epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Песня Мехмета

Ўсё набегі, войны, пажары.

Ўсё наперад — ханскі загад.

Не было такога абшару,

Дзе не стала б наша нага.

Хан сказаў! Іначай — магіла.

І вялі мы няшчасны палон,

І чужыя аулы палілі

На вуголле, на попел, на тло.

Мы забылі сябе і бога,

Разлілі акіяны зла.

Не хацеў я крыўдзіць нікога,

Ды заложніцай — ты была.

І было мне адзінаю ўцехай

На няшчаснай чужой старане

Чуць твой голас — далёкае рэха,

Ведаць — ты чакаеш мяне.

 

Верыў, ведаў хвілінай кожнай,

Што калісь прыскачу ў Кок-Цюбе,

І, як меч спачывае ў ножнах,

Так і я адпачну ў табе.

Мёртва ў саклі... Хочаш — паслухай?

Толькі стогн мой ды храп каня.

Ханскі сын, шчанюк жаўтавухі,

Праязджаў... Убачыў... Адняў...

Як я мог не адчуць: ты скутая?

Не пачуць здалёк: ты ў бядзе?

І нашто былі нашы пакуты

І пакуты вакольных людзей?

Справядлівасць і вера стаптаныя!

Хай ў крыві пад васкрылляў звон —

Не на простых — на голаў хана

Цяжка рухне народаў праклён!

 

Голых, бедных, палонных, без хлеба...

Вось крычыць вязь на ножнах крывых:

«Не вымай без вялікай патрэбы,

Не хавай без вялікай крыві!»

 

І, жыццё за сабой адсякаючы,

З сілай кідаю ножны ў дрок,

І ў руках, як змяя крывая,

Ртуццю ззяе стары мой клінок.

Сцеражыся, палац бязбожны.

Я іду. І праўда — мой шчыт.

Што мне гэты клінок без ножнаў?

Не схаваеш — то трэба сячы!


сакавік 1967; 28.01.1968

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая