epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Наташы ў яе шэсцьдзесят

Вакол нас шляхі і дарогі

І пройма людзей ля двара...

І ўсё ж такі перад богам

Адны мы з табою, сястра.

Нянька мая дарагая,

Мой абаронца ў бядзе.

Каменні няхай не трапляюць

Пад ногі твае нідзе.

Ні табе, ні тваім дзіцяткам

Каб ніколі не быць у журбе...

Ат, падумаеш, шэсць дзесяткаў —

Яшчэ шэсць дзесяткаў табе.

Сто год яшчэ хай дарогі

Вядуць цябе на гару,

Хай убачыш праўнукаў многіх,

І хай любяць цябе, мой друг.

Як жнівеньскі добры вецер

На радасць усім жыві.

Але ўсё ж мы адны на свеце

Такой вось адной крыві.

І калісьці — аж страшна расказваць —

Воддаль парасцяў нашых жывых

Сядзем недзе на прызьбу разам

І прыпомнім свой шлях векавы.

Оршу ўспомнім, тую, зялёную,

Бег крыніц ля Дняпра-ракі,

І уральскія эшалоны,

І ў цяплушках салдатаў палкі.

Гэта — наша.

Нашы дарогі.

Тут з табою мы лёсу багі.

Тут з табой мы адны перад богам,

Сястрычка, мой друг дарагі.

 

20 лістапада 1982 г.


20.11.1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан

Беларуская Палічка: https://knihi.com