі пялёсткі льюць...

І яе па роднаму краю

«Кветкай матчынай» людзі завуць.

Я крануў яе ціха рукою —

І пялёсткі спеў завялі,

І паўсталі вакол чарадою

Ўсе паданні роднай зямлі.

Вось карона ў рацэ заблішчэла,

Хтось плыве, як туман, на вадзе,

Па дарозе, ад месяца белай,

Цар змяіны кудысьці паўзе.

Цені ў лесе бягуць. Цямнее.

І ў чароўнай лясной гушчыні

Праімчаўся кудысь, як завея,

Ян Прыгожы на белым кані.

Нехта зблытаў на росных палянках

Сцежкі ўсе ў недасяжны край.

Як далёка, далёка каханка!

Сто гадоў шукай ды шукай.

Недзе лье яна чыстыя слёзы,

Спавівае ўвесь замак сон,

І Буран на сухой бярозе

Сцеражэ яе ля акон.

Над зямлёю зарніцы мільгаюць,

І здаецца, што гэта не гром,

А нячыстую раць пабівае,

Пакаціла цудоўным мячом.

І не вецер раве-нарастае

І ламае галлё на дубах,

А асілкі дубы змятаюць,

Каб да сонца расчысціць шлях.

І пялёсткі гучаць трывожна,

Бо мінуўся спеў забыцця.

Казкі новыя, казкі грозныя,

Небывалыя казкі жыцця.

Ўспамінаю косы, і вілы,

І над замкамі жаркі агонь,

Безымянныя ў лесе магілы,

І няволі цяжкі палон,

Волі нашай крывавыя роды,

Катаванні і здзек варагоў,

Барацьбу і пакуты народа,

Неўміручую душу яго,

І паўстанні, паўстанні бясконцыя,

І замучаных кроў на раллі,

І, нарэшце, шчасце і сонца,

Што сышло на нашы палі.

Вы, што маці душу забылі,

Без яе пажадалі пражыць,

Што вы варты без гэтай магілы,

Без каліны на роднай мяжы?

Без дубоў, што ў тумане млеюць,

Без расы на роднай траве?

Звяртайцеся! Вецер мацнее!

Маці кліча, кветка заве!

Для яе я павінен, я мушу

Неўміручыя гукі схапіць,

Ўзяць у рукі «матчыну душу»

І на вершы яе пераліць.

Запісаць старыя паданні,

Усё, што думаў і што жадаў,

І легенды, што на кургане

Сумны явар мне праспяваў.

Цяжкі крыж, але вельмі пачэсны,

Пераліць на свае аркушы

Казку мудрую, простую песню,

Кветку матчынай чыстай душы.


1954-1955?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан