epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Мокрыя травы

Я сумую па радзіме,

Па яе лугах і нівах,

Па трыпутніку, што гладзіў

Ногі збітыя мае,

Па укропе на гародзе,

Рэчках ціхіх і лянівых

І па сопкай белай бульбе,

Што на стол яна дае.

 

Я сумую па радзіме...

Бачу ціхія паляны.

Цёплы мёд яе маліны

Адчуваю на губах.

Ты — мая лясная казка

У красе доўгачаканай,

Ты — мая святая песня,

Свет адзіны у вачах.

Просты свет, дзе дрэмлюць хаты,

Дзе раса на травах спее,

Дзе у росных шатах чуцен

Гівала пяшчотны свіст,

Дзе наўсцяж канавы мокрай

Пышны кураслеп жаўцее,

І купае тлусты лопух

У вадзе мясісты ліст.

Мокры край. Дажджы і сонца.

Вільгаць сонечнага лета.

Жарабя бяжыць па лузе,

Радасна задраўшы хвост.

Цэлы век вісіць вясёлка

Над краінай мокрай гэтай,

І глядзяць спакойна коні

На нябесны дзіўны мост.

 

Я сумую па радзіме,

Як каханы па дзяўчыне,

Я жадаю ўвесь прыпасці

Проста да яе рукі,

Да грудзей — тугіх узгоркаў,

Да вачэй — азёраў сініх,

І замерці ў пацалунку

На гадзіны і вякі.


1958-1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан