epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Месяц заснуў на коміне хаты..."

Месяц заснуў на коміне хаты,

Кінуў адбіткі на люстра вады.

Дрэвы густыя ў бліскучых латах,

Як вартавыя, вартуюць сады.

Ў цьмянае поле гляджу з-пад далоні,

Полымя бухае, нібы ў трубу.

Коні начлегу, ружовыя коні

Месяца іскры з травою скубуць.

Добра усім. А мая беласнежка

Полем не пройдзе каля лазняка,

Не прыбяжыць гэтай цёплаю сцежкай,

Бульбіну не пакачае ў руках.

Позіркам ясным мяне не адорыць,

Поруч з агнём не ляжа ў мурог

І не папросіць, каб сеў я поруч

І ад бяды невядомай бярог.

І не прыкрыюць вачэй яе сонных

Цёплыя пальцы маёй рукі...

Вельмі далёкія перагоны.

Вельмі марудныя цягнікі.


1958-1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан