Брусок спявае ціхую малітву,
Ды зрэдку іскру кіне над сабой —
Пакуль нажы не зазвіняць у бітве
І шаблі горда не ўзнясуцца ў бой.
Няма ў яго ні вастрыя, ні джала,
Патрэбен ён хіба сярпам крывым,
Пакуль у похвах спяць усе кінжалы,
Усе нажы, наточаныя ім.
І на папрок, чаму не йдзе ён біцца
Чаму ён не падобны да мяча,
Ён сціпла спіць у нейкай там брусніцы,
Пакуль тупіцца сталі прыйдзе час.
Але ж, узяты у баі няроўным,
Палонны нож — як спынены парыў —
Хіба сказаў даспехам у катоўні,
Які брусок і дзе яго вастрыў?
Маўчаў, як нож. Маўчаў, як крыж на полі,
Бо ведаў ён няпісаны закон:
Спявае нож у час вайны за волю,
Брусок — у рабства час спявае ён.
Калі ж залье крывёй радзімы пожні,
І пойдзе гнеў да эшафотных стром,
І зломіцца аб сталь кінжал апошні —
Ну што ж?
Тады ўжо можна і бруском.