Ноч ідзе. Блакітная радасць.
У траве расчыняецца «сон»,
Ля агнёў лугавых, за садам
Раз ад разу гучыць балабон.
Каля вогнішча скачуць коні
І ў глыбокіх, як неба, вачах
Адбіваецца, бы ў палонні
Зачарованы Млечны Шлях.
Цёмны стаў адбівае каліны,
Ледзь даносіцца песня з сяла,
Вечар ласкавы, вечар сіні
Адляцеў, каб ноч надышла.
Баўтане балабон за гаем
І растане зноў ў цішыні.
Мякка вецер галіны качае,
Ціха... Ціха... Пасні... Пасні.
[1955 г. ?]