epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Месяц над садам, ад квецені белым..."

Месяц над садам, ад квецені белым.

Месяц — вялізны. Сад — анямелы...

Белыя прывіды дрэў у тумане,

Вочы кахання, голас кахання.

Вусны кахання.

 

Што ж ты ўцякаеш, мая адзіная,—

Ясная сонца ад месяца сіняга?!

Хіліцца ў месяца іскрах галоўка...

Звоніць салоўка, смяецца салоўка,

Плача салоўка.

 

Кветкі рассоўваю й шэптам гукаю,

Ты паддаешся, і ты адступаеш.

У цёплым блакіце, ў пяшчотным лёдзе

Белыя вішні ў туман адыходзяць,

У ноч адыходзяць,

У сон адыходзяць,

Ціха ў любоў адыходзяць.

 

1971 г.


1968-1971?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com