epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Паязджане

Шлях цячэ між дрэў, пакрытых інеем.

Зімні, казачны убор зямлі.

Белыя, ружовыя і сінія

На ялінах ружы расцвілі.

Снег кранае шчокі пацалункамі,

Снег спадае паміж хвой сівых,

Каб укрыць нямоцнымі карункамі

На санях вясёлых маладых.

Толькі што пад снегавымі хвоямі,

Збудаваўшы ў весніцах накат,

Хлопцы перастрэлі іх са зброяю.

І гарэлкай адкупаўся сват.

Князь сваю галубку выкраў «сілаю»

І да роднага гнязда нясе,

Любую, усхвалявана-мілую,

З шэранем у залатой касе.

Сонца ў хмарку перад ёй аточыцца,

Упадуць дубы сівыя ніц.

Гэх, баяры скачуць па абочынах,

Раз па раз страляючы з рушніц!

Дзікі пошчак аддае дарогаю,

Снежнай пудрай санны шлях курыць.

Што ж чаканнем сумным і трывогаю

Песня паязджальная гучыць?

«Ехалі мы логам,

Ехалі мы логам,

Сустрэліся з богам,

Сустрэліся з богам.

Ехалі мы лесам,

Ехалі мы лесам,

Стрэліся з Вялесам,

Стрэліся з Вялесам.

А казаў нам божа:

«Ці добра ж вам будзе?

Ці добра ж вам будзе?»

Будзе добра. Самай поўнай мераю

Вам жыццё насыпле у кішэнь

Працы, дзетак і дарог нямераных.

Весяліцеся ж хоць гэты дзень.

Што ж, злятае ліст глыбокай восенню,

Каб дарогу даць лістам другім,

Заўтра певень збудзіць ноч галошаннем,

Паплыве з пячуркі ў неба дым.

А пакуль — заві каханку ружаю.

Будзе стол і будзе смех людзей.

Добра у пакоіку настуджаным,

У прытульным пухавым гняздзе!

Пралятуць гады над вамі светлыя.

Будзьце шчаснымі дзеля таго,

Каб сустрэць калісь усмешкай ветлівай

Паязджан унука сваяго.

Ўспомніць князь тады дарогу вузкую,

Шэрань, коней бег і рушнікі,

І даткнецца звянуўшымі вуснамі

Да каханай, зморшчанай шчакі.

 

[1956 г. ?]


19.11.1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан