epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Мір гэтаму дому.."

Мір гэтаму дому,

Дзе шчасце мы бачылі ўсе...

Вецер шматкі саломы

Па мокраму снегу нясе,

Дожджык імжыцца ціхі

(Вясковы вячэрні час),

Карова з добрымі ўздыхамі

Глядзіць з-за сена на нас;

Курка з цёплага поклада

Кудахча, бы знесла сусвет...

Прытульны, добры і цёплы

Наш беларускі свет.

Садок да рачулкі збягае,

Хатка глядзіцца ў плёс.

. . . . . . . . . . . . . . . . .

Арлы на свет вылятаюць

З такіх менавіта гнёзд.

 

[1957 г. ?]


1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан