epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Саперніца

(Супакоены ўспамін праз трыццаць год)

 

Зноў у старасці будзе Таўрыда. Але ў сэрцы спакой

скамянее,

І прыпомню без болю словы пяшчотнай і дарагой:

— Што ў цябе часамі, каханы, так вільготна

вочы сінеюць?

Ты кагосьці недзе пакінуў?Ты часамі сумуеш па ёй?

Ветрык нячутны з мора. Цішыня рытмічна ракоча,

У вільготнай пахучай цемры магнолій белы падман.

— У яе, напэўна, мой любы, глыбокія сінія вочы?

— Так (і Свіцязь успомніў), чысцейшых

і глыбшых няма.

Рука на грудзях высокіх. Плыве ў нязнанае ложак.

Цёмных вачніц таямніца, і голас — журботны ўздых:

— Яна, мой апошні, напэўна, вельмі-вельмі

прыгожая?

— Так (і Нёман успомніў). Яна прыгажэй за ўсіх.

На горных вяршынях пад ветрам, дубоў вясёлыя

гульні,

Мора прыбой блакітны, бэзавы скал прыбой.

— Што? Памёрла? Ці, можа, здрадзіла?

Не было ў вас мовы агульнай?

— Так, была калісьці маёю, так, не хоча быці маёй.

 

* * *

Ўсё мінула. Тады ж мінула... Па-ранейшаму неба

сіняе,

Але нашу ростань апошнюю ўкрыў няўмольнага

часу дым.

Не хацела дзяліць кахання з другой, з вялікай

жанчынай,

Хай сабе ў той час і нялюбай, хай сабе заручонай

з другім.

Ўсё жыццё абрыкосы квеценню дарэмна твой след

замяталі...

Не вынесла ценю ўспамінаў і начнога дрыжання вей,

Бо да скону жадала мяне, бо, як сонца, мяне кахала,

Бо любоў мая пралівалася —

Хай часамі —

Тугою з вачэй.


май 1967; 27.07.1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая