Ў сялянскіх крывулях-хатах
Зноў сушылі кару.
Знову конік пузаты
Месіць нагамі бруд.
У доктарскай шапцы дзіўнай —
Адзінай на гэтай зямлі —
Коннік мокне пад ліўнем,
Што зноў як з сіта паліў.
Выгнанне. Выгнанне. Выгнанне.
Па волі зямных багоў
Спалілі браты-хрысціяне
Кнігі пра бога свайго.
З адчаем упартым, пахмурым
Людзі ў жорсткіх баях
За цемру сваю і дурасць
Знішчаюць друзі свая,
Зрабілі з Сіная малпоўню,
Й не хочуць бачыць яны,
Што справу іхнюю кроўную
Хаўтурна адплачуць званы.
Яны не даждуць, што Скарына
Зямлю сваю пракляне:
Страціў не я Афіны,
Хутчэй Афіны — мяне.
І горш за пакуты крывавыя,
Што будуць думаць рабы,
Нібыта ў шчасці і славе
Я разам з моцнымі быў.