epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

На пачатку дарог

Жанчыны сечкамі таўкуць бадзёра,

Як быццам спора выбіваюць такт

Для нейкай небывала хуткай полькі.

Ў распараныя глоткі цёмных бочак

Плыве капуста белаю гарой.

Яе засыплюць соллю з чорным кмінам

І зоркамі чырвонай смачнай морквы,

Там-сям антонаўку для духу кінуць

І зноўку пачынаюць дружна стукаць.

Пачатак лістапада.

Ноч глухая

Ляжыць за вокнамі самотнай хаты,

І плачацца на горкую нядолю

За мокрым шклом раздзеты чорны сад.

Бязмежная пустэча за акном.

Халодныя ад дожджыкаў вяргіні,

Халоднае ад кропляў дажджавых

Сумуе яблыка на голым дрэве:

Забылі.

А ў хаце добра, цёпла,

Ля комінка прыжмурылася котка,

Газніца цьмяна свеціць на шынкоўні:

Жанчыны тут сышліся «талакою»

Дапамагчы нашаткаваць капусты,

А каб казаць па праўдзе, паспяваць,

Пажартаваць, забыўшы ноч і цемру,

Гарэлкі выпіць пасля працы лёгкай

І пачасаць нязлосна языкі.

Якая ноч!

Як непрытульна тым,

Хто ў гэту ноч ідзе у шлях далёкі

Пад зімны дождж, на лужыны рабыя,

Ад залатых агеньчыкаў прытульных...

О, як спяваюць! Вуха у дзіцёнка,

Які на зэдліку сядзіць ля печкі,

Упершыню жадобна ловіць гукі,

Упершыню ў жыцці. Чатыры леты

Прабеглі над бяляваю галоўкай,

Якая, быццам спелы адуванчык,

Качаецца пад ветрам вольных песень.

Ён шмат чаго яшчэ не разумее:

Чаму жаўнер паслаў дзяўчыне хустку,

Чаму не поўна рэчанька, чаму

Андрэеўна нажом сябе забіла,

Калі магла яна забіць султана?

Чаму плакун-трава зямлю ўкрывае?

Але нічога, гукі гэтых песень

Навекі застануцца жыць у сэрцы,

Як словы першых кніжак дарагіх.

Ён можа ўжо чытаць; занадта рана.

Вось кніжкі гэтыя ля тоўстых ножак:

«Савось-распуснік», «Пра сабаку Бума»,

«Пра пана-жываглота», «Вярнідуб»,

Старая чытанка ў пажоўклых корках

І казкі, казкі, казкі Беларусі,

Трапёткія, як першыя пралескі,

Пякучыя, як гнеўная маланка,

Загадкавыя, як агонь у лесе,

Багатыя, як жнівень залаты.

Калі ж ад літар адарвуцца вочы,

Ён бачыць белазубы рот Паўліны,

Вясёлай цёткі. Як яна жартуе!

Дарослым будзе ён чытаць Купалу,

І замест юнай, з’едлівай Паўлінкі

Паўстане гэты сталы добры твар:

Падобныя яны з іх весялосцю,

З іх голасам, з іх прыгажосцю яснай,

З іх шчырай беларускаю душой...

Але хутчэй, хутчэй ізноў да кніжак,

Бо доўга на дзяўчат глядзець не можна,

Яны дзівачкі: ледзь спаймаюць позірк —

Адразу падбягуць, ў ахапак возьмуць

І пачынаюць ціскаць да грудзей.

(О, каб дзіцяці год на дваццаць болей!

Наўрад ці асабліва б ён цураўся!)

А так ён тоўсты, пульхны, апетытны,

Яго цалуюць, ціскаюць, кусаюць,

Смяюцца неяк дзіўна, чырванеюць.

Авой! Якія моцныя абдоймы,

Як цёпла дыхаюць тугія грудзі!

Нядобра гэта ўсё! І асабліва

Настырная чарнявая Анежка.

Ну так і лезе. А ў вачах такое,

Што сумна робіцца і неспакойна,

Чаго цалуе?! Хлапчуку здаецца,

Што хлопец той, цыбаты і няўдалы,

Васіль, што у кутку сядзіць маўкліва,

Ахвотна б з ім на месца памяняўся.

Аднойчы ў прастаце сваёй душэўнай

Ён гэта Васілю прапанаваў

І быў здзіўлёны, што вакол рагочуць.

Як добра Васілю! Яго не носяць,

Ён можа ля дзвярэй сядзець спакойна

І хрумстаць белыя тугія храпкі.

Ах, храпкі, храпкі! Ах, салодкі сок!

Як будзе ён дарослым — неадменна

Заўсёды будзе іх дасхочу хрумстаць,

А так, чамусьці, многа не даюць.

Глухая ноч слязіцца за акенцам.

Газніца. Ў печцы жоўтыя салдаты

Страляюць гулка і заўзята лезуць

На штурм драўлянай крэпасці. Утульна.

Вуркоча котка. Казкі набягаюць.

І зноў цячэ, цячэ, як рэчка, песня,

Плыве ў душу, у сэрца хлапчука,

І ён яе ніколі не забудзе.

Хто будзе ён? Кім стане у жыцці?

Не ведаю яшчэ, бо гэты хлопчык,—

То быў я сам.

І ветразем надзейным

На ўсё жыццё мне засталася песня.

Дапамажы мне, песня, ў лютых хвалях,

Ў затоцы ціхай, дзе вада цвіце,

Нясі мяне у мора. Я чакаю.


1954-1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан