epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Рыбін цар

Глыбока на дне возера ляжыць рыбін цар. Ніхто яго не бачыў з людзей, а таму й не ведае: рыба ён ці яшчэ хто. Ляжыць ён на дне, раслінамі вадзянымі, як коўдрай, абгарнуўся і носам сапе. А на паверхню ад яго сапа бурбалкі выскакваюць.

Вясною людзі спусцяцца на ваду, затрубяць - хлыне каламутная вада патокам. Прачнецца рыбін цар на дне ракі і пачне расчэсваць зялёную барадзішчу. Зашавеляцца водараслі зялёныя, заскачуць па іх срэбныя маляты - старому і гожа!

Часам сонца прыпячэ - і тады яшчэ тлум цару: выпаўзаюць русалкі грэцца ў затоку, а зноў у ваду патрапіць не здольны. Вядома, дзеці! Плавае ён ля берагоў цалюткі дзень і за ногі іх стуль валочыць. Дасць пару разоў шасціпалай ручышчай па мяккаму месцу, а потым, каб непатрэбнага рову не было, пачастуе рачым вокам, альбо скрыдлышкам мухі.

Потым лета настае, і рыбін цар, каб людзей не пудзіць, яшчэ глыбачэй у ваду заточваецца. Ляжа ў віры і ляжыць.

Улетку русалкі на зямлю выходзяць і лезуць на дрэвы, каб грэцца на месячным святле. Сумна без іх дзеду, падплывае да млына, высуне галаву з вады, і разбягуцца па ёй, цёплай, як сырадой, колы. Глядзіць ён з віра, чырвоная яго морда вачыма лыпае, шавеляцца вусы. Млын пад месяцам сінім святлом адлівае, ціхі смех з садкоў нясецца. Ані ветрыку, ані гучнага шуму.

Шмат летам працы рыбінаму цару: павінуючыся яго загадам, пераплывае рыба з аднаго возера ў другое, з гэтай ракі - у іншую. Харчуецца. Усім трэба харч і месца для ікрамёту. Але любіць рыбін цар і дурэць: то жабу ўцісне ў нерат замест рыбы - весяліся, рыбак, то туды ж сікоў напіхае. А то кароў, якія, бызнуўшы, стаяць у вадзе, выдаіць да апошняй кроплі. Але ўсё гэта не ад злосці. Наадварот, калі галадэча - выкіне ён на бераг груды рыбы, як гэта ў Нарачы калісь здарылася...

Восень ціха крочыць. Ляжыць рыбін цар у віры, а дождж барабаніць па вадзе, як па даху. Прытульна, цёпла. Засынаюць азёры. Зрэдку праплыве лебедзь і пакіне за сабою дарожку святла. Праз яе бачна шэрае, плакучае неба. Вось і апошні жораў пратрубіў над рэкамі, і тады пачынае цар сваіх рыб у віры зганяць, тванню накрываць. Цёпла ім, добра! А потым пачынае ў апошні раз абыходзіць свае масткі. Ідзе пад вадою: шэрая вада, расліны вадзяныя холад пасцінаў, рыб няма, ракі ў сваіх пячорах зазімавалі. Высуне «надворак» галаву: касабочыцца над грэбляю шэрая павільгатнеўшая млынарня, ляжаць сярод абшараў зялёныя рэдкія чатырохкутнікі, грукоча дзесь малацілка.

Усё схавалі скнары-людзі, сцягнулі ў пуні і клуні, абдзёрлі чыста палі і сады. Нясуцца па нізкім небе шэрыя хмары. Глядзіць рыбін цар на сонныя абшары, а з нябёсаў шэры дождж льецца.

- Бр-р-р, гэтак і змякнуць можна, - і ныр зноў на дно.

Ляжыць у віры і сумуе. Памерлі палі, памерла рака!

А на яго падаюць бурыя лісты, твань зацягвае.

Добрай зімы!

 


1952?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая