epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Сплятайце рукі!

Браты! Сплятайце рукі!

Нас нарадзілі ў свет

Не для выбухаў, не для мукі,

Не для слёз дзяўчат і кабет,

Не на тое, каб мёртвым упасці,

Не на тое, каб згнісці ў зямлі,

А на тое, каб песню і шчасце

Мы нагбом на зямлі пілі.

Каб кахалі, каб вершы пісалі,

Каб ірвалі верас і дрок,

Каб цудоўныя вежы складалі,

Што да сонца імкнуцца праз змрок.

Вежы светлыя! Вежы любові!

Кожны камень няхай пакладзе.

Не павінны змяшацца мовы,

Як калісьці, у добрых людзей!

Хто сказаў, што патрэбныя слёзы?

Хто сказаў, што розны наш лёс,

І таму, што насы ў нас розныя,

Ты павінен разбіць мне нос?

Хай ён нюхае лепей кветкі

Ці каханай сваёй валасы.

Месца хопіць для ўсіх на палетках,

І на ўсіх хопіць весняй красы.

Гімн яднання. Магутныя гукі

Ап’яняюць нас, як віно.

Браты!

Сплятайце рукі!

Шчасце для ўсіх адно.

 

1957 г.


1954-1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан