epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Мімозы

Апошні снегапад забіў марозы,

Стаў на халву падобны брудны снег

І раптам залацістая мімоза

Галінкі працягнула да мяне.

Ва ўсіх прахожых прамакаюць ногі,

Бруіцца ля панеляў каламуць,

А тут краплінкі сонца залатога

За змятую траячку ўсім даюць.

Пяшчотны, залацісты пух гусіны.

Каму цябе падорыць добры гном?

Хіба што гэтай маладой дзяўчыне,

Што тузае машынку за акном.

У тлуме уваходных і выходных

Хай на хвіліну усміхнецца мне,

Успомніць пра вясну, пра лес свабодны

І адпачынак дасць сваёй спіне.

Шуміць па вуліцах халодны вецер,

А я прынёс праменні ў цёмны дом,

І стала трошкі больш святла на свеце,

І ў сэрцы дзеўчыны, што за акном.

 

1960 г.


1954-1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com