epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Сэрца гары

Між скалаў вугальна-чорных

Ля вогнішча мару адзін,

І мыс што спусціўся ў мора,—

Вастраносы, пачварны дэльфін.

Мора цьмянае, мора шырокае,

Ціха хлюпае хлопчык-прыбой,

І зорка, як вышняе вока,

Сочыць з вышынь за мной.

І ў душы маёй сум і радасць.

Я — у ракавіне скалы,

Быццам маг на вялізнай эстрадзе

Перад тварам ночы і мглы.

І, як гэта належыць магу,

Чарадзействую я ля агню,

Спяваю гімн Карадагу

І яго неспакойнаму сну.

Ты змагаўся з небам без жаху.

Сек нябесны цябе ятаган,

І расколіна Гяур-Баха,

Быццам шнар на табе, тытан.

Спіш? Не веру. Пагрозным валам

Ты ўзмятнуўся над злым і гнілым.

Часам гул: шматтонныя скалы...

Толькі кроплі... А што, як валы?..

Мы падобныя. Радасна, мусіць,

Лаву-кроў да кроплі праліць

Дзеля роднай маёй Беларусі,

Дзеля ўсіх народаў зямлі.

Душыць змрок, і густа і глуха,

І ў чаканні далёкай зары

Я, прыпаўшы да каменя вухам,

Чуйна слухаю сэрца гары.


27.04.1967; 29.04.1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая