epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Надпіс на камені над крыніцай

Ворагі хмарай смяротнай знішчыць ішлі. І тады

Наша зямля бараніла знямоглых сыноў:

Ў нетры яе адыходзілі храмы і гарады,

Білі крыніцы адтуль і даносіла водгук званоў.

 

Ў кожнай крапліне жыццё незгасальна звініць.

Душы забітых — аблокі — вітаюць зару.

Дзе мірыяды чужынцаў? — Спытай у слабенькіх

крыніц!

І ў акіяна, якому імя —

Беларусь.

 

З цемрай, са сталлю, з хлуснёй крывадушнаю йшлі,

Але Зямля, і Вада, і Дабро скаранялі той зброд...

 

Будуць давеку крыніцы на гэтай зямлі,

Будзе давеку наш мужны і мудры, вялікі народ.


29.08.1979; 30.10.1979

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан