epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Раманс аб расстраляным каханні

Ах, якое грознае гора!

Ах, якая журба ў світанні:

На вачах у нябёсаў чорных

На расстрэл адводзяць каханне.

 

І міндаль палыхае, як лава,

І персікаў белыя крылы,

Як каханню бялюткі саван,

Як вянок на яго магілу.

 

А яно адыходзіць, праклятае,

А яно нават жыць не хоча...

Сябры, затрымайце катаў,

Сяброўкі, закрыйце ім вочы.

 

Прыйдзе, можа, часіна злая,

Калі згасне крывавы месяц,

І, магчыма, мяне расстраляюць,

І, магчыма, мяне павесяць.

 

Але я й на пласе прыпомню:

Ў небе ранішнім — водсвет лёду,

Ў тумане — кіпарысы цёмныя.

А цябе... адводзяць... адводзяць...

 

Пад апошнімі цьмянымі зорамі

Труп кахання, як труп каханай...

Ах, якое бязмежнае гора!

Якая крывавая рана!


29.03.1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая