epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Ты — нечаканая радасць..."

Ты — нечаканая радасць,

Ты — ночы ласкавай крок.

Пяшчотны вус вінаграда

Месяц крануў за бок.

Крануў і вусікі звесіў

І, звыклы ў жыцці да ўсяго,

Нізкі чырвоны месяц

Спыніўся паслухаць яго.

Уюцца вусікі, ўюцца,

Месяц чырвоны прыціх.

Вочы твае смяюцца

Ля самых вачэй маіх.

І я, прыціхлы, спайманы.

І роўны сотням багоў

Адчуваю ў сэрцы, як рану,

Словы кахання твайго.

 

[1957 г. ?]


1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан