epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Сырцовыя цагліны

Гарадзішча старое на зліве рэк.

Больш як дзесяць стагоддзяў назад

Першы зруб паставіў тут чалавек

І дубовы ўзвёў палісад.

Ўсё даўно прамінула, і толькі вясной,

Калі повень схлыне далоў,

Аддае неахвотна абрыў над ракой

След даўно прамінуўшых гадоў.

Дагарае сонца на весняй рацэ,

Я прыйшоў на знаёмы плёс

І стаю са звычайнай цаглінай ў руцэ,

Ўсхваляваны амаль што да слёз.

На паверхні счарнелай цагліны старой,

Што адмыла рака на свет,

Бачу я адбітак лапэткі малой,

След дзіцёнка, забыты след.

Дзевяцьсот разоў май ішоў на зямлі,

Разліваючы ў рэках сінь,

З тых часоў як на замчышчы вежы ўзвялі

З гэтых самых адменных цаглін.

Быў спякотны дзень. Пад ценем бяроз

Цэгла сохнула на траве.

Дойлід еў, а сын, што ежу прынёс,

З белым пухам на галаве,

Без штаноў, хадзіў на крывых нагах,

Еў груднічнік і розную дрэнь,

На жабінае племя наводзіў жах,

Даганяў свой уласны цень.

Калі б бацька на сына вочы узняў,

Ён бы мог пабачыць, што сын

З асалодаю босай нагою ступаў

На паверхні вільготных цаглін.

І адбітак малой дзіцячай нагі

У аснову крэпасці лёг.

Шмат разоў прыходзілі варагі

На краіны лясной парог,

Шмат разоў стагнала зямля ад тугі

І ўзрастаў на руінах палын...

Але быў непарушны адбітак нагі

На паверхні сырцовых цаглін.


1954-1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан