epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Мова

Янку Брылю

 

Ёсць паданне вякоў, што разбурыць калісь

Вавілонскую Вежу Адам

І няўмольна сальюцца мовы зямлі

У адну, няродную нам.

І мая безвыходна пойдзе у змрок,

У атрутны, як вечнасць, цень,

Трапяткая і сіняя, як васілёк,

Гарачая, як прамень.

Я ні шчасця, ні будучых дзён не жадзён,

Хай пятля, хай памерці ў журбе,

Хай не будзе ні шчасця, ні будучых дзён,

Калі ў іх не будзе цябе.

Сірата па з’едлівай волі багоў,

Гінучы мой карабель,

Хай не будзе світання ў народа майго,

Калі досвіткам здрадзіць цябе.

Ад палеткаў райскіх лёгкай ступой,

Збочу я да пякельных катлоў,

Калі першы жа ангел на мове маёй

Мне не скажа: «Братка, здароў».

І няхай да мяне не прыйдзе вясна,

Песня, шчасце, каханне, спакой,—

Ўсё адно не змяняю твой чорны праснак

На атруту пшаніцы чужой.

Ты мой ясны хлеб і каханы май,

Песня продкаў, нашчадкаў палі,

Без цябе, не з табой — не патрэбен мне рай

На душы. Ў небясі. На зямлі.

 

[Канец 50-х гадоў]


1958-1959?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан