epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Пры смерці

Ложак — краіна мая,

Калыска, труна і дом...

Як далёкі сцюдзёны маяк,

Сонца мёртвае за акном.

І няма да яго выйсця.

Промні — нажы, прасціны — глыжы.

Мне — чатыры... І роўна палову жыцця —

На грані жыццё дрыжыць.

Я памёр бы,

Знаёмы з апошняй тугой

Раней, чым з песняй бароў...

Замест слёз з вачэй і замест усяго

Па кроплі точыцца кроў.

Не заслоніць мяне ад тых, што прыйшлі,

Маіх салдацікаў раць,

На хвалістых прасцінах мае караблі

У кільватэр бяссіла стаяць.

З гор каленяў маіх упадуць яны

За ложак, за край зямлі...

Іншыя, чорныя караблі

Чорныя ветразі ўгору ўзнялі,

Па мяне прыйшлі, прыплылі...

Не будзе з джунгляў гарачы Ганг

Несці ў мора хваль шумаўё,

Не будзе кідацца акіян

На фарштэвень шхуны маёй.

Ніколі азёраў смелая сінь

Не папросіцца мне ў радкі,

Ніколі не будзе мне Белай Русі,

Невядомай, адзінай Белай Русі,

Бароў і Дняпра-ракі.

Ложак — мая краіна

Разам са мною памрэ...

Ніколі, ніколі не будзе дэльфінаў

У сініх абшарах марэй...

Нібы з нежылога дому,

Што стыне сярод магіл,

Нейкія незнаёмыя

Ідуць паўз мяне ў снягі.

Ідуць з пакінутай сонцам зямлі,

Ад ільдоў — на другія палі,

Ідуць на белыя караблі,

Што барвяныя ветразі ў небе ўзнялі,

Па іх прыйшлі, прыплылі.

З Грэнландыі, стынучай сярод снягоў.

Паплывуць да ф’ёрдаў сваіх,

Да новых творцаў, да новых «багоў»,

Што некалі вылепяць іх.

Кастусь ідзе і нясе на плячы

Пяшчоту сваю і боль,

Ракута бязгучна звоніць у шчыт,

Бязгучна смяецца цыганскі кароль.

Нямыя, ідуць яны ў нейкі край,

У чырвоны марозны дым,

І схіляюць галовы ў апошнім «бывай»

І знікаюць адзін за адным...

Дубее, дранцвее без гукаў дом.

Ў хаце прысмерак, сіні туман...

І сцюдзёны, бярвяны пажар за акном,

А за ім — нічога няма.




Беларуская Палічка: http://knihi.com