epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

На пачатак «Каласоў пад сярпом тваім...»

Шчаслівы паўнатою сталай сілы.

Спакойнае натхненне гоніць сон.

Далёка ад мяне калыска і магіла,

І слабасць дзён вясны,

і мудрасць зімніх дзён.

 

Дні, як вякі, амаль не маюць меры,

І сіла ў рукі просіцца мае.

Пры новым дрэве я паклаў сякеру,

Каб на світанні ў рукі ўзяць яе.

 

Хай шлях даўгі ты не дасі мне, доля.

Зрабіўшы ўсё і дзён спыніўшы бег,

Спакойна потым лягу я, як поле,

Пад чысты і халодны зімні снег.


1967?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая