epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Млын на Сініх Вірах

Гераічная драма ў чатырох дзеях, васьмі карцінах

Дзея першая
  Карціна першая
  Карціна другая
Дзея другая
  Карціна трэцяя
  Карціна чацвёртая
Дзея трэцяя
  Карціна пятая
  Карціна шостая
Дзея чацвёртая
  Карціна сёмая
  Карціна восьмая
Заўвагі для артыстаў


 

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

Цыкмун Асінскі, млынар — 50 год.

Тэкля Каваль, яго сваячка — 56 год.

Марыся, дачка Цыкмуна — 18 год.

Андрэй Лаўрановіч, студэнт — 20 год.

Віктар Сміхальскі — 24 гады.

Каляда, пісьменнік, старшыня гарвыканкома, потым камісар атрада — 40 год.

Пятро Лаўрановіч, бацька Андрэя, камандзір партызанскага атрада — 42 гады.

Апанас Жаўрук — 56 год.

Пан Елпідзіфор Дзюбка, загадчык музея, пасля «камерсант» — 45 год.

Баба Ерэтычка, самагоншчыца — 48 год.

Высакародны злодзей — няпэўных год.

Трубайла, былы шляхціц — 43 гады.

Граф Адлерберг, камендант горада — афіцэр у гадах.

Бернгард Швальбе, камісар гестапа — 30 год.

Фон Ранцоў, маёр — 32 гады.

Зігфрыд Ільзенвельдэ, гаўптман — 26 год.

Генрых Штаркенсфауст,

Вольфганг Ламсдорф,

Фердынанд Эверт — афіцэры.

Нямецкі ўрач

Лірнік

Народ на кірмашы, партызаны, вартавыя, нямецкія салдаты,

людскі накіп на барахолцы.

Дзея адбываецца ў ваколіцах маленькага раённага гарадка, загубленага ў глухіх лясах, у 1941 —1942 гг.

 

Стварылі вас не для жывёльнай долі,— Для доблесці і ведаў. Людзі вы!

(Дантэ. «Пекла». XXVI, 118—120)

 

 

Дзея першая

 

Карціна першая

Кабінет старшыні гарвыканкома. Вялізны пакой, вельмі светлы, з двума квадратнымі вокнамі, за якімі панарама горада. Звычайнае кабінетнае абсталяванне: вялікі стол, крэслы. Двое дзвярэй: адны налева — выхад, другія направа — у зал. Карта на сцяне. Вельмі ціха і спакойна, але нешта не так, як заўсёды: папера на рэпрадуктары прадзёртая, з адчыненага сейфа на падлогу вывалілася купа паперы, фіранка вырываецца з акна на вуліцу, як сцяг. Відаць, што па пакоях гуляе пройма. Толькі пасля далятаюць здалёк гукі кананады. Ля акна Каляда і Пятро Лаўрановіч. Маўчаць. Кураць. І раптам гучны, злёгку асіплы голас з рэпрадуктара.

Голас з рэпрадуктара. Увага! Увага! Грамадзяне горада! На ўсходняй аколіцы ідуць баі. Палае горад! Палае горад! Грамадзяне горада, усе, хто можа трымаць зброю, ратуйце горад...

Лаўрановіч. Горад вырашылі здаць?

Каляда. Так. Утрымаць няма магчымасці... Жах бярэ глядзець на адступаючых. Чорныя ўсе, раненых вядуць... Немагчыма, ну немагчыма ж без дапамогі, без боепрыпасаў.

Лаўрановіч. А радыё яшчэ трымаецца?

Каляда. Там, напэўна, ужо немцы блізка, але яшчэ трымаецца. Гэта дыктар наш, Ветка, сепаратна сядзіць там... Кажа, што не пойдзе стуль. Яму ўсё добра відаць, вышэйшага месца за радыёвузел у горадзе няма. Зусім дрэнна, браце. На Ленінскай склады палаюць, нехта разбіў, дзе-нідзе грабёж там пачаўся. Напэўна, зладзеі...

Голас. Грамадзяне горада! Калісьці вашы продкі не пусцілі за гарадскія муры Іасафата Кунцэвіча, драпежнага ваўка, навялі на яго гарматы і наказалі пайсці прэч. Будзьце вартымі іхняй славы! Браты! Сёстры! Бацькі! Сыны! Таварышы! Бярыце зброю! Заходняя станцыя ледзь трымаецца.

Каляда. Калі прыйдуць людзі па справе з млынам?

Лаўрановіч. Прызначылі на трынаццаць гадзін.

Каляда. Добра. Пакуль тое будзе, паклічце Дзюбку.

Лаўрановіч выходзіць і вяртаецца з Дзюбкам.

Дзюбка апрануты старамодна і трохі зухавата, вусы падкручаны, у руках кіёк.

Сядайце, Елпідзіфор Сяргеевіч. Памятаеце нашу размову дзесяць дзён таму? Вы самі бачыце, час наступіў... Вы не камуніст, менавіта таму мы вас і выбралі, менш падазрэнняў. Вы не перадумалі? Не будзеце эвакуіравацца ?

Дзюбка. Не, у мяне тут засталося яшчэ шмат экспанатаў. Але, перш за ўсё, дзякуй вам, што дапамаглі вывезці мой музей... Шчыра дзякую. Старажытныя шыферныя прасніцы... меч старасты адроўскага, бронзавы меч, такога і ў Гнёздаве няма... надзвычайныя косткі маманта, карціна Пэна... А вось чучалы пакінулі... мядзведзь, рысь яшчэ. І мая надзвычайная арніталагічная калекцыя. Мне заўсёды не шанцавала. Я, вядома, ад яе нікуды не паеду, так што, калі ласка, я да вашых паслуг.

Каляда. Што б вы сказалі, калі б вам прапанавалі трымаць канспіратыўную кватэру?

Дзюбка. Па прынцыпу: добрага сабаку на прывязі трымаюць? Ну што ж... Я, малады чалавек, маю, вядома, брушка і падобны да бухгалтара, але, мне здаецца, мы падчас той нашай размовы ўсё высветлілі. Так што размаўляць няма чаго. Значыцца, спатрэбіліся мае старыя косці, а я ў такіх выпадках не адмаўляюся тым, што я з большым задавальненнем сядзеў бы ў піўной і піў піва. Піва, вядома, лепей за шыбеніцу, але, як падумаеш, і за піва, нарэшце, трэба расплачвацца.

Каляда. Добра. Пра абавязкі даведаецеся пасля. Пакуль што, ведайце адно, пароль будзе вельмі складаны, запамятайце добра: «Ці не прадасцё што-небудзь цікавенькае? Можа, ёсць старыя фібулы або слуцкі пас (менавіта, пас). Водзыў: многа хочаце, гэтага няма, але ёсць унікальная каптарга. Зноў пароль: гэта значыць металічны кашэль? водзыў: так, з бычынай галавой». Запамяталі? Добра.

Дзюбка. Чакайце, але з якой прычыны яны будуць пытацца ў мяне такое?

Каляда. Вы будзеце камерсантам, значным камерсантам... Грошы атрымаеце, іх будзе дастаткова. Адкрыеце ўласную краму пад шыльдаю,— трэба нешта вытанчанае,— ну, хаця б так: «Гандаль старажытнасцямі, рэчамі культу, інкунабуламі, прадметамі народнага мастацтва... Камерсант пан Е. С. Дзюбка».

Дзюбка (абурыўшыся). Не, браткі, і ракаў не хачу, і ног не мачу. Я ў прынцыпе супраць прыватнага капіталу. Я разумею, трэба, каб хадзілі людзі, але чаму б мне не стаць, ну лудзільшчыкам, ці што. Я ўмею.

Каляда. Чалавек павінен працаваць па свайму густу. Каго здзівіць, што былы загадчык музея адкрыў гандаль старажытнасцямі. Грошы будуць. Вы будзеце мець магчымасць раз’язджаць па вёсках дзеля скупкі, ездзіць нават у вялікія гарады. Як жа, камерсант, паважная асоба. Будзеце запрашаць нямецкіх афіцэраў у госці, задавальняць іх, калі нам будзе патрэбна.

Дзюбка (менш рашуча). Гандляваць свяшчэннымі для мяне прадметамі? Не, не буду. Ды і скуль я іх дастану?

Каляда. Не турбуйцеся, гандляваць вы будзеце падробкамі. Мы паклапаціліся, яны ў вас будуць. Вы ведаеце пра калішнюю калекцыю Сіпайлы?

Дзюбка. Гэты блюзнір! Гэтае падла! Добра ведаю. Мы з ім спрачаліся дваццаць пяць год таму, ён думаў, што калі ён багатыр, дык ён мае добры густ. Трасца ў яго была, а не густ! Яму перакупшчыкі спіхнулі на дзесяць тысяч без малога самых грубых падробак, якія я бачыў. К-калек-цыянер!

Каляда. Дык вось, гэтыя падробкі, калі Сіпайлу выселілі з маёнтка, ляжалі ў фондах драмтэатра, для гістарычных драм. Цяпер яны будуць у вашай краме.

Дзюбка. Я пратэставаў — не слухалі. Такую дрэнь нельга было нават на сцэне ўжываць замест сапраўдных рэчаў.

Каляда. Добра, добра. Я думаю, што для вас гэта будзе дадатковай радасцю: збыць у іхнія рукі такое. Ну як, згода?

Дзюбка (амаль згаджаючыся). Эканаміст з мяне дрэнны, таварыш Каляда. Я вексель з жырафам блытаю. Прагандлююся ўшчэнт. І тут мне не шанцуе.

Лаўрановіч. Ну вось тады і будзеце лудзільшчыкам. Гэта будзе нават зусім натуральна: банкрут Дзюбка, былы антыквар, зараз лудзільшчык.

Дзюбка. Кінь ты, Пятро, свае жартачкі... Ну... добра ўжо, няхай. Буду камерсантам. Усім быў, а гэтага — не, не было. Я, таварыш Каляда, няўдачнік.

Каляда. Галоўнае: маўчанне, канспірацыя, трываласць.

Дзюбка. Я ўсвядоміў. Можаце спадзявацца.

Каляда. Пакуль што пабудзьце тут... 13.00. Напэўна ўжо прыйшлі (ідзе да дзвярэй і адчыняе іх). Заходзьце, таварышы.

Уваходзяць Цыкмун Асінскі ў танным шэрым гарнітуры, Марыся, за ёю Сміхальскі, малады чалавек у добрай вопратцы, трохі пасля — Андрэй Лаўрановіч.

Сядайце. Паразмаўляем у цеснай кампаніі. Вы згадзіліся застацца тут, таварышы...

У рэпрадуктары нешта трэснула.

Голас: Грамадзяне горада! Добраахвотнікі толькі што адбілі атакі ворага на Заходнюю станцыю. Становішча там стабілізавалася. Мы падпалілі склады ля могілак цягнікоў. Агонь выкурыў фашыстаў з могілак. Зараз на радыёстанцыі таварыш са штаба таварыства садзейнічання авіяцыі і хімічнай абароне. Ён просіць перадаць: вораг насядае з боку ракі, вораг насядае з боку ракі. Трэба затрымаць яго, пакуль са станцыі не вывезуць апошніх эшалонаў з жанчынамі і дзецьмі. На дапамогу, людзі! Бярыце зброю хто можа.

Лаўрановіч. Як ты сабе хочаш, Каляда, але гэта ганьба. Армія адышла, а зараз стрымліваюць ворага пацаны, героі ў кароткіх портках. Сорам! Дзеці торкаюць салдатам дулі пад нос.

Каляда. Не трэба, Пятрусь... Што ж паробіш, калі нельга. Відаць, замала сілы.

Голас. Г — 745—934—88—5641.

Лаўрановіч. Шыфроўкі нашы.

Голас яшчэ некаторы час агалошвае лічбы, усе пасуровелі.

Каляда. Што ж, таварышы. Вы ведаеце, у чым справы. Ад станцыі Чорны Бор цягнецца пушча. Мы, пакуль што, прайгралі адкрыты бой, армія пакіне горад і адыдзе, можа, аж за Дняпро. Не хачу вас пужаць, але становішча цяжкае, і, невядома, можа, нават цэлую зіму давядзецца людзям сядзець у лесе. А галоднага, хоць бы ён быў героем, можна забраць голымі рукамі. Нам патрэбен хлеб, шмат хлеба. Сёе-тое ў нас ёсць, вывезлі з элеватараў у лясныя сховішчы. Але адным збожжам не абыдзешся, на сялянскія жорны яго не змелеш. Патрэбен млын. І вось мы вырашылі.

Падыходзіць да карты раёна.

Бачыце, кут між рэкамі. Тут дарога ў Звініцкія пушчы. Яны цягнуцца на сто восем вёрст на поўдзень ад станцыі Чорны Бор да чыгункі, якая ідзе з захаду на ўсход. Калісьці праз пушчы ішоў чумацкі шлях, але ён ужо гадоў сто дваццаць як заглохнуў. Да калектывізацыі ў самых нетрах там была вёска Пагост, на гэтым калішнім шляху, а ля яе яшчэ карчма і млын на два паставы. Дарога канчалася вёрст за пяць да Пагоста, і далей цягнуўся звычайны зімнік. У калектывізацыю вёску перанеслі ў Дравічанскі сельсавет, а на млын неяк забыліся. Тыдні тры таму я там пабываў. Глуш страшэнная. На поўдзень — восемдзесят восем вёрст да чыгункі, на поўнач — дваццаць да станцыі Чорны Бор, на ўсход дваццаць пяць да ракі (там, на беразе, ёсць вёскі), на захад — каля трыццаці вёрст да вёсак Дудзічы, Ведрычы, Пляскі і да ўрочышча Разбіты Рог, дзе ёсць лясніцтва. Адзіным бяльмом на воку з’яўляецца вёска Чарнабогі, дзесяць вёрст ад млына і дзесяць вёрст з гакам ад станцыі, трошкі ўбок. Ды яшчэ ля Чарнабогаў ёсць некалькі невялікіх вёсак. Вось і ўсё. Як бачыце, лепшага месца не знойдзеш. Млын хоць і ладна спарахнелы, але прыдатны. Мы адрамантавалі там усё, што магчыма. Ёсць там, акрамя млына, руіны карчмы, потым даволі моцны каменны будынак, добры будзе свіран.

Дзюбка. Я гэта месца ведаў яшчэ, калі паляваў. Лясы такія, як кафедральны касцёл. Чыстая готыка! Па берагах рэчак драбналессе. І між соснамі ў сонечны дзень пара ад зямлі ідзе, быццам ладан кураць. І рэчкі: Тна, Вілюшка, Зубраўка — чыстыя. Уначы ляжыш ля кастра, восень, паветра — віно халоднае, і зоры кацяцца, кацяцца, кацяцца.

Аглянуўся, усе слухаюць, засаромеўся.

Каляда. Невядома яшчэ, калі нам такую мірную размову давядзецца чуць, Сяргеевіч. Гаварыце, калі ласка.

Дзюбка. Вільгаццю ад вады тхне. Бугай вадзяны недзе «Буукае»... Між іншым, гістарычная назва гэтага Пагоста — Сінія Віры. Калісь быў даволі вялізны пачынак. Адзін з Ягайлавічаў там памёр, не сумелі ўрача даставіць, такая глуш была. І зараз не лепей... Назва якая, «Млын на Сініх Вірах»! Я там начаваў аднойчы з сябрам. Якія мясціны! Рэкі, лясы бясконцыя, дзе-нідзе курганы, лілеі ў затоках. Паветра, як у першы дзень стварэння. Што пасля яго тая гарэлка? Хваробы сабе купіў на свае грошы. Увосень, у апошнія дні палявання на качак, здарыцца прымаразак,— трава, як драбнюткай соллю пасыпаная, хрумстае пад нагамі, ружовая ад зары. І недзе ў паветры спявае нешта, спявае, далёкае такое. І цішыня, слухаць яе можна, як сімфонію.

Далёкі выбух.

За гэту цішыню даў бы яму па галаве,— праз рэбры ўласныя бы глядзеў на свет белы, бандзюк. А то б галавою ў вір — і садухі.

Каляда (пасуровеўшы). Добрая ўмоўная назва: «Млын на Сініх Вірах». Мне няма чаго гаварыць, што гэтага патрабуе ад вас Радзіма — вы ведаеце самі. На вашых плячах баяздатнасць партызан цэлай акругі. Лаўрановіч, пры поўнай рабоце млына на два паставы колькі насельніцтва ён можа забяспечыць?

Лаўрановіч. Я не ваенны інтэндант, але раней у нас такі прыблізна млын працаваў на два сельсаветы, у тым раёне, адкуль я зараз прыехаў. І нічога, не вельмі скардзіліся.

Каляда. Вось бачыце. Сытасць такой колькасці людзей будзе ў вашых руках. Таму таямніцу млына берагчы, як зрэнку вока, а самы млын трымаць да самага скону, як гонар свой. Вы, Цыкмун Пятровіч, працавалі да рэвалюцыі на млыне братоў Лапіных?

Асінскі. Так, а пасля ў млынтрэсце.

Каляда Дык вось, Цыкмун Пятровіч Асінскі як майстра будзе млынаром.

Асінскі. Добра. Праца будзе ладная, дык я і дачку вазьму з сабою, як гаспадыню. І падсыпку дайце такога, каб сала еў мала, а мяхі варочаў вялікія.

Каляда. Добра. Андрэй Лаўрановіч тут?

Андрэй. Тут... Таварыш Каляда, мне неяк нязручна. Руку, бачыце, асколкам раздзёрла ў першы ж налёт. Дазвольце лепей стрэльбу ўзяць. Мяхі цягаць мне цяжка будзе.

Лаўрановіч. І я лічу, што правільна. Няма чаго на млыне ацірацца, няхай ваюе разам з іншымі ў лесе.

Каляда. А я думаю іначай. Мяхі яму цягаць цяжка, а па шэсцьдзесят вёрст рабіць, у багне гадзінамі ляжаць, на дрэвы лазіць — гэта не цяжка?.. Гэта зараз найважнейшае. Зразумеў, Андрэй? Ты з адзінай здаровай рукою будзеш за дваццаць інсургентаў ваяваць.

Андрэй. Калі трэба, я пайду.

Марыся. А можа... можа б, Віцю... Віктара Сміхальскага на млын, а Андрэя... задаволіць яго просьбу (саромеецца). Усё ж гэта будзе лепей, бо Сміхальскі мацнейшы.

Сміхальскі. Не, дазвольце адмовіцца. Я гераізму жадаю, рамантыкі. Радзіма ў такім становішчы, а мяне на млын, кулі цягаць.

Асінскі. Гэта ён таму адмаўляецца, што думае: хлеб на вярбе расце.

Сміхальскі. Не, я ўсё ведаю. Я толькі думаю, што на млыне кожная пасрэднасць працаваць можа. А я больш карысці прынясу, калі буду партызанам. Да таго ж, як адзін з працаўнікоў райкома камсамола я не магу так: крычаць на зборах пра Карчагіна, а як пачалося сапраўднае, дык на млын.

Каляда. Глупства ты вярзеш, хлопча. Ты і ў райкоме быў не таму, што ў цябе з дня нараджэння шышка чыноўнасці на галаве развілася, і тут будзеш ваяваць у атрадзе не таму, што ў райкоме камсамола працаваў. Ты проста больш спрактыкаваны чалавек, ніж Андрэй. І запамятай, будзеш чакаць дзіва, пацягнеш людзей на «рамантычны» ўчынак, нешта накшталт нападу на танкі са стэкам у руках — зганю. І наогул, вельмі рамантычнага месца не дам. А вось што. Будзеш, малец, трымаць сувязь з Дзюбкай. Будзеш на гэтым самым млыне жыць, хадзіць па атрадах і ў горад. Тут табе будзе выгодна. І паветра галаву халадзіць, і лясны водар прадухіляе чалавека ад разліцця чорнай жоўці. Ну і яшчэ... мне старому за гэта некаторыя людзі «дзякуй» скажуць.

Сміхальскі. Таварыш Каляда! Радзіма гіне, а я...

Каляда. Што ты, што ты. Крый цябе божа. На Радзіму хан Койдан нападаў,— яна не загінула, Літва з палякамі ішла,— таксама не загінула. Палякі і немцы ў грамадзянскую ішлі — яна не загінула. І цяпер, калі працаўнік райкома Віктар Сміхальскі, які яшчэ хварэе адцягненым, трохі вонкавым гераізмам, добры хлопец, падабаецца многім, падобны на Дэмана,— не пойдзе проста ў атрад, а будзе сувязным — яна таксама, я думаю, неяк вытрымае, не загіне.

Так што досыць размаўляць. Значыцца так, мы вырашылі, Цыкмун Пятровіч з Марысяю адразу ж, разам са мною, едуць у аколіцы Чорнага Бору і стуль дабіраюцца да млына на Сініх Вірах. А вы ўсе пабачыцеся са мною праз тыдзень. Цяпер выйдзіце ў залу і атрымайце там дакументы і іншае. У Лаўрановіча.

Усе ідуць да дзвярэй у залу, Асінскі ідзе апошні.

Цыкмун Пятровіч, пачакайце. Вось што, патрэбна, каб нехта меў сувязь асабіста з вамі на той выпадак, калі ў гэтых небяспечных Чарнабогах з’явяцца немцы. Можа, там трэба кагось пасяліць, скажам, пад выглядам бежанкі, жанчыну якую-небудзь?

Асінскі. Пасяляць там нікога не трэба. Там у мяне жыве сваячка, Тэкля Каваль. Я і то збіраўся спытаць, ці нельга, каб яна калі-нікалі прадуктаў падкінула. Дый небяспека ад немцаў з гэтага боку вялікая.

Каляда. А вы за яе можаце паручыцца?

Асінскі. Вы давяраеце мне — давярайце і ёй. І выйсці з вёскі яна можа так, што ніхто не заўважыць. Дый прафесія ў яе такая, што патрабуе бадзянняў у лесе.

Каляда. Чакайце, Тэкля, Тэкля Каваль? Нешта знаёмае.

Асінскі. Гэта тая... ну... «вядзьмарка».

Каляда (шчыра разрагатаўся). Памятаю, памятаю, гэта тая, знахарка, чараўніца. Што гэта ў нас такі народ падбіраецца... цікавы. Ноеў каўчэг нейкі. Сем пар чыстых, сем пар нячыстых.

Асінскі. Дарэмна вы так. Недарэчны смех. Яна не замовамі лечыць, яна адмыслова ведае травы. І ўрэшце (раззлаваўся), што ёй было рабіць? Што, я вас пытаю? Мужа забілі на Мазурскіх азёрах, старэйшых сыноў легіянеры закатавалі за партызаншчыну. Думаеце, яна менш надзейная, ніж гэтае фу-фу Сміхальскі, хоць ён і камсамольскае начальства.

Каляда. Ну, дарэмна гэта вы так, ён яшчэ малады, ён як малады хорт: гоніцца за ваўком, абгоніць зграю і не ведае, што ваўку раз кляцнуць зубамі і — гамон яму.

Асінскі. А вы занадта добры. Зараз ён малады яшчэ, пасля, калі будзе сталы, на неўраўнаважанасць будзеце спасылацца, а пасля: «Ды ён жа стары, яму дараваць трэба». Андрэй лепшы — яго раскалыхаць, дык трэба пяць чалавек, як той Брацкі Звон у Магілёве, але ён верны, сумленны чалавек, не фіцюлька. Добры вы чалавек, таварыш Каляда, але не да тых, да каго трэба. Што Тэклі было рабіць з дачкой ды з немаўляткам-сынам? Ну і пачала лячыць, балазе маці яе і бабуля першымі траўніцамі былі. Дасць добрую траву — нашы людзі лаяцца пачнуць: «Ты б хоць сказала нешта». Цемра! Ну яна і пачала шаптаць. Вось вы, як кажуць, аж дзве кнігі калісьці напісалі, а ці ведаеце вы, што аптэка ад іншых хвароб не так добра лечыць, як гэта Тэкля. Не паважаюць урачы траў, а, між іншым, аптэкі не заўсёды былі, і ў аптэках валяр’ян, канвалія, маліна, ліпавы цвет ляжаць. А колькі яшчэ невядомых траў? Вы б вось спыталіся, як яна мёдам ды зязюльнікам язву страўніка ў вашага бухгалтара вылечыла? Альбо як звычайнай ясноткай лячыла ад слабасці, альбо як падтыннікам ад воўчага мяса лячыла людзей, маладым дзяўчатам прыгажосць вяртала. Цяпер яна і шаптаць кінула,— людзі не тыя, дый сын дапамагае.

Каляда. Што гэта ты, бацюхна, так разбушаваўся?

Асінскі. А таго, што сам гадоў дзесяць таму нешта вельмі лёгка пачаў співацца. Вып’ю чарку — і з капытоў. Перад сябрамі сорамна. Ну, Тэкля адшукала траўку. Апетыт да гэтай справы загубіў, але выпіць магу добра. Так што мне мой мужчынскі гонар не дазваляе, каб яе лаялі. Не тараканаў дае, не з вугаля брызгае — лечыць чыстай, сумленнай травой.

Задумаўся.

Каляда. Рознае бывае ў жыцці. Можа быць. Ведаеце, калі будзем жывыя, дык трэба будзе пагаварыць пра гэта, дзе трэба. Не злуйцеся. Калі будзем жывыя, вы мне пра гэта падрабязна раскажаце. Добра? А цяпер хадзем у залу. Стуль пойдзеце чорным ходам, да машыны. А Марысю возьмем па дарозе.

Выходзяць, прапусціўшы ў дзвярах Сміхальскага і Марысю.

Віктар, хвілін праз пяць будзьце тут, у кабінеце.

Сміхальскі. Добра (да Марысі). Ну нашто, нашто ты гэта прапанавала? Немаведама што могуць падумаць.

Марыся. Віця, не трэба так. Ты ведаеш, я гэта зрабіла не для цябе, мне Андрэя стала шкода. Яму горш, ніж табе. Ты ж такі моцны, вялікі, на ўсякім месцы будзеш добры.

Сміхальскі. А ён?

Марыся. Ён не такі. Ён, ведаеш, вельмі добры, але, напэўна, бязвольны хлопец. Яму там, на млыне, будзе дрэнна, зусім яго засмокча... Ну, ведаеш, я, напэўна, дурная, але я сама не ведаю, чаму я так зрабіла.

Сміхальскі. А я ведаю. Ты маеш да яго прыхільнасць.

Марыся. Віця, навошта ты так! Ты проста яшчэ не ведаеш...

Уваходзіць Андрэй і накіроўваецца да дзвярэй.

Сміхальскі. А я табе кажу, што гэта так. Ты сама не ведаеш. Што ж, мне нічога не застаецца, як падставіць галаву пад першую кулю. І можаш тады думаць пра яго колькі хочаш. І, калі ласка, не плач. Вашы слёзы — вада.

Андрэй (павярнуўся). Слухайце, сеньёр. Вы можаце размаўляць якім хочаце тонам і са мною і з іншымі, але з ёю гэты тон пакіньце.

Віктар. А якое права...

Андрэй. Я маю права сябра дзяцінства.

Віктар. І ўсё???

Андрэй. Так, пакуль што ўсё.

Віктар. Пакуль што? Вось што, малады чалавек, я здзіўляўся высакароднасці вашай і вашага бацькі, але толькі да таго часу, пакуль Каляда не адмовіў вам у вашай просьбе. Цяпер я бачу замест высакароднасці танную спробу адсядзецца ў ціхім месцы і зрабіць выгляд, што гарыш жаданнем біцца.

Марыся. Віця, не трэба.

Андрэй. Ух-х. Вось што, панок. Я буду сядзець там, дзе трэба. І я не баюся цябе, але зараз не такі час, каб даваць нейкаму дурню па твары. Бачыш, вайна.

Пайшоў. Выходзіць Каляда.

Каляда. Вы яшчэ тут, таварыш Асінская?

Марыся. Я зараз пайду. (Пайшла.)

Каляда. У мяне да вас некаторыя пытанні. Вось хлеб, вось колькасць людзей, падлічыце дзённы выхад, патрэбу.

Лаўрановіч (уваходзячы). Таварыш Каляда, там вас нейкая дзіўная дэлегацыя пытае. Прывялі кагосьці.

Каляда. Ну добра, гэта ўжо апошняя справа. Трэба ехаць. Кажуць, што вораг выйшаў на цэнтральную вуліцу. Прасіце іх.

Адчыняюцца дзверы з вуліцы, і да кабінета ўваходзяць чалавек пяць людзей рознага выгляду. Яны вядуць Трубайлу, скруціўшы яму рукі. Перад працэсіяй крочыць дзіўны чалавек, падобны да бацяна, апрануты сціпла, але добра. Манеры ў яго экстравагантныя. Гэта Высакародны злодзей.

Што вам трэба, таварышы?

Высакародны злодзей. Прабачце, але нас нельга назваць «таварышамі». Мы, як бы мовіць, люмпенпралетарыят, адрынутыя законам і грамадскасцю. Мы, людзі, якія кіруюцца ў сваёй дзейнасці кніжкай, якая называецца КПК, крымінальна-працэсуальны кодэкс. Карацей кажучы, мы — правапарушальнікі.

Каляда. Дзіўная сітуацыя. Але ў чым справа? Што за жарты?

Злодзей Мы просім у вас увагі, толькі пяць хвілін увагі. Як гэта кажуць, мы не затрымаем вас на час большы, чым трэба на тое, каб узламаць добры сейф.

Каляда. Як бачыце, сейф тут адчынены. Турма зараз не функцыяніруе.

Злодзей. Фі, турма! У мяне ад гэтага слова пабольвае сэрца. Ад такіх недалікатных слоў. Дазвольце звярнуцца да вас хоць аднойчы як сумленным людзям. Ведайце, што і ў бандзюкоў ёсць чуллівае, чулае, уразлівае сэрца. Слухайце, савецкая ўлада нам была як мама родная. Яна лупцавала нас і ставіла ў кут, але бывала, што мы раскайваліся — і яна карміла нас пернікамі. Паслухайце,— хто б тут пакрыўдзіўся? — некалькі месяцаў турмы гэта ж глупства. А немцы, кажуць, будуць расстрэльваць. Гэта ж ціхі жах, гэта антыгуманна. Вы ведаеце, тут грабілі склады. Мы падумалі, што гэты грэх таксама ўпадзе на нашы бедныя галовы. Гэта ж ганьба, калі такое думаюць пра сумленных злодзеяў. І што сказалі б нашы бедныя мамы на тым свеце? Яны б перавярнуліся ў труне. І мы сказалі: «Ша!» Мы сказалі: «Хопіць». Мы спаймалі аднаго з гэтых бандзюкоў (якое шчасце, што гэта зусім не прафесіянальны злодзей. І ніхто не кіне такі дакор сапраўднаму злодзею, ніхто не запэцкае яго добрае беларускае імя), мы ўзялі яго і даставілі вам. А склады мы запалілі, усё адно іх не вывезеш ужо.

Каляда (стрымліваючы ўсмешку). Што вас штурхнула на гэта?

Злодзей. Ведаеце, аднойчы былі ў вёсцы перавыбары старшыні. Калі перавыбралі, устаў вясковы злодзей і папрасіў, каб перавыбралі і яго. Ён сказаў: «Я ўкраду кавалак сала — кажуць, што я ўкраў дзежку. Я ўкраду пуд дзерці — скажуць, што я ўкраў мех крупчаткі. Перавыбірайце». Ведайце, нам было б вельмі прыкра, каб з-за гэтага булахоўца і пагромшчыка, з-за гэтае контры наша імя зазнала б ганьбу.

Каляда. Добра. Дзякую вам... таварышы. (Да звязанага, рэзка.) Прозвішча.

Трубайла (ганарліва). Трубайла, шляхціц.

Каляда. Чаму вы рабавалі?

Трубайла. Чалавек, род якога прыгадваецца ў Гарадзельскім прывілеі, не будзе адказваць хаму.

Каляда. Ну й дапатопная істота! А што, Гарадзельскі прывілей даў вам прывілею і крамы рабаваць таксама?

Трубайла. Гэта вы нас зрабілі зладзеямі.

Злодзей. Ша, паклёпнік!

Трубайла. Вы зрабілі нас рабаўнікамі. Дзе мае пяцьдзесят валок? Дзе маёнтак дзедзіч маіх?

Каляда. Значыцца, пяцьдзесят валок было? Ну, тады ў вас па рабаванню досыць даўняя практыка.

Трубайла. Жартуеш, пшэклёнта халера? Нядоўга вам жартаваць. Хутка вас — варам, як непатрэбных шчанюкоў... За наш край!

Каляда. І яшчэ, напэўна, за беларуса сябе лічыць. Беларусы сваёй мовай размаўляюць. І яны не рабуюць, яны зараз па лясах. Табе і азёрны твой край толькі тады патрэбны і добры быў, калі на тваіх валоках пейзане ў стракатых анучках жыта жалі.

Адвярнуўся.

Злодзей. І што рабіць з гэтым дэгенератам, скажыце, добрыя людзі?

Каляда. Вызавіце чалавека з варты. Няма чаго з ім валаводзіцца, расстраляць (павяртаецца).

Віктар (ціха). Вось лічбы. Млын на Сініх Вірах можа пракарміць некалькі тысяч чалавек. (Трубайла прыслухаўся.)

Думаю, што, калі я зраблю нешта вартае, вы перавядзеце мяне з Звініцкае пушчы ў іншае месца. Мне ўсё ж не імпануе суседства з Чарнабогамі.

Трубайла прыслухоўваецца.

Каляда. Тут не месца гаварыць пра гэта, Віктар. З млына вы пойдзеце тады, калі прыкажуць.

Уваходзяць два вартавыя. Бяруць Трубайлу пад рукі.

Трубайла. Свалота! Куды вы схавалі наш ціхі край! Камуністам, жыдам, кацапам прадалі! Паркі нашы ліпавыя высеклі, палацы нашы запаскудзілі!

Каляда. Ты маўчы, ты на новую Беларусь смярдзючае джала не высоўвай. Воўк.

Трубайла. Нічога, мы вас вылегчаем. Каціцеся адсюль, сабачыя сыны, чырвоная падла!!! Чака-айце. Наш час прыйшоў!

Трубайлу выводзяць, выходзіць за вартавымі і дэлегацыя.

Злодзей. Бывайце здаровы, таварыш старшыня. Я думаю, што гэта ўсё хутка скончыцца, і мы з вамі яшчэ пабачымся, калі я, вядома, буду на волі.

Каляда. Бывайце.

Уваходзіць Лаўрановіч.

Лаўрановіч. Машына чакае.

Выбух непадалёку.

Каляда. Пачакай, давай пасядзім. Вось быў я, браце, пісьменнік, дрэнны пісьменнік, не хапала ўсведамлення самага важнага, у гарвыканкоме больш быў да месца. І раптам звалілася гора: гарады палаюць, дзеці маленькія без хлеба, без бацькоў. Сакратара гаркома бомбай напавал, партызаншчына на нашы плечы ўпала. Добра, хоць цябе з вобласці прыслалі. Дзе тая былая цішыня. Але які народ! Асінскі гэты, знахарка, Ветка наш. І нават зладзеі гэтыя, язык не паварочваецца іх так называць. І я ведаю, чаму гэта. Мы хлябнулі за дваццаць год сапраўднай волі. І нас з кожным годам будзе ўсё больш і больш немагчыма загнаць у калішнюю цемру. Як бы гэта ні было газетна і банальна, але шлях ад кувалды да аэраплана — гэта велічна. Не, не так я буду пісаць, калі давядзецца. З сэрцам, з болем, са шчырасцю вялікай.

Блізкі выбух.

Лаўрановіч. Час ехаць.

Хутка ўбягае адзін з вартавых. На твары ягоным кроў.

Вартавы. Таварыш Каляда, выбухам забіты Рубанаў... Словам... арыштаваны скарыстаў момант і ўцёк.

Каляда. Ну і трасца яго матары. Бандзюк звычайны. Хадзем, Лаўрановіч. Час ехаць.

Накіроўваецца да дзвярэй, у гэты час зноў выбух, і, як бы ў адказ,

загаварыў рэпрадуктар. Усе спыніліся.

Голас. Увага! Увага! Жыхары горада. Хто мае магчымасць — пакідайце горад. Немцы ўзялі Заходнюю. Апалчэнцам ля прычалаў трэба адыходзіць, іх могуць адрэзаць.

Каляда. Што ён робіць, вар’ят! Могуць вузел адрэзаць.

Лаўрановіч. Ён не пойдзе. У яго жонку забіла. Памятаеш, як калісьці смяяліся. Важна так кажа: «Чытаў аб’явы дыктар Ветка». Што яшчэ акрамя аб’яў чытаць даводзілася? Сёння, можа, упершыню адчуў сябе сапраўдным дыктарам, на сваім месцы.

Каляда. Трэба яго ратаваць. Паехалі.

Голас. Яны падпалілі вузел. Выйсця няма (трывожна). На Чартальне пачаў гарэць старажытны помнік, будынак калегіума. Добраахвотнікі, змагайцеся з агнём, змагайцеся з агнём. Гарыць ваша старына. Гарыць ваш горад. Ратуйце яе, ратуйце яго!

З рэпрадуктара чутны глухія ўдары.

Яны ўдзіраюцца сюды. Бывайце, таварышы, бывайце, сябры мае, браты. Яны ламаюць дзверы, яны пагражаюць, што будуць страляць.

З рэпрадуктара аўтаматная чарга. Цішыня.

Т-таварышы, я яшчэ жывы. Яны ламаюць дзверы... М-м-м...

Каляда. Дабілі, дабілі Ветку... Ветку дабілі.

Голас. Таварышы!.. Таварышы!.. Без панікі... Пакідайце кватэры... Пакідайце. Горад гіне... Гіне наш горад. Жывіце ў барацьбе, жывіце ў славе.

Паўза.

Хай жывуць Саветы!

Паўза. Пасля адрывіста, хрыпла.

Хай жыве Беларусь!

Заслона

 

Карціна другая

Млын на Сініх Вірах. Звініцкія пушчы. Цёплы жнівеньскі дзень ружавее над пушчаю. На пярэднім плане, справа, ціхі поплаў, пакрыты вільготнай зялёнай травой. Амаль на сярэдзіне сцэны некалькі густых кустоў здзічэлага бэзу. Яшчэ лявей таўшчэзны дуб-волат, лісце якога звісае над поплавам, утвараючы зялёны паўзмрок. Дуб вельмі стары, вялікае дупло ззяе ў яго ствале. Пад дубам старая, тоўстая, далоні ў тры, лава, на чурбаках, укапаных у зямлю. Тут жа каменны будынак, дзверы яго адчынены, маленькае акенца забрана кратамі. Віецца сцежка ў глыб сцэны, да млына. За поплавам увесь другі план злева займае рачулка, якая разлілася тут даволі вялікім стаўком і блішчыць пад сонцам. Люстра яе зарасло лотаццю, кугой, дзе-нідзе бялеюць ля берагоў лілеі. Ставок перагарадзіла ўдалечыні зялёная грэбля. Над ёю, справа, бачны шэры будынак млына. За стаўком — густыя кусты каліны над вадою, далей — палоса падлеску, у якім яшчэ стаяць руіны старой карчмы. А далей густыя, цяністыя, зялёныя шаты лясоў. Неба амаль нямое над імі. Зялёна, вільготна. Спяваюць птушкі, даносіцца далёкі гоман млынавага кола. І цішыня толькі падкрэсліваецца гэтым, цішыня стаіць такая, што звініць у вушах. Марыся на траве сядзіць і зашывае нешта, мармыча сабе пад нос і зрэдку запявае ўголас:

 

«Як табе, рачушка, без крутых беражкоў,

Так і мне, дзяўчыначцы, без любага дружка».

 

Віктар (асцярожна падыходзіць, ціха). Марыська!

Марыся. Віктар, даражэнькі. Ой, якая я шчаслівая. Мне так цяжка бывае, калі ты ідзеш. Усё мне здаецца, што ты ўжо недзе схоплены, забіты.

Віктар. Ну кінь, кінь. Я не з тых, што лёгка даюцца ў рукі.

Марыся. Я ведаю. Але ўсё адно баюся.

Віктар. Нічога, Марыська. Не дзеля сябе аспрэчваем смерць, а дзеля тых, што ўладараць над нашым сэрцам, нельга ж прымірыцца з тым, што яны загінуць. Нічога, у апошняй бойцы перамогуць каханне і любоў.

Марыся. Нейкі ты дзіўны сёння, Віця... Ты лепей раскажы, што ў горадзе?

Віктар. Ат, месяц як там немцы і месяц як там робіцца няведама што. Думаеш, усе тыя, што крычалі пра перамогу, і зараз крычаць. Сядзяць, як бараны, па хатах... паразмаўляем пра іншае, Марыся.

Марыся. Што ты?

Віктар. Я не ведаю, што са мною робіцца, не магу гэтага растлумачыць. Уся мая энергія перайшла да кагосьці іншага, ніяк не магу пазбегнуць адчування пустаты. Нішто мне не лезе ў галаву, акрамя аднаго, і гэта адно ўсю маю душу запаланіла. Не то я, што раней, іншым уяўляю сабе свет. Балюча мне, але самы боль мне вялікі — радасць і таямніца. Ты мяне не разумееш?

Марыся. Не.

Віктар. Ну дык вось (бярэ яе галаву ў далоні, цалуе). Вось і ўсё. І можаш зараз рабіць са мною што хочаш. Усяго сябе, з усёй душой аддаю. І якая мне справа да ўсяго, калі ты са мною, лепшая мая. Усё гэта сон, гэтыя спрэчкі, бойкі. Шкода, што праходзіць маладосць пад гэты надакучлівы акампанемент. А ты мяне кахаеш?

Марыся. Я цябе даўно кахаю. Я чула, што не трэба так адразу казаць. Маўчаць, так будзе мацней. Але я баюся цябе пакрыўдзіць, перарваць тонкую ніць. Нашто мне мучыць цябе, каб было мацней? Я ж цябе таксама кахаю, я цябе не пакрыўджу. За Андрэя ты не крыўдзішся? Я яго вельмі люблю. Ён сябра з дзяцінства.

Віктар. Не, за Андрэя я табе даўно дараваў. Я яго проста шкадую.

Марыся. Не трэба, ён таксама вельмі добры. Іншы раз мне здавалася...

Віктар. Пачакай. Слухай цішыню. (Цалуе ёй рукі.) Мне другі раз здаецца, што ўсё гэта сон, гэтыя выбухі. Расплюшчу вочы — і будзе ціхі дзень, акно адчынена, ты яшчэ спіш.

Уваходзіць Асінскі.

Асінскі. Да вас можна сюды, моладзь? Дзень добры, Віцька. Як справы ў горадзе?

Віктар (незадаволены). А трасца яго бяры і разам з немцамі.

Асінскі. Цю-у, здурэў дзяцюк! Ты якія гэта словы гаворыш, га?

Віктар. Я і на самай справе. Ім бы барыкады будаваць, а яны сядзяць ціхутка, як мышы. Што я ім дапамагаць хавацца буду, ці што? Мяшчане! Тыранія дробязяў. А дробязяў гэтых у жыццё чалавеку напхана, як сардынак у бляшанку. Адзін гіне, а другому пляваць — у яго мазалі. Дый не так ужо там жахліва, як я думаў. Камендантам нейкі Адлерберг. Я думаў, што будуць паліць і на кожным ліхтары вешаць,— аж ціха ўсё. Лётчыка нашага падбілі, упаў за горадам, а калі немцы прыехалі, дык яго ўжо нейкая падла абрабавала. Ну, гэты Адлерберг і кажа, што вы,— свінні, сваіх герояў не паважаеце. Вярнуць вопратку і ўсё, што забралі з самалёта, інакш вёску спалю і ўсіх пад корань. Праз пяць мінут усё прынеслі, цалюткае. Тады яны лётчыка пахавалі і далі над магілаю салют: «Глядзіце, як шануюць нямецкія героі гонар героя рускага». А таго, хто рабаваў, Трубайлу нейкага, забралі з сабою, але, кажуць, не забілі. Што ж, годны, рыцарскі ўчынак.

Асінскі. Глупства ты вярзеш. Такія для нас яшчэ больш небяспечныя, чым адвартыя гады. Але ж мярзота якая! «Ру-ускаму герою!» А мы сваіх гадуем. Адаслаў ужо другі абоз з мукой. Комам стане ў іхняй глотцы наш хлеб. А што яшчэ чуць? Як Дзюбка?

Віктар. Адкрыў краму і зараз прагарае. Што праўда, знайшоў выхад: робіць са спарахнелае драўніны ідалаў. Купляюць. «О-о, беларусішэ калёрыт! Еўрапейскія папуасы!» Дзюбка гэты яшчэ! Турак нейкі.

Паўза.

Ну, мне час. Трэба зноў у горад. Я там занёс да вас што трэба, Цыкмун Пятровіч.

Асінскі (павярнуўшыся спіною). Добра. Можаш ісці.

Віктар (карыстаючыся, што Цыкмун не бачыць, ціха). Бывай, мая каханая (цалуе ёй руку).

Асінскі (усё яшчэ стоячы спіною). Гэх, усім бы ты добры быў, Віця, ды вось толькі не ўмееш ты з сучаснымі паненкамі абыходзіцца. (Павярнуўся.) Ты б гэта зараз пеўнікам падскочыў, дыгнуў ножкаю, вусы падкруціў, падставіў руку абаранкам і па-французску: «Куркуле-муркуле альфоне ролле».

Віктар (змрочна). Гэта не па-французску.

Асінскі. Нічога, яны ўсё роўна не зразумеюць. Яны толькі па-тутэйшаму, яны высуванцы.

Віктар. Слухайце, Цыкмун Пятровіч, кінулі б вы, праўда, гэтыя вульгарныя выразы, гэты вульгарны дыялект.

Асінскі. Што, па-французску лепей? А чаму? Чым не французская мова: «Марылён трэ, Сымон целяпасэ, Сідар рэ пужрэ?» Чаму «рэ пужрэ» — добра, а «рэпу жрэ» дрэнна? Не бачу розніцы. Значыцца, і мова нічым не горшая за французскую. Не, браце, як ты ні вучыся — усё адно будзе ў цябе «дзе» і будзе «ру» і «г» будзе грубае, хоць ты па-італьянску брашы. Як калісьці «культурныя» семінарысты казалі, калі ім прапанавалі тытуню (націскаючы на р): «Бла-га-да-ру, я не куру, ваша табака — дрань, трапкай ваніць». Толькі сорам адзін будзе і сабе і людзям. (Сур'ёзна.) І я табе кажу, хлопча, дрэнна ты скончыш, калі будзеш сваё лаяць. (Адышоў да будынка.)

Віктар. Гэта ўсё ўжо ўстарэла, пяцьдзесят год як стала глупствам.

Марыся. Віця, пакінь, пакінь зараз жа. Гэтага ты не смееш чапаць. Я ведаю, ты жартуеш, але з гэтым — і зараз — не жартуюць. Гэтага я не дазволю... нават табе.

Віктар. Так, я сапраўды пажартаваў, дрэнна пажартаваў (да Марысі, ціха). Даруй мне за гэта, любая.

Марыся. Чакай мяне, любы.

Віктар. Чакаць? Ну да, як жа... чакаць. Я вельмі кахаю цябе, буду чакаць... Але бывай. Бывайце, Цыкмун Пятровіч!!!

Асінскі не адказвае, Віктар выходзіць.

Некаторы час ціха, толькі чуваць кумканне жаб.

Потым з’яўляецца Андрэй, перапэцканы мукою, пасталелы.

Андрэй. Цыкмун Пятровіч, я спыніў працу. Малоць няма чаго.

Цыкмун. Ну што ж, на сягоння пашабашым. Ты еў хаця што-небудзь, сынок?

Андрэй. Нічога, я зараз пайду, мне трэба наведацца ў Чарнабогі. Нешта зноў рука баліць.

Цыкмун. Казаў табе, не цягай такія мяхі. Гэтак няцяжка і грыжу зарабіць. Адпачывай. На млыне я дараблю.

Цыкмун выходзіць.

Андрэй і Марыся сядзяць, апусціўшы вочы.

Андрэй. Што з табою, Марыся. Мне балюча глядзець на цябе. Нейкая ты сумная, як асенні дзень. Ці не магу я табе дапамагчы чым?

Марыся. Не, Андрэй, тут і ты мне не дапаможаш. Смутна ў будучым. Але дзякую, ты добры друг. З табою дзяўчыне спакойна і не страшна.

Андрэй. Сумны камплімент. Я б жадаў, каб табе са мною не было спакойна. А страшна? Няхай іншыя страх выклікаюць, я чалавек просты.

Марыся. Мне заўсёды добра з табою, Андрэйка. Ты ўтульны, добры. Але ад сапраўднага чалавека, ад Георгія-перамоганосца мала ў табе ёсць чаго.

Андрэй. З табою... з табою быць грозным, гордым? Нельга ж так.

Марыся. Аднак вось па Віктару адразу можна бачыць, што гэта за чалавек. Нязломны, сумленны.

Андрэй. Ат, Віктар. Што пра яго казаць. Не варта.

Марыся. Чаму ты яго не любіш? Гэта несумленна. Ён ніколі дрэнна пра цябе не кажа. А гэта дрэнны спосаб спадабацца мне: лаяць таго, хто мне дарагі. За што ты яго?

Андрэй. Я кахаю цябе... Я так кахаю цябе, што дыхаць не магу, няміла мне ўсё без цябе, жыцця няма.

Марыся. Андрэй, дарагі, не пакутуй... Дарагі ты мой, стары сябра мой. Можа, усё было б іначай, каб я не сустрэла яго, лепшага чалавека на свеце. Ён верны, ён верна будзе кахаць мяне. Мы вырашылі пажаніцца, як толькі скончыцца вайна. Табе цяжка, але такое лепей ведаць адразу. Не сумуй толькі, сябра. Не трэба.

Андрэй. Мне абы толькі ты шчаслівай была, здаровай, вясёлай. Я, вядома, бервяно, куды мне да такой, як ты. Але я цябе кахаю, я не вытрымаю, калі з табою здарыцца што. Таму я не магу крывіць душою. Іншы, можа, маўчаў бы, каб на яго не думалі, што ён гэта з нізкіх пачуццяў, з рэўнасці, з зайздрасці. Але па мне хоць бы хто быў, толькі не ён. Не люблю яго. Несур'ёзны ён. Сэрцам адчуваю — дрэнны ён.

Марыся. А можа, проста зайздрыш? Розуму зайздрыш, прыгажосці яго. Сорам!

Андрэй (пабялеў, устае). Кепска ты мяне ведаеш. Урачыста кажу, ад думкі маёй не адступлюся, не дам зглуміць тваё жыццё. А там будзь шчаслівай з кім хочаш. Я цябе кахаць заўсёды буду, і дай табе бог быць шчаслівай з іншым. А я моўчкі кахаць буду ці мёртвым прыцягнуся да цябе і другі раз памру. Будзь шчаслівай, жыві, радуйся. Як я цябе кахаю, няхай столькі і шчасця табе будзе з іншым... Бывай.

Амаль бяжыць. Марыся разгублена глядзіць услед.

Марыся. Не трэба! Андрэй!

Андрэй знік.

Што ж гэта атрымалася? Што я гэта яму сказала, не герой, але сэрца добрае, але ж шчыра мяне кахае! Ох, што ж я нарабіла!

Уваходзіць Цыкмун.

Цыкмун. Чаго гэта ты божкаеш так? Андрэя шкода? Мне таксама. Што ты яго мучыш?

Марыся. Не ведаю. Раслі разам, разам за «баранчыкамі» ў лугі хадзілі, разам лазілі ў садкі за яблыкамі. А зараз я не ведаю, такая я маленькая, такая дурная... Віктар з’явіўся, добры, разумны, на Андрэя не злуецца.

Цыкмун. Вось гэта і дрэнна. У наш час былому саперніку косці б пераламалі, а тут (перадражнівае) «не злуецца».

Сядае поруч з дачкою.

Ходзім мы з табою, дачушка, па нажы над ямаю, кожную хвіліну можам кувырнуцца, і тады — зацягнуць нам вяроўкамі шыі. Выбірай чалавека сапраўднага, каб было чым успомніць кароткі век свой... І ведаеш, чаму мне Віктар твой не падабаецца? Таму што наш чалавек, не чыноўны па бацьку, а трымае сябе, як шляхцюк. Мы яго высунулі, нашай воляю ён стырчаў, як пузыр на вадзе, і адразу забыўся, скуль ён і хто. Сапраўдны начальнік, вось як Каляда, заўсёды просты, а гэты спачатку адгарадзіўся ад нас кабінетнай сценкаю, а зараз імкнецца адгарадзіцца сваёй надзвычайнасцю. Ну няхай ён надзвычайны, няхай яму ўсе абяцалі будучыню не абы-якую, але ўсё ж сапля ён у параўнанні,— ну, хаця б з такім чалавекам, як Купала, а я Купалу бачыў, сам з ім размаўляў. Просты ён быў: і паразмаўляць з чалавекам, і паспачуваць, і, галоўнае, паслухаць чалавека, і выпіць нават з ім. Прастата чалавечая — вялікая справа, такога чалавека з усіх бакоў іншыя падпіраюць, ён як сасна ў бары, а той, хто адгараджваецца, той адзін у полі пад вятрамі. І папомні мае словы, той, хто вось так адгараджваецца ад людзей, рана ці позна хрупне ў спіне і зваліцца, бо ў адказны момант у душы сваёй, у сваім народзе не адчуе падтрымкі. Гэта, дачушка, тая кантора, скуль вярбуюць дрэнных людзей.

Марыся (амаль са слязамі). Ах, татка, ну нічога, нічога я не ведаю! Цяжка мне! І яго я не ведаю, і вас не ведаю... і сябе...

Пры апошніх яе словах з-за будынка з’яўляецца Тэкля Каваль з кошыкамі цераз плячо, асцярожна ставіць іх на лаву. Яна даволі высокая, з прыемным тварам і добра збераглася для сваіх гадоў. На ёй цёмная вопратка з белым фартухом. Гаворыць рэзка і ўладна.

Тэкля. А хто з нас ведае сябе. Ніхто не ведае.

Марыся, Цыкмун (Разам). Цётухна! Здарова, Тэкля. Нешта даўно я не бачыў цябе.

Тэкля. А табе, бацюхна, і бачыць мяне не трэба было. Ты на дзеўку лепей глянь, да слёз давёў. Чаго ты яе пілуеш, стары грахаводнік?

Цыкмун. Лепей зараз няхай паплача гадзіну, чымсьці потым век плакаць.

Тэкля. Ты ўжо маўчы. Я вам прынесла тое-сёе. Ідзі там разбярыся.

(Цыкмун пайшоў. Тэкля прысела да Марысі.)

Фу-у! Запарылася. Але стары конь трымаецца, пакуль на нагах. Дык што ж гэта ты так разрумілася? Што з табою?

Марыся. Сэрца маё неспакойнае, цётухна.

Тэкля. Гэта дрэнна. Але што паробіш, заўсёды так было ў чалавека, што спакою яму не было. А ты плюнь. Колькі я сябе памятаю, заўсёды мужыкі адзін аднаму глоткі перарывалі, заўсёды ў вайну гулялі. І яшчэ зараз вайна сапраўдная, неспакою ў сэрцы быць не павінна. Раней, думаеш, спакайней было на сэрцы? Вось як у мяне пайшоў мужык на вайну, не пайшоў — павялі, засталася я адна, з дзяцьмі дробнымі. Колькі слёз было, колькі нястачы! (Прыглядзелася, кажа іншым, сур'ёзным тонам.) І каханне заўсёды было не мёд. Сусед мой, Кандрат, я яшчэ дзяўчынкаю была, ажаніцца хацеў на дзяўчыне з суседняга пачынка. І ўсё добра было, пакуль ягоны бацька з бацькам нарачонай на мяжы не папароліся габлямі да смерці з-за зямлі. Або яшчэ, Базылёвых ведаеш? Дык вось, Янка Базылёў хадзіў да Анэлі з вёскі Казлы, а яе аддалі за суседа. Янка на вяселлі напіўся і лёг на снег, сухоты жадаў зарабіць. Не зарабіў, але пальцы на руках адрэзалі, стаў калекам. І шмат яшчэ такіх невясёлых гісторый было. Так што, калі ты пакутуеш, дык гэта глупства. Цяжкі наш лёс: не ведаем мы дня ані часа. Ніхто ж не забараняе табе цяпер выбіраць таго, каго жадаеш.

Марыся. Ды не, цётачка. Я сама не ведаю, чаго мне цяжка. Можа, таму... (схлусіла), што зубы вось баляць.

Тэкля. Ну, гэта нічога, гэтаму гору мы дапаможам. Пажуй маўнкорань, і ўсё як рукой зніме. І наогул, травы вывучы, хоць некаторыя, гэта патрэбна. Давай вось я табе першы ўрок дам. Гэта што?

Марыся. Баражоўка.

Тэкля. Так, яе трэба даваць, калі чалавек на лёгкія захварэе і адхаркнуць не можа... Тут і алцей дапамагае. А вось гэта чабор, таксама лёгачная трава. А там унь чарнакорань, пакладзі пад падлогу — мышэй не будзе ў хаце. Вось так яно й вядзецца на свеце, амаль кожная трава на якую-небудзь карысць. А замовы — глупства. Адна толькі замова дапамагае і якраз ад зубоў. Хочаш дапамагу?

Марыся. Давайце ўжо.

Тэкля (шэпча). Зара-зараніца, сонца — светлая маці, дапамажы памагаці. На моры-акіяне, на востраве Буяне стаіць камень, на тым камені жарства, над той жарствою дуб зялёны, пад тым дубам ваўкі выюць... Каб жа ж і ты выла так ад зубнога болю.

Марыся (засмяялася). Здаецца, дапамагло, цётачка.

Тэкля. Ну ай добра. Глядзі, дзетухна, не сумуй. Гэта ўсё пройдзе. А галоўнае, як раней спявалі:

 

Праўда, праўда ў свеце,

Праўды не ўзыскаці, праўда ёсць.

Як цяжка дзеткам без маткі пражыці,

Так цяжка свету без праўды пражыці.

 

І перад гэтай Праўдай нашай нашы маленькія праўдачкі — глупства... Цыкмун, дзе ты там?!

Цыкмун (выйшаў з-за будынка). Чаго табе?

Тэкля. Я пайшла. Вось што я толькі табе скажу. Уначы, хлопча, не працуй, гукі па ветры і да нас далятаюць. Праўда, той, хто не ведае, не здагадаецца, але лепей не трэба. Немцы ходзяць па пушчы. Я й то чакаю, што вось-вось да Чарнабогаў дабяруцца.

Цыкмун. Добра. Ты б папярэдзіла нас на такі выпадак.

Тэкля. Не ведаю. Я хоць і старая, але мне жыццё не абрыдла, вельмі ўжо лезці на ражон не буду, мы пра гэта не дамаўляліся.

Пайшла. Цыкмун сеў ля Марысі на траву.

Цыкмун. Трэба табе, пэўна, Марыська, перабірацца глыбей у лес, да Каляды.

Марыся. Ты што, татка, жартуеш? Кіну я тут цябе і справу, чакай яшчэ. Вось што, ты мне лепей раскажы нешта старое-старое, каб такі ж час, як наш, каб героі былі, каб усё на карту ставілася... Даўно мы з табою ўжо не размаўлялі.

Цыкмун. Што б табе расказаць? Хіба што пра гісторыю белага воіна.

Марыся. Раскажы.

Цыкмун. Добра. Вось закуру толькі... Дык вось, было гэта дзвесце год таму. Яшчэ больш страшная навала прыйшла на нашу зямлю, але мы выстаялі, як выстаім, вядома, і зараз. Мы — каменныя. Але было цяжка, вялікае пала гора... Па начах білі гакаўніцы недзе па-над Сожам-ракой і нешта палала, палала... палала...

Заслона

 

Дзея другая

 

Карціна трэцяя

Кабінет Адлерберга. Той самы кабінет, што і ў першай карціне першай дзеі, толькі тут адбыліся некаторыя змены. На вокнах цяжкія чырвоныя шторы. У правай сцяне зроблены электрычны камін. На супрацьлеглай сцяне нейкі маляр намаляваў ландшафт: Рэйн, зялёныя горы і вежы на іх. Ад гэтага пакой стаў нейкі чужы, надзвычайны. У крэслах ля камінка сядзяць граф Адлерберг, камендант горада, і ягоны сябра, гаўптман Зігфрыд фон Ільзенвельдэ. Тут жа маленькі столік, бутэлька віна. Точыцца ціхая размова. За вокнамі позні вечар, дождж. З рэпрадуктара музыка Вагнера.

Адлерберг. І ўсё гэта, урэшце, глупства. Нават уласныя нашы салдаты глядзяць на нас павучымі вачыма, хаця іх вядуць зараз праз перамогі, кветкі, славу. За душою ў нас ані паламанага шэлега. Зараз — галеча духоўная, потым — смерць, а пасля, зусім па Дастаеўскаму, шматгадовае ляжанне ў яме сярод павукоў. Паўсюль на зямлі адна мярзота, і калі ёсць, нават нешта станоўчае, дык гэта полымя, віно, ціхая размова з табой, мой любы друг. Адсюль вывад: менавіта тымі самымі дабротамі карысталіся пітэкантрапы. Толькі ў нас замест вогнішча — электрычны камін, замест настою з мухамораў — бардо (трохі цяжкаватае для страўніка), а замест размовы пра паляванне — размова пра сучасны дадаізм. Змены, як бачыце, толькі фармальныя, а сутнасць тая самая.

Ільзенвельдэ. Я ў гэта ніколі не паверу, Паўль. Жыццё развіваецца. Вядома, тут многія зняверыліся ў нашай перамозе, хаця мы і рухаемся наперад. Але я скажу табе па сакрэту, што падтрымлівае мяне. Гэта Германія, яе веліч. Я веру, што, калі нам давядзецца цяжка, адчыніцца гара Кіфгайзер і стуль з’явіцца вялікі Барбароса з рыцарамі. Памятаеш?

 

Хвацкія ў бітве, ўдалыя ў сядле,

Выспаліся на славу.

Вырашыў Кайзер вялікі ўчыніць

Забойцам суд і расправу.

 

Адлерберг. Той чалавек, які напісаў гэта, зараз забаронены. І твой рамантызм тут недарэчны, бо далей, як памятаеш.

 

Забойцам нявіннай кветкі маёй

З вачыма праменнымі дзевы,

Залатакудрай Германіі,

Сонца, ты, полымя гневу!

На ўсіх, хто ў багатых замках сваіх

На сорам забыўся просты,

Пятлю адплаты вяжа рука

Караючага Барбаросы.

 

Так што прыклад няўдалы. Гэта напісана патрыётам не ў нашым разуменні. І гэта досыць дрэннае прароцтва адносна нас. Скончым давай пра гэта.

Ільзенвельдэ. З табою, Паўль, зусім нельга размаўляць. На ўсё ўзвышанае ў цябе знойдзецца неадменна нешта дрэннае. А я не веру ў наш канец. Вось мы тут і пойдзем яшчэ далей, і хоць мне агідна глядзець на гэтых мардатых афіцэраў, але я гляджу на нашы поспехі і пачынаю думаць, што фюрэр — гэта Калібан, у якім, як гэта не парадаксальна, увасобілася ідэя Дабра, ну няхай не дабра, але Велічы. Ён з’явіўся вяршыць вялікую справу, і ў ім душа нашага народа. Ён, магчыма, і ёсць абсалютны дух справядлівасці. З’явіўся ў выглядзе мільёнаў і чыніць справу ўваскрасення людзей да новага жыцця.

Адлерберг. Ты, Зігфрыд, не філосаф. (Пазяхае.) Я не лезу ў такія нетры. Ва ўсякім выпадку, у яго нельга адняць цвёрдай волі... І вось яшчэ што, выключы ты гэта глупства. Не люблю Вагнера... Штукарства!

Ільзенвельдэ. Дарэчы, фюрэр яго любіць, і да таго ж прыгожа, эпас.

Адлерберг. Гм... Цябе замясілі на ружовай вадзе... Ах-ах, нібелунгі! Ах, бойка ў палаючай зале!.. Гаген п’е кроў!.. Скарб Рэйна! А я не спадзяюся на лепшае. Рухаемся мы дрэнна, сустрэліся з самым дзіўным народам на свеце... І я яшчэ болей пераканаўся ў гэтым, калі пабачыў тутэйшых мужыкоў. Прымітыўныя і жахлівыя, як вандэйцы. Я не ўпэўнены ў тым, што наш эпас, музыку, філасофію трэба было, як ты кажаш, насаджаць тут. Ды яшчэ зброяй. Пфуй!

Ільзенвельдэ. Ну і што ж рабіць?

Адлерберг. Што? Вешаць. Нарэшце, людзі паўсюль аднолькавыя. Аднолькавае ўгнаенне пад ідэі, а якія з ідэй верныя, і сам бог не разбярэцца. Сёння буду я вешаць, а заўтра, калі ласка, вешайце мяне, я не пакрыўджуся.

Ільзенвельдэ. Не жартуй, Паўль. Я ведаю, ты не такі. Іначай чаго б ты даваў салют па таму рускаму пілоту.

Адлерберг. А што ж ты мне прыкажаш, рабіць як гэты парвеню Швальбе? Страляць людзей? У мяне для гэтага занадта тонкія нервы, я ўсё ж інтэлігент. Гвалтаваць, паліць, у ямы закопваць — не мой профіль. Але і зрабіць што-небудзь з гэтым паскуднікам я не магу і, праўду кажучы, не жадаю. Людзі — цвіль на нашай планеце. І я, і гэтыя тутэйшыя мужыкі аднолькава не ведаем, нашто з’явіліся, чаго жывём, куды знікаем. Так што ўсё адно... Вось толькі цябе я яшчэ люблю, мой малады, прыгожы, гарачы, сумленны нават у памылках, друг. Ты думай, можа, і выдумаеш нешта вартае, а я так ужо неяк пражыву, сузіральнікам. Спакайней будзе.

Ільзенвельдэ. Каб цябе ставілі на адну дошку са Швальбе? І не страшна? Ён з тых людзей, што, калі б перад ім Хрыста раскрыжоўвалі, ён бы сядзеў і аршад піў з асалодаю, бо Хрысту піць хацелася б.

Адлерберг. Ну і што? Не ўсё адно, калі наперадзе мне і яму тая ж яма. (Пазяхае.) У венскім паноптыкуме паказвалі чэрап высакароднага рыцара, а пасля выявілася, што пераблыталі экспанаты і гэта не рыцар, а вядомы гільяцінаваны злодзей. Аднак без паперкі адрозніць чарапы нельга было.

Ільзенвельдэ. Ты не дражні мяне, Паўль. Такія, як Швальбе, псуюць справу германскай культуры на гэтых землях.

Адлерберг. Я ўжо сказаў, што не лічу патрэбным, каб тут была наша культура. У іх свая культура, свая музыка, свае сагі, свае балады, свая ідэалогія — гэты марксізм. Яны трымаліся за яго сорак год і, відаць, не вельмі жадаюць яго пакінуць. І, зрэшты, калі ўжо на тое павялося, яны лепшыя, чым мы. Просты, вялікі, чыстасардэчны народ. Я захапляюся іхнімі саматужнымі вырабамі, у іх вялікая будучыня, хоць няма, пакуль што, свайго Гётэ. Яны шчырыя, гасцінныя, мужныя людзі. Што, дабіўся ад мяне дыфірамбаў? А я іх дзесяць год як не спяваў, і вось яшчэ, пакуль я зноў не пачаў гаварыць жартамі — на гэты раз ужо да канца дзён сваіх,— я раю табе сур’ёзна над гэтым падумаць, вызначыць свае адносіны да гэтай вайны, і да нямецкага поступу, і да твайго шаноўна-паважанага фюрэра... Пакуль не позна. І ведаеш яшчэ чаму? Гэта іхняя новая ідэалогія, як бы мы яе ні лаялі, робіць іх у сто разоў мацнейшымі. Гэтага не трэба забываць.

Ільзенвельдэ. Ты — і раптам сур’ёзнасць... Добра... я... падумаю.

Адлерберг. Можа, я і памыляюся. Але скажу адно, хай фюрэр будзе хоць тройчы геніем у справах палітыкі і вайны, але ж ён такі — дрэнны мастак. Дапусціць, каб дзяржавай кіраваў бяздарны мастак — гэта ў духу немцаў. А я не магу так — і таму я не немец, не афіцэр, не камендант, я проста скептык, якому да таго ж вельмі хочацца спаць і які не дачакаецца сустрэчы са Швальбе, каб пасля адправіць яго да д’ябла, пачытаць штосьці вясёлае з твораў тутэйшых паэтаў (раю, мова паходзіць на рускую). І пайсці ў абдоймы Марфея.

Гудок аўтамашыны.

Здаецца, Швальбе, уласнай персонай. Не ўставай, Зігфрыд, замнога гонару.

Адчыняюцца дзверы, уваходзіць Швальбе, за ім Ранцоў, Штаркенфауст, Ламсдорф і Эверт.

Швальбе. Зіг хайль!

Ільзенвельдэ. Зіг хайль!

Адлерберг. Зіг хайль!

Швальбе. Зачакаліся мяне? А я з таго ёлупа, што вы прывезлі, Адлерберг, здабыў тое-сёе цікавае. Ён чакае ў прыёмнай... Ну што ж, не будзем дарэмна ганяць час, нам яшчэ трэба дагаварыцца пра ўзаемаадносіны ў аперацыі.

Адлерберг. Сядайце, панове. Зігфрыд, адкрыйце карту. У вас, Швальбе, дзіўная страсць усё прыкрываць літарамі і нават асенізацыйныя работы на вадакачцы называць вытанчана, нешта накшталт «Эдэльвейсы квітнеюць», як быццам справа ідзе пра чарговы наступ арміі. Мы з вамі невялікія палітыкі, абыдземся простымі словамі: «Аперацыя супраць партызанскай брыгады нейкага Дубоўскага».

Швальбе. Пазнаёмцеся... Камендант Адлерберг... гаўптман Ільзенвельдэ... маёр Ранцоў, нязломнасць, старанны афіцэр: ...Штаркенфауст, розум і моц. ...Фердынанд Эверт, «свой» хлопец. Ламсдорф. Лічу, што далейшая частка збораў пасля такога знаёмства будзе праходзіць нявымушана.

Адлерберг (да Ільзенвельдэ). Амікашонства нейкае. Штучная «свойскасць». А сам проста жывёла. (Уголас.) Сядайце, панове.

Швальбе. Дык вось, Ранцоў, Штаркенфауст, Ламсдорф, Эверт прыбылі з карным загонам. Загад — камандавання — засцерагчы ад небяспекі тры чыгункі, што праходзяць у наваколлі горада. Зараз справы дрэнь. Справы трагічныя. Рух — ад выпадку да выпадку. У дапамогу Ранцоў вылучылі частку сілы каменданта горада. Загад: аб’яднанымі сіламі прыкончыць загон Дубоўскага.

Ранцоў. Выканаем.

Швальбе. І я думаю. Але дзе яны? Разведкі няма, звестак ніякіх.

Штаркенфауст. Дазвольце мне. Хаця мы і не ведаем, але мне здаецца, што перш за ўсё іх трэба шукаць у самым вялікім масіве: Звініцкіх пушчах.

Адлерберг. Р-разумная прамова. Але вы не ведаеце гэтага народа. У іх тут у кожнай страсе арсенал, у кожнай хаце інсургент. І, можа, не пушчы, а любая вёска з’яўляецца месцазнаходжаннем гэтых людзей.

Ранцоў. Выселім.

Швальбе. Не маем пакуль што магчымасці. Рэпрэсіі супраць мясцовых жыхароў — пасля. Але Штаркенфауст таксама мае рацыю. Пушчы трэба блакіраваць.

Штаркенфауст. Пакуль возьмемся за блакаду — нядрэнна было б узяцца за тыя вёскі, якія ляжаць у раёне пушчы. Якая вёска лічыцца тут самай глухой?

Швальбе. Чарнабогі.

Штаркенфауст. Заняць яе, направіць загон у лясніцтва, якое я тут бачу, у хаты палясоўшчыкаў. Жыхароў хат расстраляць, хаты спаліць.

Швальбе. А пасля гэтага пачнём метадычнае прачосванне пушчы. Пачнём з поўдня і з поўначы, ад лініі чыгункі.

Штаркенфауст. Іх трэба паступова адцясняць у мяшок паміж гэтымі рэкамі. Вакол — дрыгва. Яны пападуцца там, як мышы ў пастку.

Швальбе. А зараз і я парадую вас. У мяне ёсць чалавек, які сёе-тое ведае, хоць вельмі мала.

Націскае званок, у пакой салдат уводзіць Трубайлу.

Адлерберг. А, гэты бандзюк.

Швальбе. Шляхціц Трубайла паведаміў, што ў апошнія гадзіны горада, яго, Трубайлу, прывялі да старшыні гарвыканкома Каляды. Што вы чулі там?

Трубайла. Прашу дараваць мне, панове, але я чуў мала. Мяне амаль адразу загадалі падвергнуць страце цераз расстралянне. Я паспеў зразумець, што справа вялася пра ўстаткаванне млына недзе ў пушчы. Размову вялі Каляда і Сміхальскі, адзін з іхніх начальнікаў. Казалі, што млын павінен абслугоўваць вялікую колькасць людзей. Казалі яны і пра месца, але я забыў. Я быў у такім становішчы... Але я абавязкова ўспомню.

Швальбе. Добра. Пойдзеце разам са мною і маёрам Ранцоў. Выведзіце яго.

Трубайлу выводзяць.

Я, здаецца, прадчуваю той момант, калі яны заскачуць у паветры. І дай бог, каб я быў добрым прарокам. Я задам ім лазню.

Штаркенфауст. Ну што ж, нядрэнна. Мы ведаем зараз, што яны ў пушчах, што Чарнабогі належыць узяць за глотку, што там недзе ёсць нават млын, значыцца, гаспадарка нядрэнная. Нам трэба шукаць перш за ўсё гэты млын. Заняўшы або спаліўшы яго і блакіраваўшы пушчу, мы задушым іх голадам.

Штаркенфауст. І я схільны да таго, каб млын, калі адшукаем, не паліць. Заняць яго невялікім гарнізонам. Гэта будзе нядрэнная прынада для галодных.

Ільзенвельдэ. Але гэта не ёсць метад сумленнай вайны.

Штаркенфауст. Вы ідэаліст. Якая можа быць з імі сумленная вайна. Гэта дзікуны, і гэтыя дзікуны знішчылі, за апошні час, сем нашых вайсковых гарнізонаў. Я ўжо не кажу пра дыверсіі і сабатаж на чыгунцы. І яны становяцца ўсё больш нахабнымі. Нельга выйсці ўначы з хаты. Дол для мёртвых, пекла для жывых — вось адзіны метад з імі.

Швальбе. Ну вось і кароткі план. Вы, Адлерберг, трымаеце, згодна загаду камандавання, наваколле горада і паўночную ветку чыгункі. Я бяруся за лясніцтва. Ранцоў і вы, паны афіцэры, займаеце Чарнабогі і прачосваеце паўночную частку пушчы. Гаўптман ідзе з вамі. Пасля мы ў згодзе з паўднёвымі часцямі пачынаем блакаду. Гэта складаная і не хуткая справа, але я пастаўлю гэта пытанне перад камандаваннем. Адсунуць іх у балотны мяшок і знішчыць голадам і зброяй. Вось здаецца і ўсё. Падрабязна — заўтра. Аперацыя пачнецца праз тыдзень. Я лічу, што ўсё ясна? Можна разыходзіцца, панове.

Афіцэры развітваюцца, выходзяць. Швальбе выходзіць апошнім, ціха размаўляючы пра нешта з Адлербергам. Нарэшце ўсе пайшлі. Засталіся Адлерберг і Ільзенвельдэ. Ільзенвельдэ круціць радыёпрыёмнік, чуваць гукі 5-й сімфоніі Бетховена.

Ільзенвельдэ. Гэта, вядома, вайна, але гэта не вайна рыцараў. Гэта не нямецкая вайна. І гэта жахліва, жахліва, душыць людзей голадам, няхай яны і ворагі.

Адлерберг. Ты што, не бачыў рускіх палонных? І наогул, хоць людзі і цвіль, але жахлівым будзе лёс гэтых хлопцаў. Дзіўна, аднак, бывае: лёс тысяч людзей залежыць ад памяці аднаго прахвоста.

Заслона

 

Карціна чацвёртая

Хата Тэклі Каваль. Звычайная вялікая сялянская хата з затынкаванымі сценамі. Вялізныя, выступаючыя бэлькі на столі. Хата перагароджана вышыванай занавескаю, якая ў першую палову дзеі адшморгнута. Перад занавескаю: злева — дзверы з хаты, справа — адгароджаныя перагародкаю, мыцельнік і печка. У мыцельніку стол, паліцы з міскамі, на печы відаць пучкі сухіх траў. Ад дзвярэй, па левай сцяне, куфар, стол і лавы ў кутку пад іконамі (у гэтай сцяне два акны). На той сцяне, што перад гледачамі,— фатаграфічны партрэт пад ручніком, ля акна. Там жа стул і старадаўняя пузатая камода. На сцэне Апанас Жаўрук у світцы, Тэкля Каваль ля стала, у мыцельніку. На стале пакункі, скруткі. Стол пад абразамі сервіраваны. Восень, за вокнамі блакітнае неба і жоўтыя кусты. Знадворку далятае сумны крык жораваў, якія цягнуць у вырай.

Тэкля. Жоравы лятуць, Апанас. Смешна гэта, а я б таксама з імі паляцела. Што мяне трымае? Цяжка мне. А яны сабе палятуць далёка-далёка, аж за мора сіняе. Я памятаю, дзяўчынкаю ляжаш на мяжы, палынок, бадзякі ў траве, павуцінкі плывуць. І ўсё такое чыстае, і жоравы крычаць. Замахала б рукамі, узляцела, прыстроілася ў хвост іхняму кліну. Нельга.

Жаўрук. Надта ўжо цяжка. Месяц як шукаюць партызан — не вытанцоўваецца. Злыя, як асеннія мухі. Твой гэты маёр хаця нічога?

Тэкля. Скнара! Цукар на пальцах пералічвае. Учора, котка, калі я за дровамі пайшла, сцягнула каўбасу. Бягу з дровамі — аж мне гэта тут у галаву — бягу і думаю: «Божухна, не папусці!» Прыйшла і бачу: Кабздох мой стаіць над каўбасою і на котку вурчыць. Ён у мяне такі, сам не з’есць і іншаму не дасць. Выратавала мне жыццё царыца нябесная. А што гэта, Апанас, ты сядзіш неяк так дзіўна, быццам зараз пойдзеш?

Жаўрук. Іначай не магу. Ты ж ведаеш, як было, каб ім у пекле патэльні падмазвалі, з гэтым Мацкевічам. Калісьці я і ён заляцаліся да маёй жонкі будучай. Тая мяне выбрала. Паскудзіў ён мне як мог. Біліся два разы на год абавязкова. Дваццаць пяць год прайшло, сам ён жанацік, дзеці вялікія, думаеш, ён мне дараваў, харцызяка? Прызначылі яго месяц таму старастам. Здаецца, ніхто на яго пакуль што не скардзіцца, адзін я толькі. Дня не праходзіць, каб не прычапіўся да якога-небудзь глупства і немцам не данёс. А ў тых справа кароткая — адшмагаць палкамі, і скардзіся пасля нямецкаму богу. Білі, праўда, шануючы гады, не знімалі світкі, дык я пад яе на тое месца, на якім нават цар сядзіць, кажушаную латку нашыў. Дапамагло пару раз. Дык што ж ты думаеш, на трэці дзень, падлюкі, знялі не толькі світку, але і нагавіцы, і тады, вядома, латка не дапамагла. Ведаеш, Тэкля, я добры чалавек, але да таго мяне зацкавалі — дай час, прыйдуць нашы. Вазьму стрэльбу, зайду да яго ў хату, скажу «маліся» — і, хаця б жонка маліла за яго на каленях, трахну яму ў лоб. Так і ўяўляю: сядзіць ён, капусту жарэ, а я яму ў лоб. Каб мазгі ў міску паплылі. Жыццём дзяцей бажуся, так і зраблю, дальбог. Раз’юшыўся, азвярэў народ.

Паўза.

А ты ўсё варыш, нябога?

Тэкля. А што ж мне рабіць? На ражон лезці? Сёння ў іх гулянка нейкая будзе. Вось і гатую. Кохвей ім на спіртоўцы іхняй вары, суп вары, як той каралеўне, што жадала пірагоў з жабамі, рысавы, з сухімі слівамі, лыжкай не правернеш. Наша сумленная груца, па-іхняму, ежа для свіней ды для нас. Але я, Апанас, на ражон не палезу з-за таго толькі, што яны ядуць, як свінні. Я вялікага дабра ад савецкай улады не бачыла, арыштаваць хацелі за гэтыя вось травы. Я памерці па-людску жадаю, а не на шворцы, як сабака які, даруй мне божа.

Жаўрук (устае). Злая ты баба, Тэкля... Ты вось пра арышт памятаеш, а пра тое, што дачка твая з дзярма, з хлопства, у ваяводы папала, на доктара вывучылася — дык гэта не, не памятаеш.

Тэкля. А ты мяне не вучы. Мне не многа ласкавых слоў за жыццё перапала, дык і я, таксама захачу — бурчаць стану, захачу — лаяцца буду.

Жаўрук. Я б на тваім месцы, Тэкля, не так рабіў, але што ж, твая справа.

Жаўрук пайшоў, Тэкля ўвіхаецца ля печкі, бурчыць. Праз некаторы час заходзяць Штаркенфауст, Вольфганг Ламсдорф, Фердынанд Эверт, яшчэ два драбнейшыя афіцэры. Прайшлі ў чыстую палову хаты.

Эверт. Нун, гусь, бяры свае ногі ў ахапак і гатуйся частаваць. Маёра чакаць не будзем. Што гэта ты задумалася? Мо замуж хочаш? За мяне?

Тэкля (ціха). Гусь такому кабану дурному, як ты, не таварыш.

Эверт. О-о, дурань матка. Глядзі, пух-пух будзе.

Штаркенфауст. Эверт, хадзі сюды. Няма чаго з ёю размовы весці. А ты, жанчына, рабі свае справы, інакш заробіш на старасці год. Гэта табе не саветы. (Афіцэры сядаюць. Штаркенфауст кажа ціха.) Справы дрэнныя, панове. Што зрабілі за гэты месяц? Нічога?

Эверт. Ну, гэта як хто. Я не без прыемнасці правёў час. Жанчыны тут — Венеры Бельведэрскія.

Штаркенфауст. Поспехам асаблівым вы, аднак, не карысталіся. Вы, Эверт, наогул, хвалько. І было б значна лепей, калі б вы займаліся не спадніцамі, а сваімі справамі. І яшчэ я даведаўся: калі малы сын гэтага... Жаўрука залез у вашу банку з варэннем — вы толькі вынеслі яго за вушы з хаты, як самавар.

Эверт. Дурань, бубэ.

Штаркенфауст. Вы спрыялі дрэнным інстынктам гэтага народа. Яны ўсе як адзін зладзеі. Трэба было б, на першы раз, адлупіць, а калі паўторыць — стрэліць на месцы, як збрадлівага сабаку.

Ламсдорф (нервова). І наогул, Эверт, вы з вашай лагоднасцю дрэнна скончыце. Справы дрэнныя! Мясцовыя жыхары — шыбенікі! Дзікі край! За гэты час прачасалі ўсю паўночную частку пушчы — ані слядоў, ані намёкаў на гэты млын і на інсургентаў. Ненавіджу! У кожнай хаце па пяць дзяцей і кожны — будучы бандзюк. Калі б знішчыць кожнага чацвёртага — і то б не дапамагло. Што мы, урэшце, будзем рабіць, Штаркенфауст, шляхі невядомыя, паглыбляцца ў пушчу — небяспечна!

Штаркенфауст. Шукаць. І не трэба быць панікёрам, Ламсдорф. Будзем паглыбляцца ў пушчу па рэчках і ручаях...

Ламсдорф. Якія губляюцца ў дрыгве, упадаюць у лясныя азёры, утвараюць з межытокамі сапраўдныя лабірынты! Вы звар’яцелі, Штаркенфауст, не гледзячы на ваш халодны, як нож, розум!

Штаркенфауст. Я, перш за ўсё, не крычу. А вось калі вы будзеце так хвалявацца — месца ў бедламе вам забяспечана.

Ламсдорф. І добра. Лепей бедлам, як гэтыя лясы і ваша суседства. Прыхлопнуць брыгаду нам не ўдасца, хутчэй яны нас прыхлопнуць.

Штаркенфауст. Бацька мой сумленна загінуў за месяц да майго нараджэння, у першую вайну. Дык вось, калі мы іх не знойдзем, я згаджуся загінуць не ад сумленнай кулі, як бацька, а ганебнай смерцю.

Ламсдорф. Як вы не разумееце, рух на чыгунках спыніўся! Дыверсіі. Смерць! Жах! Жыхароў савецкая ўлада сапсавала канчаткова. Нават наш велікапышны дуб, Эверт, разумее, што мы... нічога не можам зрабіць з гэтым народам.

Штаркенфауст. Я не крыўджуся на вас, я добра бачу, гэта ад нерваў. Затое, калі гэта скончыцца, я даб’юся таго, каб не толькі гэтых лясных разбойнікаў павесілі, але і жыхароў навакольных вёсак. Тады я падумаю, што мне адказаць вам, Ламсдорф, Я ўпэўнены, я перажыву апошняга з іх, мала таго, даб’юся, каб гонар знішчыць гэтага, апошняга, належаў мне.

Эверт. А зараз выпіць трэба, панове.

Афіцэры наліваюць. З вуліцы ўбягае Трубайла.

Трубайла. Дазвольце, паны афіцэры. Прашу прабачэння. Я, вядома, не адважыўся б, калі б не такі дэцыдуёнцы момант. Але я, нарэшце, успомніў тое, пра што гаварыў пану Швальбе.

Штаркенфауст. Гэта пра млын? Кажыце.

Тэкля Каваль прыслухоўваецца.

Трубайла. Я прыпомніў, яны казалі, што гэты млын, да яснай халеры, ляжыць на нейкіх Сініх Вірах у непасрэдным суседстве з вёскай Чарнабогі. Яны гаварылі досыць ціха, але я чуў.

Штаркенфауст. Цікава. Вы золата. Эверт, налі шклянку чалавеку.

Трубайла. За здароўечка пана. То добра, душу пакропіць. Але я скарыстаюся выпадкам, каб нагадаць. Па субстытуцыі я — другі спадчыннік. Мой старэйшы брат загінуў, і зараз калішні хутар павінен належаць мне. Можа, вы можаце гэта аформіць?

Штаркенфауст. Добра. Добра. Эверт, яшчэ чарку чалавеку.

Трубайла. Як кажуць, каб не дзірка ў роце — хадзіў бы ў злоце. Ваша здароўечка, панове (п'е).

Штаркенфауст. Вам трэба спавясціць пра гэта. Маёру Ранцоў я перадам сам. А вы зараз жа спяшайцеся ў горад, да Адлерберга. Перадайце, патрэбны ўсе яго рэзервы: мы абавязкова нападзём на след брыгады цераз гэты млын. Ясна? Можаце ісці.

Трубайла выходзіць.

Сінія Віры? Трэба распытацца ў людзей.

Ламсдорф. Дазвольце падняць трывогу?

Штаркенфауст. Не, нашто непакоіць перадчасна людзей. Спачатку паабедаем. Сёння суп з чарнаслівам, мой улюбёны. Ранцоў няма — ну і ляд з ім.

Занавеску зашморгнулі.

Тэкля. Што ж гэта робіцца, га? Людзі добрыя? Зусім разгубілася я. Што рабіць? Марыська там! Цыкмун! Млын забяруць, што ж тым, у пушчы, рабіць? Тысячы іх, жанчыны, дзеці маленькія з голаду пухнуць будуць! Іхняя якая правіна, што будуць яны пакутаваць за нашы грахі? ... А можа, нічога? Можа, яшчэ не дабяруцца да млына? Можа, не лезці на ражон? Не, абавязкова дабяруцца. Распытаюць людзей, прачэшуць пушчу на поўдзень — натрапяць. Нашы ж людзі. І мне будзе сорам. Каляда тады паручыўся за мяне, калі судзіць хацелі, на такое месца паставіў цяпер, давярае. А тады і ён у вочы плюне. Марыська адвернецца. Такога сораму сваёй хаце я не зраблю. Але як? Як мне іх папярэдзіць, як гэтых прымусіць маўчаць?.. Так... так... толькі гэта, толькі гэта. Даруйце мне, людзі, калі каму саграшыла. Трэба ўхадзіць. Зажылася на свеце, старая торба.

І ўжо рашуча ідзе за занавеску.

Паны афіцэры, дазвольце аканіцы зачыніць. Лес, ведаеце, можа нешта небяспечнае здарыцца.

Штаркенфауст. Зачыняй.

Тэкля (ціха). Зачыню я тваю труну.

Пайшла. Паступова з грукатам зачыняюцца аканіцы. Паўцемра. Эверт запальвае свечы. Тэкля вяртаецца.

Тэкля. Ну вось, зараз не скуголіць, не замовы чытаць. Станавіся перад панам богам, раба божая Тэкля, а то і проста ў яму.

Лезе на печку, дастае стуль пучок сухой травы.

Зараз чыста, толькі вось у каструлю (робіць гэта і далей, як кажа), на ежу, дзе магчыма, у кохвей. Многа трэба сыпаць, многа, каб адразу. А цяпер ратуй мяне, маці Багун-трава, даруй, што ўжываю я цябе для такіх... свіней, будзь моцны, рабі адразу справу тваю. Выратуй, божухна, Марыську, і Цыкмуна, і таварыша Каляду, хаця і бязбожнік ён, і дзетак нашых, птушанятак малых. А мяне, калі зробіш так, як прашу, хаця і ў пекла пасадзі, я не паскарджуся, на ўсё святая воля твая.

Эверт. Матка, накрывай на стол.

Тэкля носіць на стол стравы. Афіцэры пачынаюць есці, толькі Штаркенфауст сядзіць і нюхае ежу.

Штаркенфауст (да Тэклі). Чым гэта ежа сёння пахне такім... дзіўным?

Тэкля (халодна). Можа, кмінам, можа... я гуркі з парэчкавым лісцем салю.

Штаркенфауст, павагаўшыся, пачынае есці. Тэкля адышла да печкі, зашморгнула занавеску, ціха кажа.

Ежце, ежце.

З вуліцы заходзіць маёр Ранцоў, спыняецца ў дзвярах і размаўляе з кімсьці за сцэнай.

Ранцоў. Будзьце ўважнымі, інакш гэта дрэнна скончыцца для вас, Фрыдрых.

Штаркенфауст (з-за занавескі). Маёр, просім да нас, мы ўжо пачалі, і тут ёсць для вас тое-сёе цікавае.

Ранцоў. Зараз, зараз, панове.

Тэкля застыла каля печкі, як жывая статуя адчаю.

Ранцоў (за дзверы). Пачакайце, Фрыдрых, вы ўжо паслалі людзей да старога зімніка? Не? Добра. Мне патрэбна праінструктаваць іх (да Штаркенфауста). Я зараз прыйду, панове, адну хвіліначку.

Пайшоў. Тэклю адпусціла. З палёгкаю адвяртаецца ад печкі, але тут жа зноў перапалашылася.

Тэкля. А як жа гэты смоўж, шляхціц гэты? Пра яго я зусім забылася. Ну да млына, каб папярэдзіць, можна і Апанаса Жаўрука паслаць, а як затрымаць Трубайлу?

Лёгкі стук у дзверы, заходзіць пераапрануты ў жабрака Віктар Сміхальскі. За занавескаю дзвэнкаюць нажы.

Тэкля (шэпча). Ты яшчэ чаго тут, блазень? Не бачыш, куды прыйшоў?

Віктар. Цётка Тэкля, што яны тут намерваюцца рабіць? Вас на млыне два тыдні не было, мяне Каляда паслаў, непакояцца ўсе, ці не пранюхалі наконт нас.

Тэкля. Добра, добра, Віценька, што прыйшоў. Млын на валаску вісіць. Трубайла тады ў выканкоме падслухаў частку размовы, расказаў афіцэрам і зараз пайшоў у горад да каменданта, папярэдзіць пра млын. Пакуль што ведаюць толькі гэтыя афіцэры. Але іх я паспрабую не выпусціць. Бяжы, хлопча, спачатку да Жаўрука і накіруй яго на млын, папярэдзіць. Людзі на млыне няхай, на ўсякі выпадак, гатуюцца. А ты бяжы ў горад, прамуй пушчаю, можа, дагоніш. Калі дагоніш, абавязкова забі, забі неадменна. Лепей усе кулі выстралі, як сумнявацца, ці жывога ты яго пакінуў. Калі не дагоніш — папярэдзь Дзюбку: Трубайлу трэба ўбраць хоць у самым будынку гестапа, пакуль не расказаў пра млын. Бяжы, хлопча, паўтары тысячы людзей залежыць ад цябе. А гэтых (паказвае на занавеску) я ўжо сама... затрымаю.

Віктар. Трэба і вам бегчы, цётка Тэкля. Іначай загінеце.

Тэкля (горка). Мне бегчы нельга. Можа падвесці мой сродак, давядзецца іншы ўжываць.

Віктар. Чаго гэта?

Тэкля. Ты яшчэ не зразумееш, хлопча. Скажы ўсім, што я хутка памру, ужо зараз памерла. Хай не памінаюць ліхам. А Калядзе скажы, што і травы могуць іншы раз спатрэбіцца. Спатрэбілася і Тэклі Каваль, ведзьме, яе нагаворнае зелле. Можа, не заўсёды ў турму, можа, і крыж на магіле можна іншы раз паставіць ведзьме. Бяжы, хлопча...

Віктар ідзе да дзвярэй.

Марыську за мяне пацалуй.

Цішыня, афіцэры размаўляюць аб нечым за занавескаю.

Тэкля. Чагосьці не дзейнічае? Напэўна, рана яшчэ. Пранясі, божа, не вядзі сюды другіх афіцэраў... Даўно было, стаяла дзяўчынка ў гародзе, гарбузы ляжалі на сухіх гічках, неба было сіняе, жоравы ляцелі ў вырай. Былі ў гэтай дзяўчынкі анучныя і гліняныя лялькі, клала яна іх спаць у разору, чакала чагосьці ад жыцця. Цяжка цяпер паміраць гэтай дзяўчынцы, не так як трэба чалавеку, не ў ложку, не на руках у сваякоў. Але што ж паробіш?.. Трэба... Але чаму не дзейнічае? Напэўна, трошкі рана. Але цяпер ужо хутка, хутка і адразу. Што ж вы ціхія такія, травы мае? Збірала вас гаспадыня па лясных дарогах, на берагах азёр, збірала, каб лячыць, а цяпер вось, у першы раз, забіваю вамі. Даруйце мне. Ты, скрыпень, знайшла я цябе ў сухім лесе, на выгары. Мёдам нясе ад цябе, нават калі ты сухі, дапамагаў ты чалавеку ад галавы. А вось і ты, трава жабіца, калі жаба ў чалавека, дык жуюць цябе многія і глытаюць сліну, дапамагае. А вось ад варагушы ад хінці, ружовы верас. Ты ў жніўні квітнееш. І лес тады зялёны зверху, ружовы знізу, гудзіць ад пчаліных спеваў. А вось і ты, пасконь, трэба твой цвет у самым пачатку жніўня збіраць і прэжчы ў гарэлцы — для зубоў. Я ў такі сродак не верыла, не ўжывала... А вось і вы, любыя, вось наперстаўка, вось баркун жоўты і белы, раманы. Жывеце вы, травы, ля дрыгвы, жывеце ў смалістых пушчах, жывеце на закінутых лясных дарогах. Лятуць над вамі на поўдзень жоравы, перадайце цераз братоў сваіх ад мяне ім прывітанне. Мне ўжо болей не хадзіць па пушчах, мне вас болей не збіраць чырвонай зарою, летнім ранкам, непагодаю асенняй.

Ціха.

Не дзейнічае чамусьці. Пэўна, стары багун адмовіўся. Ну, што ж, калі пачала ўжо, дык рабі да канца. Знойдзецца і іншае (пайшла да печкі).

Поўны болю і жаху жудасны крык з-за занавескі

Пачалося! Пачалося! Нічога, нічога, гэта спачатку. Праз хвіліну і крычаць ты не зможаш. (Зноў крык.) Узяло, узяло вас за пячонкі. Нічога. Здохнеце, скавытаць будзеце. Будзе вам і за кабылу, і за гуску, і за цярпенне маё, і за ўсіх нашых людзей. (Крык, але слабейшы.) Нічога, нічога. Ніхто не пачуе. Аканіцы, аканіцы я зачыніла.

Яна вырастае, стае жахлівай, распластала на белым фоне печкі рукі, як раскрыжаваная, як вялікая драпежная птушка. Кідаюцца, мітусяцца па бэльках вялікія цені.

Мітусіцеся, мітусіцеся. Мала вам часу засталося. Мала.

За занавескаю роў, потым толькі стогны. Штаркенфауст апошнім намаганнем падае галавою з-за занавескі. Тэкля хутка кідаецца да яго, штурхае назад. За занавескаю, што адхілілася на хвіліну, бачны Ламсдорф, ужо нерухомы, галавою на стале. Эверт прыгнуўся, быццам яго ванітуе. Потым занавеска падае.

Штаркенфауст (за занавескаю). Праклятая баба...

Тэкля. Ну вось, здаецца, і ўсё. Пайсці зараз? Не, можа, яны яшчэ жывыя, скажуць яшчэ.

Уваходзіць маёр Ранцоў. Хоча ісці ў пакой.

Маёр!..

Ранцоў. Што трэба?

Тэкля. Ведаеце што... ведаеце што... мне трэба вам адкрыць нешта вельмі цікавае. Сёння я чула цікавае для вас. Два чалавекі размаўлялі пра партызан, быццам яны пайшлі з Звініцкай пушчы.

Слабы стогн з-за занавескі, Ранцоў прыслухаўся.

Мала таго, кажуць пра тое, што непадалёк ад лясніцтва... ну, словам, знішчылі нейкі нямецкі атрад і... быццам прарваліся на захад.

Ранцоў. Глупства вярзеш, кабета. Плёткі пераносіш.

Тэкля. Можа, і плёткі, я жанчына цёмная, непісьменная. Дый наогул, народ у Чарнабогах такі: жывём у лесе, молімся лазоваму кусту.

Яна, можа б, яшчэ доўга загаварвала Ранцоў зубы, але ў гэты час нешта грымнула за занавескаю, Ранцоў, западозрыўшы нешта, зрывае занавеску. На гэты раз за ёю ўсе нерухомыя. Толькі адзін Штаркенфауст паўзе на жываце павольна-павольна.

Ранцоў. Штаркенфауст, што з вамі? (Бяжыць і адчыняе нагою дзверы.) Доктара сюды! Хутчэй! (Вяртаецца.) Маёр, маёр, што з вамі, што? Трымай яго, баба, я яму гарэлкі ўвалью.

Тэкля. Няма чаго яго трымаць. Не дачакаецца. Ён і сам здохне.

Штаркенфауст. Атрута... Млын на... (апускаегалаву).

Ранцоў. Генрых! Генрых!

Хата запаўняецца людзьмі. Ля дзвярэй стаў салдат. Хутка ўваходзіць доктар, ля Штаркенфауста завіхаюцца. Тэкля Каваль стаіць ля печкі спакойна, скрыжаваўшы на грудзях рукі: вялікі чорны цень.

Ранцоў. Доктар, ён казаў нешта пра млын. Прымусьце яго гаварыць. Няхай скажа два словы, толькі два словы, а потым можа паміраць.

Доктар. Я не думаю, што ён такі жывучы. Але я паспрабую.

Завіхаецца ля цела Штаркенфауста. Улівае яму нешта ў рот.

Штаркенфауст. Атрута... яна, яна атруціла. Божа, які жах, які жах!.. Якая жахлівая краіна!.. (Апускае галаву.)

Ранцоў (трасе яго). Млын! Млын! Генрых, кажы пра млын! Два словы!

Доктар. Пакіньце яго, маёр, гэта ўсё дарэмна.

Устае і ідзе да дзвярэй. Ранцоў даганяе яго.

Ранцоў. Доктар, што магчыма зрабіць?

Доктар. Зараз ужо нічога. Гэта нейкая невядомая арганічная атрута. Супрацьяддзя ад такіх рэчаў у нас няма. І, да таго ж, позна.

Выходзіць. Ранцоў павярнуўся да Тэклі.

Ранцоў. Дык я ўсё адно ведаю, што рабіць. Ты ўжо з маіх рук жывою не выйдзеш, калі не скажаш. Які млын?! Якая атрута?!

Тэкля. Атрута звычайная, багун-трава. А прыгатавала яе я, так што не старайся, панок. Ён ужо цяпер і на трубу архангела не ўстане. Ён мёртвы, мёртвы, як камень. Як кажуць у замове ад зубнога болю: «Маладзік, маладзік, дзе ты ўчора быў? — На тым свеце.— А што ты там бачыў? — Труну і ў труне раба божага цела мёртвае.— А ці баляць у таго раба божага зубы? — Не, не баляць». Так што ніколі больш ваш маёр, паночак, на зубы хварэць не будзе.

Ранцоў. Чаму ты атруціла яго?

Тэкля (спакойна). Шмат ведаў таго, што толькі нам, тутэйшым людзям, ведаць можна. (Салдаты выносяць мёртвых.) Вось і цягнуць яго, як сабаку нейкую, за ногі, даруй божа.

Ранцоў. Ты ж пацярпела ад савецкай улады.

Тэкля. А ты мне яе не ганьбуй, шчанюк. Яна цягнула людзей ад мяне да сапраўдных дактароў, хаця і ў мяне было чаму павучыцца. Савецкая ўлада мяне прыгнятала, а вы мяне выратавалі ад яе, выпхнулі з уласнае хаты, савецкая ўлада мяне хацела арыштаваць, але і там мяне ніхто кабылай не называў, як вы, савецкая ўлада дзяцей маіх вывучыла, а вы дзяцей малых, як самавар, за вушы з хаты выносіце. Так што маўчы.

Ранцоў. Млын! Які млын? Той самы? Адказвай тут жа. Жылы выцягну.

Тэкля. Ты мяне, панок, не пужай. Я цябе толькі што куды мацней напужала. Ты жанчыну, якая тройчы раджала, пакутамі не страшы. І смерцю нас не страшы. Мы й так з вамі дзесяць разоў на дзень паміраем.

Ранцоў (дастаўшы пісталет). Даю тры хвіліны.

Тэкля. Нашто мне яны. Дрэнна вы нас ведаеце, што прыйшлі сюды. Задралі нас, раз’юшылі люд. Будзеце ракаў па рачулках карміць сваім мясам.

Яна стаіць вялікая, грозна насунуўшыся на Ранцоў. Той, відаць, зразумеўшы, што такая не скажа, апусціў вочы, потым хутка стрэліў. Тэкля стаіць.

Што, ты б і ў сваю матку так стрэліў, каб заплацілі?

Ранцоў страляе другі раз — Тэкля падае. Усе ачышчаюць хату.

Пуста. Тэкля падымае галаву.

Як добра, як лёгка. Жывіце, дзеткі, жывіце, людзі. Падае занавеса, падае, падае, чорная нейкая, чорная. (Апускае галаву.)

Ляжыць на падлозе пакінутая Тэкля, праз адчыненыя дзверы можна бачыць сіні асенні далягляд, і аднекуль далёка-далёка, з неба, даносіцца тужлівае «кру-кру», сумны крык адлятаючых жораваў, быццам недзе ціха гудзе старцоўская старая ліра.

Заслона

 

Дзея трэцяя

 

Карціна пятая

Антыкварная крама пана Дзюбкі на Рыначнай плошчы. Усю левую частку сцэны займае крама Дзюбкі. На шыльдзе велікапышны надпіс, але самая крама простая. Дзверы шырокія, расчынены наўсцяж, відны паліцы, на іх ляжыць «тавар». Крама адгароджана ад плошчы нізенькім штыкетным парканам. Фортка расчынена. Ля крамы вялікае дрэва, лісце яго пажоўкла, пад дрэвам лава. На драўляным тратуары старая круглая афішная тумба. Усю правую палову сцэны і далей, за краму, займае рынак, аддзелены ад крамы вузкай палоскай бруку. За кірмашом сілуэт вельмі разруйнаванага будынка, лявей яго — старая царква. У краме фацэтны Дзюбка. У пачатку карціны прыходзяць з інтэрвалам Лаўрановіч-бацька і Андрэй. Кажуць нешта гаспадару і праходзяць у краму. На плошчы праходзяць розныя людзі. Тут баба Ерэтычка, гандляры, інтэлігентная жанчына з галодным тварам і старым капялюшыкам у руках, бабы, Высакародны злодзей, нейкія другія цёмныя фігуры.

Бязладны гоман, вырываюцца з яго асобныя галасы.

— А вось сахарын, каму сахарын? — Добрыя шворкі! Гітлера можна павесіць.

— Што-о? — А ты не чапляйся, чалавеча, бо атрымаеш па зубах.

— Капялюшык, добры яшчэ капялюшык. Можа, каму трэба?

— Ты мне, чалавеча, гэтага барашна ў нос не торкай, яно з пяском, з яго кулагі не зварыш.

— Кулага не блага. А толькі калі табе, чалавеча, з пяском не трэба, дык ты б памёр лепей год таму. Зараз іншай няма, хаця ў каго спытай.

— Ты, Пятро, плюнь яму ў вочы, да не кажы, што я паслаў.

— Дрэнна, сябра, над намі яны смяюцца, зневажаюць.— Нічога, дай час, будуць яны кутна смяяцца.

— Як так кутна?

— А так, як на стале чалавек смяецца, калі памрэ, кутамі рота.

— Чаго ты да мяне прывязаўся, душахват?!

— Не, ты паўтары, што казаў.

— Я табе паўтару,— ногі ў зад улезуць!

— Што ты з ім размаўляеш? Хлопні яго па галаве, і я дапамагу.

— Куды ты прэшся, любы? Не штурхайся, не спяшайся, паспееш яшчэ на шыбеніцу.

— Дар-рагія браты і сёстры, падайце міласцінку сляпому.

Дзюбка (пакупцу, немцу ў мундзіры гаўптмана). Што ж патрэбна пану? Можа, яму паказаць чароўную старую фібулу. Глядзіце, які тонкі візерунак. Не? Тады я прапаную пану гаўптману каштоўную рэч. Пан казаў, што ён гісторык, і, вядома, толькі яго адукаваны густ можа ацаніць гэта. Вось масляная лямпа, з кургана пад Рагачовам, у выглядзе жаночай галавы. Унікальная рэч, другая такая толькі ў Гнёздаўскім магільніку была. І каштуе глупства, толькі 1500 марак, як для вас, для калегі. Не? Ну добра, я бачу, што пану патрэбныя толькі рэчы, як кажуць, «прыма». Гм... хіба што толькі для вас, для знаўцы. Вось тут у мяне ёсць рэч, якую б не аддаў нікому, якую можна хоць зараз аддаць у нямецкі нацыянальны музеум, як рэліквію. Гэта стары меч, які, як сведчыць надпіс, належаў князю Юрыю Мсціслаўскаму. Памятаеце, ён ваяваў з вашымі продкамі пад Грунвальдам, у 1410 годзе. Гэта вы абавязкова павінны купіць. Падумайце, які фурор! Вы скажаце гасцям: «А гэта меч чалавека, які разграміў тэўтонскі ордэн. Мы змылі з сябе гэту ганьбу, і я прывёз гэты меч з сэрца гэтай краіны, што тады перамагла нас». Падумайце, як на вас будуць глядзець. Нашчадак Альбрахта Мядзведзя, рыцар! Ах, якім поспехам будзе пан карыстацца, дзякуючы гэтаму надзвычайнаму трафею! Цана ўсяго пяць тысяч марак. Не-не, не адмаўляйцеся. Пан — патрыёт, ён не захоча, каб я прадаў гэты меч у рукі — якому-небудзь беларусу. І, магчыма, пан пашкадуе, калі я пашлю гэту рэч у Берлінскі гістарычны музеум. Там ёй будзе месца, там ацэняць яе пікантнасць. «Меч заваёўніка зараз у нас. Нацыя змыла з сябе даўнюю пляму». Запакаваць? Ну і добра, я ведаў, пан разбіраецца ў старажытнасцях. Якія ўпрыгожванні, якая сталь! Ах, я б і сам сабе пакінуў яго, ды не магу. Гандляру патрэбен капітал.

Пакупец, узяўшы пакунак, пайшоў. Дзюбка ціха смяецца яму ўслед.

А трасцы ты не хочаш замест мяча Юрыя Мсціслаўскага? Атрымаў дзесяць фунтаў іржавага жалеза і ідзе, як паніч, толькі што ў адным месце пяра няма.

Лаўрановіч. Ходзіце па лязу мяча, Дзюбка. Нашто ты іх дражніш? Знойдзецца калі-небудзь нейкі знаўца — і тады...

Дзюбка. Такіх знаўцаў, як яны, я б і швейцарамі ў свой музей не ўзяў. І да таго ж гэта вельмі смешна. Няма чалавека, якога б я не абдурыў. Яны нясуць ад мяне стары брухт, вышыванае рыззё, каўчэгі, у якіх, замест мошчаў, костка з маёй катлеты. Ганьба! А яшчэ культура! Не, калі ўжо вы мяне зрабілі камерсантам, дык цярпіце, калі я хачу пазабаўляцца. У мяне ў такіх выпадках па цэламу сабаку з рота скача.

Лаўрановіч. Як гандлюецца? Лягчэй цяпер?

Дзюбка. Палегчала бацьку к смерці. Раней крычаў, а зараз толькі глядзіць. Нічога, кармлю сябе, і ёсць грошы на абарот. Праўда, хапае толькі на хлеб. Я ж казаў, я няўдачнік.

Лаўрановіч. Дык вось, Дзюбка, адносна хлеба. Калі прыйдзе чалавек з Асінаўскага раёна, скажы яму, што хлеб патрэбен неадкладна. Млын можа стаць. Няхай вязе, у яго ёсць. І яшчэ, ты сабраў звесткі пра гарнізон? І пра чыгункі? Давай сюды.

Дзюбка дае Лаўрановічу шматок згорнутай паперы.

Дзюбка. Вось так заўсёды са мною. Вы ваюеце, а я гандлюю. Прыватны капіталіст, з Адлербергам дружбу завёў. А свае людзі не так даўно ноччу забіць хацелі, як здрадніка. Гэта мне ўжо з дзяцінства так не шанцуе. Поп пасварыўся з бацькамі і даў імя не Пятро, не Паўлюк, а Елпідзіфор. Прозвішча ў мяне таксама: Дзюбка! Я родам з вёскі Мазурыкі. Уявіце, Елпідзіфор Дзюбка з вёскі Мазурыкі!!! Якая, я пытаюся, можа быць павага такому чалавеку? Калісьці Мазурыцкі пан, яшчэ пры прыгоне, гарэзаваў, даў сялянам прозвішчы саромныя. Адзін — Швайка, другі — Распусны, трэці — Сіняпуп, а чацвёрты — Кур’ян, а майму продку — Дзюбка. І гэта яшчэ нічога, хоць уся ваколіца над намі смяецца, а вось быў у нас адзін па прозвішчы Сямізад. Дык той пасля 1861 года зрабіўся сальнікам, тысячнікам і захацеў жаніцца. А нявеста і кажа: «Змяні прозвішча, інакш не пайду». А каб змяніць прозвішча, тады трэба было падаваць прашэнне на высачайшае імя. Ну, ён і падаў яго Аляксандру Трэцяму. Той паглядзеў і налажыў рэзалюцыю: «Калі яму многа, дык зменшыце на два». Ну і стаў чалавек замест Сямізада — Пяцізадам, як быццам ад гэтага лягчэй.

Лаўрановіч. Язык твой добра прывешаны, таму ніхто цябе тут не заменіць.

Дзюбка. Я ведаю, але чорта з два вы б мяне тут бачылі, каб я не ведаў, што гэта ўсё для народа. Беларусы, я зразумеў гэта вельмі добра цяпер,— беларусы гэта не проста белыя валасы, блакітныя вочы, сем коп лапцей, «Лявоніха» і паўстанне Мурашкі, як гэта тойсёй з вучоных кажа. Беларусы гэта вельмі-вельмі складана. Мяне бярэ жах, калі я пачынаю ўглядацца ў гэту глыбіню — і не бачу дна. Вось я гляджу на чорнавалосага гродзенца і думаю: «Семсот год таму ты быў ятвягам, еў дзічыну, хадзіў у шкурах і размаўляў незразумелай гаворкаю. Але цяпер ты такі самы беларус, як і я, ты разам са мною выпакутаваў Каліноўскага і Купалу... Разам біўся на барыкадах 1905 года. Я гляджу на жыхара Смілавіч, бачу яго мігдалевідныя, раскосыя і, як ні дзіўна, блакітныя вочы і думаю: ты нашчадак татар, якіх пабралі ў палон ля Крутагор’я і пад Азовам, але ты і продкі твае з дзіцячых год бачылі тыя ж пушчы, паплавы і балоты, яны дарагія нам. Тваё прозвішча Асановіч, але зваць цябе Янкам, і ты яшчэ трыста год таму чытаў свой каран на беларускай мове, і мы разам, не гледзячы на форму вачэй, біліся з ворагамі і рабілі рэвалюцыю, нам аднолькава стралялі ў спіну кулакі. Мы адно цэлае да канца... Я гляджу на яго і кажу: «Брат». Гэта найвялікшая таямніца на зямлі,— таямніца народа. На нас разам прэлі ад працы кашулі, мы елі аднолькавы хлеб, мы, беларусы, уваходзілі ў адно і тое ж брацтва, чыталі біблію Скарыны, а пасля вершы Купалы. А ёсць жа такія, што забылі гэта! Іншы раз я закрываю вочы і бачу прапрашчура. Профіль, падобны да профіля горнай птушкі, магутныя плечы, полымя вогнішча. Невядома, ці прыйшоў ён скуль, ці быў аўтахтонам на гэтай зямлі. Але мне дастаткова ведаць, што нашчадкі яго з гэтай зямлі не пойдуць. Недарэмна яны ссяклі тут першае дрэва і насыпалі першы курган і здабылі 24 гады таму бязмежную волю. Будаваліся гарады, кахалі людзі, раджалі стагоддзямі на адным ложку. І каб цяпер на гэтым ложку раджала жонка чужынца? Даруйце, маёй дачцэ і самой на ім зручна. Стагоддзямі мы раслі, мацнелі, пісалі дзівосныя кнігі, плылі да нас ятвяжскія, чарнарускія, татарскія, дэйноўскія рэкі, каб адліцца ў адно, у дзесяць мільёнаў, у мой народ. Я гляджу і бачу ў ім добрую ятвяжскую памяць на Дабро і Зло, дэйноўскую ўпартасць і нашу, славянскую, бязмежную дабрыню. А калі прыходзіць вораг — я ў вачах майго народа бачу татарскае вераломства — з дрэнню няхай іншыя будуць высакароднымі... Мы добрыя, жаласлівыя, вельмі ціхмяны, гасцінны народ, але няхай паспрабуюць прыціснуць нас, задраць за жывое — з пекла дастанем.

Лаўрановіч. Так, і зараз народ праходзіць праз вогненную купель.

Дзюбка. І колькі раз яшчэ давядзецца яму прайсці праз яе. Але я веру, ён выстаіць.

Вялікая паўза.

Той, хто столькі зрабіў на шляху да праўды, той прыгоннікам не будзе. Я памятаю, калісьці, да рэвалюцыі, я быў яшчэ малы, маці пашыла нам са сваёй старой зялёнай спадніцы нагавіцы, а нас было тры хлопцы. Мае нагавіцы атрымаліся ўжо вельмі вузенькія, але я быў такі шчаслівы: на вялікдзень у мяне будуць сапраўдныя крамныя порткі, не кужэльныя, не шарачковыя. А яны, браце, луснулі ў першы ж дзень свята, і зашываць іх нельга было,— грэх. А зараз у маіх дзяцей добрыя гарнітуры. Так што няхай яны наш лад хоць пяць год лаюць, усё адно не паверу. Сам пакаштаваў старое, на ўласных баках. І новае бачу, не сляпы. Нават, як беларус, на нямецкае панаванне не згадзіўся б, а ўжо як чалавек новай краіны — сто разоў не згаджуся.

Лаўрановіч. Цяжка. Людзей шкода.

Дзюбка. ...Столькі мы пабудавалі. Заводы, будынкі — і ўсё ў руінах... Нічога, рукі ў нас моцныя, адбудуем. Цікава будзе жыць, хлопча, у 2000 годзе, жадаў бы я дажыць. Тут табе камунізм, тут табе кожнаму па патрэбе. Ты мяне тады будзеш кожны год дэманстраваць піянерам: «А вось, дзеткі, перад вамі музейны экспанат, стары хрэн Дзюбка, апошні прыватны гандляр нашай краіны. Добра запамятайце. Бліжэй, ён не кусаецца. Дзецям будзеце расказваць — не павераць».

Лаўрановіч. Цябе дзецям паказваць? Апамятайся. Мы з табою тады такія ўжо будзем, што з дзеткамі ад жаху радзімчык можа прыкінуцца.

Дзюбка. Ты што, думаеш, я не варты нават, каб мяне паказвалі? Ого! Нічога, яны дастаткова моцныя будуць, каб без шкоды для псіхікі паглядзець нават на старую малпу. Я-то, праўда, тады нядрэнны буду, я прыгожы, а вось ты — не ведаю.

Паўза.

Вось што, Лаўрановіч, хоць ты і камандзір атрада, але на сына звярні ўвагу. Хлопец марнее, цяжка яму.

Лаўрановіч. Я і сам хацеў пагаварыць з ім. Пашлі яго сюды, я на лаўцы пачакаю (Дзюбка пайшоў, выходзіць з крамы Андрэй.) Сядай, сынок. Ды смялей. Добра ўсё ж, што нас у горадзе тут не ведаюць. Каляда вось так не можа прыйсці і сесці. Ты з Віктарам знаёмы па вобласці?

Андрэй. Так. Па інстытуту. Цікава, як там зараз?

Лаўрановіч. Штосьці ты мне, сынок, не падабаешся. Што з табою сталася?

Андрэй. Цяжка мне, адпусці ты мяне з млына, дай цяжкую справу. Іншыя хлопцы б’юцца, падрыўнікамі работаюць, адзін я...

Лаўрановіч. Ты ведаеш, Каляда не хоча. Ён кажа, што млын, калі ты там, у добрых руках. Ён табе верыць. Ды і ў камсамол ты менавіта дзеля такой справы паступаў, а не дзеля таго, каб на зборах алоўкам па графіну лупіць. Так што будзь мужным.

Андрэй. Усё ж я не магу. Ты ведаеш, я нікому не скажу, але цяжка мне там...

Лаўрановіч. Ая лічу, што тут не справа. Ты такі, што паўсюль будзеш рабіць так, што лепей нельга. Тут іншае. Табе цяжка глядзець на Віктара і Марысю, сынок? Ты яе кахаеш?

Андрэй (ціха). Так.

Лаўрановіч. Я гэта сэрцам ведаў. Ты, як нябожчыца маці, адналюб. Што ж паробіш? Віктар бліскучы, на ім рамантычны арэол, а ты ў мяне пакуль што брыдкае качаня, такіх, як ты, адразу не заўважаюць, бо ты паўсюль, нават у цяжкім месцы, толькі са сваёй сціплай усмешкаю. Можа, яно і лепей, не наскочыць на цябе нейкая фіцюлька, ажэнішся на добрай, простай дзяўчыне. Ці мала іх на свеце, прыгажунь, добрых, разумніц?

Андрэй. Мне лягчэй, калі я паразмаўляў з табою, даўно гэтага не было. Але не магу, не магу я яе забыць. Пячэ ў сэрцы.

Лаўрановіч. Та-ак. Значыцца, як у песні:

 

«І чарка мала,

І гарэлкі няма,

Люба, люба, не цячэ,

Каля сэрца пячэ».

 

Не паробіш тут нічога, сынок. І лепей за ўсё забыць. Не руш сэрца сваё. Ну, дай я цябе пацалую. Час «да дому». Цыкмуну перадай, што мы за апошнія дзесяць дзён высадзілі на трох чыгунках у паветра чатыры саставы.

Пайшоў.

Андрэй. Марыська, чуеш? Цяжка мне...

На плошчы шум. Самагоншчыца, баба Ерэтычка крычыць, махаючы кулакамі.

Баба Ерэтычка. Падла ты, злодзей, паліцайская твая душа!

Дзюбка (падышоў да Андрэя). Баба Ерэтычка разараецца.

Баба Ерэтычка. Людзейкі добрыя, а чаго ж гэта вы гледзіцё, чаго церпіцё? Прыйшла гэта паліцайская харцызяка з сябрамі, немцаў двух прывялі! Самагон папілі чысты, жытні. Выдудлілі нагбом восем кубкаў і пайшлі і грошы не заплацілі. Што ж гэта за парадачкі, якая гэта ўлада! Каб табе той самагон у глотцы стаў, каб цябе ад яго раздула, мерын! Каб цябе стацця схапіла падучая, ляк, звіх, цемяннік, верады абляпілі, лішаі. Каб табе грызь у жывот, каб табе вогнік твар сапсаваў, скула сіняя, каб табе валасень на ўсе твае члены! Каб цябе хінця трусіла! А што ж гэта такое, людзі? Самагон чысты, жытні! Бессаромная твая мыса! Казалуп ты, свіння! Каб з цябе дзеці кроў на старасці год выпілі, як ты той самагон выпіў, каб твая жонка вожыка ўпоперак шэрсці нарадзіла, каб у цябе ўсе твае сабачыя зубы выпалі і застаўся адзін для зубнога болю.

Дзюбка. Канцэрт, дый годзе. Але не ўмее яна клясці. Быў у мяне адзін знаёмы яўрэй. Той быў мастак, куды гэтай бабе. Ён рызман збіраў па вёсках, навучыўся. І свае яўрэйскія пракляцці ў яго былі: «Каб табе на язык села столькі верадаў, сколькі было дзірачак на той мацэ, якую спяклі яўрэі ўсяго свету з дзён Ісходу і да нашых дзён». Добра кляў! (Уздыхнуў.) Забілі яго нядаўна. На уліцы Энгельса. У гета.

З’яўляецца на плошчы стары лірнік, сядае, пачынае круціць ручку ліры, яго абступаюць бабы.

Лірнік

 

Плачамся мы, узрыдаемся,

На апошні час спамышляемся.

Ой як прыйдзе на немцаў апошні час —

Іх паставяць, як грэшнікаў, на левы бок:

«Ой і прэч вы пайдзіце, праклятыя,

У тыя пячоры, што агнём гараць.

Забівалі вы дзетак-немаўлятачак,

Кралі хлеба кавалак са старэчых рук.

Ці не вы гэтыя хаты папалілі агнём?

І для вас агні гараць неўгасімыя,

Чэрві сіпяць неўсыпучыя.

Із ныня і давеку Вам там і быць.

 

(Людзі стаяць з сухімі палаючымі вачыма. Лірнік запявае «Сірацінку».)

 

Няшчасная ў свеце гадзіна настала.

Бедная сіротка ад маткі засталася.

Большы застанецца, у заслугу пойдзе,

Якія маленькія — прапалі навекі.

Стрэў пан бог сіротку: «А куды ж ідзеш ты?

— Матульку шукаці!

Вярніся, сіротка, бо далёка зойдзеш.

А ты сваёй маткі давеку не знойдзеш.

Ужо твая маці на гары высокай.

На гары высокай, у труне глыбокай».

Як пайшла сіротка над труной рыдаці,

Тут абазвалася з труны яе маці:

«Як жа мне цябе к сабе ўзяці?

Як цяжка-важка камень узнімаці,

Яшчэ цяжчэй-важчэй цябе к сабе узяці»1.

 

Бабы плачуць.

Лірнік. Кінутых дзяцей шмат ходзіць па нашых дарогах, людзі. Хоць яны нашы, хоць яны яўрэйскія — бярыце іх, выдавайце за сваіх, крэўных. Усе пад богам, усе людзі. А не возьмеце — цяжка вас пакарае сумленне ваша.

Дзюбка. А гэта, Андрэй, прарок. Няхай спявае. Гэта іншы раз мацней за пракламацыю...

На плошчы з’яўляецца Адлерберг з салдатам. Лірніка штурхнулі, ён абарваў слова і заспяваў традыцыйную «Дароту».

Гучыць жудасны матыў.

Лірнік.

 

А Дарота, Дарота

Лепша перлаў і злота.

Як забачыў круль-цыган,

Дык Дароту спадабаў і г. д.

Вялю дробна шкла набіць

І Дароту босу вадзіць.

 

Адлерберг. О, апошні магікан. Сфатаграфуй яго, Ганс. Якую гэта песню ты спяваеш, стары, і калі яе ў вас спяваюць?

Лірнік. Спяваюць яе, калі зваляцца халера альбо чума на нашу краіну.

Адлерберг зразумеў, пайшоў далей, са сцэны. Раптам цераз паркан сігае да Дзюбкі Віктар і шэпча яму нешта на вуха.

Віктар (голасна). Але я не паспеў забіць Трубайлу, я яго не дагнаў, хоць і бег нацянькі. І тут я даведаўся, што ён пайшоў у камендатуру, але там каменданта не было і ён пайшоў сюды, на рынак, шукаць яго. Загінуць нашы! Што рабіць, пан Дзюбка!

Дзюбка. Адлерберга ён тут не адшукае, ён толькі што быў і пайшоў. Але часу марнаваць нельга. Андрэй, ты ведаеш Трубайлу? Ідзі да гестапа і пільнуй яго там. Пабачыш — забі яго ў маю душу. Лёс атрада на яго языку. (Андрэй пайшоў.) А калі з’явіцца тут? Ты пытаешся, што рабіць? Забіць яго тут жа, на вуліцы. І зробіш гэта ты.

Віктар (трохі разгубіўся). На вуліцы? Але ж гэта тут, на людзях. Уцячы нельга. Гэта не ўначы, у завулку.. Гэта верная смерць!

Дзюбка (з яго твару знікла ўсякая лагоднасць, зніклі адметы дабрадушнага дзівака, зараз гэта зусім другі, жорсткі чалавек). А для тых, што ў лесе, гэта не верная смерць, калі гэты ірад раскажа ўсё? Бяры пісталет.

Віктар. Д-добра. Ой, што гэта? Ой!

Ён пачынае схіляцца на траву і ўпаў бы, каб Дзюбка не падхапіў.

Дзюбка. Што з табою, сынок, што?

Віктар. Сэрца!.. Сэрца нешта... Шпарка бег... Сэрца.

Траціць прытомнасць. Дзюбка асцярожна апускае яго на траву пад дрэвам. Між тым на плошчы з’яўляецца Трубайла, падыходзіць да Высакароднага злодзея.

Трубайла. Можа, пан будзе такі ласкавы і скажа мне, ці не бачыў ён тут каменданта? Мне сказалі, што ён тут, я вельмі спяшаюся.

Высакародны злодзей. Не, я такімі людзьмі не займаюся. Да таго ж мне здаецца, што там пачынаецца аблава на маіх бліжніх двухногіх. А вы што, прыйшлі за сваімі срэбранікамі?

Трубайла. Но-но, хаме! Жарты? Ты ведаеш, з якою асобаю размаўляеш? Глядзі, як бы цябе не пацягнулі да Кажамякі на шост.

Дзюбка пабачыў Трубайлу. Ён разгублена стаіць над непрытомным Сміхальскім, потым рашуча бярэ ў яго з кішэні пісталет.

Дзюбка. Ах, як недарэчна. Што ж рабіць? Канспірацыя. Якая тут да д’ябла канспірацыя? Канспірацыя тут, вядома, дрэнная, але на кватэры маёй пуста... А там, у лесе, людзі... Што ж, пайду сам.

Павольна ідзе да Трубайлы. У гэты час на рынку пачынаецца гвалт: ідзе аблава. Людзі бягуць па аднаму ў розныя бакі.

Дзюбка. Пан шукае каменданта горада?

Трубайла. Так, па важнай справе.

Дзюбка. Ну што ж, я пакажу.

Карыстаючыся тым, што людзі бягуць, што вакол мітусня, страляе Трубайлу ў грудзі. Той падае, забіты напавал.

Баба Ерэтычка. Ав-вой! А божухна! А што ж гэта робіцца! Самагон папілі чысты, жытні, людзей сярод белага дня на вуліцах страляюць (бяжыць з кошыкам са сцэны).

Дзюбка (стаіць нерухома). Чалавека забіў! Першы раз у жыцці забіў. Як жа гэта? (Здзіўлена глядзіць на рукі,— яны чыстыя.)

Высакародны злодзей (кранае Дзюбку за плячо). Месьё... Перметэ ву... унасіць ногі. Тут дрэнна для сумленных людзей. Можа быць аблава. І схавайце ў кішэнь вашу гармату. Можа, мы пойдзем да вас у краму? Не бойцеся мяне, я тады прывёў да таварыша Каляды гэта самае панашэнне чалавекаў, якое зараз ляжыць тут прыгожым і халодным на зямлі.

Асцярожна вядзе Дзюбку праз фортку ў краму.

Дзюбка. Як... я яго бахнуў.

Злодзей. Ну і падумаеш, бахнулі. І на здароўечка! Калі чалавек перастае быць чалавекам, дык смерць для яго толькі сваяродная праява філантропіі.

Пабачыў Сміхальскага, які яшчэ сядзіць на траве, трымаючыся за грудзі.

А гэта што за божая кароўка?

Дзюбка. Ён хворы... А тут мне пашанцавала, бо маглі б і схапіць.

Злодзей. Бож-жа мой, гэта ж таварыш начальнік! Хоць ён і адпусціў вусы, але яму тут зусім не месца. Яго могуць пазнаць.

Падымае Сміхальскага, заводзіць яго ў краму, вяртаецца да Дзюбкі, які стаіць ля дзвярэй у аслупяненні.

Злодзей. Таварыш Дзюбка. Хоць вы і камерсант, але я ведаю, у вас ёсць сувязь з партызанамі. Не пратэстуйце. Паверце сэрцу чалавека, які ніколі, ніколі не падводзіў сваіх. Перапраўце мяне да іх, стаўце якія трэба іспыты — я ўжо болей не магу тут. Перадайце сваім сябрам, што я магу быць карысным. Не адказвайце мне зараз, я ведаю, гэта канспірацыя, проста калі я спатрэблюся, калі ўспомніце маю асобу — прышліце за мной чалавека. Няхай смяюцца з майго мінулага, няхай нават расстраляюць — гэта ўсё ж ад сваёй рукі. Вы ведаеце, пан Дзюбка, Настачку, Настачку маю... Вучыў яе ў вёсцы на злодзеевы грошы... не ведала. Забілі маю Настачку. Цяжка мне!

На плошчы гвалт. Уцякаюць людзі. Недзе пачуліся стрэлы.

Злодзей сціскае кулакі.

Сабакі вы! Будзьце вы клятыя... клятыя... клятыя.

Заслона

 

1   Правапіс і словы лірных спеваў не выпраўленыя, сапраўдныя.

Карціна шостая

Тыя самыя дэкарацыі, што і ў другой карціне. Зноў млын на Сініх Вірах, але мінула зіма. Зараз вясна. Май. Дрэвы пакрыты зялёным, маладым лісцем. Птушкі захлынаюцца спевамі ў лесе. Млеюць пад цёплым сонцам вербы на беразе ракі. Але здалёк далятаюць амаль адзін за адным выбухі. Ля будынкаў мітусяніна. За сцэнаю ржуць коні, партызаны цягнуць туды торбы з мукою, сярод іх Цыкмун, Асінскі, Каляда, Лаўрановіч. Млын канчаюць эвакуіраваць, на траве пустыя торбы, дошкі ад скрынак, нейкае рыззё. Андрэй з Марысяю прыселі, стомленыя, на поплаў.

Андрэй. Нам з табою няма чаго саромецца. У іншых вялікія подзвігі, яны ваююць, але мы ўтраіх ваявалі не горш, як яны. Дваццаць разоў сабою ахвяравалі і, глядзі, усю зіму сапраўдную армію лясную кармілі, адзінаццаць месяцаў кармілі — гэта нядрэнна. Трасцу б яны наваявалі без нашага хлеба.

Марыся. А цяпер трэба кінуць. Шкода млына.

Андрэй. Што зробіш, трымацца далей нельга. На аднаго нашага іх трое, і зброя ў іх лепшая. У адкрыты бой нам пакуль што нельга ўцягвацца. А яны, бачыш, прачэсваюць усю паўночную частку пушчы,— не сёння дык заўтра тут будуць.

Праходзяць Каляда, Лаўрановіч і Цыкмун, узброеныя.

Каляда. Як яны даведаліся?

Лаўрановіч. Глыбокая разведка. Млын не іголка ў сене, доўгі час яго не схаваеш. Добра, што хлеб і ўсё іншае вывезлі.

Цыкмун. Зрабіў млын сваю справу. Недарэмна Тэкля-нябожчыца налажыла за яго галавою.

Каляда. Зрабіў справу, ды не да канца. Я хачу ў вас спытаць, таварыш Асінскі, згадзіліся б вы дачку паслаць на небяспечную справу?

Цыкмун. Гэта ў яе трэба пытацца. Яна дарослая. Пра жаніхоў не пытае ў мяне.

Каляда. Дзе ж яна? Ага вось. І Андрэй тут. Можна да вас?

Марыся. Калі ласка (усе сядаюць у кружок).

Каляда. Ну што ж, браткі, як бачыце, млын кідаем. Партызаны будуць прарывацца на поўдзень, на Палессе.

Лаўрановіч. І з гэтаю, большай часткай, пайду я. Каляда будзе не камісарам брыгады, а камандзірам асобнага партызанскага атрада, які застанецца тут, у Звініцкіх пушчах. Атрад будзе невялікі, такому лягчэй схавацца і дзейнічаць.

Каляда. Пакуль мы не адшукаем іншых крыніц забеспячэння, млын трэба захаваць для нас месяцы на два. У нас ёсць свой чалавек у нямецкіх вярхах. І мы ведаем, што немцы прабіваюцца да млына і, захапіўшы, не спаляць. Наадварот, ён будзе працаваць на іх, тым больш што трохі паўдзённее яны будуюць лінію ўмацаванняў, каб не пусціць нас з паўдзённай часткі пушчы ў паўночную, засцерагчы ад небяспекі чыгунку, шашу і горад. І вось Марыся і ты, Андрэй, што б вы сказалі, калі б мы ўладзілі вас на работу ў гэтым млыне. Са справаю вы азнаёміліся добра, узімку лёд ледзь не зубамі счышчалі, млын і дня не стаяў. Ну як, пойдзеце?

Андрэй. Я пайду, але яна няхай ідзе з вамі. Гэта не жартачкі, сабатаж на нямецкім млыне, перадача хлеба не ў нямецкае войска, а партызанам. За гэты чуйдух на шыбеніцу можна трапіць.

Марыся. Андрэй, не вярзі глупства. І, наогул, памаўчы. (Да Каляды.) Я, вядома, пайду працаваць на млын.

Каляда. Справа вельмі небяспечная. Поруч са смерцю будзеце хадзіць кожную хвіліну.

Марыся. Хіба мы за апошнія месяцы не бачылі яе?

Андрэй. Мы пойдзем.

Каляда. І яшчэ вось што. Так проста жыць тут вам будзе нязручна. Я думаю, што вам трэба будзе ўзяць фіктыўны шлюб, павянчацца ў горадзе.

Андрэй. Не, так нельга.

Марыся. А чаму? (Падумаўшы.) Раз для справы патрэбна — няхай ужо. А Сміхальскі — па-ранейшаму будзе трымаць сувязь?

Каляда. Віктар?.. Гм... Ну няхай.

Марыся. Што ж, шлюб дык шлюб.

Лаўрановіч (парадзіруе). Ёсць тут бацька, матка, родныя, мужы статэчныя, бабкі запечныя: блаславіце краснай нявестцы каравай учыніць. (Галосіць.) А родная мая матка! А сама ж ты йшла за роднага татку! А мяне ж ты аддаеш за чужога мужыка.

Рогат.

Цыкмун (іранічна). З богам, Хадорка, калі людзі знайшліся.

Марыся. Татка.

Цыкмун. Ды не, я нічога.

Каляда. Вось і добра. (Усталі, пайшлі.)

Марыся. Андрусь, чаго ты такі за апошні час? Не пагаворыш, не спытаеш. Ты мне вельмі патрэбны, добры мой друг.

Андрэй. Ты ведаеш чаму.

Марыся. Усё яшчэ?..

Андрэй. Усё яшчэ. І ніколі не кіну. Ты альбо ніхто.

Марыся. Віктар мяне за апошні час непакоіць. Паводзіны дзіўныя. То мужны, то такі знерваваны, вярзе лухту, гаворыць такое жахлівае... Гэта ўсё яго туга! А пасля просіць дараваць, гаворыць з такою сілаю, што я зноў веру. І зноў мужны і смелы. Складаны ён чалавек.

Андрэй. Я ведаю, любая, я адыду, не непакойся. Я толькі прыйду на дапамогу, калі будзе цяжка.

Цнотна і пачціва цалуе яе ў лоб, пайшоў.

Марыся (адна). Віця як разнервуецца, гаворыць проста як злачынец, а потым зноў, як герой... А ты добры, харошы, але такі далёкі.

Уваходзіць Віктар.

Віктар. Глядзеў, як нашы ўцякаюць. Што ж гэта, Марыська?

Марыся. Нічога, прыпомні Маскву ўзімку. Цяпер ужо нядоўга чакаць.

Віктар. Пакуль тое прыйдзе, мы дваццаць разоў загінем. Я людзей люблю па спенсераўскаму прынцыпу. Яны мяне добрым лічылі, а я проста ўважаў за лепшае аддаць рубель жабраку, чым купіць на яго шклянку віна, гэта больш прыемна, гэта дае мне права паважаць сябе. А атрымалася так, што паважаць людзей і сябе няма прычыны. І паляцеў мой альтруізм дагары нагамі.

Марыся. Я, Віктар, толькі пашкадаваць цябе магу, але ты на адну дошку эгаіста і альтруіста не стаў. Любоў да чалавека — гэта ўсё: знікае яна — і няма сапраўднага жыцця.

Віктар. Смерць — гэта брыдка, агідна, пачварна, абураюча, як старасць, як хвароба. Калі чалавек памірае — у яго асобе знішчаецца цэлы сусвет, і чым розум гэтага чалавека яснейшы, тым больш значны гэты знішчаны сусвет, тым больш жахлівае яго знішчэнне. Калі гіне нешта накшталт Андрэя,— гэта глупства, а калі гіне тытан — гэта катастрофа.

Марыся. Андрэя не чапай, Віктар, апошні раз прашу! І наогул, як звычайны чалавек, так і тытан толькі таму звычайны чалавек і тытан, што адзін больш карысны для людзей, а другі менш. А калі прыходзіць час выпрабавання,— кожны тытан, хто мае сілу годна загінуць.

Віктар. Дзеля чаго? Дзеля шчасця гэтага, як немцы кажуць, шайзэланда, якога я не люблю? Дзеля шчасця людзей XXX стагоддзя? Моцныя гінуць з іншымі. Меў у сабе і Дантэ і Гётэ, а тут бабухнуць, і вось у цябе дзірка ў галаве і ты здох, як кожная поскудзь. Іншыя будуць, а мяне не будзе, менавіта такога, як я, не будзе. Мяне не будзе! Ты разумееш гэта?

Марыся. Я разумею, гэта кожны чалавек разумее. Жыць хоча кожны. Але трэба біцца, пакуль жывеш. Я многа думала, і, ведаеш, што мне прыйшло ў галаву? Рай са святлом і сонцам і пекла з чарцямі і катламі кіпячымі людзі выдумалі, каб не называць звычайнага слова «сумленне». У чалавека жывая душа, і гэтай душою пад канец разумееш, добра ці дрэнна ты пражыў. Калі добра, сумленна,— і смерць твая лёгкая, як рай, а калі не сумленна, дрэнна, не ахвяраваў за людзей, не зрабіў, што трэба,— будуць пакуты сумлення горш пекла, бо ўжо нічога не выправіш, пражыў жыццё. З-за гэтае думкі, гэтага жаху і жыве сумленнем сапраўдны чалавек, і, каб не было такіх, якія ахвяруюць за людзей,— не было б на свеце чалавека, а былі б проста сляпыя двухногія робакі. А званне чалавека кожнаму трэба заслужыць.

Віктар. Ну добра, я робак. Але калі я такі, дык і вы не лепшыя. «Народ!» «Народ!» Слінявы ружовы ідэалізм. А я гэтыя словы па праву сілы кідаю пад ногі. А я гэтым «народам» пагарджаю! Што ў яго? Самы бяздарны народ ва ўсім свеце.

Марыся. Самы малады. Ён яшчэ дзіця, але па яго сённяшняй песні я добра бачу, як ён заспявае праз стагоддзе.

Віктар. Ну й чакай таго часу, чакай груш на вярбе.

Марыся (гнеўна). Гэта не грушы, гэта вера. І ты над вераю чалавечай, над яго імкненнем здзейсніць сваю мару — не смейся. Не запэўнівай мяне занадта часта, што ты — робак, а то, глядзі, часам і паверу. Чуеш, Віктар?!

Віктар. Чую. Мучаю я цябе? Што ж, натура ў мяне такая. З таго дня, як Тэклю забілі, я, можа, дваццаць разоў на смерць хадзіў і ўсё адно... Але я сваёй галавы так дарэмна не аддам. Мы яшчэ паваюем. Спачатку ён, а потым ужо мы. Пайду... Даруй мне, Марыська.

Марыся. Ты ведаеш, я заўсёды табе дарую, абы толькі гэта былі словы, а не справа.

Віктар выходзіць, амаль сутыкнуўшыся з Калядою, Лаўрановічам, Андрэем і Цыкмунам.

Каляда. Ну вось, здаецца, і ўсё. Млын пусты. Як у гасцях: накурылі, талеркі пустыя, час і гаспадарам. Марыська, Андрэй, мы ўжо з вамі да таго часу, як будзеце вы тут гаспадарыць, не пабачымся. Нічога, дзеці, вакол родныя лясы. Будзьце толькі асцярожнымі. Ну што ж, пайду папярэдзіць хлопцаў, хай адыходзяць. (З ненатуральнай бадзёрасцю.) Як калісь часопіс «Жорны» пісаў:

 

«Ой ты гой-ясі ўвесь рабочы люд,

Ад сахі, ад сярпа і ад молата».

 

Як гэта далей?.. Ат, забыў... Бывайце, дзеці...

Цалуюцца. Каляда пайшоў.

Цыкмун. Асцерагайцеся, дзеці. Разыходзяцца нашы шляхі. Можа, калі з'едлівым быў — даруйце. Пра цябе, Марыська, няма чаго казаць, а цябе, Андрэй, любіў, як роднага сына. (Адышоў з Марысяю.)

Лаўрановіч (да сына). Бывай і ты, Андрэй.

Андрэй. Толькі б ты быў жывы, татка.

Лаўрановіч. Гэта ты пакінь. У старых раны не зажываюць так лёгка, як у маладых. Сын пра гібель бацькі з часам забудзе, бацька — ніколі. Бывай, сынок, будзь сапраўдным чалавекам. «Жонку» сваю шануй, беражы. Чую сэрцам, што, можа, прыйдзе і твой час. Яна пачынае разумець цябе. Ну вось і ўсё. Бывай, сынок. Моцныя твае рукі, добрае сэрца — з сапраўднай чалавечыны ты зроблены.

Цалуюцца, пасля Цыкмун і Лаўрановіч ідуць у адзін бок, Марыся з Андрэем бяруцца за рукі і ідуць у другі. Сцэна пусцее. Выбухі ўсё бліжэйшыя і бліжэйшыя.

Заслона

 

Дзея чацвёртая

 

Карціна сёмая

Прайшоў месяц. Вялікі завозны пакой у млыне на Сініх Вірах. Пад падлогаю боўтае моцна і віруе вада. Сцены моцныя, з тоўстых бярвенняў. Злева, ля самага краю сцэны, ляжыць стары жарон, за ім ложак, засланы самаробным тканым пакрывалам. Далей — столік. З правага боку ляжаць мяшкі жыта, вядуць сходы на гару, ляжыць чамусьці вялікі абярэмак сена. Столь над сенам шчалястая, і сонца б’е стуль на сена светлымі палосамі. Проста перад гледачамі шырокія, як у пакгаузах, адчыненыя дзверы. Праз іх відаць далёкі лес, вербы над люстэркам вады, частка грэблі. Толькі што прайшоў дождж, са страхі падаюць кроплі. Вечарэе. У млыне поркаецца Марыся. Віктар сядзіць на ложку.

Віктар. Чамусьці ты мяне нават не пацалуеш.

Марыся. Часу няма. І капрызы твае мне апрыкралі.

Віктар. Я сёння не буду. Я хачу спытаць: ты мяне кахаеш?

Марыся. Ну, кахаю.

Віктар. Тады ты павінна пайсці са мною, тут небяспечна. Мне апрыкраў твой фіктыўны шлюб, гэты дурань, які жыве тут. Кінем усё гэта. Зямля ўся крывёю залілася, нашы на поўдні бягуць. Планета звар’яцела, усё гіне. Пойдзем проста ў лес і там, у нетрах, збудуем хату. Няхай б’юцца, няхай глоткі грызуць — што нам да гэтага залітага крывёю, знявечанага сметніка. І не торкай мне, як панацэю ад усіх няшчасцяў, свой народ. Я кажу, зямля звар’яцела. Разумныя павінны пайсці ад вар’ятаў.

Марыся. Ведаеш, мне здаецца, што ты тады, падчас замаху на Трубайлу, недарэмна захварэў. Мужны такога не скажа, ён застанецца апошнім і будзе біцца, бо пакуль існуе і б’ецца ён — існуе гонар яго народа.

Віктар. Ты... Ты... Разумееш, што ты такое сказала?!! Ты думаеш ці не? Я па-ранейшаму да Дзюбкі хаджу, я аціраюся тут, хаця тут, на млыне, часта бываюць Швальбе, Ільзенвельдэ, Ранцоў, хаця тут іхніх дзотаў, як грыбоў. І ты мне кідаеш такі дакор!

Марыся (спакойна). Не крычы, давай пагаворым. Я кахаю цябе, але ты мучыш мяне. Я вельмі няшчасная. Думаеш, мне не хацелася б кахання, не хацелася мець дзяцей? Я год марыла пра тое, каб проста паплысці з табою некуды на чаўне і не думаць, не думаць пра ўсё, толькі пра цябе. Але нельга, сорамна глядзець у вочы галодных, у вочы страчаных, сорамна глядзець на знявечаны лес у дратах. А ты арганічна не разумееш гэтага. Месяц таму я думала, выцягні з мяне душу, мучай, зневажай, але будзь чалавек. Будзь чалавек, і тады я хоць на край свету за табой. А потым нешта памёрла ў душы. І ты мне дарагі, але чужы. Андрэй лепшы, ён не крычыць, а робіць сваю справу. І хоць я не пакахаю яго, я, здаецца, кіну і цябе кахаць.

Віктар. Та-ак, бачу, да чаго яно хіліцца.

Марыся. Не плявузгай! Сам вінаваты. Мог бы пашкадаваць хоць раз тое, што, як святыню, насіла ў сэрцы,— каханне да цябе. Не пашкадаваў. Ты заўсёды быў жорсткі, як маланка. І вось, здаецца, прытупілася каханне маё. Падумай, Віця, дарагі мой, падумай, да чаго ты ідзеш, пашкадуй хаця мяне, калі сябе не хочаш!

Паўза.

Пацалуй мяне. Можа, хоць тады растане сэрца тваё.

Віктар. Прабач, мне здаецца, што ты памылілася, я не льдзіна. Я і адзін пражыву. Але думаю, што ты яшчэ пашкадуеш. Я зраблю так, што ты пашкадуеш. Шчасця з ім не зведаць табе.

У дзвярах з’яўляецца сілуэт чалавека. Гэта Каляда.

Марыся. Таварыш Каляда!!!

Каляда. Я. Вырашыў наведацца, як вы тут маецеся. Што чуць?

Марыся. У сваім краю, як у раю. Але вам тут нельга! Тут немцы, сёння нават камендант прыехаў.

Каляда. Ат, нічога, мне неадменна трэба было. Вы памятаеце, мы закапалі ва ўрочышчы хлеб і зброю. Зараз прыйшла крайняя патрэба. Добра, што вы тут, Віктар. Трэба праверыць, ці можна туды будзе пад’ехаць заўтра з вазамі, ці няма там нямецкіх пастоў.

Віктар. Добра, я пайду.

Марыся. Толькі будзь асцярожным.

Віктар пайшоў.

Каляда (сеў на жоран). Уначы вывезем, калі ўсё будзе добра. А вам трэба будзе сапсаваць млын і — прэч... Сігнал яшчэ не забыла? Калі небяспека — кугакай савою... Наш чалавек будзе спяваць жаўруком, гэта значыць, хутка дапаможам. Ціха тут. Я калісь у такіх мясцінах на глушцоў любіў паляваць. Змрочны лес, павуцінне, спявае глушэц. Так ціха, толькі кроплі падаюць... Не, нашу лясную волю не прадамо.

Марыся. Ціха! Не, гэта Андрэй.

З’яўляецца Андрэй, здароўкаецца з Калядою, сеў.

Ці еў ты хаця, Андрэйка? Зусім ты сябе не шкадуеш.

Каляда. Ну, як, муж з жонкаю? Як жыццё?

Андрэй. А, дрэнь жыццё. Налезла іх тут. Ва ўрочышчы як мурашнік ад іх.

Каляда. Як ва ўрочышчы? Туды толькі што Сміхальскі пайшоў.

Андрэй. Ат, д’ябал! Гэты абавязкова напорацца. Будзе ісці, як на парадзе.

Каляда. Швальбе не вельмі дакучае.

Андрэй. Швальбе — жывёла. Жыве і помсціць сабе і іншым за тое, што паслужыў таму, у што не вельмі верыць.

Каляда. А ты, я чуў, таксама добры, ніколі перад ім шапкі не знімеш. Вераб’і ў тваёй шапцы, Андрэй, ці што?

Андрэй. Гэта яму занадта добра будзе.

Каляда. І то праўда. Значыцца, жывеце зараз поруч з фашызмам. Ну і як?

Андрэй. Брыдка. Некаторыя з іх прыгожыя словы кажуць, а на самай справе...

Каляда. Як кажуць, галоўку чэша, а за коску — скуб!

Блізкія стрэлы.

Андрэй. Далібог, напароўся. Таварыш Каляда, трэба ўцякаць. Давайце, давайце. Пойдзеце рэчышчам, там не так небяспечна.

Каляда. Марыся, можа, разам пойдзем?

Марыся. Не, я з Андрэем.

Андрэй апранае на Каляду сваю вопратку. У гэты час з’яўляецца Сміхальскі.

Сміхальскі. Сарвалася справа... Стралялі.

Андрэй. Чаго ж ты бег сюды? Чаго ты наогул бег? Падводзіш млын, камандзіра! Ёлуп! А калі ў іх сабакі?

Здалёк чуваць брэх сабак, усе заціхлі.

Уцякайце, таварыш Каляда. Уцякайце хутчэй. Рэчышчам! Там вада! Па вадзе. Па гэты бок грэблі. (Выпхнуў Каляду з дзвярэй.) Направа. Там адхон. Пайшоў! Будуць крычаць — не звяртай увагі.

Сміхальскі (паціху). Ну добра, я табе пакажу ёлупа. Я пакажу, як хцівасцю сваёй адбіраць яе ў мяне. Дый ты паплачаш, Марыська. Я здрэйфіў тады, але я, хаця і робак, не дазволю вам смяяцца. Робак жыве, калі чалавек памірае.

Сміхальскі хутка лезе на гару. Звонку чуваць крык: «Эй, млынар!»

Андрэй. Ціха, Марыська. Займайся сваёю справай. Трэба будзе іх затрымаць.

З’яўляецца Швальбе, Ранцоў, Адлерберг, Ільзенвельдэ, два салдаты.

Швальбе. Эй, млынар! Хто быў? Хто толькі што бег?

Андрэй. Не ведаю. Можа, я? Я толькі што прыйшоў.

Ільзенвельдэ. Я толькі што бачыў гэтага чалавека на шостым пункце, ён не мог быць ва ўрочышчы.

Андрэй. А больш нікога не было. Нядаўна, праўда, былі два салдаты.

Швальбе. Хто яшчэ?

Андрэй. Можа, жонка мая? Але яна нікуды не хадзіла, з самага ранку тут.

Швальбе. О-о! (Рыўцом саджае Марысю на ложак і глядзіць на падэшвы.) М-м, не, падэшвы сухія. А ва ўрочышчы мокра. Не, не яна.

Андрэй. Пан, не чапайце яе. Напэўна, вам было б непрыемна, калі б так паводзіліся з вашай жонкаю.

Швальбе. Ого! Шчасце ваша, што ў вас добрая біяграфія і рэкамендацыі. Хто тут быў яшчэ?

Андрэй. Я не бачыў. Праўда, тут праходзіў чалавек, але ён павярнуў берагам, па той бок грэблі. А больш нічога не бачыў.

Швальбе. Абшукаць.

Салдаты абшукваюць млын і сцягваюць з гары Віктара.

А гэта хто? Хто гэта?

Андрэй. Я думаў, што пан камендант ведае. Гэта наш падсыпка, ён ужо два тыдні, як тут. І маёр Ранцоў гэта ведае, ён яго бачыў.

Ранцоў. Так. Мне здаецца, Швальбе, што вы заблыталіся. Трэба хутчэй гнацца за тым чалавекам.

Андрэй (паціху). Цяпер не дагоніце.

Стрэлы. Убягае салдат.

Салдат. Гер маёр, там чалавек на гаці напароўся на нашых. Адстрэльваецца і паціху адпаўзае багнішчам.

Ранцоў і Адлерберг з салдатам выбягаюць.

Швальбе. Та-ак. Але я бачу, што ў гэтага падсыпкі бегаюць вочы.

Ільзенвельдэ. Пакіньце, Швальбе. Ранцоў жа сказаў.

Швальбе (ціха.) Нічога, гаўптман. Я трошкі разбіраюся ў людзях, я сам бачу, хто ён, але пара ляпасаў не пашкодзіць. Калі не, мы кінем яго і пойдзем за тым. Нічога страшнага... (Уголас.) Да таго ж, глядзіце, мокрыя ногі.

Марыся (пра сябе). Божа, забыў зняць боты.

Андрэй маўчыць.

Швальбе. Фрыц, дапамагай, расцягнем яго трошкі.

Марыся (даволі голасна). Віця, любы, дарагі. Трымайся! Мацуйся! Я хацела, каб ты кінуў гаварыць тыя словы. Каханы мой! Трымайся!

Віктара б’юць, потым кінулі. Сміхальскі акрываўлены, вопратка парваная.

Швальбе. Нун, падсыпка. Куды хадзіў? Хто гэты чалавек? Можа, ведаеш?

Віктар (імкнучыся трымацца з годнасцю). Я бачу, ад вас нічога не схаваеш. Якая карысць маўчаць? Усё адно рана ці позна. Дык лепей рана, не будзеш потым інвалідам. Я ведаю, хто гэты чалавек, і ведаю пра ролю гэтых людзей, што стаяць тут.

Стрэлы здалёк.

Швальбе. Глядзіце, гаўптман, нечакана пашанцавала. А я збіраўся на гэтым і скончыць. Дзіўна, першы раз бачу, што нехта з іх загаварыў. Ну кажы.

Віктар. Той чалавек, што ўцёк, гэта старшыня гарвыканкома Каляда, памочнік вядомага Дубоўскага, зараз кіруе асобным атрадам, а гэта сын Дубоўскага-Лаўрановіча, а тая — гэта яго жонка. Яны працавалі ў млыне ўвесь час партызаншчыны.

Швальбе. О-о! Цікава!

Марыся. Віктар! Віця! Што ты робіш! Ві...

Андрэй. Пакінь яго, не трэба... Здраднік.

Віктар. А вы сляпыя краты, эмбрыёны.

Андрэй. Ты быў камсамольскім важаком. Відаць, такія, як ты, толькі ў гадзіну шчасця ідуць за Камунай. Здраднік!

Віктар. Я вышэй за вас, я вышэй і за такую абстракцыю, як здрада. Я казаў, што вы пашкадуеце.

Марыся (непаразумела). Я ж цябе каха... (Рэзка.) Я цябе ненавіджу!

Увайшоў Адлерберг.

Адлерберг. Пфе, Швальбе, што гэта ў вас за мясная крама? Памыйце рукі.

Швальбе. Цягніце сюды арыштаванага!

Адлерберг. Арыштаванага? Прабачце, зараз сюды прыцягнуць Ранцоў і чатырох салдат. Ён скакаў па балоту, як конік, і страляў, як Матэо Фальканэ. Павіншуйце мяне, я жывы, і ён таксама жывы.

Андрэй уздыхнуў. Швальбе адвярнуўся ад Адлерберга.

Швальбе. Ну што ж, калі яны хаваюць звесткі пра партызан у сэрцы — я вырву іх разам з сэрцам. Шульц, Кёніг,— рыхтуйце прылады. Там, на гары. (Салдаты цягнуць на гару Марысю, Андрэй барукаецца з тымі, хто трымае яго. Яго схапілі за рукі.) Зараз яе прыпаляць агеньчыкам. На бэльку яе! Кажы, ты, кажы!

Адлерберг. Калі скончыце таркведамстваваць, Швальбе, абавязкова памыйце рукі. Інакш будзе непрыемна працягнуць вам руку.

Пайшоў. Ільзенвельдэ пайшоў быў за ім.

Швальбе. Гаўптман, сядзіце тут. Вам прыказвае старэйшы афіцэр.

Здаўлены крык з гары. Андрэй зарыдаў горлам. Швальбе кідаецца да яго і пачынае трэсці за рэбры.

Кажы хутчэй! Дзе брыгада, дзе атрад Каляды? Інакш, яна ўжо ніколі не будзе прыгожай.

Андрэй. Жывёла! Не дачакаешся.

Салдаты сцягнулі з гары Марысю, яна з акрываўленым тварам.

Швальбе. Ну, кажы ты, кажы, іначай я зараз закатую твайго мужа.

Марыся. Андрэйка, сапраўдны муж, дарагі, даруй мне за гэтага мярзотніка, за гэтага здрадніка. Зараз і ты гінеш... з-за мяне.

Швальбе. Кажы, іначай яго павядуць.

Марыся. Здраднік! (Швальбе дае знак, Андрэя ўсцягнулі на гару.)

Швальбе. Зараз ён будзе крычаць, маладзіца. Вельмі будзе крычаць.

Стогн з гары.

Кажы зараз жа, дзе партызаны, дзе інсургенты?

Марыся. Здраднік.

Швальбе. Яму выкруцяць рукі, яго зробяць інвалідам, і сёння яшчэ нічога, а вось што я вам прапаную заўтра.

Стогн.

Марыся. Андрэй, любы, маўчы! Не шкадуй мяне!

Швальбе. Дзе інсургенты? Дзе Каляда?

Марыся. Здраднік! І ты, грубая падла... я маўчу.

Швальбе б’е яе, яна падае. Салдаты сцягнулі ўніз Андрэя. Ён хістаецца на нагах.

Швальбе. Бачыш, яна ляжыць. Я зраблю такое дзесяць разоў — і тады яна памрэ. А ты, пакуль што, будзеш жыць. Адказвай!!!

Андрэй. Эх, пан Швальбе, пан Швальбе! Як вам толькі не ганебна. На месцы вашага начальства я б у тры шыі пагнаў вас з працы. Год у нас, і так дрэнна ведаеце нашых людзей. Сталая істота, а крычыць, тупае нагамі, як дурное дзіця, якое хоча па малой патрэбе. Сорамна! З дзяўчынамі ваюеце, хутка да немаўлят дойдзеце. Карыстаецеся сілаю.

Швальбе б’е Андрэя ў твар.

Ну вось бачыце, стаю. На дзяўчыну сілы хапіла, а тут — не. Нашых людзей кулакамі, сілаю — не пераканаеш. Яны такіх свалачуг, як вы, за тысячу год ой колькі бачылі. І ніхто іх пакуль што не спудзіў да смерці.

Швальбе б’е зноў.

Ну, шчанюк, шчасце тваё, што мяне за рукі трымаюць. Я б табе даў раз, і былі б садухі — і ксяндза зваць не трэба, не тое што ты, авечая смерць.

Швальбе. Яшчэ раз кажу, дзе хаваюцца гэтыя бандзюкі ?

Андрэй. Эх, камісар, камісар. У сябе ты быў папіхачом, хлопам, а тут з’явіўся ў чужую хату някліканы, няпрошаны, і вось тыраніш гаспадароў, з дзяўчынкамі ваюеш, паклаў ногі на наш стол, выгнаў гаспадара ў лес, ды яшчэ й бандзюком яго абзываеш. Несумленна! Хто ж пасля такіх слоў выходзіць бандзюк, га?

Швальбе. Я перад табою красамоўстваваць не буду. Адно я абяцаю: скажаш — дам жыццё і табе і жонцы, не скажаш — заб’ю. І яшчэ перад смерцю пекла здасца табе раем. Вось.

Андрэй. Так, мы хочам жыць, мы разумеем вартасць жыцця лепей, як такая амёба, як пан камісар. Але нас, відаць, выхоўвалі ў духу прыстойнасці. І мы добра ведаем, што калі грамадская адкрытасць — гэта дабрачыннасць, дык за Юдзін грэх, а асабліва перад такімі разлезлікамі, як вы, мала таго што нам плюнуць у твар, мы яшчэ і паважаць сябе перастанем. Так што з прапановамі вашымі ідзіце ў другое месца: мы нашым гонарам пастаўлены ў становішча, якое не адпавядае вашым жаданням.

Ільзенвельдэ (ціха). І вы не бачыце шматкаляровасці зямлі, якую збіраецеся пакінуць, не ведаеце, што акрамя чорнага і белага колеру, у якія вы фарбуеце свет, існуюць і іншыя?

Андрэй. Па вашым тоне я бачу, што вы не зусім тое, што гэты гадавец. Пакуль яшчэ не позна, зразумейце, што ў белым колеры, у нас, па законах фізікі, змешчаны ўсе колеры зямлі, а вы чорны колер, нават і не колер, а проста адсутнасць святла, смярдзючая яма, бруд.

Швальбе (дае Андрэю ляпаса). Хто кажа пра гэта? Дзікун? Скіф?

Андрэй (пагардліва). Ваш метад пераконвання вы, напэўна, лічыце метадам культурнага чалавека, не скіфа, не дзікуна? Так, мы на такі ўчынак, біць звязанага, не здатны — мы, скіфы.

Марыся застагнала, села.

І біць дзяўчынак мы, скіфы, таксама не можам, слабых дзяўчынак з мужным сэрцам, галубак з ільвіным сэрцам. Мы ведаем, у іх слабыя костачкі — хрупні — і няма. Таму мы лашчым іх, абараняем, носім на руках. Напэўна, у гэтым і ёсць розніца між такімі культурнымі людзьмі, як вы, і такімі скіфамі, як мы.

Марыся (абдымае калені Андрэя). Муж мой! Я ганаруся табою.

Швальбе. Круціце яму рукі, круціце! Я дачакаюся хвіліны, калі ён будзе скавытаць ад болю!

Андрэй. Не, мы не тыя, што скуголяць. Мы сталі людзьмі. Мы сталі відушчымі, а вы, як тысячу год таму, ходзіце ў ідэйных шкурах. Тых, што сталі відушчымі, не загоніш у цемру, тыя, што ўваскрэслі, не паміраюць. Мы не дачакаемся хвіліны, калі будзеце скуголіць вы, але мы верым, вы будзеце скавытаць, як пабітыя сабакі, будзеце лізаць ногі нашы, бо вы толькі на гэта і здатныя. Перад намі — Камуна, перад вамі — магіла ганебна страчаных. Таму так памерці, як паміраем мы, вы не зможаце,— не!

Швальбе. Маўчаць!!!

Ільзенвельдэ. Пан камісар, пакіньце гэтых людзей. Забіце іх, але не катуйце. Вы бачыце, з імі нічога нельга зрабіць.

Швальбе. Маўчыце і вы. Я пераламаю гэтым паршыўцам косці!

Андрэй. А душу нашу зламаць нельга. Хто можа пахваліцца, што ён зламаў душу Адама новай зямлі, рускага, беларуса,— не такога, як гэты шчанюк,— сапраўднага чалавека. Нас у багне тапілі — мы заставаліся жыць, нас прыгняталі пад варожай пятой — мы жылі і паўставалі, у нас адбіралі мову — мы спявалі нашы песні, на нас ішлі навалаю — мы адказвалі Піленамі, Крутагор’ем і Грунвальдам, нас знішчаюць зараз — мы знішчаем вас. Сцеражыцеся, ёсць канец і нашаму цярпенню, цярпенню добрых, а калі пачынаем мы — свет саступае нам дарогу, адзін варты тысячы і рэкі нашы сплываюць чужынскай крывёй. Не выпрабоўвайце цярпення нашага. Я сказаў! Чуеце?

Швальбе (выцірае пот). Д-добра. Ён зараз знаходзіцца ў стане экзальтацыі. Я пагляджу, ці так ён будзе адказваць заўтра. Адвядзіце іх у гэты пусты свіран, пастаўце самую моцную варту. Іх не навучылі мае кулакі — іх навучыць апошняя бяссонная ноч. І запамятайце, калі не перадумаеце, дык з першымі праменнямі сонца вас будзе чакаць страта. Добра?

Андрэй. Дарэмна стараецеся. Адказ будзе той жа. Наш хлеб — гэта горкі хлеб, хлеб з крывёй і мякінай, але мы ганарымся... Мы простыя, мы нечыноўныя, мы — соль зямлі. Думаю, што гісторыя з гэтым млынам кажа сама за сябе: колькі гераізму з аднаго боку і колькі мярзоты — з другога.

Марыся. Мы не мяняем нашых думак па дзесяць разоў на дзень.

Швальбе. Пабачым, што вы скажаце, калі загаворыць у час роздуму жаданне жыць.

Андрэй. Жаданне жыць? Вы называеце жыццём жыццё здрадніка? Дзякуй вам.

Швальбе. Маўчаць!

Андрэй. Рота нам не замажаце. Вам, Швальбе, позна, вас чакае мыла і вяроўка, але вы, гаўптман, падумайце над тым, што значыць уцягнуць нашага чалавека ў мора гневу. О, які пярун грымне над вашай галавою, калі ўстане на ўвесь рост мой народ!

Швальбе дае знак. Андрэя і Марысю павялі. Швальбе ідзе за імі. У пакоі засталіся Ільзенвельдэ, Віктар, салдат.

Швальбе. Фанатыкі! Зараз зламіць іх для мяне пытанне жыцця.

Віктар. Марыся! Андрэй! Даруйце мне! Я здраднік! Я Каін!

Пайшлі, не адказаўшы.

Ільзенвельдэ (ціха). Яны бы не паміралі так, каб не ведалі чагосьці.

Салдат. Дазвольце спытаць. Што рабіць з гэтым чалавекам?

Ільзенвельдэ (абыякава). З гэтым... чалавекам?.. Расстраляйце тут жа, зараз, ля грэблі. Падла можаце выкінуць у багнішча, я не пратэстую. Як кажа прымаўка гэтага народа: «Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць».

Віктар (цвёрда). Пачакайце, я ведаю яшчэ аднаго, я трымаў з ім сувязь.

Ільзенвельдэ (тым жа тонам). Я не жадаю чакаць. Мы — чума, але ёсць яшчэ ў некаторых нямецкае сумленне. Расстраляць! Эх ты... Такіх людзей:

Заслона

 

Карціна восьмая

Каменны свіран млына на Сініх Вірах. Атынкаваныя муры там-сям аблупіліся, праглядае цэгла. Столь у некалькі скляпенняў. Проста перад гледачом акно, забранае кратамі. Злева — дзверы. На падлозе — свяча, поруч з ёю сена. На сене сядзіць Марыся. Андрэй ля акна кугакае савою. Крык трывожны, гучыць з пярэрвамі, з паўзамі.

Марыся. Засталося якіх чатыры гадзіны. Як доўга і як мала. І мы пабачым дзень, сонца, наш млын. (Расплакалася.)

Андрэй. Ну-ну-ну, нашто гэта, Марыська. Не трэба.

Марыся. Як ён мог, як мог?!

Андрэй. Э, плюнь, ну бывае з людзьмі. Не трэба, яму было горш, чым нам. Пакінь, Марыська. Бывае ж...

Марыся. З табою не было. Сорамна мне, Андрусь... як сорамна мне!

Андрэй. І я не лепшы. Таксама дрэнны. Ведаеш, калі яны падступалі да Масквы, казалі, што нават узялі, я быў зняверыўся. Толькі і розніца, што я вырашыў тады маўчаць. (Ціха, недзе крычыць соўка.) Цяпер веру, хаця б нават да Урала мы адступалі, веру як ніколі.

Марыся. Якія мы маленькія: дзве зоркі ў цемры, дзве кроплі ў пустыні.

Андрэй. Зоркам лягчэй, бо яны ведаюць: недзе ёсць цэлыя сузор’і, кроплям лягчэй, бо недзе ёсць мора. Так і нам. А ты даруй мне, ва ўсім, што можа здарыцца, вінен толькі я.

Марыся. Калісьці мне здавалася, што я кахала цябе... Потым з’явіўся той, але зараз я кахаю цябе сто разоў. Чаму ты не сядзеш зараз тут, поруч? Андрэй.

Андрэй. Не трэба. Я ж даў табе слова.

Марыся. Андрэй, о Андрэй!

Андрэй. Маўчы, не вырывай з мяне гэтага апошняга слова. Я ведаю, тут не я, а абставіны. Я не дарую сабе гэтага.

Марыся. Андрэй, ты павінен падысці.

Андрэй падышоў і сеў непадалёку. Марыся абняла яго, Андрэй зрабіў спробу вызваліцца.

Не адштурхні мяне ў гэты апошні час.

Андрэй. Каханая! (Прыпаў да яе вуснаў.)

Марыся. Ты разумееш? Якія ў цябе прыгожыя, мяккія валасы, якія моцныя рукі. Ну... Павінна ж я выправіць апошнюю маю памылку на гэтай зямлі. Забудзем гэта! Каханы мой, любы.

Зацямненне. Цякуць хвіліны. У гэты час адны страляюць у другіх, чалавек павісае на калючых дратах. Гэтых таксама павядуць на страту, але ўсё забыта. Цемра. За акном гукі летняй ночы, спявае салоўка, быццам няма муроў, кратаў, быццам вакол галіны і месячнае святло ляжыць на люстры ракі. І зноў святлее. Марыся ляжыць на грудзях Андрэя. Зноў краты. Але рука ляжыць у руцэ, твар Андрэя на валасах Марысі.

Марыся. Гэта — шчасце. Цяпер я ведаю. І засталіся, можа, якая гадзіна ці дзве. Як многа, калі ты поруч, калі я адчуваю кожную клетку цела твайго. Ты ахінуў мяне ўсю.

Андрэй (страсна). Марыська, любая, я не чакаў, не спадзяваўся. Нашто, чаму я такі шчаслівы?! Усё знікне, толькі мы адны, збітыя, абылганыя, мы застанёмся навекі. Вось яны, вусны твае, косы твае, твае сумленныя, добрыя вочы. Дарагая мая, дарагі мне чалавек! Навекі, навекі з табою, за кожную кроплю крыві тваёй — хоць на крыж...

Марыся (прыціснулася бліжэй да Андрэя, уздыхнула). Табе я б дала мора шчасця, толькі табе. Я б цябе кахала, я б цябе доўга, вельмі верна кахала, скупіла б усё.

Андрэй. А я б не даў ніводнай слязе змачыць гэтыя вейкі. Ніцая мая, ясачка мая, няўжо ёсць шчасце без гэтага жудаснага прывіду... І няўжо такія шчасныя людзі сварацца? Любая мая, яліначка.

Марыся. Ты быў бы вельмі шчаслівы. Я ж не вінаватая, што яны забілі мяне тут, ля парога нашага шчасця, ля парога жыцця... Усяго толькі за стары млын мы памрэм, але як мне лёгка, як лёгка!

Андрэй. Нічога, гэты стары млын, гэта наша радзіма, наша зямля, і мы біліся за яе год. Хто скажа, што мы дрэнныя воіны? Прыйдзе Радзіма і пабачыць нас не на полі бітвы, але таксама параненых. І скажа: вось ляжаць лепшыя дзеці мае, надзея мая. Яны біліся, яны перамаглі.

Марыся. Сонца будзе. Будуць дзеці святкаваць. Кастрычнік альбо Май. Дрэвы, кветкі, дзеці! Што будзе праз пятнаццаць — дваццаць — трыццаць год. Яны напэўна будуць вельмі шчаслівыя. Але няхай і не вельмі шчаслівыя,— няхай аглянуцца на нас. А потым будзе Камуна! Якая белая, якая блакітная, якая ззяючая далячынь! Маглі б і мы быць там. Вось я саджаю ў гародзе капусную расаду... А дзіцёнак, твой дзіцёнак, нябачны, ідзе за мною і выскубвае яе за маёй спіною сваімі пальчыкамі. (Заплакала. Ніколі, ніколі не будзе гэтага, не будзе гэтага дзіцёнка.

Андрэй. Затое будуць у тых тысяч, якіх мы выратавалі. Вялікая армія...— не, не армія, яны пасля такога жаху ніколі не будуць ваяваць, ніколі. Няхай успомняць нас, няхай паглядзяць на нас, каб лішні раз зразумець, што нельга, бесчалавечна так рабіць. Не армія, проста вялікая чародка дзяцей, шумных, яе вераб’і, вясёлых, замурзаных. Гэта таксама чагосьці варта.

Марыся. Слухай, а можа, яны нас яшчэ выратуюць, га? Можа, прыйдуць? Так шкода жыцця, асабліва цяпер, калі ты поруч, лепшы хлопец на зямлі.

Андрэй (вызваліўся з яе абдоймаў, са стогнам кінуўся да акна, учапіўся рукамі ў краты). Куга! Куга! Куга!.. Куга!

Чуцен далёкі спеў жаўрука. Андрэй прыслухаўся.

Марыся. Яны?

Андрэй (апусціўся поруч з ёю, абняў). Не, любая, гэта проста першы жаўрук. Ты таксама самая лепшая ў свеце, самая каханая. (Лашчыць.) Але нам не дапамогуць. Яны не ведаюць... І гэта лепей, бо ўсе сілы паклалі б яны на тое, каб нас выратаваць. Шмат было б сірот. Яны не прыйдуць. Далёка нашы, далёка. Але я веру, мы будзем жыць вечным жыццём. (Пачынае днець.) Світанак новага дня. Хоць і на карчму падобная зараз наша краіна, хоць і плача яна крывавымі слязьмі, хоць і памірае яна ад пакут, але калі, калі мы не паміралі, калі не біліся?! З пакут і крыві паўстане радзіма наша. Памятаеш, як казаў Дантэ:

 

Мяне такой стварылі неба цені,

Што непарушна я пад градам мук

І ў полымя спускаюся нятленнай.

 

Што нам агонь? У нас моцны карак, мы здужаем усё. І памяць пра нас пройдзе праз стагоддзі. Кожны, як святыню, прыпомніць нас, простых плытнікаў, рыбакоў, дойлідаў, рабочых, песняроў, земляробаў.

Сонца ўзыходзіць. Праменні яго б’юць у акно, і недзе далёка спявае жаўрук.

Марыся. Любы, як добра, як хораша мне.

Андрэй. Птушкі спяваюць. Раса запаліла на дубах сотні ліхтарыкаў.

Знадворку нехта падбірае ключы, скрогат замка, ляскае завала.

Андрэй (устае, падымае Марысю). Ну што ж, хадзем (цалуюцца), пойдзем разам.

І так, шчыльна прыціснуўшыся адзін да аднаго, яны стаяць, і сонца залівае іхнія галовы.

Марыся. І ўсё ж такі мы жывём. І будзем жыць вечна. Сонца маё! Зямля! Ты падтрымала нас у апошнюю гадзіну. Дзякуй табе.

Заслона

1957 г.

 

Заўвагі для артыстаў

У гэтай драме дзве асаблівасці. Першая асаблівасць яе тая, што гэта драма рамантычная, дарэмна шукаць у дзеючых асобах (акрамя некаторых другарадных) рысы будзённасці. Другая асаблівасць тая, што ў драме няма галоўнага героя. Яна не называецца «Андрэй Лаўрановіч», або «Пан Дзюбка», або «Сапраўдная гісторыя камандзіра Каляды», хоць кожны з гэтых герояў можа прэтэндаваць на першае месца. Яна называецца проста «Млын на Сініх Вірах». Гэта маленькая гісторыя маленькіх людзей, якія разам, баронячы жыццё партызанскай брыгады, сталі вялікімі. Гэта — гісторыя млына. Гісторыя невялікага ўчастка вялікай барацьбы. І таму людзі, якія дзейнічаюць у драме, прыходзяць і ўходзяць, мяшаюцца ў справу і паміраюць тады, калі прыйшоў іхні час, калі ніхто больш не можа іх замяніць, як і ў жыцці. Першую карціну можна было б таму назваць «Каляда», другую — «Цыкмун Асінскі», трэцюю — «Варагі» або лепей «Немцы», чацвёртую — «Тэкля Каваль», пятую — «Пан Дзюбка», шостую — «Абаронцы млына», сёмую і восьмую — «Марыся і Андрэй». Але няправы будзе той, хто абвінаваціць драму, кіруючыся гэтай прычынай, у шматковасці. Смальта, якая ўваходзіць ў мазаіку, яшчэ не мазаіка, але, разам з іншымі каменьчыкамі, стварае яе. Кожны з герояў гэтай драмы таксама не герой паасобку. Галоўным героем гэтай драмы я жадаў зрабіць народ, добры і памяркоўны да сяброў, люты і бязлітасны да ворага, народ з аналітычным розумам Каляды, з мудрай іроніяй Цыкмуна, з дзівацкім скепсісам і бязмернай любоўю да Радзімы Дзюбкі, з таямнічай змрочнасцю Тэклі Каваль, з пяшчотнасцю Марысі і нязломнасцю Андрэя. Як мне гэта ўдалося — няхай судзяць іншыя. Але я, калі пісаў, бачыў перад сабою гордае і магутнае племя, адзінае ў мностве сваім, бачыў сутыкненне дзвюх сіл, жорсткую бітву будучай Камуны з цёмным мінулым, бачыў усю непаўторную прыгажосць душы народнай і прыгажосць нашай зямлі: яе смалістых лясоў, яе лясных рэчак, якія зараслі белымі лілеямі, прыгажосць старога млына на адной з такіх рэк і людзей, якія біліся за яго, біліся за наш горкі, за наш ваенны хлеб, за нашу будучыню.

А цяпер некалькі слоў наконт дзеючых асоб. Перш за ўсё Асінскі. Гэта чалавек своеасаблівай філасофіі, трошкі скептык, адзін з тых «нязносных» людзей, якія да ўсяго падыходзяць з іроніяй, але ў душы самыя лепшыя людзі, якіх толькі можна ўявіць. Ні ў якім разе не трэба яго рабіць «фальклорным дзедам», хоць у ягонай мове ёсць фальклорныя звароты. Ён усё ж такі рабочы, хаця і з сялян.


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8, кн. 1. П'есы. Нарыс. - Мн.: Маст. літ., 1990. -591 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан