epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Смяротная страта (1 сакавіка 1881 г.)

Ігнату Грынвіцкаму,

які сваім выбухам адпомсціў

Аляксандру ІІ за 1863 год

 

Карэта цара выязджае.

(Гэткі на колах гадзючнік!)

У канале Кацьчыным воды

Да блізкага мора бягуць.

Вось бомба. Хай з падлы смярдзючай,

Хаіі з яго, ката народаў,

Ката маёй Беларусі

Зараз шматкі палятуць.

Выбух. Той здох. Але

І яго смерч асколкаў нізрынуў,

Вось нясуць... Вось колюць... Пытанні...

Гэта каб іншых гнаць.

Не, ён ім не скажа, хто ён,

«Ігнась Грынявіцкі» — не кіне,

Гонару многа ім, гноям,

Па імю, па бацьку, па прозвішчу,

Гонару многа ім, шлюхам,

Сыноў Беларусі знаць.

З апошніх згасаючых сілаў

(Пытанні... Пытанні... Пытанні...)

Ён лепш успомніць пра тое,

За што ён ішоў на замах.

Успомніць Бабруйшчыну мілую,

Майскую стужку Бярозы,

Дняпро на райскім світанні,

Белыя світкі ў лугах.

. . . . . . . . . . . . . .

І ў яго галаву адрэзалі,

І ў сасуд са спіртам паклалі.

. . . . . . . . . . . . . . . . .

Спрэс трэслі усіх на допытах:

«Хто гэта?! Хто гэта?! Хто?!»

Але галава маўчала...

І людзі, вядома ж, маўчалі...

Адзін толькі выдаў, паскуднік,

І з тым перайшоў у нішто.

І сяброў ягоных павесілі.

Быў ранак сонечна-чысты.

А ноччу, як развітанне,

Калі іх везлі хаваць —

У сінім небе начным,

Сінім, як спірт празрысты,

Ўсплыла чырвонага месяца

Адсечаная галава.


09.02.1984

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан